Удава Курта Кабэйна адшукала ў Інтэрнэце зніклы малайзійскі «Боінг»
Удава Курта Кабэйна, спявачка Кортні Лаў знайшла на спадарожнікавым здымку ў інтэрнэце меркаваны след зніклага малайзійскага «Боінга». Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Facebook, падмацаваўшы гіпотэзу фатаграфіяй.
«Я не эксперт, але, калі прыгледзецца, гэта выглядае як самалёт і нафтавая пляма побач з ім», — напісала Лаў.
На момант напісання навіны (10:30) допіс Лаў лайкнулі больш за 8 тыс. чалавек, а 8 753 падзяліліся публікацыяй. Адзін з карыстальнікаў па імені Джэймс Сіл напісаў у каментарах: «Клянуся богам, Кортні знайшла гэты ****** [дзёўбаны] самалёт». Гэты каментар сабраў каля васьмі з паловай тысяч лайкаў.
Афіцыйных каментароў ад уладаў Малайзіі з нагоды расследавання, праведзенага Кортні Лаў, пакуль не паступала.
Мяркуючы па каардынатах, гэта месца знаходзіцца ў Малакскай затоцы, каля выспы Перак.
Boeing 777 кампаніі Malaysia Airlines, які рухаўся рэйсам з Куала-Лумпура ў Пекін з 239 людзьмі на борце, знік з радараў у ноч на 8 сакавіка. Першапачатковыя пошукі, якія праходзілі ў Паўднёва-Кітайскім мора, дзе былі зафіксаваныя апошнія сігналы, не прынеслі вынікаў. Пасля іх тэрыторыя была істотна пашырана. 15 cакавіка стала вядома, што ўлады Малайзіі разглядаюць версію ўгону самалёта, да якога, як мяркуецца, могуць быць датычныя пілоты лайнера.
Каментары