Гісторыя66

Кастусь Каліноўскі і Марыся Ямант: гісторыя кахання

Піша гісторык Васіль Герасімчык.

Гэта было каханне з першага погляду. Яны маглі стварыць сапраўдную сям’ю, гадаваць дзяцей. Ён мог бы дасягнуць пэўных вышынь на дзяржаўнай службе ці ў прадпрымальніцтве, а Яна — усе сілы аддала б дзецям, каб выхаваць тых, кім так і не сталі іх бацькі. Вечарамі ж Ён пісаў бы вершыкі на «беларускай гаворцы» і, можа, нават выдаў бы кніжку пад псеўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні» дзе-небудзь у Кракаве. У такім разе мы згубілі б адзін з самых яскравых эпізодаў айчыннай гісторыі, у якім ёсць так шмат: міф, змаганне, адкрыцці, прыгоды, таямніцы, здрада, але перш за ўсё — Каханне і Самаахвярнасць.

Добра гэта ці не, але Яны — Кастусь і Марыся — з самага пачатку не былі створаны для звычайнага жыцця.

Знаёмства

Яны сустрэліся на пачатку вясны 1861 года. Каліноўскі атрымаў дыплом аб заканчэнні Пецярбургскага ўніверсітэта і прыехаў у Вільню ўладкавацца на працу. Яго суправаджае сябар, якога Кастусь называе не інакш як «палымяны ідэаліст» — Іосіф Ямант.

Каліноўскаму дваццаць тры, ён поўны надзей. 2 сакавіка ён падае заяву ў адміністрацыю генерал-губернатара Назімава. Чакаючы адказу, наведвае сяброў Далеўскіх і прымае запрашэнне ад Ямантаў, якія мелі кватэру на Вялікай вуліцы ў доме Шышкіна.

Сям’я Ямантаў: злева направа — маці Схаластыка, дочкі Марыя і Алена, бацька Тадэвуш.

Яманты — заможная сям’я, вядомая на ўсю Вільню. Бацька Тадэвуш меў вышэйшую юрыдычную адукацыю і высокі дзяржаўны чын надворнага саветніка. Ён кіраваў маёнткамі князя Вітгенштэйна, уласніка былых радзівілаўскіх земляў, раскіданых па ўсёй Беларусі і Літве. Маці — Схаластыка, у дзявоцтве Макрыцкая, падаравала мужу чатырох сыноў і чатырох дачок, з якіх толькі старэйшая — Людвіка — тады была замужам за Людвікам Радзевічам, супрацоўнікам яе бацькі.

Каліноўскі з першага ж візіту зрабіўся жаданым госцем у кватэры Ямантаў. Яго шчырасць і апантанасць ідэяй справядлівасці знайшлі асабліва моцны водгук у чулай душы адной з дачок — Марыі.

Марыі было дзевятнаццаць, і яна скончыла прыватны пансіён у Вільні. Там у яе выкладаў таленавіты педагог Аляксандр Здановіч, аўтар падручнікаў і бацька яшчэ аднаго паплечніка Каліноўскага — Ігната, павешанага на мураўёўскай шыбеніцы 21 снежня 1863 года. Марыя ведала замежныя мовы, зналася ў літаратуры і гісторыі. Каліноўскі знайшоў у ёй родную душу, ад якой не мела сэнсу хаваць сваіх пачуццяў.

На адлегласці ліста

Надзея застацца ў Вільні была разбураная назімаўскай рэзалюцыяй пра «адсутнасць вакансій». Каліноўскі яшчэ не разумеў, што атрыманы ім дыплом — толькі прыступка да лепшага жыцця, білет у якое купляецца цаной хабару ці пратэкцыі.

Але доўга сумаваць ён не збіраўся. Расійская Імперыя перажывала вялізныя змены. Прыходзілі весткі пра першыя наступствы абвяшчэння грабежніцкай аграрнай рэформы, якая ўвайшла ў гісторыю як «адмена прыгоннага права». У кватэры Ямантаў абмяркоўвалі выступленні сялян у маёнтках Вітгенштэйна. Каліноўскі бачыў у гэтым прадвесце буры, з якой народзіцца новы свет. Таму ён не мог заставацца ў Вільні. Развітаўшыся са сваёй «чарнабровай Марыськай», ён едзе ў бацькоўскі маёнтак Якушоўка Гродзенскай губерні, каб бачыць змены на ўласныя вочы. У расстанні каханне Кастуся і Марысі гартавалася, падмацаванае рамантычным ліставаннем.

Сусед Каліноўскіх, памешчык Ігнацій Ляскоўскі, прапанаваў Кастусю працу настаўніка сваіх дзяцей. Але пачуў адмову. Каліноўскі выношвае іншыя планы, пра якія не раз ішла гаворка ў пецярбургскіх студэнцкіх гуртках, якія столькі разоў абмяркоўвалі са старэйшым братам Віктарам. Каліноўскі апранае сялянскі кажух і выпраўляецца па вёсках, называючыся Васілём Світкаю. Амаль год ён вандруе, час ад часу вяртаючыся то ў бацькоўскую хату, то ў Гродна, дзе стварае рэвалюцыйную арганізацыю. Год пралятае незаўважна. Першы вынік цяжкай працы — выданне з сябрамі Валерам Урублеўскім і Феліксам Ражанскім першага нумара «Мужыцкай праўды» на пачатку ліпеня 1862 года. Пасля гэтага Каліноўскі з чыстым сумленнем кіруецца ў Кейданы на вяселле сястры яго сяброў Далеўскіх Апалоніі і капітана расійскага Генштаба Зыгмунта Серакоўскага, па сумяшчальніцтве аднаго з кіраўнікоў таемнай арганізацыі ў Літве і Беларусі.

У той час, як Каліноўскі гуляў на вяселлі, Яманты ў Вільні каля Вострай Брамы бяруць удзел у маніфестацыі 31 ліпеня 1862 года, на ўгодкі падпісання Люблінскай уніі. Старэйшая сястра Марыі Людвіка пасля той маніфестацыі атрымала 30 рублёў штрафу за «нашэнне крыжа і спяванне забароненых песень».

Заручыны

Каліноўскі трапляе ў Вільню, уражаны шлюбам Серакоўскага. Відаць, менавіта ў гэты час Марыя Ямант становіцца яго нарачонай.

Кастусь у прысутнасці родных уручае пярсцёнак сваёй нявесце. Магчыма, якраз тады заручаюцца і яго сябар Цітус Далеўскі з сястрой Марыі — Аленай Ямант. Кастусь надоўга не затрымліваецца ў горадзе, і ў сярэдзіне жніўня ад’язджае ў Якушоўку — спаткацца з ужо моцна хворым на сухоты братам Віктарам і падрыхтаваць да выдання другі нумар «Мужыцкай праўды».

Наступнае паўгоддзе — час пастаянных раз’ездаў і рэдкіх спатканняў з Марыяй, напоўненых супярэчлівымі жаданнямі — Асабістага шчасця і ўсеагульнай Праўды. Калі ў кастрычніку памёр Віктар, Кастусь перабраўся ў Вільню. Цяпер ён можа рэгулярна бачыцца з Марыяй.

Перарваная надзея на вяселле

Надзею на будучае вяселле перарвала неспадзяваная вестка. Пры канцы студзеня 1863 года выбухнула паўстанне ў Польшчы. Многае з таго, што Каліноўскі і яго сябры «чырвоныя» рыхтавалі на вясну з разлікам на шырокі сялянскі ўздым у Беларусі і Літве, «белыя» на чале з Гейштарам паспрабавалі рэалізаваць у Польшчы. Край быў да барацьбы не падрыхтаваны. Але Каліноўскі пастанавіў далучацца да паўстання, бо над іх арганізацыяй ужо навісла пагроза выкрыцця. Марыя падтрымлівае Кастуся ў цяжкай працы, не дазваляе апусціць рукі нават тады, калі «белыя» арганізавалі супраць яго пераварот і адхілілі ад кіраўніцтва паўстаннем. Марыя разам з сёстрамі арганізоўвае жаночы камітэт. Яны збіралі ахвяраванні для сем’яў паўстанцаў, разносілі пошту, клапаціліся пра палонных, перадавалі ў астрог ежу, свежую бялізну, гарбату, цукар, тытунь.

Калі жандары арыштавалі лідараў «белых» Францішка Далеўскага і Якуба Гейштара, а таксама варшаўскага камісара Оскара Авейдэ, кіраванне згасаючым паўстаннем зноў аказалася ў руках Каліноўскага і яго паплечнікаў. Кватэра Ямантаў становіцца фактычна штабам рэвалюцыйнай арганізацыі, дзе звычайнымі гасцямі, акрамя Каліноўскага, былі Цітус Далеўскі, Ігнат Здановіч, Эдмунд Вярыга, Эмануэль Юндзіл, Станіслаў Бухавецкі, Ільдэфонс Мілевіч… Людвіка Радзевіч успамінала іх актуальныя і сёння словы: «Сэрца замірае, калі ўсведамляеш маштабы няшчасця народа, цвет якога растаптаў вораг, а з памяці гэтых святых мучанікаў часам здзекуюцца ўласныя дзеці».

Штаб-кватэра паўстання

У Ямантаў у канцы ліпеня 1863 года адбылося спатканне Каліноўскага з камісарам варшаўскага Нацыянальнага ўрада Лявонам Главацкім, братам вялікага польскага пісьменніка Баляслава Пруса. Яны спрачаліся. Каліноўскі быў за адасабленне былога ВКЛ ад Польшчы і перадачу зямлі сялянам. Гэтым ён настройваў супраць сябе мясцовых памешчыкаў, не гатовых нават у імя Радзімы ісці на ахвяры.

Апошнія месяцы 1863 года Каліноўскі жыў у чаканні арышту. Ні ўгаворы сяброў, ні слёзы на вачах Марыі не прымусілі яго скарыстацца дасланым з Пецярбурга пашпартам на чужое імя, каб выехаць за мяжу. Кастусь і Цітус Далеўскі даюць адзін аднаму абяцанне, што будуць да канца змагацца за справу, у якую вераць.

Напярэдадні арышту

У пачатку снежня на кватэру па вуліцы Зарэчнай у Вільні, дзе начаваў Каліноўскі, урываецца паліцыя. Але ён паспявае выслізнуць праз акно ў адной бялізне. Дом аточаны жандарамі, у пакоі ідзе ператрус. Ужо каторую гадзіну Каліноўскі ляжыць на даху, узіраючыся ў бездань зорнага неба, забыўшыся на холад, сам-насам з цэлым сусветам.

Колішнія думкі, перажыванні, пачуцці, жаданні, уласны вопыт, чужыя веды і навязаныя каштоўнасці адышлі ў нябыт — яго не існавала. Ён ёсць бессмяротны. Заставалася толькі памерці…

Ператрус даўно скончыўся, у пакоі панавала цішыня, але ён ляжаў на даху, зусім удубелы. Замест ранейшага безупыннага руху думак з’явіўся ўсвядомлены спакой упэўненасці.

Пасля Каліноўскі напісаў сябру Баляславу Длускаму: «Не турбуюся ні аб чым, то праз акно на дах, то іншымі спосабамі з іхніх рук выслізгваю. Пакуль Бог ахоўвае, а калі прыйдзецца павіснуць, дык хай будзе на пацеху ўсім літоўскім панам і прасветлай Маскве».

Перадсмяротнае ліставанне

Заканчэнне 1863 года азмрочылі смяротныя пакаранні самых верных сяброў: Ігната Здановіча, Мечыслава Дарманоўскага і Цітуса Далеўскага. А ў ноч на 29 студзеня 1864 года ў Святаянскіх мурах быў арыштаваны і Кастусь Каліноўскі. Ён назваўся Ігнатам Вітажэнцам, але былы паплечнік Вітольд Парафіяновіч пад ціскам жандара Лосева выдаў сапраўднае імя. У тую ж ноч арыштавалі і сям’ю Ямантаў, за выключэннем Людвікі, якая жыла асобна.

Кастусь апынуўся пад вартай у былым дамініканскім кляштары, а яго нарачоная Марыя — у будынку насупраць, былым кляштары місіянераў. Праз вокны яны бачылі месца зняволення адно аднаго. На дапамогу маладым прыйшла цётка Марыі — Ядзвіга Макрыцкая. Людвіка Радзевіч узгадвала пра яе: «Жанчына элегантная, немаладая, адукаваная, добра выхаваная, у сціплым адзенні, яна заўсёды знаходзіла магчымасць пракладваць шляхі там, дзе іншыя не маглі і падступіцца».

Ядзвіга Макрыцкая дала хабар жандарам і змагла наладзіць ліставанне паміж Кастусём і Марыяй. Кожная запіска каштавала 10 рублёў і ў любы момант магла трапіць у рукі палкоўніка Лосева. У адной з запісак да любай Каліноўскі пісаў: «Зайздрошчу свабодзе нават той вароны, якую са свайго акна бачу на снезе».

Менавіта дзякуючы Макрыцкай з камеры нумар тры ў Парыж да аднаго з кіраўнікоў паўстання ў Польшчы Агатона Гілера трапіў невялікі аркуш з перадсмяротным запаветам Каліноўскага, вядомым нам як «Лісты з-пад шыбеніцы».

Разам з Макрыцкай дапамагаў Каліноўскаму і галоўны ўрач раскватараванага ў Вільні Атаманскага казацкага палка, адначасова асабісты доктар турмаў для палітычных зняволеных Карл Фавелін. Ён быў тыповым расійскім інтэлігентам ХІХ ст., адукаваным і высакародным. Аднойчы ён наведаў Каліноўскага ў камеры і заспеў таго побач з акенцам. Кастусь праз фортку сыпаў на падаконне хлебныя дробкі птушкам. Вераб’і і галубы біліся за ежу, забаўляючы Кастуся. Ён усміхаўся, удыхаў свежае марознае паветра і слухаў гукі аргана, якія даносіліся з касцёла побач. Фавелін быў уражаны: чалавеку вынесена смяротнае пакаранне, а ён працягвае радавацца кожнаму імгненню жыцця. Менавіта Фавелін дабіўся ад старшыні следчай камісіі, каб Каліноўскаму дазволілі штодзённыя чвэрцьгадзінныя шпацыры па кляштарным дворыку.

10 (22) сакавіка 1864 года Кастусь Каліноўскі па загадзе Міхаіла Мураўёва быў павешаны на Лукішскай плошчы. Летам 1864 года яго нарачоная Марыя Ямант разам з бацькамі і сястрой Аленай была высланая ў Табольск. Яна мужна вытрымала сібірскія ўмовы і ў 1874 годзе вярнулася на Радзіму, адкуль перабралася ў Варшаву. Толькі калі памерлі яе бацькі і родная сястра Алена, яна пагадзілася на шлюб з былым паўстанцам Генрыхам Дмахоўскім. Яе не стала 3 верасня 1908 г. Але памяць пра Марыську і Кастуся застаецца ў нашай гісторыі назаўсёды:

Марыська чарнаброва, галубка мая,
Гдзе ж падзелася шчасце
і ясна доля Твая;
Усё прайшло — прайшло
як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч
у грудзях застала…

Каментары6

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна4

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы4

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна4

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →