Меркаванні3030

Віктар Марціновіч: Ці мусіць творца бухаць?

Гэта адбылося мінулай восенню ў чайнай студыі Алёны Вялічка — літаратурная сустрэча, спалучаная з чайнай цырымоніяй.

Адна з удзельніц раптам упікнула: «Віктар, вы не выглядаеце пісьменнікам! Я ў свой час скончыла філфак, дык паэты ў нас вельмі пілі, прыходзілі ўжо на світанку і чыталі свае вершы, не зважаючы на тое, што мы не вельмі хацелі слухаць». Усе ўдзельніцы сустрэчы горача пагадзіліся з гэтым выказваннем: так, я не выглядаю як пісьменнік. Бо прыпёрся на літаратурную вечарыну цвярозы, размаўляю спакойным голасам, на калашыне штаноў няма слядоў з’едзенай учора яечні, на твары не бачна драпінаў ад ранішняй бойкі з міліцыяй ці таварышамі па цэху.

І вось я раптам прыгадаў, што папрок у тым, што я надта дыстыляваны ды чысценькі для беларускага творцы, я чую ўжо не першы раз. Людзі, якія яго агучваюць, пад паэтам, празаікам, мастаком — карацей, любым прадстаўніком творчай прафесіі — разумеюць такую непаголеную абтарчаную малпу, дрэнна апранутую, усю наскрозь у пазыках.

Карацей, сусед-алкаголік! Вось ён, ідэальны вобраз, які грамадства чакае ад экстэр’еру тых, хто стварае мастацкія каштоўнасці!

Разам з тым, мой вопыт камунікацыі ўнутры тусоўкі паказвае, што такія тыпы — у меншасці. Зайдзіце ў пісьменніцкі саюз, і вы пабачыце людзей у прыстойных гарнітурах, якія п’юць каву, зробленую ў эспрэса-машыне. Калі вы прыслухаецеся да размоваў у кавярні «Ў», вы пачуеце цалкам буржуазныя расклады: пісьменнік набыў кватэру, мастак жыве ў трохпакаёўцы, маладая пара творцаў уся ў рамонце на новай жылплошчы. Дык адкуль такія чаканні грамадства і ці варта ім адпавядаць?

Адразу дадам: так, захаваліся яшчэ ў тусе і вясёлыя бабздыры, здольныя нажлуктацца на прэзентацыі да стану бязважкасці. Але іх менее з кожным годам. Дык што робіцца? Як мэнэджары ад літаратуры і мастацтва, людзі, што ганарацца ўласным італьянскім паліто, японскай машынай ды гарнітурам-тройкай, спалучаюцца з класічнымі піякамі а-ля Караткевіч?

Я знайшоў адказ на гэтае пытанне ў кнізе Дэвіда Брукса «Бобо ў раі», што па-англійску выйшла ў 2002 годзе, а на расійскай мове з’явілася толькі ў 2013 (пераклаў і выдаў прэстыжны AdMarginem). Праца Брукса — не меней важная за «Капітал» Карла Маркса. Бо яна пастулюе з’яўленне новага сацыяльнага класа.

Раней, піша Брукс, было супрацьстаянне багемы ды буржуа.

Буржуа ганарыліся ўласнымі віктарыянскімі інтэр’ерамі, сапернічалі ў раскошы аздаблення садоў вакол маёнткаў. А багема з буржуа кпіла: хадзіла апранутая абы-як, напівалася ў «Чырвоным млыне», прыходзіла ў гарадскі парк з амарам на шнурку, каб толькі зладзіць скандал. У той час як буржуа засяроджваліся на грашах, багема дэманстравала, што грошы ёй зусім не патрэбныя. У той час як буржуа імкнуліся да грунтоўнасці ды лоску ў выглядзе ды паводзінах, багема скандалізавалася. Пры гэтым адвакат, банкір ці прамыслоўца не мог сімпатызаваць багеме — гэта была сітуацыя адкрытага супрацьстаяння. Для мастака ці паэта найгоршым было пачуць, што ён «буржуазны».

Дык вось, у канцы XX стагоддзя, — працягвае Брукс, — з прычыны паўставання эканомікі ведаў і постіндустрыяльнага грамадства дзве гэтыя сацыяльныя страты зліліся ў адно цэлае. Бо сталася так, што дызайнер можа зарабляць болей за банкіра, а капірайтар — лёгка мець трыста тысяч у год, даючы фору мэнэджару з кампаніі па гандлі тачкамі.

Тое, што атрымалася ад гэтага зліпання класаў, Брукс назваў тэрмінам бобо — па першых складах словаў boheme (багема), bourgeois (буржуа). Ягоная кніжка сталася гімнам новых людзей — тых, каго гарадскія часопісы яшчэ пяць гадоў таму называлі хіпстарамі, а цяпер клічуць «крэатыўным класам». Пра ступень уплывовасці кніжкі Брукса сведчыць хаця б той факт, што ў суседняй Вільні, побач з Нямецкім бульварам вось ужо гадоў пяць як дзейнічае бар-кавярня «Бобо», дзе збіраюцца літоўскія бобо, каб выпіць свой гурковы фрэш.

Усім, хто зацікавіўся марфалогіяй бобо, вельмі настойліва раю набыць ці спампаваць бэстсэлер Брукса: праз які год не ведаць пра бобо ў Мінску будзе гэтаксама заганна, як было сорамна не ўмець падтрымаць размову пра класавае грамадства ў салонах інтэлігенцыі ў пачатку XX стагоддзя.

Тут я зраблю некалькі высноў з Брукса, якія датычаць нашага сабжу.

  1. Творцы — ужо не багема, бо гэтага паняцця больш няма. Пісьменнікі, крытыкі, мастакі, сцэнарысты, журналісты, рэжысёры не мусяць даказваць астатнім, «рэспектабельным», што грошы — нішто, што рэвалюцыя (у паводзінах) — фарэва, што яны прадэманструюць сучаму сусвету, які паглыбіўся ў будаванне ўласных кар’ераў, што ёсць яшчэ людзі, не ўключаныя ў гэты працэс. Ім няма што даказваць. Бо яны цяпер самі буржуа.
  2. Бобо ўключаюцца ў сімвалічны абмен нароўні з астатнім грамадствам, іхныя капіталы цяпер ёсць вымярэннем іх мастацкай каштоўнасці (так, як і з іншымі прафесіямі). Але Брукс зазначае, што шкала тут трохі іншая і быць пісьменнікам ці капірайтарам з не вельмі вялікім заробкам для бобо-свету болей пачэсна, чым быць адвакатам ці прамыслоўцам. Брукс некалькі разоў падкрэслівае, што для бобо вельмі прынцыпова, адкуль і як чалавек бярэ грошы (раней для багемы грошай як каштоўнасці проста не існавала). Зарабіць мільён на біржавых спекуляцыях — сорам. Зарабіць $20 тыс. на кінасцэнары — рэспект.
  3. Сацыяльны пратэст болей не ўваходзіць у пералік першасных абавязкаў творцаў. А таму неабавязковыя і асацыяльныя паводзіны.
  4. У дыстыляваным свеце новых бобо-эліт старасць, хвароба і смерць выглядаюць тым, чаго варта саромецца. Таму бобо не кураць, не бухаюць і апантаныя здаровым ладам жыцця. Бобо хутчэй прызначаць дзелавую сустрэчу ў спорт-зале ці малочным бары, чым у класічнай кавярні, дзе падаюць алкаголь. Нават калі гэтая кавярня — «Бобо» ў Вільні ля Нямецкага бульвара.
  5. У гэтых умовах беларускі творца можа, канечне, «сядзець на стакане», ладзіць скандалы на ўручэнні прэмій, нахерачвацца на фуршэтах, але выглядаць ён пры гэтым будзе як чалавек несучасны. Ці варта быць сучасным — асобнае пытанне, але логіка бобо — гэта логіка менавіта звышсацыяльных істот. Так, напрыклад, Брукс спачатку здзіўляе чытача навіной пра тое, што ў буйных бобо-карпарацыях, такіх як студыя Dreamworks, наогул няма назваў пасад, любы чалавек роўны свайму патэнцыйнаму начальніку. Але потым высвятляецца, што іерархія, нягледзячы на ўсе гэтыя інды-прыбамбасы кшталту права сыходзіць з офіса ў любы час, тут усё ж ёсць, прычым яна нават болей жорсткая, чым у класічнай карпарацыі.
  6. Хутка чалавецтва нагуляецца ў бобо. Капірайтары, рэдактары ды паэты будуць імкнуцца выглядаць як Хантэр Томпсан, Чарлз Букоўскі ці Тулуз-Латрэк. Такі, ва ўсякім разе, мой прагноз. Але пакуль увесь свет самааддана гуляецца ў «новы лад жыцця», нам пра гэта варта хаця б проста ведаць.

Каментары30

Цяпер чытаюць

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА22

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Упершыню з 2022 года міністр замежных спраў Германіі сустрэўся з Лаўровым7

«Ведаеце, Лукашэнка не прэзідэнт». Яны так усміхнуліся, кіўнулі». Дэпартаваны з Грузіі Леў Міхееў расказаў, як з ім абыходзіліся ў Арменіі3

Саюз палякаў у Беларусі аднаўляе магілу польскага генерала пад Гроднам ФОТАФАКТ34

Трамп не пусціў CNN на борт свайго самалёта1

Цягнік, які ішоў з расійскай Анапы ў Мінск, затрымаўся ў дарозе праз пашкоджанне ўкраінцамі чыгункі на Браншчыне1

Прэзідэнтам FIDE стаў былы расіянін з казахстанскім пашпартам. Ён знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі2

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё35

Трамп спадзяецца на пагадненне паміж Зяленскім і Пуціным яшчэ да суровай зімы2

На прыпынкавых павільёнах у Мінску дададуць новыя агароджы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА22

Дзве беларускія фуры трапілі пад удары дронаў на расійскай мяжы. Адна цалкам згарэла ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць