Грамадства1212

25 гадоў ад званка да званка: Коласаўскі ліцэй святкуе першы юбілей

15 студзеня 1990 года ў Беларусі паўстала ўнікальная навучальная ўстанова — Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. У 2003 годзе ліцэй страціў свой афіцыйны статус і нейкі час працаваў падпольна. Але выстаяў! І 25 гадоў — гэта ўжо не выпадковасць…

Часопіс Esquire апублікаваў вялікі рэпартаж з «падпольнага ліцэя» — чытайце тут

Ліцэй быў утвораны ў 1990-м, паўнаварта запрацаваў у 1992 годзе, аднак быў зачынены ў 2003-м, калі ўлады паспрабавалі змяніць яго дырэктара — Уладзіміра Коласа — і навязаць рускамоўную праграму навучання.

На працягу двух гадоў заняткі працягваліся на прыватных кватэрах, у офісах незалежных структур (у тым ліку і рэдакцыі «Нашай Нівы») і нават у падвале адной з цэркваў. З 2005 года ліцэй працуе на ўскраіне Мінска і легалізаваўся на базе адной з міжнародных школаў Польшчы.

У чым унікальнасць Коласаўскага ліцэя? — запыталіся мы ў нязменнага намесніка дырэктара ўстановы, Лявона Баршчэўскага (на фота знізу).

Лявон Баршчэўскі, намеснік дырэктара ліцэя: Мы 25 гадоў, фактычна, выконваем функцыю Міністэрства адукацыі: распрацоўваем праграмы, падручнікі, якіх не было да нас. Напрыклад, хрэстаматыя па сусветнай літаратуры — іх не існавала ў прыродзе, дый цяпер іх ніхто не робіць.

Па-другое, мы заўсёды працавалі, арыентуючыся на беларускае грамадства, якое яно ёсць. У нас нават было правіла: палова выкладчыкаў павінна быць мужчынамі.

Па-трэцяе, мы заўсёды прыцягвалі беларускіх інтэлектуалаў. Многія з іх не мелі досведу працы ў адукацыйных установах. Аднак яны ішлі да нас, бо самарэалізоўваліся праз ліцэй.

Мы стараліся ненавязліва паказваць узрошчаным савецкай і постсавецкай школай вучням іншую сістэму каштоўнасцяў, стварылі атмасферу сяброўства і павагі. І, вядома, у нас была дакладная канцэпцыя, каго мы хочам выхаваць у нашым ліцэі, хто патрэбны будучай Беларусі. Нічога з гэтага не памянялася і сёння.

«НН»: Што Беларусь страціла, калі ліцэй ліквідавалі?

ЛБ: Інтэлектуальны патэнцыял ліцэя застаўся па-за афіцыйнай сферай уплыву. Калісьці Мінадукацыі з намі супрацоўнічала, мы распрацоўвалі на іх замову праграмны блок па гуманітарных прадметах. Да нас звярталіся з Інстытута адукацыі, пыталіся, у якім кірунку нам распрацоўваць курс літаратуры ці гісторыі. Аднак пасля таго, як ліцэй стаў працаваць падпольна, такое супрацоўніцтва больш немагчыма.

Мы заўсёды давалі вучням выбар. А пасля гэта свабода была страчана, усіх зноў паспрабавалі загнаць у адно стойла крыху падфарбаванай сталінскай школы.

«НН»: У чым галоўныя заганы беларускай сярэдняй школы?

ЛБ: Галоўная загана у тым, што беларуская школа працягвае традыцыю царскай школы Расіі, дзе настаўнік — гэта вінцік у дзяржаўным механізме, які рэтранслюе палітыку ўладаў, якую павінны выконваць унізе. А вучні ў гэтай сістэме — апошняе звяно. Ім не даецца права выбару, не даецца права самастойнага мыслення. І самае галоўнае — гэта палітызацыя беларускай школы. Як у савецкай школе ў галовы ўбівалі адну дактрыну, так і ў школе часоў Лукашэнкі школа палітызаваная ў недапушчальнай ступені. Вучням не даецца права вырашаць, займацца самакіраваннем.

«НН»: Выпускнікі ліцэя цяпер атрымліваюць замежныя сертыфікаты аб адукацыі, што дазваляе ім лёгка паступаць у еўрапейскія ВНУ. Многія з іх не вяртаюцца ў Беларусь. Ці не здаецца вам, што ліцэй працуе «ў пустэчу»?

ЛБ: Выпускнікі атрымліваюць і беларускае пасведчанне аб адукацыі. Але нас сапраўды засмучае такое становішча. Зусім нядаўна адбылася сустрэча з вучнямі, на якой мы казалі, што хацелі б, каб яны вярталіся ў Беларусь. 

З іншага боку, ліцэй мае гуманітарны профіль, 85% спецыяльнасцяў не запатрабаваны ці запатрабаваны не ў той форме ў структуры, дзе дзяржава з’яўляецца манапалістам. Прыватныя ВНУ і школы існуюць у нас толькі на паперы, але ідэалагічна яны падкантрольныя дзяржаве. Жорстка весці размову цяжка, бо выпускнікі кажуць, што там яны знаходзяць працу, а тут яны не могуць прымяніць сябе. Але мы, вядома, агітуем шукаць магчымасці і вяртацца на радзіму.

«НН»: У якім выпадку магчыма афіцыйнае вяртанне ліцэя ў Беларусь?

ЛБ: Гэта ў прынцыпе немагчыма пры сённяшнім адукацыйным кодэксе і заканадаўчых рамках, уведзеных у 2011 годзе. Працаваць па дзяржаўных праграмах мы не можам, бо гэта будзе прафанацыя гуманітарнай адукацыі, а навучаць па сваіх праграмах, як мы рабілі да 2003 года, нам не дазваляе заканадаўства. Трэба мяняць заканадаўства, вяртацца да шматпрофільнай адукацыі. І ў гэтай сітуацыі мяч на баку дзяржавы, якая павінна зрабіць крокі першай. У нас жа ёсць унікальны досвед незалежнай гуманітарнай адукацыі.

«НН»: Што б вы пажадалі сваім выпускнікам?

ЛБ: Каб вярталіся ў Беларусь, дасягалі поспеху і ўплывалі на іншых людзей тут, у Беларусі.

* * *

Пажаданне ад дырэктара

Хай тыя веды і тая пазіцыя, якія вучні набываюць у ліцэі, дапамагаюць як ім у асабістым жыцці, так і краіне, каб у ёй былі перамены.

Уладзімір Колас, дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа

Каментары12

Цяпер чытаюць

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі15

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

Усе навіны →
Усе навіны

Граф Смеццевае Вядро прайграў лідару Reform UK Фараджу на давыбарах у парламент Вялікабрытаніі9

Расійская мытня не паверыла беларусу, які прывёз з Дубая 43 смартфоны і сказаў, што гэта для асабістага карыстання1

У экстрэмісцкі спіс трапіла кніга з даўнейшага выдавецтва «Нашай Нівы»6

У Кыргызстане на вышыні 4500 метраў знайшлі рэчы зніклых беларускіх альпіністаў

Наступнае «Еўрабачанне» пройдзе ў балгарскім Бургасе

Расійская пенсіянерка пераканала студэнта, што на ім смяротныя сурокі, і забрала грошы. А пасля чатыры гады хавалася ў Беларусі1

Дроны атакавалі Маскву і Ленінградскую вобласць2

Статкевіч: Чаму ў іх 80, а ў нас 205

Памёр купалавец Мікалай Кучыц2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі15

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць