Грамадства1212

Забіла свядома і не раскаялася: у Гомелі вынеслі прысуд маці, якая ўтапіла ў ванне дваіх маленькіх дзетак

Сёння, 23 кастрычніка, у Гомельскім абласным судзе быў агучаны прысуд Аксане Сарокінай. У пачатку красавіка яна ўтапіла ў ванне сваіх дзяцей — 11-месячную Ангеліну і 2-гадовага Савелія. Суд прысудзіў яе да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Дзяржабвінаваўца: «Абвінавачаная не раскаялася ў зробленым»

Паводле жадання абвінавачванай і боку абароны суд праходзіў у закрытым рэжыме «ў сувязі з тым, што будуць абмяркоўвацца пытанні, якія тычацца асабістага жыцця» Сарокінай. Суддзя падтрымаў гэтае хадайніцтва і папрасіў прэсу пакінуць залу пасяджэнняў. Так што ў журналістаў не было магчымасці даведацца з вуснаў самой абвінавачванай, чым яна кіравалася, здзяйсняючы такое жахлівае злачынства.

Прадстаўнікам мас-медыя дазволілі прысутнічаць толькі на абвяшчэнні прысуду. Менш за ўсё хацелася зноў убачыць тую ціхамірна-спакойную ўсмешку на твары Сарокінай, з якой яна пазіравала журналістам перад пачаткам самага першага судовага пасяджэння.

— Сарокінай інкрымінуецца наўмыснае забойства двух малалетніх дзяцей, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. Санкцыя часткі 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання, — пракаментавала Алена Галко, якая выступала ў судзе дзяржаўным абвінаваўцам. — Але для жанчын у нашай краіне максімальны памер пакарання — 25 гадоў пазбаўлення волі.

Нагадаем, па заключэнні стацыянарнай комплекснай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, ў абвінавачванай у перыяд часу, які адносіцца да інкрымінаваных ёй дзеянняў, дыягнаставалі дыссацыяльнае расстройства асобы. Аднак эксперты сцвярджаюць, што ў момант ўтаплення дзяцей абвінавачаная ўсведамляла характар сваіх дзеянняў і іх наступствы.

— Зыходзячы з абставінаў здзейсненага злачынства, а таксама з улікам таго, што абвінавачаная не раскаялася ў зробленым, бок абвінавачвання папрасіў суд прызначыць ёй максімальны тэрмін, — распавяла Алена Галко.

Пацярпелы: «Яна ўсміхалася ўвесь час, і мяне гэтая ўсмешка дабівала»

Пацярпелым у судзе выступаў былы сужыцель абвінавачанай. Алег — адзіны, каму было дазволена прысутнічаць на ўсіх судовых пасяджэннях. Мужчына калісьці жыў з Сарокінай у грамадзянскім шлюбе і прыняў яе дзяцей як сваіх. Ён і яго маці хавалі малых.

На пытанне, ці задавальняе яго прысуд, Алег адказаў:

— Няма такога пакарання, якое б мяне задаволіла. Бог яе пакарае. Ёй 25 гадоў, а калі яна выйдзе, будзе ўжо позна пачынаць усё спачатку. Савелію 5 лістапада было б тры годзікі. 8 кастрычніка споўнілася роўна паўгода з дня смерці малых. Мяне забіла, калі суддзя паказаў ёй рэчавыя доказы — дзіцячыя камбінезончыкі, у якія былі апранутыя мёртвыя малыя, — і спытаў, ці патрэбныя ёй гэтыя рэчы, яна сказала: «Няхай на памяць застануцца».

Мужчына кажа, што Сарокіна не выціснула ніводнай слязы падчас судовага разбору. З яго слоў, толькі на адным пасяджэнні яна праявіла агрэсію, «калі сведкавыя паказанні давалі супрацоўнікі сацабароны, якія наведвалі яе на доме, яна стала біць па шкле, бегаць у шаленстве па клетцы, нецэнзурна выказвацца. Прыйшлося перапыніць пасяджэнне, яе павезлі тады».

Са слоў пацярпелага, Сарокіна распавяла ў дэталях, што адбылося ў той дзень, калі яна ўтапіла сваіх дзяцей, яе паказанні пацверджаны следствам:

«Увечары Сарокіна вырашыла прыняць ванну, Савелія ўзяла з сабой. Сказала, што хацела расслабіцца. Сына трымала на руках, павярнуўшы спінай да сябе. З яе слоў, у нейкі момант яна, задумаўшыся пра нешта, апусціла галаву малога пад ваду і трымала да таго часу, пакуль ён не захлынуўся.

Гэта адбылося 7 красавіка, бліжэй да ночы. Жанчына паслухала сэрца сына — яно не білася. Яна пакінула мёртвае дзіця ў ванне, села за ноўтбук і набрала ў пошукавіку «пена з рота пры ўтапленні».

Праз некалькі гадзін, ужо ноччу, вырашыла ўтапіць і Ангеліну. Падумала, што яе ўсё роўна асудзяць, а дачку адправяць у дзіцячы дом, патлумачыла яна ў судзе. Аднесла дзяўчынку ў ванну, у якой усё яшчэ ляжаў мёртвы Савелій. Трымала яе пад вадой тварам уніз, калі дастала - Ангеліна была яшчэ жывая, яна зноў пагрузіла дзіця ў ваду.

Затым запусціла мыццё, прыбрала кватэру, дастала мёртвых дзяцей з ванны, апранула адубелыя ўжо трупікі — рыхтавалася да таго, што за ёй прыйдуць. Раніцай сама патэлефанавала ў міліцыю».

— Яна ўсміхалася ўвесь час у судзе, і мяне гэтая ўсмешка дабівала, — прызнаўся Алег. — Казала, што дзецям у магілцы будзе лепш, чым у дзіцячым доме. Я праклінаю той дзень, калі сустрэў яе.

Алег кажа, што калі былі спрэчкі бакоў, ён паказаў фатаграфіі малых, распавёў, як цяжка было іх хаваць, як невыносна было бачыць у царкве на адпяванні замест вясёлых жыццярадасных Ангеліны і Савелія дзве маленькія труны.

— Аксана ўпершыню за ўвесь час судовых пасяджэнняў заплакала. Нават апошняе слова яна прачытала па паперцы: «Я раскайваюся. У жыцці ўсякае можа здарыцца. Зразумейце і выбачайце» — не было шчырасці ў гэтых словах, як быццам чытала кімсьці напісаны тэкст па паперцы. На твары яе была ўсё тая ж ўсмешка.

Перад абвяшчэннем прысуду Сарокіна сядзела, нізка апусціўшы галаву. Аднак, калі яна зрэдку глядзела ў залу, на твары была ўсё тая ж ўсмешка …

Каментары12

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Усе навіны →
Усе навіны

«На сёння магчымая справядлівая версія — стаім там, дзе стаім». Зяленскі выказаўся наконт тэрытарыяльнага пытання7

Аб’ект «Участак». Што напраўду будуюць на былой ракетнай базе пад Слуцкам паводле сакрэтнага распараджэння Лукашэнкі7

Былога фігуранта справы «Белага легіёна» зноў арыштавалі па крымінальнай справе6

У Індыі хуткасны цягнік сутыкнуўся са статкам дзікіх сланоў1

У Валожынскім раёне пад коламі аўто загінула дзіця

Кіроўца ехаў па МКАД на аварыйнай машыне. Яго пакаралі1

Каталікам Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі дазволілі не пасціць 2 студзеня3

Спявак Дзмітрый Калдун паказаў сваю мінскую кватэру недалёка ад Драздоў ШМАТ ФОТА22

Біл Клінтан, Майкл Джэксан і Мік Джагер. Каго можна знайсці ў новых дакументах са справы Джэфры Эпштэйна10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў56

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць