Домік Дзеда Мароза будзе прымаць дзяцей у Цэнтральным дзіцячым парку імя М.Горкага ў Мінску з 21 снежня.
Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела культурна-масавай і спартыўнай работы УП «Гарадскія паркі Мінскзялёнбуда» Лідзія Вежнавец.
Казачны дзядуля будзе прымаць дзяцей ва ўзросце ад 3 да 11 гадоў штодня з 21 снежня па 7 студзеня з 10.00 да 18.00.
Толькі ў першы навагодні дзень прыём пачнецца з 12.00, а 7 студзеня наведаць яго можна будзе да 16.00. Наведванне доміка Дзеда Мароза ў залежнасці ад дня тыдня і працягласці размовы абыдзецца ў суму ад Br75 тыс. да Br200 тыс.
Гэтай зімой, як і раней, чакаецца рознафарматная размова з Дзедам Марозам.
Дыялог дзядулі з самымі маленькімі дзецьмі звычайна доўжыцца каля сямі хвілін.
«Дзед Мароз пацікавіцца ў дзяцей, як прайшоў год, павіншуе са святам, прапануе гульні і загадкі. Ніводнае дзіця не выйдзе без падарунка з чарадзейнага куфэрка, — расказала Лідзія Вежнавец. — Дзед Мароз не толькі дорыць падарункі, але і сам любіць знакі ўвагі. Ён з задавальненнем выслухае верш, песню маленькага госця, прыме які-небудзь выраб або нават паспрабуе хатнюю выпечку».
Дзядуля Мароз прыязджае сустрэцца з дзецьмі ў сталічны парк Горкага ўжо дзясяты год. Сустрэчы з ім карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў маленькіх мінчукоў. Важна дапамагчы дзецям захаваць веру ў чараўніцтва, лічыць Лідзія Вежнавец.
Каментары