Эльжбета Смулкова: Нацыянальны інтарэс Польшчы палягае ў тым, каб не чапаць межаў
Мы кажам: «Чалавек эпохі Адраджэння», «творца эпохі Асветніцтва». Эльжбета Смулкова — такі «чалавек ХХ стагоддзя», стагоддзя таталітарызмаў.
Многа хто пазнае ў ёй сябе, ці сваю маму, ці сваю бабулю.
Яна была за валасок ад смерці ў высылцы. Яна крала па жменьцы зерня, выносіла ў ботах з калгаса, каб выжыць. Яе 10-гадовай сястры сібірскія гопнікі парэзалі твар нажом толькі таму, што прынялі за яўрэйку. Яе бацьку саветы забілі.
А яна пасля гэтага пекла здолела здабыць адукацыю, выбіцца ў вялікія навукоўцы. Перажытае сфарміравала яе як чалавека, як інтэлектуала, як гуманістку. І як хрысціянку, якая не трымае зла, але моўчкі прысягнула дзейнічаць, каб дабро на Зямлі перамагала.
Так супала, што менавіта такі чалавек стаў найлепшым у Польшчы знаўцам беларускіх дыялектаў.
Калі пачалася «Салідарнасць», яна падтрымала яе.
Калі ўлада памянялася, «Салідарнасць» упрасіла яе стаць першым паслом Польшчы ў Беларусі.
Дыпламатычная кар’ера была толькі эпізодам у доўгім жыцці, у якім Смулкова — як чалавек, а не як дыпламат — усімі даступнымі ёй спосабамі дапамагала беларусам і беларускам, выхаду кніг, газет, рабоце навукоўцаў. Яна рабіла ўсё гэта непублічна, не дзеля самасцвярджэння. Калісьці пра іх можна будзе сказаць больш.
Сціплая і светлая, прафесарка Эльжбета Смулкова адзначае сваё 85-годдзе. У такія гады жадаюць найперш здароўя. У выпадку спадарыні амбасадаркі пажадаем ёй яшчэ пабачыць новы паварот гісторыі нашага рэгіёна — паварот да лепшага.
Прапануем вашай увазе ўрыўкі з кнігі «Пані Эльжбета. Гісторыя адной прыязні», якую напісаў Валер Каліноўскі.
* * *
Эльжбета Смулкова нарадзілася 24 чэрвеня 1931 года ў Львове ў сям'і настаўніцы Яніны Баран і інжынера-лесніка Казімежа Барана.
У ноч на 23 сакавіка 1940 года ў львоўскую кватэру сям'і Баран прыйшлі людзі ў форме. Тады Эльжбета Смулкова апошні раз бачыла свайго бацьку, Казімежа Леана Барана, намесніка кіраўніка Дырэкцыі дзяржаўных лясоў у Львове. Потым ад яго не было ні весткі, ні знаку.
Толькі ў 1995 годзе дочкам Казімежа Барана ўдалося знайсці бацькава прозьвішча ў апублікаваным «Украінскім спісе» катынскіх ахвяраў на аркушы 72/2 пад нумарам 91.
* * *
Яніну Баран з 10-гадовай і 7-гадовай дочкамі 8 чэрвеня 1941 года прывезлі адбываць 20-гадовую (!) ссылку ў спецпасяленне Усць-Сільга Каргасоцкага раёна Новасібірскай вобласці. Гэта Нарымскі край — край Сібіры.
* * *
Яніна Баран пасля падпісання дамовы Сікорскага—Майскага зімою 1942 года хадзіла ў райцэнтр Каргасок, каб атрымаць дазвол туды перасяліцца — 60 кіламетраў у адзін бок пешшу пры 36 градусах марозу. На 30-м кіламетры можна было зайсці ў пастаялы двор, дзе покатам у вопратцы ляжалі падарожнікі і дзе можна было выпіць кіпню.
«За зіму хадзіла так тройчы. Два разы сама адна. На саначках цягнула за сабою правіянт. У такой дарозе перажываеш за два дні больш, чым у Львове за цэлы год і болей»,— пісала Яніна Баран.
***
«У пасёлку Усць-Сільга ў нас было яшчэ нешта, што можна было выменяць на прадукты. Жылі сціпла, але не галадалі. Галадалі мы ў Каргасоку, дзе знаходзіліся амаль два гады, а потым у Томску,— згадвае пані Эльжбета. — Былі такія моманты, калі на дзень мы мелі па адной нішчымнай бульбіне з уласнага гароду. Ну і давалі хлеб на карткі. 400 грамаў на дзень для працоўнага і па 200 грамаў для нас, для дзяцей. Гэта многа, калі ёсць нешта да хлеба, але калі гэта ўся ежа — то гэтага вельмі мала.
Голад так запомніўся, што я і цяпер не магу быць ні хвіліны галоднай. Нешта ў арганізме запісалася»,— згадвае Эльжбета Смулкова.
* * *
Маці пайшла да стаматолага, зняла дзве залатыя каронкі, якія мела на зубах, і пайшла ў краму, дзе за тое золата можна было купіць муку, малочны і яечны парашкі. Калі яна прынесла гэтыя прадукты дадому, дзеці не маглі нарадавацца, успамінае пані Эльжбета.
«Памятаю нашу радасць, хоць яна не адразу сказала, адкуль гэта ўсё ўзялося. Яна гэтае золата абмяняла, але пярсцёнак, які застаўся ад бацькі, не здала, захавала аж да дня нашага з Віктарам шлюбу».
* * *
«Мы заўважалі высокі ўзровень антысемітызму сярод тамтэйшага насельніцтва, у прыватнасці, падлеткаў. Калі мы хадзілі ў сталоўку на абеды, то трэба было зімою праходзіць праз пустку. І там нас часта білі іншыя дзеці, старэйшыя за нас, думаючы, што мы яўрэйкі, а Марылі нават твар парэзалі, нейкім ножыкам ці лязом, добра, што неглыбока».
У 1945 годзе схуднелых Лізу і Мар'ю з мамай перасялілі з Сібіры на Кубань.
* * *
У саўгасе Ліза на вагах узважвала пшаніцу. «А мясцовы брыгадзір, грозны на выгляд, нахіляўся над мною і шэптам казаў: «На карманы, на карманы оставляй». Я прыносіла дадому збожжа ў ботах. Мне было шкада, што маці так не робіць!».
* * *
У 1946 годзе цягніком, які арганізаваў Звяз польскіх патрыётаў, Яніна Баран з дочкамі нарэшце вярнуліся ў Польшчу.
* * *
Пасля прыходу ў 1989 годзе да ўлады ў Польшчы «Салідарнасці» міністрам замежных справаў стаў Кшыштаф Скубішэўскі. Пры ім пачалася новая замежная палітыка, якая прадугледжвала выхад з Варшаўскага блоку, з залежнасці ад Масквы.
«Новыя ўлады хацелі падабраць на пасольскія пасады не проста дыпламатаў, а спецыялістаў па гэтых краінах. І так сталася, што мяне ўзялі пад увагу як сур'ёзнага даследніка Беларусі», — згадвае той момант пані Эльжбета.
Прапанаваў яе на пасаду кіраўніка дыпламатычнай пляцоўкі ў Мінску Цэнтр усходніх даследаванняў — даследніцкі асяродак заходняга тыпу, think tank, створаны незадоўга да таго, у 1990 годзе, пры Міністэрстве замежнаэканамічнай супрацы спецыяльна для вывучэння краін на ўсход ад Польшчы.
Пасля паўгода падрыхтоўкі на штодзённых курсах у МЗС Польшчы Эльжбета Смулкова ў верасні 1991 года паехала ў Беларусь.
* * *
Незалежнасць Беларусі першаю ў свеце вітала Польшча — гэта сталася 31 жніўня, калі Сойм Польшчы ўхваліў спецыяльную пастанову.
* * *
Гэта быў пазітыўны перыяд у дачыненнях Варшавы і Мінска.
У Беларусі ў той час пабывалі ўсе прэм'еры і міністры замежных справаў Польшчы, якія часта мяняліся, маршалкі Сойму, многія галіновыя міністры, у тым ліку абароны, унутраных справаў, культуры, адукацыі. У якасці кіраўніка Вярхоўнай кантрольнай палаты у Беларусь прыязджаў будучы прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі.
Найбольш яскравым з усіх быў прыезд у Беларусь з афіцыйным візытам прэзідэнта Польшчы Леха Валэнсы 28—29 чэрвеня 1993 года.
Леха Валэнсу ў Беларусі прымалі вельмі цёпла. Людзі выходзілі на мінскія вуліцы з транспарантамі й польскімі сцяжкамі. Вясковыя жанчыны выносілі яму пірагі, а вернікі каля заслаўскага касцёла кідалі яму пад ногі кветкі.
Пані Эльжбета прыгадвае пазітыўную атмасферу таго візіту: «Леха Валэнсу ў часе яго візіту ўспрымалі ў Беларусі як блізкага чалавека, рабочага, і ён гэтаксама ставіўся да людзей. Падчас візіту ў Беларусі ён быў вельмі адэкватным, цікавіўся Беларуссю, крыху сапраўды пазнаёміўся з ёю і потым адпаведна гаварыў пра Беларусь у Польшчы. Прытым ён у такой натуральнай гутарцы, за чаркай, мог нашмат больш сказаць беларускім кіраўнікам. Сярод іншага я была вельмі радая, што ён па-мужчынску пагаварыў з міністрам замежных справаў Беларусі Пятром Краўчанкам, з якім мне бывала нялёгка».
Пані Эльжбета была знаёмая з Валэнсам з часоў «Салідарнасці» і заўсёды мела пра яго добрую думку як пра чалавека, які разбурыў камунізм. Можа, часам не зусім добра падрыхтаванага да выканання прэзідэнцкіх абавязкаў, але шчырага і з выдатнай інтуіцыяй.
Перакладчыкам Леха Валэнсы ў той паездцы быў вядомы гісторык польскі беларус Алег Латышонак, таксама былы актывіст «Салідарнасці».
Алег Латышонак прыгадвае: «Тады якраз амерыканцы збамбардавалі Багдад. І журналісты пачалі пытаць як спадара Шушкевіча, так і прэзідэнта Валэнсу, як яны ставяцца да гэтага факта. Спадар Шушкевіч адказаў, што ведае столькі, колькі перадае тэлебачанне, дык нічога не скажа. А прэзідэнт Валэнса кажа: «А ja powiem…» [А я скажу]. Пярэпалах у яго атачэнні — што ён скажа. Бо прэзідэнт Валэнса быў вядомы тым, што можа нешта нечаканае сказаць, і да таго ж быў пострахам усіх перакладнікаў, якія ніколі не ведалі, што трэба будзе перакладаць.
Прэзідэнт Валэнса вельмі доўга гаварыў, і яго думка была такая, што павінны быць нейкія міжнародныя ўзброеныя сілы, якія б у выніку міжнародных пагадненняў наводзілі б парадак. Але так гэтую думку шырока ілюстраваў рознымі прыкладамі, што нарэшце дайшоў да такога сказу, які я запомню на ўсё жыццё.
Ён сказаў: «Bo taki Indianin w rezerwacie zrzuci portki, skoczy przez płot, і jemu nic. A nas by komary zagryzły» [Бо індзеец у рэзервацыі скіне штаны, скочыць цераз плот, і яму хоць бы хны. А нас бы камары заелі.]. Я думаю: «О Божа!». Перакладаць, не перакладаць?
Пачынаю перакладаць, і замест таго каб «w rezerwacie» перакласці «у рэзервацыі», то сказаў «у рэзервуары», і ўся зала смяецца. А я не разумею, чаму смяюцца. Беларускі перакладнік падказаў: «У рэзервацыі…»
А вынік усяго гэтага быў такі, што прэзідэнт Валэнса на канец сказаў, што кепска было б, каб нехта адчуў сябе жандарам свету, і ўсе журналісты пабеглі падаваць вестку, што прэзідэнт Валэнса скрытыкаваў амерыканцаў. Я дачакаўся толькі, што ў прэсе напісалі: відаць, прэзідэнт сказаў нешта, а пэўне ж, перакладнік меў кепскі дзень».
* * *
Эльжбета Смулкова была першым амбасадарам замежнай дзяржавы ў Мінску, які свабодна гаварыў на беларускай мове, што выклікала прыязную рэакцыю беларусаў, расцэнвалася як знак салідарнасці з маладой краінай і падтрымкі нацыянальнага адраджэньня. Пазней з пані Эльжбеты ўзялі прыклад амбасадары ЗША Джордж Крол (н. 1956) і Швецыі — Стэфан Эрыксан (н. 1962), якія таксама вывучылі беларускую мову і карысталіся ёю публічна.
* * *
Нагодай для расчаравання стаўся рэферэндум 1995 года аб змене дзяржаўнай сімволікі і наданні дзяржаўнага статусу расейскай мове. Гэта была апошняя электаральная кампанія, за якою сачыла пані Смулкова ў якасці амбасадара: «Праблема рэферэндуму аб мове для мяне была вельмі балючай як для моваведа і як для асобы, якая працуе ў Беларусі, з дзвюх розных прычын. Па-першае, я бачыла, што пытанні былі хітра сфармуляваныя, з яўнай падказкай, самі пытанні і перадвырашылі адказ. А па-другое, выявілася, што вельмі блізкія мне людзі былі радыя вынікам гэтага рэферэндуму — людзі, для якіх расейская мова была роднаю. Я гэта асабіста перажывала як крызіс сяброўства. Думала, як можа гэтая жанчына не бачыць, наколькі гэта шкодна для народа, яна ж разумная, добрая, сумленная, а мову яна толькі расейскую хоча і ўсё… І гэта не было асобным фактам, я памятаю, як ва ўніверсітэце многія някепскія людзі былі незадаволеныя папярэдняй палітыкай беларусізацыі».
* * *
«Адно з наймацнейшых перажыванняў на тэму мовы было, калі нейкі дзядзька сварыўся пры мне на Зянона Пазняка. Гэта было на мітынгу ля помніка Багдановічу ў Мінску. Я стаяла даволі далёка ад Пазняка і ўбачыла, як да яго падбег нейкі чалавек гадоў за 50 і звярнуўся да яго на «ты»: «Слухай, што ты робіш? Знаеш, колькі я сілы ўклаў, каб вывучыць рускую мову, калі прыехаў у Мінск з вёскі? Знаеш, як з мяне смяяліся, што я гаварыць не ўмею?.. А ты цяпер хочаш, каб мае дзеці і ўнукі зноў уваходзілі ў гэтую дзеравеншчыну і зноў вучыліся па-беларуску? Не будзе гэтага!»
Для мяне як для моваведа гэта было вельмі важна чуць, разумець прычыны супраціву народу перад беларушчынай. Думаю, можа лепей было б, каб больш спакойна ўводзілі беларускую мову і рабілі гэта людзі добра падрыхтаваныя. Але калі б не было развароту моўнай палітыкі ўжо пры Лукашэнку, то, думаю, зробленае раней з цягам часу пачало б дзейнічаць, нават з памылкамі, якія былі ў БНФ. А пасля таго, што ёсць цяпер, пры наступных спробах беларусізацыі будзе, несумненна, цяжэй».
* * *
Адзіная даўжэйшая размова амбасадаркі Польшчы Эльжбеты Смулковай з Аляксандрам Лукашэнкам адбылася падчас афіцыйнай сустрэчы з нагоды заканчэння яе дыпламатычнай місіі ў 1995 годзе.
Пані Эльжбета звярталася да Лукашэнкі па-беларуску, ён таксама стараўся адказваць на беларускай мове.
У часе размовы пра ўнутраныя беларускія справы пані амбасадар сказала Лукашэнку: «Я веру, што вы хочаце дабра для народа, але метады, якімі вы рэалізуеце сваё жаданне, часта непрымальныя».
Пры гэтым пані Эльжбета заўважыла, як збялеў Цапкала [намеснік міністра замежных спраў], але Лукашэнка спакойна глянуў у адказ і сказаў: «Ну так, усе могуць памыляцца».
«Я ацаніла адказ як добры выхад з сітуацыі, які сведчыць, што гэты чалавек — не такі ўжо калхознік, як гэта некаторым тады падавалася».
* * *
«Мяне вельмі мучыла ў Беларусі, што многа людзей падазравалі нас, палякаў, Польшчу, у тым, што мы хочам вярнуць Львоў, Горадню і Вільню. Часам рабілі з мухі слана — выцягвалі нешта дробнае, што не мела ніякага значэння, і рэагавалі так: «А, дык, значыць, вы хочаце забраць Львоў, Горадню ці Вільню». Але гэта няпраўда. Нашая моладзь ужо абсалютна гэтым не цікавіцца. Польшча не дае ніякіх падставаў для таго, каб у Беларусі і Украіне, а таксама ў Літве ўзнікалі такія думкі. Нацыянальны інтарэс Польшчы, дзяржаўны інтарэс, палягае ў тым, каб не чапаць межаў. Бо калі мы будзем думаць пра ўсход, то трэба немцам аддаць захад».
* * *
«Паводзіны людзей залежаць ад розных фактараў, ад сямейнай сітуацыі ў тым ліку. Калі б мой муж Віктар Смулэк быў іншы, я б гэтага ўсяго не зрабіла. Колькі ён мне дапамог! Нашая сувязь абапіралася на глыбокім даверы і ўзаемнай дапамозе».
Муж пані Эльжбеты Віктар Смулэк, спецыяліст у ядзернай хіміі, які з 1952 года ўносіў у яе жыццё дабрыню і спакой, памёр 13 красавіка 2015 года пасля цяжкай хваробы.
* * *
«Вельмі многае залежыць ад акалічнасцей, у якіх чалавек пазнае новае».
Эльжбету Смулкову да вывучэння беларускай філалогіі падштурхнула прафесарка Галіна Турская.
«Факт, што яна мяне накіравала ў гэты бок, бо я мела вялікую павагу да гэтай жанчыны, да яе лёсу. Гэта быў адзін з найцікавейшых людзей, якіх я сустрэла як студэнтка. Яе выжывалі з універсітэта, у яе было некалькі інфарктаў… І менавіта яна cкіроўвае мяне на Беласточчыну, і я еду з перакананнем, што павінна там нешта цікавае знайсціся, вартаснае, бо іначай яна мяне туды не пасылала б.
Для мяне ўсё там, на Беласточчыне, было новае: і лад жыцця людзей, і тое, што там з аднымі я магу гаварыць па-польску, а іншыя не надта мяне разумеюць.
Я не толькі магнітафон насіла з сабою, а і цэлую аптэчку. Колькі я там ног абмыла і перавязала! У многіх вясковых жанчын тады была нейкая экзэма на нагах…
Я пабачыла, што гэтыя людзі ісцінна добрыя.
Калі і былі паскудствы з боку беларусаў, то ад беларусаў больш высокага ўзроўню. А просты чалавек ніколі мне нічога кепскага не зрабіў ані ў Беларусі, ані на Беласточчыне.
Для мяне ўсё было як для польскага пісьменніка Тадэвуша Канвіцкага, які напісаў знакамітыя радкі: «Беларусь — Дабрарусь».
Каментары