Свет66

Чаму кіеўцы пачалі кідаць у «Беркут» кактэйлі Молатава? Рэпартаж з Грушэўскага

Дзядуля Канстанцін ідзе ў бок шэрагаў «Беркута», дзе яго ўнукі разліваюць бензін у толькі што прывезеную партыю пустых пляшак.

На вуліцы Грушэўскага ў Кіеве пакуль спакойна. Наколькі спакойна можа быць у месцы, дзе праз кожныя 40—50 метраў барыкада, стаяць спаленыя машыны і аўтобусы, а рэвалюцыянеры фатаграфуюцца побач са слядамі ад куль на будынках.

«Заціснуты народ баіцца слова сказаць. І вось тут вам прыклад, каб вы бачылі, як народ можа падняцца і зрабіць сваю справу. Бо нельга ж маўчаць увесь час. Бо ёсць мяжа ўстойлівасці, трываласці…», — расказвае мой першы знаёмы-радыкал з Грушэўскага.

Яго завуць Канстанцін, радыкалу амаль 70 гадоў. Канстанціна сустракаю дзесьці за сто метраў ад перадавой, ён грэецца ля імправізаванай буржуйкі — зваранай з некалькіх металічных бочак. На Грушэўскага цяпер мінус 20. «Я сюды прыйшоў падтрымаць баявы дух у хлопцаў, тут і ўнукі мае, і дзеці», — гаворыць ён. І просіць перадаць усім беларусам спачуванні з прычыны смерці Міхаіла Жызнеўскага.

«Ён таксама паклаў галаву за нашу свабоду… Але ведаеце, каб гэтая кроў не пралілася, можа і не выйшла б у нас нічога. Ачышчэнне нацыі заўсёды адбываецца праз праліццё крыві. Гэта класіка».

Канстанцін гаворыць, што пралітая на Грушэўскага кроў і смерці актывістаў — усё гэта было неабходна для перамогі.

Ля барыкадаў побач з Кабмінам і стадыёнам «Дынама» імя Лабаноўскага цяпер людзей не менш, чым на Майдане.

Кожны другі ўзброены кавалкам арматуры, металічнай трубы, бейсбольнай бітай (гавораць, вялікі дэфіцыт цяпер у кіеўскіх спартовых крамах) альбо простай драўлянай дубінай. Сюды прыходзяць нават цэлымі сем’ямі разам з дзецьмі — калі яшчэ пабачыш такое ў самым цэнтры еўрапейскай сталіцы.

Але на перадавую, да шэрагаў тлеючых пакрышак, пускаюць толькі сваіх правераных байцоў і журналістаў. Там стаяць скрыні з «кактэйлямі Молатава», рагаткі і катапульты і насамрэч небяспечна — пластыкавыя кулі не забіваюць, але пакалечыць могуць моцна. Медыкам прыходзіцца працаваць увесь час, нягледзячы на нібыта перамір’е.

«Яны хочуць, каб мы сышлі ў партызаны. Не дачакаюцца, мы будзем ваяваць адкрыта», — чую ад хлопца ў счарнелым ад гумовай сажы некалі белым шлеме. Рукі перамотаныя ці то бінтамі, ці то анучамі. Гаворыць, што кісці папаліў «кактэйлямі» — разліваюцца. Расказваць пра сябе і тым больш прадстаўляцца ён адмаўляецца. Рэвалюцыя хоць і прасунулася наперад, але пакуль не перамагла канчаткова — усё можа здарыцца.

Як і калі яна пераможа канчаткова? Адказу на гэтае пытанне на Грушэўскага не чую. Прапанову Януковіча ператасаваць урад і зрабіць прэм’ерам апазіцыянера Яцанюка канцом рэвалюцыі тут дакладна не лічаць. Мой ужо добры знаёмы радыкал Канстанцін гаворыць, што трэба чакаць пазачарговага пасяджэння Рады і «зрабіць усё законным шляхам».

«Наш прэзідэнт — ён напарстачнік. Верыць яму нельга, адназначна. Але вось у аўторак адбудзецца пасяджэнне Рады. І трэба перацягнуць на свой бок рэгіяналаў.

Яны ўжо вагаюцца. Трэба ўсё зрабіць законным шляхам», — гаворыць мне ўсмешлівы дзядуля Канстанцін і ідзе ў бок шэрагаў «Беркута», дзе яго ўнукі разліваюць бензін у толькі што прывезеную партыю пустых шкляных бутэлек.

«Унукам трэба дапамагчы, без бойкі законнага шляху не атрымаецца», — дадае ён.

Вяртаюся на Майдан, насустрач мне актывісты валакуць кардонныя скрыні з бутэрбродамі, ідуць медыкі з насілкамі, моцныя хлопцы ў рэспіратарах цягнуць мяшкі, поўныя дубінаў і арматуры. Відавочна, што на Грушэўскага гэтым людзям нашмат цікавей, чым на апусцелым Майдане з яго прамовамі апазіцыі, малітвамі і спевамі гімну. За два месяцы бяздзеяння ўсё гэта абрыдла рэвалюцыянерам ці не таксама, як прэзідэнцтва Януковіча.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні2

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

Пуцін даў указанне трое сутак не біць па Кіеве12

У Гомелі за палітыку асудзілі кіраўніка аб'яднання, якое шукае парэшткі ахвяраў вайны і сталінскіх рэпрэсій, і яго жонку-медсястру9

Кухараў: Будаўніцтва трэцяй лініі метро не пераносіцца1

Новая мадэль Claude за 44 хвіліны ўзламала шыфр, які не маглі разгадаць 373 гады4

«У сезон можна зарабляць на рыбе больш за 10 000 на месяц». Беларуска пра жыццё на Камчатцы11

У Крыме ў выніку ўдару УСУ загінуў кіраўнік расійскага фонду «Народны фронт. Усё для Перамогі!»5

Чэхія рыхтуецца да магчымай вайны ў Еўропе ў выпадку нападу Расіі5

Іран не хоча пагаднення з ЗША і рыхтуецца працягваць вайну7

Маладая мінчанка вырашыла праехаць у метро — цяпер тры тыдні ходзіць на мыліцах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні2

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць