Сяргей Астравец. Праз гарадзенскія акуляры

«Эўрарамонт» каралеўскага места

Такі рамонт лепшы за савецкі, але гэта, на жаль, не рэстаўрацыя, піша на сваім блогу Сяргей Астравец.

Твой дом у аблозе: на зваяваным даху будаўнічы мурашнік, віскат балгаркі, чуеш, як аддзіраюць апошнюю чарапіцу, на столь кідаюць — моцна, гучна, часта, са страсеньнем, часам трымцяць нават сьцены. Здаецца, ніколі ня скончыцца. Сусед пытаецца: нават зьнізу адчуваем, напэўна ў вас столь у трэшчынах?..

За вокнамі рэгулярны камнепад з дахоўкі, які раніць грукатам. Яна трушчыцца, асыпаючы падворак сваімі сьветла-цаглянымі аскепкамі, быццам гранаты выбухаюць. За вокнамі ў люльках рухаюцца ўзад-уперад, уверх-уніз людзі. Якаясьці Бабілёнская вежа, якую сьпяшаюцца перарабіць да пэўнай даты: горад повен чутак — сам галоўны прыедзе. Але ж падзея!

Шкрабуць, пілуюць, сьвідруюць, дзяўбуць, б’юць, малоцяць, барабаняць, кідаюць, гудуць, віскочуць пілы на даху, на тратуарах, да іх дадаюцца газонакасільшчыкі. У дзеяньне ўступае электрашляга: трумбуюць вуліцу, гукі вібрацыі таксама невыносныя. Хай выходная раніца! А сонца вылузваецца: які прыгожы дах робяць — вочы сьлепіць чырваньню бліскучай! Сапраўды, яшчэ больш пераконваешся, што чарапічны дах —сьціплай годнасьцю, але й грунтоўнасьцю нагадваў слойны файны “Напалеон”, цяперашні “жалезнадаховачны” ненатуральным сваім колерам — штучныя сваёй фарбай тлустыя маргарынныя ружачкі на савецкім торце.

Так, сонца, дзякуй табе, сонца! Улюбёны мой дождж, прашу цябе, не сьпяшайся зараз, прытрымай свае мяхі… Вельмі трэба, бо не спыніць іх, не стрымаць. Некалькі дзён дагэтуль: ты глядзіш, як на смочаным дажджом, пазбаўлены чарапіцы даху рабочыя ў капюшонах — хутчэй, каб ня бачылі, прыбіваюць плёнку. Але ж які кампрэсік атрымаўся! Ужо, напэўна, гніе сёньня дашчаная частка пад новамодным, прыемным воку начальства жалезам. Да слова: пацямнелы дах пад абабранай дахоўкай нагадвае нечакана шмат сала са зрэзанай шкуркай.

Ёсьць таксама іншыя прыклады: стогадовая камяніца на рагу з выразным дэкорам, адна з самых адметных. Ты хадзіў міма і назіраў, як зьнялі цалкам дах, як зрабілі сьвежы драўляны шкілет, як пакрылі цёмна-зялёнай бляхай, як аднавілі на фасадзе “страчаныя” надбудоўкі, як цяпер сам фасад рэстаўруюць. Праўда, зь непакоем ты заўважаеш, што бадай стогадовыя высокія разьбяныя дзьверы раптам зьніклі і цябе пачынае міжволі турбаваць, што іх зусім не на рэстаўрацыю забралі…

А вось скрыжаваньне — цэнтральнае перад гмахам людзей з афіцыйнымі тварамі, будоўля надзвычайнай важнасьці папросту! Самыя галоўныя будуць праяжджаць маўляў… Разабралі толькі што рэканструяваны брук, пераходы пешаходныя разьмежавалі паліраванымі гранітнымі бардзюрамі, паміж імі —сетніца мэталічная, цэмэнтам заліваюць, а зьверху — нябачная раскоша! — квадратныя паліраваныя гранітныя пліты. Наш адказ буржуазным палякам! Побач — вуліцы дагэтуль забрукаваныя квадратнымі плітамі, саштукаванымі з каменьня, што рабілі некалі былыя польскія беспрацоўныя. Улады прызналіся, што спрабавалі цяпер зрабіць такія ж пліты, нічога не атрымалася, крохкія.

Сустракаю знаёмую архітэктарку, крытычна настроеную: забрукавалі толькі гранітам увесь цэнтар, а цяпер — зьверху будоўля суцэльная, тэхніка паўсюль, краны, трактары, пад’ёмнікі паміж пешаходаў лавіруюць. А ўся прыгажосьць іхняя дзе? Засыпаны гранітныя тратуары цэмэнтам, залітыя саляркай, па іх толькі што гусенічныя бульдозэры ня поўзаюць. А вось я бачыў нядаўна, як запэцканы плямамі саляркі брук на наступны дзень рабочыя мылі шчоткамі, як у арміі нашай савецкай. Прычым, думаю, не сама салярка змусіла іх за шчоткі ўзяцца, а сьмярдзеньне ў цэнтры пешаходнай зоны.

Каментары

Цяпер чытаюць

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»56

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»

Усе навіны →
Усе навіны

Госць з Расіі ў Мінску ўзяў у арэнду машыну — ганяў так, што штрафаў пакінуў ажно на 1215 рублёў5

У Пастаўскім раёне затрымалі грамадзяніна Літвы, які прыехаў да мясцовых старавераў4

На плошчы Перамогі прадаюць кватэру з саўнай і відам на Свіслач. Па плошчы як загарадны дом, па цане — даражэй3

Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў47

Лукашэнка адказаў наконт 500 цэляў у Беларусі, намечаных Украінай56

У Мінску сутыкнуліся дзве матацыклісткі2

У Севастопалі ўвялі продаж бензіну па талонах6

Вайсковыя вучэнні з дыверсантамі і апалчэнцамі пройдуць у двух раёнах Віцебшчыны8

«Хацеў сустрэць кракадзілаў і бегемотаў». Беларус зладзіў адзіночны сплаў па рацэ Лімпапо1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»56

Новы пасол Украіны па пытаннях Беларусі: «Прызнаём Ціханоўскую лідарам. А ў Лукашэнкі няма манаполіі на голас народа»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць