Наста Рагатко: Усіх, хто супраць удзелу беларусаў у івэнтах расіян, я чакаю ўбачыць на кірмашах польскіх, брытанскіх, іспанскіх
Наста Рагатко, былая галоўная рэдактарка Kyky.org і ранейшая кіраўніца камунікацый Офіса Святланы Ціханоўскай, апісала ў сацсетках, як паўдзельнічала ў кніжным кірмашы BebelPlatz у Берліне са сваёй дэбютнай кнігай «Насі з сабой». Напярэдадні гэтага кірмашу рускамоўнай кнігі горача абмяркоўвалася, ці варта беларусам удзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Наста вырашыла адказаць на гэта.

«Ведаць сваё месца і займаць больш месца — гэта два розныя падыходы», — разважае Наста.
«Вельмі часта падчас і пасля працы ў Офісе Ціханоўскай бачыла, як размовы вядуцца прынцыпова не ў тым пакоі — то-бок у мадальнасці «нехта іншы павінен рабіць вось так».
У ААН сек’юрыці кансіл збіраецца выпрацоўваць полісі бяспекі рэгіёна ўсходняй Еўропы без тых, хто яе не збіраецца прытрымлівацца. Актывісцкія канферэнцыі абмяркоўваюць, як паводзіць сябе тым, хто не быў іх удзельнікам: сартаваць смецце, не гвалціць жанчын, будаваць дыяспары.
Вынік — маніфесты напісаны, але іх ніхто не дыстрыбутуе, таму што зыходная мэта не прыцягнуць прыхільнікаў, а надзець белае паліто.
Вось і пытанне як свет павінен успрымаць беларусаў — часцей за ўсё вядзецца «на кухні» сярод сваіх. Усе сыходзяць шчаслівыя і сагрэтыя ўласнай праватой, маўляў, расіяне заўсёды паблажліва ставяцца да беларусаў, гэта пагроза нашай незалежнасці.
Сто працэнтаў, на дзяржаўным узроўні Расія павінна пакінуць Беларусь у спакоі.
Але з пункту гледжання бытавой і культурнай паблажлівасці — дарагія, а вы камунікавалі з кімсьці акрамя расіян?
Да нас паблажліва ставяцца практычна ўсе — астатнія не ведаюць пра наша існаванне.
Літоўцы асцерагаюцца з беларусамі, каб мы не дай бог не палічылі сябе ў іх як [у сябе] дома. Палякі прымаюць беларусаў, з усмешкай апалячваючы, яны былі імперыяй — у іх ёсць вопыт. Амерыканцы адкрыта кажуць, што Беларусь для іх — ключ да размовы з Расіяй і што іх узбуджае калій, а не наша самасць ці бяда.
Я здагадваюся, што прыемней думаць, нібыта Беларусь настолькі вядомая і агентная, што яе любіць умоўны Захад, а Усход — не. Але гэта спрашчэнне — не аналіз сітуацыі, а wishful thinking для зніжэння трывожнасці.
Вось быў кірмаш кніг. На ім Наташа Радзіна на сваёй прэзентацыі тлумачыла расіянам гісторыю ВКЛ як ключавога этапу для ідэнтычнасці беларусаў.
А потым Ілля Яшын напаіў мяне кавай і на пытанне, навошта ён робіць партыю, сказаў: «Ну, Насця, нашы апазіцыйныя тусоўкі ўсе закрытыя, я хачу гэта змяніць. І лічу, што мы павінны займаць у еўрапейскіх сістэмах усе даступныя нам месцы і галасы».
Неяк у адказах на пытанні ў сторыз я напісала: каб навучыцца займаць шмат месца, трэба практыкавацца займаць шмат месца. Потым на прэзентацыі дзяўчына папрасіла падпісаць ёй кнігу гэтай жа фразай.
Так, бяспечней абмяркоўваць беларускасць сярод сваіх, бо тады ніхто не тузане за рукаў і не спытае крыўднае «а вы наогул хто?» ці «Беларусь? Дзе гэта?».
Але ўтульны бабл згодных — гэта жаданне быць палюбленым без рызыкі стаць уразлівым. Рэалізавацца творча без эмацыйнага агалення. Кубікі на прэсе, ні разу не ўспацеўшы.
Памятаеце, здаецца, украінскі бізнэсмен Чарняк сказаў: «На вас усім насраць, а вы яшчэ і сціплыя». Дык гэта не сціпласць, а нарцысізм — сядзець толькі ў сваёй бочцы і чакаць, пакуль іншыя цябе пачнуць паважаць, ацэняць і прызнаюць роўным.
Таму ўсім, хто піша, дзе беларусам быць можна і нельга:
Вы стаіце на плячах у іншых беларусаў, якія гатовыя былі за сябе і за вас зайсці ў любое таварыства, паглядзець у вочы чалавеку, які кажа «ненавіджу цябе», гэтак жа прама — як таму, хто кажа «you are doing an incredible job».
У тых, хто гатовы не абагульняць усіх грамадзян краіны пад маркай аднаго людаеда, таму што цябе самога дакладна гэтак жа абагульнялі шмат разоў. Хто шукае партнёраў, а не ворагаў.
Беларусь становіцца гучнейшай дзякуючы намаганням менавіта гэтых людзей. Хто дамогся, каб быў беларускі павільён на Венецыянскім біенале. Хто адвакатуе спрашчэнне легалізацый для беларусаў. Хто, як выдавецтва «Мяне няма», апранае гасцей кірмашу ў свой мерч на беларускай мове.
А ўсіх, хто супраць удзелу беларусаў у івэнтах расіян, я чакаю ўбачыць на кірмашах польскіх, брытанскіх, іспанскіх. З літаратурай, кіно, выставамі, якія мы з вамі стварылі ці адаптавалі на гэтыя мовы.
Вось тады гэтая размова пяройдзе з мадальнасці:
— беларусы павінны ведаць сваё месца
як быццам замежнікі — ці мы самі паміж сабой — можам камусьці дазваляць ці забараняць штосьці, нібы пакаёвым звяркам.
У мадальнасць:
— беларусы могуць займаць больш месца
таму што для гэтага не патрэбна нічыё блаславенне, таму што пра такое не пытаюцца, а робяць».
Каментары