27 снежня ў «Арт Сядзібе» Уладзімір Някляеў прэзентуе менскай публіцы сваю новую празаічную кнігу «Знакі прыпынку».
У інтэрвію радыё «Свабода» аўтар распавёў, як нарадзілася ідэя стварэньня кнігі і чаму яе можна лічыць незвычайным раманам.
— Спадар Уладзімер, 17 сьнежня вы ўжо прэзэнтавалі кнігу «Знакі прыпынку» ў Варшаве. Чаму менавіта там, а ня ў Менску, адбылася першая прэзэнтацыя?
— Таму што Варшава — знакавы для мяне горад. Сёньня, апроч літаратуры, я займаюся яшчэ і палітыкай. А тое, што я буду займацца палітыкай, я вырашыў менавіта ў Варшаве. Справа ў тым, што ў 1999 годзе, калі я там жыў даволі працяглы час, я даволі пакутліва выбіраў шлях, па якім ісьці далей. Але гэты знак прыпынку ў Варшаве стаў сапраўды знакавым, ня толькі таму, што зь яго пачалася палітыка, але і таму, што я там напісаў паэму пра каханьне «Палянэз» — твор, які ратаваў мяне ад адчуваньня беспэрспэктыўнасьці і безнадзейнасьці ў блізкай і далёкай будучыні. Тады там, у Варшаве, я зрабіў для сябе вельмі сур’ёзныя і істотныя высновы, акрэсьліў свой далейшы шлях, якога да гэтага часу больш-менш і прытрымліваюся. Таму я палічыў правільным прыехаць у Варшаву і сказаць гэтаму гораду дзякуй.
— Паміж чым і чым вы ставіце знакі прыпынку ў новай кнізе?
— Даволі цяжка гэтую мэтафару, якая закладзеная ў словах «знакі прыпынку», выказаць іншымі словамі. Гэта ня знакі паміж чымсьці, гэта ня знакі прыпынку ў тэксьце, не дарожныя знакі. Гэта — тое, над чым ты некалі засяродзіўся, праходзячы па полі ці ідучы празь лес, спыніўшыся каля возера. Гэта — тое, пра што ты падумаў у адносінах да нейкіх літаратурных тэкстаў, да сваіх сяброў, да гісторыі сваёй краіны, свайго народа. Гэта — тое, што ты думаў пра свае ўласныя адчуваньні ў гэтым сьвеце, як ты адказваў на спрадвечныя пытаньні быцьця — «Дзеля чаго ты?», «Якое твае прадвызначэньне?», «Ці апраўдваеш ты яго перад Богам?». Вось гэта ўсё разам ёсьць тым, што называецца «Знакамі прыпынку».
— Чаму вырашылі выдаць такую кнігу?
— Я не зьбіраўся гэтага рабіць, па шчырасьці. Я рабіў асобныя запісы. І не зьбіраўся выдаваць іх асобнай кнігай. Але мой сябра, літаратуразнаўца Сяргей Шапран, прыйшоўшы аднойчы да мяне, прынёс гэтыя надрукаваныя асобна запісы ў адным сшытку і сказаў, што гэта можа быць кнігай. І калі я зірнуў на запісы ўважліва, я зразумеў, што ён мае рацыю.
— Вы кажаце, што гэта кніга запісаў. А як бы вы акрэсьлілі яе жанрава?
— Віктар Казько, які напісаў прадмову да «Знакаў прыпынку», сказаў, што калі тэксты, што ўвайшлі ў кнігу, раскласьці па часе і па падзеях, гэта значыць выбудаваць сюжэтна, то атрымаецца раман. Таму можна сказаць, што гэта раман у нязвыклай форме. Але гэта раман не пра тое, як і дзе рухаўся аўтар у сьвеце, а пра тое, як і што рухалася ў ім самім. У нейкім сэнсе Віктар Казько мае рацыю. Але сам я ніяк гэтую кнігу жанрава не вызначаю. Гэта проста кніга запісаў.
Цяпер чытаюць
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары