Восень, выбары, у Бога не верыце? Компас згублены. Дзённік хлопца, які пераехаў з Мінска ў дзедаву хату на Палессі. Частка ІІІ
Вёска, куды вярнуўся Андрусь Горват, называецца Прудок. Гэта ў глушы Палесся, каля мяжы з Украінай, 300 км на поўдзень ад Мінска. У Прудку жыве каля 150 чалавек. Найбліжэйшыя ад яе гарады — Хойнiкi і Калінкавічы. Калi ведаеце знакамiтыя вёскi Юравiчы, Аўцюкi цi Каранёўку («Людзi на балоце» Мележа) — гэта побач.
Зарабляў Андрусь Горват фрылансам. Хацеў пайсці настаўнiкам у Юравiцкую школу. Дык не ўзялі. Разлічвае ён цяпер на пракорм са свайго вялікага агарода.
У першай публікацыі (№24) мы развіталіся з ім 15 чэрвеня, на піку лета. У другой (№41) — 2 верасня, калі скончылася кладка грубы.
3 верасня
У вёсцы Боруск жыве мой стрыечны дзед Косцік і ягоная жонка баба Гаша. Мы з бацькамі часта ездзілі да іх, калі я быў малы. На вяселлі іх дзяцей, на іншыя святы ці проста з нагоды. Гэта была не такая краіна, як у нашым савецкім Петрыкаве, дзе я хадзіў у школу. У Боруску вышывалі, ткалі, спявалі народныя песні, працавалі, кахалі, жартавалі, размаўлялі па-беларуску, гатавалі вясковыя стравы, замаўлялі ад уроку, даглядалі адно аднаго. Там на печы жыла гарбатая бабця за сто гадоў (маці бабы Гашы). Пад печчу — дамавік. Дзед вырабляў з драўніны неймаверныя рэчы — ад лавы да галавы лася. Там, у Боруску, склалася маё ўяўленне пра Беларусь. Менавіта такой я бачу яе дагэтуль.
Летась я ізноў прыехаў у Боруск пасля доўгай мінскай эміграцыі. Ад вялікай вёскі — ад маёй Беларусі — амаль нічога не засталося. Навакольныя лясы заціснулі Боруск у сваю мёртвую цішу. Дзед з бабай сталі старымі, хвароба скруціла іх і цягне да зямлі. Іхні сын — дзядзька Валодзя — час ад часу разбівае цішыню начным стрэлам у ваўкоў.
Палескі «ламберсэксуал» коле с̶э̶л̶ф̶і̶ дровы. Да Мінска 300 кіламетраў. Вечарэе. Пятніца.
3 верасня
Прудкаўская пошта пачынае злаваць на імя Андрусь у афіцыйных дакументах.
Я ўпарта ўсміхаюся.
— Ёсць жа, — кажу, — Кастусі. Чым вам Андрусі не падабаюцца?
— Няма такога імя, — кажуць. — Кастусь ёсць. Андруся няма.
— Вось ажанюся, — кажу, — стану Андрэем.
— Ну то хутчэй жаніся.
— Але калі мае дзеці ажэняцца, — ізноў кажу, — буду ўжо Андрыяшам.
— Андрыяшу пенсію не дамо, — кажуць. — Андрэю дамо, Андрыяшу не дамо.
3 верасня
З песень бабы Гашы:
Трудна жыці на чужыні, не маючы роду.
Перарабілась у шэру зязюлю да ў род уляцела.
Уляцела ў сад — сад раднесенькі,
Стала на калена, стала кукаваць
Шчэ й расказваць — як жыць на чужыні.
— Калі доч мая, доч раднесенька, захадзі ў хату,
Калі зязюля, зязюля шэрая, вылятай з саду.
— А я доч твая, доч раднесенька, не пайду ў хату.
Я зязюля, зязюля шэрая, не вылечу з саду.
4 верасня
Пакуль тынкаваў дымаход, падумаў пра тое, што ў вёсцы традыцыйныя сем’і мусяць быць шведскімі. Каб паспяваць усё рабіць, трэба прынамсі чатыры пары рук. А яшчэ калі губляць час на псіхатэрапеўтычныя сямейныя размовы, якія пачынаюцца з «Я адчуваю, што ты перастаў мною цікавіцца», хвасоля палупіцца і пападае ў зямлю.
Спешна трэба рваць хвасолю.
Праграма на заўтра: гараваць і не думаць.
5 верасня
Ромка прыцягнуў у ложак дохлага пацука, які жыў пад страхою над сенцамі.
6 верасня
У дзявятым класе я быў закаханы ў настаўніцу беларускай мовы. Я нават прызнаўся ёй у гэтым праз газету «Чырвоная змена». Але пад прызнаннем стаялі мае ініцыялы — каб яна не здагадалася. То яна й дагэтуль не ведае.
А ўчора вучаніца-дзевяцікласніца маёй віртуальнай школы напісала мне: «Я вас кахаю».
І ведаеце, што? Я ўзрадаваўся.
Бо яна ўпершыню напісала па-беларуску без памылак.
6 верасня
Галоўная вуліца ў Аўцюках мае даўжыню 7 км.
Калі дзве бабулі, якія жывуць на рознах канцах вёскі, захочуць перадаць адна адной інфармацыю, ім прасцей пісаць тэлеграмы праз райцэнтр.
6 верасня
Перанёс сёння на гарышча 800 кг гліны, а маці й кажа: «Каб мне хто сказаў, што мой Андрэйка будзе працаваць рукамі да трэцяга поту, я б пайшла ў заклад на карову, што такога ніколі не будзе. Ён жа ў мяне толькі кніжкі чытае».
А бацька, памятаю, заходзіў да мяне, а я сядзеў за сталом пад цьмяным святлом лямпы і перапісваў у сшыткі бібліятэчную кнігу «Древняя Русь и Великая степь». Ён доўгадоўга глядзеў на мяне, ні разу так і не наважыўся нічога сказаць. Але я і так разумеў яго расчараванне. І перапісваў «Древнюю Русь» яшчэ больш спрытна. А потым узяў і напісаў раман, які называўся «Аповесць аб сапраўдным сыну» — пра хлопчыка, які згубіў свайго бацьку і шукаў цягам доўгіх гадоў.
Гэта я тады думаў, што бацьку можна адшукаць на бязлюдным востраве. А папраўдзе, ён тут — у хаце, дзе нарадзіўся. Тэлефануе хлопчыку і кажа: «Хачу зноў прыехаць, каб дапамагчы табе насіць гліну на гарышча».
7 верасня
Старадаўні палескі спосаб, як зрабіць аконную замазку: змяшаць вапну з алеем. Потым можна замаляваць разам з рамай. Вельмі простая і, як сцвярджае традыцыя, функцыянальная сумесь.
А можна пайсці наўпрост у краму і купіць якуюсь хімічную херню ці хаця б пластылін.
Але гэта нудна.
У міжрамніку — гняздзечка для дачкі Горвата, Варвары, якая час ад часу прыязджае да яго з Мінска
11 верасня
Шэсць месяцаў я пражыў у каморы. Калі б я не меў свайго прозвішча, юравіцкі святар запісаў бы мяне ў метрычную кнігу Каморнікам. Паўгода мая актыўная жыллёвая плошча складала два на два на два метры. У гэтым кубе з маленькай дзіркай у сцяне можна спаць, есці, адпачываць, пісаць тэксты, глядзець кіно, чытаць кнігі. У кубе я навучыўся быць аскетам. Усё думаў: вось зраблю рамонт у хаце, тады й перасялюся. Але рамонт, напэўна, скончыцца разам з маім жыццём.
Учора перасяліўся. Паўночы сядзеў у ложку, глядзеў на прастору і думаў, што з ёй рабіць, як у ёй не згубіцца.
Год таму я напісаў: «З сёння ў мяне ёсць свая хата».
Учора я падумаў: «Ад сёння я маю сваю хату».
15 верасня
У Мазыры самая вялікая канцэнтрацыя прыгожых жанчын на квадратны метр. У мяне ажно вочы баляць.
15 верасня
Пісаць раман — гэта толькі змадэляваць пэўныя ўмовы для пэўных персанажаў. Далей проста штовечар назіраць за развіццём. Ад мяне патрабуецца быць уважлівым чытачом. Гэта так захапляе, што варта было пачаць, каб толькі пражыць сам працэс.
17 верасня
Прыязджала ў госці мама.
— Што ты там пішаш?
— Раман.
— Пра што?
— Ай, ты не зразумееш.
— Думаеш, у цябе такая тупая мама?
— Ну, увогуле, гэта антыўтопія з элементамі…
— Чай будзеш?
У грубцы ўжо паліцца. Андрусь абірае бульбу на сняданак.
21 верасня
Дзед наўмысна рабіў дзверы такімі нізкімі, каб кожны, хто ўваходзіць у хату ці выходзіць з яе, пакланіўся.
21 верасня
Варвара:
— Што трэба сказаць?
Каток (Варварыным голасам):
— Спасiба.
Варвара:
— Ты малайчынка. Але сядай — два. У нас урок беларускай мовы.
23 верасня
Прыходзiць бабуля з лесу. А я дынi на варэнне рэжу.
— Iду па лесе, — кажа, — спрабую грыб унюхаць, а пахне дынямi. Цююю, думаю. I так дыньку захацелася.
Даў.
А ўчора крышанёўская цётачка два кавуны «ўнюхала».
24 верасня
Хачу насенне кветак, якiя ядуць мух. Яшчэ трошкi — i мяне нi пачуцце гумару, нi аптымiзм не ўратуюць. Яшчэ трошкi — i я вазьму на сябе мiсiю пазбавiць свет ад мух. Яшчэ трошкi — i я зраблю вялiкую мухабойку i пайду па свеце.
25 верасня
Калі б я пайшоў уладкоўвацца на працу ў калгас імя Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, маё рэзюмэ выглядала б так:
Калі б я пайшоў уладкоўвацца на працу ў калгас імя Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага, маё рэзюмэ выглядала б так:
1. Сацыяльны работнік.
2. Дыстрыб’ютар касметыкі, кніг, бытавой тэхнікі.
3. Расклейшчык абвестак.
4. Начны вартаўнік у кіёску.
5. Аўтар, рэжысёр, мантажор тэлевізійнай прадукцыі.
6. Дызайнер газет, часопісаў, кніг, прадукцыі праваслаўнага манастыра.
7. Аўтар, галоўны рэдактар, намеснік галоўнага рэдактара ў газетах і часопісах.
8. Дворнік на рынку і ў тэатры.
I знiзу допiс: лёгка вучуся новаму.
26 верасня
Мне 32, і я ніколі ў жыцці не галасаваў.
29 верасня
Мой стрыечны дзядзька з Боруска (сын бабы Гашы і дзеда Косціка) робіць неймаверныя рэчы з драўніны. Гэта сапраўднае палескае майстэрства, што перадавалася з пакалення ў пакаленне. Некалькі дзён я выношваю ідэю пайсці да яго ў падмайстры і заваліць свет прыгожымі рэчамі: ад лыжкі да хаты. Мы б распачалі мануфактуру, калі свет таго захоча і выкажа гэта хаценне першай сур’ёзнай замовай. Ёсць тэорыя, што калі нешта варта зрабіць, то Космас дапамагае распачаць.
Космас, я тут і я ўважліва цябе слухаю.
29 верасня
Трэба проста зрабіць гэта. Мой дзед зрабіў бы. Ён быў ворагам народа ў 17 год, спаў стоячы ў лесе і нічога не баяўся. Мой бацька зрабіў бы. Ён 102 разы скочыў з парашутам, камандаваў палком і нічога не баяўся. Трэба проста зрабіць гэта. Трэба проста выліць на сябе раніцай вядро ледзяной вады са студні.
29 верасня
Першы тэлефонны званок быў ад Алісы. Я палоў фасолю. І тут — Аліса.
— Здароў. Ты дзе?
— У агародзе.
— У якім агародзе?
— У сваім. А хто гэта?
— Ты што — не пазнаў? Гэта Аліса.
— Якая Аліса?
— Саня?
— Не, не Саня.
Наша гутарка перарвалася. Ну, памылілася дзяўчына — з кім не бывае. Фасоля палолася далей. А Аліса забывалася.
Мо б і забылася, калі б назаўтра не было Надзі.
— Не, не Саня.
— Праўда, не Саня?
Я і сам шкадаваў, што не Саня.
А другой ночы прыйшла эсэмэска: «Ты дзе?» — «Сплю». — «Казёл!»
Пакуль фасоля расла, сохнула і лупілася, я перазнаёміўся з усімі Саневымі дзеўкамі: Машай з цягніка, Светай з трэцяга курса, Ленай з клуба, Тамарай з кавярні, Хрысцінай з Маладзечна, Наташай — Свецінай сяброўкай, Златай з трыццаць чацвёртага тралейбуса…
Я сабраў фасолю. Я заквасіў агуркі. Я патынкаваў сцены.
Саня схадзіў у кіно. Саня пасядзеў у кавярні. Саня патанчыў у клубе.
Нарэшце мне надакучыў гэты спрытны ненажэрны хлопец. Годзе ўжо — сказаў я сабе. А яму даслаў эсэмэску: «Дарагі Саня, сам паведамляй сваім дзеўкам, што ў цябе Velcom».
Саня адказаў: «Дарагі Андрусь, сам паведамляй сваім піларамам, сельсаветам і паштаркам, што ў цябе МТС».
30 верасня
У мяне за хатай жыве таямнічы дзядок. Ён прасвідраваў у сцяне нябачную дзірку і праз яе прасоўвае ў хату мух. Потым зазірне ў дзірачку, паглядзіць, як я бегаю з мухабойкай, і ціхенька смяецца. Гэта адзінае лагічнае тлумачэнне, што я маю.
30 верасня
Мой пляменнік вучыцца ў сёмым класе. Ён не ведае, што такое аловак. Калі я размаўляю з ім па-беларуску, ён на мяне глядзіць і ўсміхаецца. Глядзіць, усміхаецца і нічога не разумее.
У мяне з пляменнікам адна школа, адна настаўніца. Толькі 20 гадоў розніцы.
2 кастрычніка
Сёння разоў дваццаць чуў грукат у дзверы.
Адчыняю — нікога.
Думаю: хто ж там?
А там дзятлы.
3 кастрычніка
Пра кіслыя бліны людзі па той бок МКАДа ўвогуле не чулі. А гэта ж самае смакоцце! Пайду ўчыню на заўтра.
4 кастрычніка
Два гады таму я шукаў менавіта Ромку. Менавіта такога. Знайшоў абвестку ў інтэрнэце, якую даў валанцёр. Ромка тады скочыў яму ў машыну і не хацеў выходзіць.
Сёння Рому збіла машына.
Ён з раніцы вельмі хацеў малака. Ён ведае дні, калі і ў колькі я хаджу па малако. Заўсёды мяне суправаджаў — плёўся крыху ззаду. Як і сёння. Я здалёк бачыў, як ён выйшаў на дарогу.
Я мусіў яго падстрахоўваць. Гэта ўрок на ўсё жыццё — пільна сачыць за тымі, хто давярае і йдзе ўследкі.
Цяпер Ромка ляжыць пад маладой бярозкай за хатай. Побач у міску наліта малако.
Знайшоў у лесе яблыню-дзічку. Нясе перасаджваць і прышчапляць.
5 кастрычніка
Зноў сніўся той самы дзед. Мы ў сне ноччу сядзелі на падлозе перад грубай і выразалі драўляныя лыжкі. Гэта не мой дзед, але ў сне ён быў гаспадаром хаты. Было спакойна. Ромка спаў дзе заўсёды. Трашчалі дровы. Дзед павольна распавядаў. Потым я выйшаў у двор да студні папіць вады і ўбачыў, што хата ўся свеціцца.
Я прачнуўся, але паспеў пачуць словы дзеда ўздагон:
— Гэта любоў.
А мо то не дзед сказаў, а я сам так падумаў.
Паўгода я напаўняў хату любоўю. Сёння яна напаўняе ёю мяне. А боль трашчыць у грубе.
Вось Ромка залез на гарышча. Вось Ромка выйшаў у двор. Вось Ромка сустрэў мяне з крамы. Вось Ромка завёў сабе брунетку. З’еў муху Наташу. Прыцягнуў пацука. Не даў спаць. Вось Ромка грэецца ля грубы. Вось ён у свой апошні вечар прытуліўся да майго пляча. А я сказаў яму:
— Мы з табой каманда, Ромка.
І я паранейшаму кладу ногі ў ложку не пасярэдзіне, а збоку, каб пакінуць месца для Ромкі. Я паранейшаму сяджу за сталом так, каб Рома мог легчы на калені.
І гэта не боль, а любоў. Не смутак, а падзяка. Не пачуццё віны, а пяшчота.
Мы — банда-каманда.
(Святлана Курс: «Я вам па першым допісе хацела напісаць, што гэта вы блаславёны. Мне мая бабка расказвала пракаветны наказ: «Калі к табе прыходзіць сівы дзядок, слухайса, гэта Бог». Але стрымалася, бо неяк патэтычна. Аднак, думаю, гэта так».)
6 кастрычніка
Хаджу па хаце, вучу свой маналог.
— Дзядзька Валодзя. Я не ўмею размаўляць па-барусканску. Але я навучуся. Я ўжо ведаю, што малатком — гэта малаткэм. Я не ўмею працаваць тым малаткэм. Але таксама навучуся. Вы толькі пацярпіце. Вы, скажу, майстар ад Бога. А я, таксама скажу, маю падвешаны язык і ўменне прадаваць электрачайнікі. Давайце мы разам зробім што-небудзь патрэбнае. Напрыклад, таўкачыкі для бульбы. Давайце, скажу, выражам на іх арнаменты і будзем у трэндзе. А калі не будзем у трэндзе, то будзе трындзец мне.
А ён мне такі:
— Андрэйка, што ты там бармочаш? Чаго ты хочаш?
А я яму такі:
— Хачу рабіць простыя рэчы.
А ён мне такі:
— То йдзі і зрабі таўкачык для бульбы.
А я яму такі:
— Дык давайце разам зробім.
А ён мне такі:
— Так бы адразу і сказаў. А то — бэмэ. Хочаш — рабі. Не хочаш — не рабі. Усё ж проста. Павывучваюцца ў сваіх універсітэтах, а два словы звязаць не могуць.
7 кастрычніка
Мацi прыехала канапацiць вокны. А я сяджу ў крэсле пасярод хаты i распавядаю ёй пра Льва Сапегу.
— Не дуры мне галавы, — кажа. — Iдзi канапаць.
Iду.
8 кастрычніка
У старшых класах я рабiў даклад пра «Чарнобыльскую малiтву» ў раённай бiблiятэцы. Мерапрыемства было прысвечана славутым землякам Петрыкаўшчыны. З тых часоў Святлана Алексiевiч для мяне не толькi беларуская, але i зусiм наша рэгiянальная пiсьменнiца. З Нобелем цi без Нобеля. Наша! Вiншую!
10 кастрычніка
У кожным прудкаўскiм двары сёння б'юць дровы. Сусед за канавай б’е. Мужык ля крамы б’е. Я б’ю. Нашыя сякеры гамоняць адна з адной, расказваюць пра моц рук i гатунак дрэва. А вецер шэпча пра восень. А вецер шэпча, што Зямля ляцiць у Космас. Дзяды на могiлках хваляцца адзiн аднаму:
Мой ужо пабiў усе дровы. I мой. Так было заўседы. I няма мне справы да выбараў. Свой выбар я ўжо зрабiў.
11 кастрычніка
Чытаю пра выбары — і мне сорамна.
Хочацца пайсці ў лес, скінуць з сябе сподняе і сказаць вавёркам, што я не беларус, а хвоя.
11 кастрычніка
Гляджу я на леташнія фоткі хаты, параўноўваю іх з сённяшнімі і думаю пра тое, адкуль у мяне было столькі дурной смеласці распачаць.
Вочы баяцца, а рукі робяць.
У хаце +28. Навошта з такога цяпла з'язджаць? Тут добра.
12 кастрычніка
Пайшоў быў я ў Боруск да дзядзькі Валодзі.
Па дарозе пакланіўся дзедавай магіле. Пагаманіў з хвоямі ў лесе.
У Боруску павітаўся з бабцяй.
— Добры дзень, — кажу.
— Добрага здароўя.
Другой бабці кажу:
— Добрага здароўя.
А яна мне:
— Добры дзень, галубок.
Баба Гаша не надта ўзрадавалася майму прыходу, бо якраз ладкавала свежыну. А тут я прыпёрся — ахвочы да сала.
Дзядзькі Валодзі дома не было.
Я расказаў дзеду Косціку пра жаданне навучыцца рамяству. Ён выслухаў мяне, пакашляў, выйшаў «кудыліся» і прынёс «адтуліся» разец і ножык.
— Калі маеш ахвоту — будзеш мець і работу.
Ну, дзедбарадзедрыфмаплёт.
Пайшоў быў я назад у Прудок. Распаліў грубу. Расклаў інструменты.
Вось табе, Андрусік Іванавіч, разец і ножык. І ў цябе ёсць тры тыдні, каб зарабіць доні на аліменты.
13 кастрычніка
Дзед: То мо кукурузу вязуць?
Баба: Кукурузу пруць, ага.
Дзед: Во, адумаліся. Памерзла. Бач, якая белая. Каб зялёненькая была, а то такая белая. Во як!
Баба: Дык ён у Акцябры колькі год пражыў. Там на паляванне хадзіў, там сябры ў яго. Сябры не якія папала. То настаўнікі. То міліцыянеры.
Дзед: Была зялёная кукуруза…
Баба: Дык туды хоча.
Дзед: Чакаюць, пакуль памерзне…
Баба: Жыць няма дзе. Я кажу: там што — у сяброў будзеш жыць? У алкашоў? Што заробіш, тое прап’еш. І галодны, і ўсякі будзеш.
Дзед: Ужо падурэлі людзі.
Баба: Дык цяпер матак ніхто не слухае.
Дзед: Начальства недалёкае. Сядзелі, пакуль кукуруза не памерзла.
Баба: Гарэлка даражэй усяго на свеце, дарожэй жыцця. Я казала і казаць буду.
Дзед: Сухую ўбірае… Эх, падлы! Іці вашу маць! Чэрці! Дзе б зялёную ўбралі, дык польза б была. Скаціна!!! …Накорміш ужо… Сухою…
Баба: Галодныя паядуць і сухую.
Дзед: Сухое — гаўно то сабачае! То зялёненькае! А то сухое!
Баба: Охохох.
14 кастрычніка
— Ты ж, — маці кажа, — барані Божа, нічога не рабі сёння, бо свята.
— А лыжку выразаць можна?
— У хаце, — кажа, — можна. У хаце ўсё можна. У двары нічога не рабі, каб людзі не бачылі.
14 кастрычніка
Шкада, што няма такой паслугі — «Бабка на зіму». Я б выпісаў адну. Яна б ляжала за грубай. І мы б размаўлялі.
15 кастрычніка
Мышы па начох спрабуюць адсунуць накрыўку на чыгунку, каб дабрацца да маёй кашы.
А ў Варварыным міжрам’і транслюецца экспазіцыя «Гнёзды птушак Палесся на ваце з шышкамі».
А ў хаце засталася адна муха з высокім інтэлектам. Яна перасоўваецца толькі ў цемры.
17 кастрычніка
Час ад часу я хачу стаць вельмі багатым і вельмі ўплывовым дзядзькам. Не для таго, каб на «Бэнтлі» дзевак у Парыж вазіць, а каб можна было набраць нумар на засраным мухамі тэлефоне і сказаць:
— Коля? Што чуваць у школе? Бацьку пазаві. Рыгоравіч, здаровенькі быў. Што за херня з адлічэннямі кадэтаў? Выпраўляйся, Рыгоравіч. Апошняя заўвага табе. Давайпака.
Гэта адзіная матывацыя, каб стаць багатым і ўплывовым — каб можна было проста набраць нумар на засраным мухамі тэлефоне і абараніць дзяцей ад дарослых.
18 кастрычніка
Я шмат усяго магу дараваць мышам. Толькі не лён! Ну як можна было лён зжэрці, падлы вы кашлатыя, небеларускія!!!
20 кастрычніка
А я компас згубіў. Апошні месяц жыву без компаса. І мне здаецца, што я дайшоў да нейкай Нетуды.
21 кастрычніка
Восень, дождж, печ, дровы, вецер у галінах бэзу, цётку з парасонам на ровары і гарачую гарбату прыдумалі наўмысна для пісакаў.
Кастрычніцкая ціша.
Здаецца, рух Зямлі ў Космасе спыніўся.
Я ўпэўнены, што ўсе газеты сёння напісалі, што мы больш нікуды не рухаемся.
Рух адмяняецца. Перадайце ў Цэнтр: рух адмяняецца.
22 кастрычніка
Компас дагэтуль не знайшоўся. Мо хто памятае, куды я збіраўся ісці? Я тады сказаў: «Бывайце здаровенькі, а я пайшоў у…» У светлую будучыню? У заможнае жыццё? У трудагалізм / нацыяналізм / пафігізм / дармаедства / хрысціянства?
22 кастрычніка
Мне кажуць: Андрусь, не наганяй тугі.
А я ж не тугу хачу нагнаць, а аптымізм. А аптымізм трэба наганяць на шэрае. На белым яго і так зашмат.
Калі будзе кепска, проста падумайце, што недзе ў глухой глушы, у ціхай цішы зімуе адзінокі мужчына без ката, працы і перспектыў. Ён не скуголіць, не п’е і не расчароўваецца.
Наказваю!!! У складаных сітуацыях:
Наказваю!!! У складаных сітуацыях:
1. Не панікаваць.
2. Не піць.
3. Аналізаваць сітуацыю і шукаць выйсце.
4. Верыць. Проста верыць. Тупа верыць.
23 кастрычніка
Сядзіш такі галодны і здзічэлы ў прыцемку ля грубы, з уяўнымі сябрамі гамоніш. Не ведаеш, які ўжо дзень ці год. А тут — грукат у шыбу і на фоне цемры, што насоўваецца з лесу, галава дзядзі Віці, якога ты ў дзяцінстве на кожную Радаўніцу бачыў. Усрацца можна. Але я стрымаў.
24 касчтрычніка
Жыццё ў вёсцы — гэта сядзець а шостай ранiцы на сiнiм табурэце ў цёмным пакоi i слухаць класiчную музыку па радыё.
24 кастрычніка
Мiнск мiлы. Толькi дворнiку Купалаўскага перадайце, каб не лайдачыў. Цi цыдульку няхай пiша, што хварэе. Хаця, як казала Марыя Iосiфаўна, тэатральная аканомка, што гэта за мужык, калi з тэмпературай 38 не можа выйсцi на працу.
24 кастрычніка
Вагаўся, што купiць: новыя шкарпэткi цi новы «Дзеяслоў». Калi падумаць, старыя шкарпэткi — не такiя ўжо i дзiравыя.
26 кастрычніка
Шэсць дзён таму будаваў я дрывотню пад дажджом. «Я ж ніколі не хварэю», — падумаў я і захварэў. Усе гэтыя шэсць дзён праляжаў з тэмпературай 38.8, якая не збівалася. Ну, як праляжаў? Пасадзіў маліну, з’ездзіў у Мінск, перадаў бабулі Варвару. Учора вярнуўся ў Прудок, лёг і падумаў, што могуць прыйсці кандарыкі. Ці хандарыкі. Яны, мусіць, сваякі між сабою. Прыйдуць, а я ўвесь такі непадрыхтаваны. У хаце не прыбраў. Тэстамент не склаў. Куды ўціснуць слова «анігадкі» на надмагільнай пліце, не прыдумаў.
Прачнуўся а шостай — 36.6. Паслухаў радыё — 36.6. Схадзіў па малако — 36.6. Ці то скласці тэстамент, ці то дрывотню далей будаваць. Ці то да смерці рыхтавацца, ці то да жыцця.
Верачка з’ела сала ў пастцы. Тут два выйсці: кот цi ядзерная бомба.
26 кастрычніка
Сёння ж праз прадаўчыху пушчу плётку па вёсцы, што Пісака шукае Ката.
29 кастрычніка
Прывітанне! Я амаль нармалізаваўся. Толькі левае вуха не прыкручваецца на месца. А так — нармальна.
Замест дадатку: выбары ў Прудку
Калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію, мы з маці нарэзалі бутэрбродаў і селі глядзець інтэрнэтаўскую прэсканферэнцыю. Але нобелеўская лаўрэатка пачала расказваць пра Лукашэнку неспадзеўкі. Маці не вытрывала і выйшла з пакоя. Яна спужалася слухаць «забароненае».
У Прудку і суседніх Аўцюках я не знайшоў ніводнай бабці, у якой не было б стандартнага набору высноваў. Першая: Лукашэнка — харошы чалавек. Другая: чыноўнікі ўсіх узроўняў — крывапіўцы. Трэцяя: Лукашэнка ездзіць і вучыць усіх чыноўнікаў працаваць, але ён адзін і не паспявае ўсё ўгледзець. І пятая: калі б усе слухаліся прэзідэнта і рабілі тое, што ён скажа, мы б даўно жылі лепей за амерыканцаў.
Праз кожныя пяць хвілін бабулі пачыналі хвалявацца, што іх пасадзяць за такія размовы. І самі сябе суцяшалі:
– Няхай садзяць! Мне ўсё роўна хутка паміраць.
Я дык не бачыў, за што іх можна пасадзіць. Там хіба што грамату выпісаць за вернасць рэжыму.
Сёлета апазіцыя заклікала байкатаваць выбары. Я сядзеў у сваім Прудку і думаў: каго яна заклікае? Бабу Вольгу, якая побач з Дзевай Марыяй павесіла партрэцік Лукашэнкі з газеты і вышывае крыжыкам на яго ручнікнабожнік?
Вы што — супраць?!!
Калі яшчэ толькі збіралі подпісы за кандыдатаў, я, увесь памяты і непрычасаны, выбег у краму. Думаю, куплю хуценька хлеба, ніхто і не пабачыць. Калі б ведаў, што патраплю ў гісторыю, апрануў бы пінжак у дробную палоску, які збірае пыл у шафе.
Пад брылём крамы мой рух спыніла жанчынка.
— Хто такі? Чый будзеш? Зарэгістраваны тут? Пашпарт з сабой?
У Менску я звычайна насіў з сабою пашпарт: то міліцыянты ў метро патрабавалі (асабліва калі я працаваў ноччу за камп’ютарам і выглядаў апасля не як сярэднестатыстычны менчук), то яшчэ якая нагода магла здарыцца. Аднак у вёсцы звычка хадзіць паўсюль з пашпартам сцерлася.
— То нічога. У сельсавеце перапішу. Распішыся тут.
Вы ўяўляеце — яна нават не запытала, ці маю я ахвоту падтрымаць яе кандыдата Лукашэнку? У яе галаве з фарбаванай прычоскай наверсе нават не ўзнікла думка, што я магу не захацець аддаць подпіс за яго! Не, я не з’яўляюся актыўным апазіцыянерам. Але ж гэта натуральна, калі людзі маюць розныя меркаванні, калі падтрымліваюць розных кандыдатаў. Гэта асновы плюралістычнага грамадства. Але пра што я кажу — мы ж пад брылём прудкаўской крамы! Тут не можа нават думка ўзнікнуць: падпісацца ці не падпісацца. Звычайная працэдура. Усе падпісваюцца. Трэба як усе.
А я адмовіўся.
– Вы што — супраць?!!
Мне ажно паплахела ад той інтанацыі. Дагэтуль вечарам баюся, што сасню ноччу эпізод пад брылём.
І яно на мяне (уяўляеце?) падзейнічала:
– Не, не супраць…. Чаму адразу супраць…
Я толькі шэсць месяцаў пражыў у вёсцы пасля пятнаццацігадовага сталічнага жыцця, і ўжо гатовы быў здацца. Войвойвой, думаю, нічога ж сабе! Але знайшоў што сказаць цётачцы пра ейныя выбары. Мы нават троху паспрачаліся, яе гэта выбары ці мае.
І наўздагон я пачуў самае нечаканае, на што дагэтуль не магу прыдумаць адказу:
– Вы што — і ў Бога не верыце?
Гэта XXI стагоддзе. 62 гады таму памёр Сталін. А баба Воля ў Аўцюках вешае партрэт Лукашэнкі ля Дзевы Марыі. А прудкаўская цётка выкрывае маю няверу ў Бога праз няверу ў выбары прэзідэнта. А ў Менску апазіцыйныя лідары заклікаюць да байкоту…
Трэба як усе
Маці, калі даведалася, што я яшчэ вагаюся, ці буду галасаваць увогуле, «забожкала»:
– Ты што?! Ты ж у вёсцы жывеш! Гэта ў горадзе не прагаласаваў — і ніхто не даведаецца. А тут усе ведаць будуць. Трэба як усе. Няможна вырадкам быць.
І хто сказаў, што беларусы — хутаране, што мы не можам выступаць адзіным арганізмам? Яшчэ як можам! Жыць як усе — нашае святое ўменне.
– Мама, — кажу, — а што такое страшнае здарыцца, калі ты возьмеш і не прагаласуеш?
– Ай, Андрэй, як я ў вочы людзям глядзець буду? Што яны пра мяне падумаюць? А калі даведку якую ўзяць — хто яе мне дасць? Мы ўсё роўна нічога змяніць не зможам. І хто сказаў, што будзе лепш з новым прэзідэнтам?! Не дуры мне галаву — трэба рабіць, як рабілі і як робяць усе.
Беларускі дзэн
Мы пойдзем і прагаласуем, бо ў лістападзе брыкет выпісваць, бо пазыка за электрычнасць праз новую канапу ў крэдыт, бо Прыпяць штогод падбіраецца да ўчастка, і няможна ўжо, каб хата так блізка стаяла ля ракі. Не прагаласуеш, станеш ворагам — і ўсе гэтыя хібы пачнуць муляць вока сельсавету. І ўсе гэтыя ранейшыя дамоўленасці анулююцца. А калі хто яшчэ працуе, то будуць праблемы і на працы. Нам ёсць шмат чаго баяцца. Не толькі вайны і зменаў.
Лукашэнка не замінае беларускаму дзэну — сядзець на ўскрайку сусвету і назіраць, як усё вакол змяняецца і як нічога не змяняецца ўдома. Мы захраслі ў гэтым стане. Пасля кароткіх хістанняў дзевяностых гэты дзэн нарэшце ізноў усталяваўся.
Вірусныя Дзядзі Віці
Бо любой з’яве знаходзяцца тлумачэнні ў гісторыі. І, каб зразумець сутнасць, трэба спрабаваць глядзець на ўсе хібы пафіласофску.
Гэтак жа я не хачу запэўніць у бязвыхаднасці. Бо сёння прыязджаў да мяне трактарыст дзядзя Віця і выказваў сваю нязгоду з тым, што бачыць навокал. Ён не п’е, шмат працуе і мае аўтарытэт сярод вяскоўцаў. Акрамя таго, ставіць лагічныя пытанні і робіць простыя і такія ж лагічныя высновы. І ў суседніх Аўцюках ёсць такі самы дзядзя Віця. І гэтыя дзядзі Віці — па ўсёй Беларусі — падобныя на вірусы, якія мусяць зламаць сістэму. У нейкай будучыні нас чакаюць змены.
А можа, гэта толькі мае мроі, маё беларускае чаканне, што ўсё само зменіцца. Бо я таксама трохі second hand.
Працяг (спадзяёмся) будзе. Друкуецца скарочана. Поўная версія — на сайце NN.BY. Абсалютна поўная — у фэйсбуку Горвата.
Каментары