Меркаванні1919

Віталь Цыганкоў: Ні Вячорка, ні Міхалевіч ня маюць харызмы

Ніякія абставіны ня могуць зьмяніць непахісны вячоркаўскі стыль – сухі, бездакорны, прафэсарскі. Але калі ў Вячоркі няма харызмы, то ў Міхалевіча яе яшчэ менш.

Калі б нейкі далёкі ад палітыкі чалавек увайшоў у залю ДК МАЗ падчас выступу Вінцука Вячоркі, ён бы ніколі не падумаў, што прамаўляе лідэр партыі, палова якой хоча яго адстаўкі. Ніякія абставіны ня могуць зьмяніць непахісны вячоркаўскі стыль – сухі, бездакорны, прафэсарскі. Не было аніякіх рытарычных прыёмаў, эмацыйных усплёскаў, удалых жартаў. Як экспрэсіўна адзначыў Пётра Садоўскі, “справаздача Вячоркі была занадта паліткарэктная”: “Вячорка працаваў у сто разоў лепей, чым ягоная справаздача”. Нават у такой крытычнай сытуацыі Вячорка не пажадаў (альбо ня здолеў) вырвацца за рамкі свайго палітычнага падыходу, палітычнага тэмпэрамэнту.

Што павінен такога зрабіць кіраўнік партыі, каб заслужыць наступныя словы ад дэлегата Андрэя Юркова: “Ня ведаю, ці зробіць лепш замена лідэра, але ведаю, што горш ня будзе”.

“Шэры кардынал ня можа быць каралём”?

Калі кажуць, што ў Вячоркі няма харызмы, то здаецца, у Міхалевіча яе яшчэ менш. Ці, можа, ягоныя прыхільнікі лічаць, што яна можа раскрыцца толькі на пасадзе старшыні? Затое дакумэнты ягоныя на зьезьдзе былі падрыхтаваныя лепш за іншых, у іх, як у добрай рэклямнай брашуры, пра героя выказваюцца вядомыя людзі – Мілінкевіч, Севярынец, старшыня “Бацькаўшчыны” Макоўская, лідэр прадпрымальнікаў Шумчанка. Міхалевіч дзейнічае тэхналягічна, ён размаўляў пэрсанальна ці ня з кожным дэлегатам зьезду, ён абяцае, што падчас ягонага кіраўніцтва БНФ павінен прыйсьці да ўлады. У Вячоркі, відаць, не хапае нахабства абяцаць такое...

Мне гэта міжволі нагадвае Вярхоўны Савет 12-га скліканьня – “на віду” былі палымяныя трыбуны, але раптам на важныя пасады вылучаліся і выбіраліся людзі, якіх ніхто з журналістаў амаль ня ведаў. Віктар Івашкевіч пасьля першага туру (у якім ён атрымаў 26 галасоў) сказаў: “Алесь Міхалевіч яшчэ ня стаў публічным палітыкам. Журналісты дасюль у мяне пытаюцца, хто гэта такі...”

Але самае парадаксальнае, што Міхалевічу, здаецца, гэта і ня трэба, ён кулюарны баец, яму патрэбныя галасы дэлегатаў, а ня індэкс цытаваньня ў прэсе, якім ганарыцца Івашкевіч. Але – як сказаў гарадзенскі дэпутат Сяргей Мальчык, “шэры кардынал ня можа стаць каралём”.

Апошняя ідэйная партыя?

Зрэшты, сёньняшняе супрацьстаяньне ў БНФ – гэта ня столькі процістаяньне асобаў і характараў. Гэта прынцыпова розны падыход да палітычнай дзейнасьці.

“Не хачу і не дазволю, каб БНФ, – на маю думку, адзіную ў Беларусі ідэйную партыю – ператварылі ў “NGO-шку” для палітбізнэсу невялікай групы”, – здаецца, самая яркая цытата Вячоркі і самы “празрысты” ўкол у бок Міхалевіча. І яшчэ адна – “не хачу і не дазволю, каб Народным фронтам маніпулявалі звонку”. Некаторыя дэпутаты адкрыта казалі, што рух Аляксандра Мілінкевіча “За свабоду” вярбуе сваіх сяброў у шэрагах Фронту і АГП.

Дылема ў тым, ці застанецца БНФ ідэйнай партыяй, партыяй з 1990-х гадоў, заснаванай на агульных каштоўнасьцях і гісторыі, ці яна стане больш падобнай на тыя партыйныя і грамадзкія структуры 2000-х, дзе ўспрымаюць палітычную дзейнасьць як звычайную працу, якая павінна аплачвацца. Скажам умоўна, “рамантычны” і “прагматычны” падыход. Забаўна было слухаць, як некаторыя дэлегаты, падтрымліваючы Міхалевіча, распавядалі, як ён дапамог ім у цяжкую хвіліну. Чым дапамог? Добрым словам, мудрай парадай?

Як бы ні скончыўся ў нядзелю зьезд БНФ, Фронт не застанецца тым самым.

Каментары19

Цяпер чытаюць

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»4

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»

Усе навіны →
Усе навіны

У Інданезіі знайшлі найстаражытнейшыя ў свеце ўзоры наскальнага жывапісу

Кіт Келаг: Калі Украіна перажыве гэту зіму — перавага будзе на яе баку15

Пуцін прапанаваў узяць мільярд за членства Расіі ў Радзе міру з замарожаных актываў9

Улады Даніі адмаўляюцца ад перамоў з Трампам адносна Грэнландыі. Трамп патрабуе сказаць гэта яму ў твар9

На калготках ад Mark Formelle пасля мыцця імбірныя пернікі ператварыліся ў пухнатых вусеняў. Многім нават спадабалася1

МУС абвяргае, што індыйская жанчына трапіла ў Беларусі ў працоўнае рабства, і выклала ўласную версію яе гісторыі9

У Расіі незадаволеныя, што беларусы завальваюць іх танным маслам4

Літоўскі міністр: Было б добра, каб Ціханоўская сама абвясціла пра свае планы15

У Італіі знайшлі базіліку, спраектаваную старажытнарымскім архітэктарам Вітрувіем3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»4

Зяленскі ў Давосе: Калі б Еўропа дапамагла беларускаму народу ў 2020 годзе, то ў Беларусі сёння не было б «Арэшніка»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць