Скульптуру Джакамеці купілі за рэкордныя 141 млн даляраў
«Чалавек паказвае» стала самай дарагой скульптурай свету.

Скульптура 1947 года «Чалавек паказвае» работы швейцарскага майстра Альберта Джакамеці была прададзеная на аўкцыёне Christie’s 11 мая за рэкордную суму ў 141 млн даляраў. Пакупнік тады пажадаў застацца ананімным, але цяпер раскрыў сваю асобу, піша Page Six.
Пакупніком аказаўся 58-гадовы менеджар хэдж-фондаў Стыў Коэн, 106-ы багацей Зямлі ў спісе Forbes. У мінулым лістападзе ён жа набыў за 101 млн іншую скульптуру Джакамеці, «Калясніцу», адзначае The Daily Mail.
Скульптура «Чалавек паказвае» выкананая з бронзы ў чалавечы рост. «Гэта адна з найвялікшых скульптур XX стагоддзя, — кажа арт-дылер Уільям Акавела. — Стыў гэта вельмі сур’ёзны, вельмі праніклівы калекцыянер. У яго таксама ёсць правільныя інстынкты, якія з кніг па гісторыі мастацтва не здабыць».
Яна далёка не самая дарагая пакупка Коэна — у 2012-м ён набыў на аўкцыёне карціну Пікаса «Сон» 1932 года за 155 млн даляраў. Свайго «Сну» ён чакаў 6 год — карціна рэстаўравалася, бо яе папярэдні ўладальнік парваў яе локцем.
***
Стыў Коэн пачаў сваю кар’еру з капіталам у 7 тысяч даляраў, сёння ў яго кішэні налічваецца 11 млрд. Яго сфера дзейнасці — хэдж-фонды, адзін з самых рызыкоўных шляхоў ў інвеставанні, сутнасць якога ў пакупцы недаацэненых і продажы пераацэненых фінансавых інструментаў.
Каментары