Камэнтар Рэдакцыі да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Камэнтар Рэдакцыі да 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Стоячы колькі дзён таму ў чарзе ў краме, заўважыў на паліцы пляшку пеністага віна «Князь Витовт». У галаве нечакана пранеслася: «Халера, нічога не зьмянілася!» Памяць перанесла мяне ў апошнія мае студэнцкія дзянькі. Злы праз абсалютна ніякую арганізацыю сьвяткаваньня 85‑й гадавіны БНР ды агульную бездапаможнасьць гарадзенскай апазыцыі, я пайшоў у кампаніі брата і сябра адзначаць Дзень Волі прыватным чынам.
Дзеля сьвяткаваньня выбралі вуліцу Багдановіча, набыўшы папярэдне ў краме пляшку пеністага «Вітаўта» (хацелася, бач ты іх, сымболікі!). Да «Вітаўта», якога прадавачка спачатку «не знайшла» («нет у нас «Витаута», есть только «Витовт»), набылі шакалядку «Эўравіта» (на мову афармленьня ўжо не зважалі, кіраваліся найперш назвай).
Селі пад ліхтаром, які не гарэў. Наўмысна, каб сьвята не сапсаваў патруль, якіх у той дзень было як ніколі шмат. Але страх, назапашаны цягам апошніх неспакойных дзён, не пакідаў нас, пакуль не ўзяліся адкаркоўваць пляшку. Корак, нечакана стрэліўшы, нячутна паляцеў у бок незапаленага ліхтара. І той раптам засьвяціўся зыркім сьвятлом. А наш страх адразу некуды зьнік. Рэшту вечару мы правялі ў марах пра тое, як будзем сьвяткаваць Дзень Волі празь пяць гадоў. Памятаю, як нават і думаць не хацелася, што 90‑ю гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі мы будзем адзначаць усё пры той жа ўладзе.
У чарзе пасярод крамы мне падумалася, а ці зьмянілася за гэтыя пяць гадоў хоць нешта ў тым, як мы сьвяткуем ці ня самы значны для кожнага народу дзень — Дзень незалежнасьці. Прыгадалася, як тая глыбокая незадаволенасьць 2003 годам выліліся ў трохі наіўны артыкул, надрукаваны ў «Нашай Ніве» перад Днём Волі‑2005, у якім я патрабаваў сьвята ў гэты дзень. Як было дзіўна і прыемна праз тыдзень пабачыць на галоўнай плошчы Горадні па‑сьвяточнаму апранутых месьцічаў з кветкамі і балёнікамі ў руках і ўсьмешкамі на тварах. Іх было няшмат, але яны былі і выклікалі ў сустрэчных шмат пытаньняў і цікавасьці: «Што гэта за сьвята сёньня такое?»
2006 год запомніўся стракатым людзкім морам вакол помніка Купалу ў Менску і брутальным разгонам каля тэатру Музкамэдыі. У турмах сядзелі сотні людзей і гэта, зразумела, не спрыяла сьвяточнаму настрою ў большасьці дэманстрантаў, а міліцыянты і пагатоў не былі настроеныя на сьвята.
Дзень Волі 2007 засеў у памяці бел‑чырвона‑белымі стужкамі ў бярозавым гольлі побач з Петрапаўлаўскай царквой на Нямізе ды манэўрамі вайскоўцаў побач з цыркам. Да людзей, якія ўсё ж выйшлі на вуліцу, не зважаючы на стому ад палітыкі і палітыкаў, вярнуўся сьвяточны настрой.
Сёлетняя дата, відавочна, вымагае адпаведных высілкаў ад зацікаўленых людзей. І пэўны прагрэс заўважны: нарэшце нехта ўзяўся за няўдзячную, але такую патрэбную працу — выпуск паштовак і календароў, музычных зборнікаў. Пачала рэалізоўвацца неймаверная, здавалася б, у нашых умовах ідэя агульнанацыянальнай дыктоўкі. Няхай гэта выходзіць не заўсёды гладка, але пачатак пакладзены.
Гадавіну БНР, нарэшце, адсьвяткавалі на самым высокім узроўні ў Эўрапарлямэнце. За межамі гэтую падзею адзначаюць ня толькі беларусы — палякі адсьвяткуюць 25‑га ў знак салідарнасьці з усходнімі суседзямі.
Ня варта чакаць звышнатуральнага ад хуткага ўжо 25 Сакавіка. Тым больш, што сьвята гэтае пакуль ня выйшла за межы кола абазнаных і неабыякавых беларусаў. Хоць некаторыя незалежныя сайты і стварылі атмасфэру, у якой міжволі пачынаеш верыць, што «да сьвята рыхтуецца ўся краіна». Для таго, каб гэта стала сапраўды так, а нашая мара пра 95‑я ўгодкі стала явай, трэба працягваць запальваць ліхтары — друкаваць паштоўкі, выдаваць кнігі… І выводзіць пад сьвятло нашага ліхтара іншых.
-
ГУБАЗіК перастаў выкладаць відэа з затрыманымі. З дня, калі да гэтага заклікаў канал, блізкі да Маркава
-
Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?
-
Ці здасць Трамп Украіну Расіі? Чаму дэмакраты разгромленыя? Да чаго прывядзе кантроль рэспубліканцаў над выканаўчай і заканадаўчай уладай адначасова?
Каментары