Улада4949

Лукашэнка расійскім СМІ: Калі мы хочам стварыць сабе эканамічныя праблемы, то можам адмовіцца ад рускай мовы

17 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў трынаццаты раз праводзіць прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх СМІ. У ёй бяруць удзел каля 100 прадстаўнікоў СМІ і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расіі. Напярэдадні журналістаў правезлі традыцыйным прэс-турам па прадпрыемствах. Гэтым разам — Магілёўскай вобласці. 

15:39

Прэс-канферэнцыя скончаная. Агулам яна доўжылася 5 гадзін і 40 хвілін.

Аляксандр Лукашэнка напярэдадні візіту ў Расіі на наступным тыдні быў максімальна лагодным. Ніякай крытыкі ў адрас Крамля сёлета Лукашэнка не дапускаў.

Кіраўнік Беларусі пацвердзіў, што сітуацыя ў краіне, асабліва ў эканоміцы, цяпер дастаткова складаная. 

15:32

У Лукашэнкі дома жывуць тры каты і чатыры сабакі, сем коней і дзесяць кароў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка расказаў, якія жывёлы ў яго ёсць дома.

«У мяне тры каты дома. Бывае, прыедзеш у вёску, аднекуль каты вылазяць. Потым Коля прывязе дамоў за пазухай», — кажа кіраўнік дзяржавы.

А якія ў вас яшчэ ёсць жывёлы, спыталася журналістка з Якуціі.

«Ой, у мяне ўсіх вельмі многа. Ёсць страусы, індакачкі, качкі, 25 гусянят, куры кітайскія, куры звычайныя, індыкі (штук 10), трусы, раней іх шмат было, але раздаў, засталося каля 20, я іх не ем, не дай бог дзіця пабачыць, дзесяць кароваў, козы, авечкі, 7—8 коней. Яшчэ ў мяне 4 сабакі — дзве лайкі, лабрадор, нямецкая аўчарка.

Нядаўна прыехаў у Маскву, мне Барадзін кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, я вашаму сыну сабаку прывёз». Ціха-ціха, не кажы нічога! Сказаў ужо. Давялося забіраць».

Лукашэнка кажа, што ад дзіцянстве перанёс любоў да жывёл.

14:46

«Старонка ў інтэрнэце ў мяне ёсць. Прэзідэнцкая. У сацсетках зусім не сяджу. У мяне пытанне, як малога адтуль выцягнуць. З танкаў. Бывае, скажа, што нешта зададуць у школе. Дык ён 10 хвілін шукае, а потым у танкі гуляе.

У мяне няма старонкі ў сацсетках, я не пакутую, што няма. Я тут не з’яўляюся прасунутым прэзідэнтам, скажу шчыра.

Мяне хвалюе, калі людзі становяцца інтэрнэт залежнымі, але я не хачу нікога абмежаваць у інтэрнэце. Мы нікога не абмяжоўваем.

У нас быў адзін тэракт. Дык наш беларус з Віцебска ўсе звесткі атрымаў з інтэрнэта. Мы ўсё адно не закрылі інтэрнэт. Інтэрнэт — гэта аграмаднае дабро, але з вялікімі недахопамі», — кажа Аляксандр Лукашэнка.

«Старэйшыя сыны ў мяне ідэальна валодаюць камп'ютарамі».

«Я не хачу, каб у сына прэзідэнта былі старонкі ў сацсетках. Не трэба яму псіхіку траўмаваць», — кажа кіраўнік дзяржавы.

14:42

Журналістка з Башкартастана ў сваёй прамове гаварыла на трох мовах: башкірскай, рускай і беларускай.

«Я нядаўна крытыкаваў свайго міністра адукацыі, што ў нас англійскай мовы ў школах больш, чым беларускай. Хто хоча гаварыць па-беларуску — гаворыць па-беларуску, хто хоча па-руску — па-руску.

Нічога асаблівага мы ў гэтым плане не робім. Нядаўна мы мячэць адкрылі, калі вы мусульманка, то можаце зайсці памаліцца.

Я чуў, што мяне крытыкуюць за тое, што Каран пацалаваў. Эрдагану падарылі Каран, ён яго пацалаваў. Мне такі самы падарылі, а што я павінен быў зрабіць? Нехта ўжо думае, што мяне перахрысцілі».

14:28

«Я прачынаюся а 6 раніцы. Туды-сюды, малыш збіраецца ў школу. Адразу ўключаю тэлевізар, у інтэрнэце нешта. Гляджу, ці не здарылася нешта ў Беларусі ноччу.

Пасля я павінен 2 гадзіны неяк знайсці, каб займацца спортам. Вечарам табе за дзень нешта прыцягнуць. Раней за гадзіну ночы спаць не ляжаш. Таму на кніжкі часу не хапае.

Іду міма стала, гляджу, што на стале ў дзіцяці, што ён чытае, можа, сам пагартаю.

Я некалі сам спрабаваў пісаць вершы. Вучыўся ў Пушкіна, Лермантава, Ясеніна, Маякоўскага. Я не знаўца выяўленчага мастацтва, тэатра. Я бываю там, але не знаўца.

Мне падабаецца глядзець гумарыстычныя пастаноўкі, асабліва на беларускай мове. Прашу Пракапцова навучыць мяне разбірацца ў карцінах. Хачу навучыцца, як яны разумеюць гэтыя карціны».

14:17

«Беларусы займаюць чацвёртае месца ў свеце па інтэрнэт-залежнасці», — сказаў Лукашэнка.

«Зняў штаны і пайшоў палоць градкі», — расказвае кіраўнік дзяржавы пра родныя мясціны. Кажа, што не можа глядзець, калі зарастае пустазеллем.

Пайшла ўжо лірыка, сур’ёзныя тэмы абгавораныя.

14:01

Прадстаўнік Чачні спытаўся ў Аляксандра Лукашэнкі падчас прэс-канферэнцыі з расійсімі СМІ аб адносінах Беларусі з гэтым рэгіёнам.

«У нас няма панятку «асоба каўказкай нацыянальнасці». Толькі аднойчы быў выпадак. У мяне старэйшы сын такі чарнамазы. Дык яго спыніў міліцыянер, просіць дакументы праверыць. Думаў, што каўказец. Паглядзеў на пашпарт — прабачце-прабачце».

Віктар Лукашэнка — старэйшы сын кіраўніка Беларусі, памочнік прэзідэнта па пытаннях бяспекі.

Таксама Лукашэнка расказаў, што ўжо двойчы рыхтаваўся візіт прэзідэнта Чачні Рамзана Кадырава ў Мінску, але абодва разы зрываўся ў апошні момант.

13:50

«Мне шкада перайменаваць «Советскую Белоруссію». Нехта скардзіцца, што яна сумная, але ў яе свой фармат. «СБ» не можа публікаваць голых жанчын, бо гэта газета асацыюецца з прэзідэнтам.

У нас усе раёнкі датуюцца дзяржавай. У нас, можа быць, ёсць нейкія апазіцыйныя газеты, якія фінансуюцца таўстасумамі».

13:36

«Матэматыку і фізіку трэба спрасціць. Не трэба ў школах рабіць студэнтаў тэхнічных ВНУ. Каму гэта трэба? Мы што, матэматыкаў рыхтуем у сярэдняй школе?

У нацмены, калі былі пры ўладзе, павыкідвалі з праграмы ўсіх рускіх. У нас жа «Вайну і мір» і «Паднятую цаліну» беларускую ніхто не напісаў. Ангела Меркель кажа, што я Дастаеўскага прачытала. У Амерыцы кажуць, што чытаюць «Вайну і мір».

У нас цудоўныя паэты, апроч Купалы і Коласа, нават сучасныя, і іх трэба ведаць».

13:29

«У нас зараз столькі памылак, каб Сталін пабачыў, то ўздрыгнуў бы. Я казаў інтэлігенцыі, каб гісторыю пад мяне не пісалі.

Ну была Кастрычніцкая рэвалюцыя, была! Што ў гэтым кепскага? Прыйшлі ў вас да ўлады таўстасумы, вы лічыце, што гэта нармальна. Але я так не лічу. Кастрычнік здарыўся таму, што было мноства праблем — вышэй даху. 7 лістапада ў нас афіцыйная дата. Прыдзе час, калі народ перастане святкаваць гэты дзень, то, можа, нехта і адменіць.

Вы святкуеце Дзень незалежнасці Расіі. Ад каго вы святкуеце незалежнасць? Ад Беларусі? Большасць расіян не святкуе і не ведае нічога».

13:04

Пытанне ад белгародскай газеты.

«Пераможцаў у гэтай бойні ва Украіне не будзе. Чым даўжэй канфлікт, тым горай будзе для Украіны і Расіі. Калі вы хочаце, каб там правялі чэсныя выбары, то мы правядзем. Калі хочаце, каб мы навялі парадак на мяжы Украіны і Расіі, то мы навядзем. Калі вы толькі гэтага хочаце, самі мы не палезем.

Ва Украіне палохаюць, калі Лукашэнка падтрымае Пуціна і ўдарыць з поўначы, то Украіны не будзе. Не будзе такога, я не на танку, а на трактары паеду. Яны ведаюць мае прапановы, але Уладзімір Уладзіміравіч маўчыць. І Захад маўчыць.

Я часта гляджу расійскія тэлеканалы, такія ўжо патрыёты. А вашы дзеці там ваююць?»

Звяртае ўвагу, што Лукашэнка адкрыта гаворыць, што Расія ўдзельнік канфлікта ва Украіне.

«Сёння Данбас не трэба Расіі, там усё знішчана».

12:55

«Часы нафты і газу сыходзяць. Будучыня — за высокімі тэхналогіямі. Гаджэты, айфоны, плафоны… Я пастаянна пра гэта чую. А гэта ўсё ў нас ёсць, у нас ёсць Парк высокіх тэхналогій».

12:44

«Нейкія блогеры пішуць, што ў нас ідзе «мяккая беларусізацыя». А што ў нас, «анямечванне» павінна быць? У нас палова ўрада — гэта рускія. Лілія, ты па-мойму руская? Не? Ужо беларуска», — пытаўся Алякандр Лукашэнка ў міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч.

12:40

Пытаюцца пра культуру. Лукашэнка кажа, што ў нас ёсць нацыяналісты-пісьменнікі, але яны не русафобы.

«Калі ты ў рускае кінеш камень, то хто цябе будзе тут паважаць? Але ёсць пісьменнікі, што больш арыентаваныя на Захад. У рускай мове душа беларускага народа. Калі мы хочам стварыць сабе эканамічныя праблемы, то можам адмовіцца ад рускай мовы».

12:30

«Калі я бягу на лыжах, то 13 кіламетраў. Калі нейкія практыкаванні, то таксама 13 разоў. Я вельмі добра стаўлюся да гэтай лічбы. Адзін святар мне казаў, што лічба 13 ледзьве не Богам дадзеная. Я заўсёды разлічваю на шанцаванне, але не надта шанцуе. Хто адмовіцца ад таго, што раптам пашанцуе? Я таксама не адмоўлюся».

12:19

«Я думаю, што гэта не праблема пабудаваць свой касмічны карабель разам з расейцамі, амерыканцамі ці еўрапейцамі. Але пакуль танней на аснове расіян».

«Касманаўт Навіцкі, я з ім сустракаўся, вельмі прыстойны чалавек. Ён па пашпарце расіянін, але ў душы наш чалавек».

«Расіянам варта павучыцца ў нас аб памяці пра падзеях вайны. У Александрыі стаіць помнік жанчыне, якая страціла дзяцей. У нас ёсць 2-3 нацысты, але іх свае ж палкамі заб’юць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

12:06

Журналістка з Сыктыўкару пытаецца, як Беларусі ўдаецца змагацца з карупцыяй.

«Кажуць, што рынак усё адрэгулюе. Ды не чарта ён не адрэгулюе! Асабліва ў нас, дзе рынку няма. Там адны жулікі!»

«Банкіры ў нас някепска жывуць. Лепш, чым у мінулым годзе. Мы навядзем там парадак. Хто такія банкіры? Яны што, грошы зарабляюць? Паўсюль павінен быць справядлівы падыход».

«Наскокі на мяне пастаянныя, што аднаго схапілі, іншага, бізнэсу не даюць развівацца. Хапаюць толькі тых, хто гуляе ў недастойныя гульні з дзяржавай — не плаціць падаткі. Мы бізнэсмэнаў на руках носім, ахоўваем. Вы што, у труны ўсё з сабой забярэце? Не! Нядаўна амніставаў групу чыноўнікаў і бізнэсмэнаў і адправіў іх у калгасы. Добра працуюць. Ёсць нават намеснік генпракурора, у Смалявіцкім раёне працуе старшынёй калгаса. У канцы года дакладуць па ўсіх».

«Калі ўлада пачне падгніваць з галавы, то ўжо нічога зрабіць з карупцыяй нельга будзе. Няма ў нас сярод чыноўнікаў, каб выпендрыцца, палац, ці гонкі дзетак на аўтамабілях. У вас жа грошы, адкупімся, заўтра выпусцім, закон у краіне павінен быць для ўсіх».

11:45

Газета «Ізвесція-Мардовія» пытаецца пра чэмпіянат свету па футболе, які ў 2018 годзе адбудзецца ў Расіі, у тым ліку ў Саранску. Пытаецца пра гульню зборнай Беларусі па футболе і ці збіраецца Лукашэнка на ЧС.

«Я вельмі засмучаны вынікамі гульняў зборнай Беларусі і асабліва Расіі. Па першай прафесіі я футбаліст. У хакей я гуляў па няшчасці, а так я — футбаліст».

«Не хачу пра футбалістаў груба гаварыць… Я заўзею за Расію, нас там не будзе, хоць бы сорамна не было, хоць бы з групы выйшлі. Пакуль асабліва радавацца няма чаго. Суперкаманду за год-два стварыць немагчыма».

11:40

Прадстаўнік Краснаярска вельмі-вельмі доўга фармуляваў сваё пытанне. Карацей, паскардзіўся, што якасць беларускай тэхнікі заўважна ўпала.

Лукашэнка кажа, што на нашу тэхніку трэба адмыслова навучаць людзей. «Калі «Гомсельмаш» паставіў камбайн і ён зламаўся на гарантыі, то мы адварочваем галаву гендырэктару». Камусьці ў Гомелі стала сумна-сумна.

11:32

«Вы калісьці купілі «Белтрансгаз», трубу, у нас. Але кіраўніка без нашай згоды прызначыць не можаце. У нас цывілізаваная краіна. І мы будзем падтрымліваць гэты стандарт. Нашы інтарэсы ніяк не супярэчаць інтарэсам Польшчы, Балтыі, Украіны, Расіі. Павінен быць парадак і дысцыпліна. Не тая бязглуздзіца, што кагосьці затрымаюць на вуліцы. Затрымаюць толькі таго, што падаткі не плаціць і крыўдзіць суседзяў».

Лукашэнка сказаў, што на сёння з Украіны дастаткова шмат зброі едзе ў Беларусь. «Мне міністр унутраных справаў дакладвае, што таго затрымалі, таго з зоны АТА».

Таксама Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі не парушаюцца правы чалавека. «Я, прабачце галоўны ў краіны амбудсмэн, гэтае мацернае слова».

11:05

Журналістка Балакіна з «Арлоўскага весніка» пытаецца пра нізкія заробкі ў Беларусі. Вельмі хвалявалася, калі задавала гэтае пытанне.

Лукашэнка пачаў шукаць нейкую табліцу па заробках. «Калісьці ў нас было ў далярах і 600, і 700. У Расіі заробкі таксама падаюць, але там у паўтара раза болей. Але ж не хлебам адзіным жыве чалавек. Мне такія дакументы далі, што давядзецца начапіць акуляры. Мабыць, першы раз у жыцці».

Лукашэнка кажа, што ў Беларусі нашмат меншыя камунальныя паслугі ў параўнанні з Расіяй, Польшчай, Украінай і Літвой.

«У вас у Расіі які працэнт платнай вышэйшай адукацыі? У нас аграмадны працэнт. У нас 90% навучаецца за кошт бюджэту. У Віцебск з Смаленска, Падмаскоўя прыязджаюць да нас нараджаць. Можна мець заробак у паўтара раза болей. Але пытанне, што ты за іх набудзеш».

«У нас шарлатанства ў эканоміцы няма. Мы лічым кожную капейку. Калі тут з’явяцца шарлатаны, то будзе капут нашым прадпрыемствам. Мы па сацыяльным пакеце не жывем горш за Варшаву, Маскву. Але тады пад плотам будуць валяцца хворыя. Ёсць грошы — лячыся. Няма — памірай».

10:51

 «Чаму ў ЗША ўсе охаюць і ахаюць, што не той чалавек прыйшоў да ўлады. Яшчэ які той! Ён будзе весці вельмі праамерыканскую палітыку». Лукашэнка сказаў, што трэба спыніць ажыятаж, што Трамп вельмі добра ставіцца да Расіі. «Трамп нічым не павязаны, у яго адзіны лозунг — «Вялікая Амерыка». У ЗША накапілася мноства праблем. Нам трэба глядзець на праблемы ўнутранага харакатара, а не глядзець на ЗША. Праблем мора!»

10:41

Журналіст «Ліпецкай газеты» пытаецца пра паралімпійца Фомачкіна, які вынес расійскі сцяг.

«Было пачуццё расчаравання, што зрабілі не так, як трэба было. І пачуццё радасці, што другі сцяг схавалі пад адзеннем, як у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Проста з мясам вырвалі расійскі сцяг, але наш талковы чалавек развярнуў другі сцяг. Гэта была дэманстрацыя нашага адзінства. Мы ж выйшлі з аднаго кораня — славянскага».

Лукашэнка кажа, што Беларусь была цалкам салідарнай з Расіяй у пытаннях допінгу. «Я не абяляю Расію, Беларусь і Казахстан. Правільна робяць, што дубасяць. Бывае, што шпільнуў наркот і пабег. Але нельга заяўляць, што кіраўніцтва краін да гэтага мае дачыненне. Мы ў стане перамагаць без усялякіх допінгаў».

10:36

Газета «Новы Пецярбург» пытаецца пра вынікі і перспектывы 20-годдзя саюзнай дзяржавы.

«Тады думалася пра траіх, хацелася прыцягнуць яшчэ Украіну», — расказвае Лукашэнка пра падзеі 1996 года.

«У эканоміцы сапраўды ўсё няпроста. Але зроблена нямала. Ніхто ж вас на мяжы не спыніў, пашпарты не правяраў. Любы расеец можа прыехаць у любую кропку Беларусі і адчуваць сябе як дома. Я ніколі не адчуваў, што Масква — гэта чужы горад».

Лукашэнка пачаў гаварыць пра «адзіныя ўзброеныя сілы Беларусі і Расіі», але палохацца хіба што не варта. Нічога новага тут няма. Гаворка пра сумесныя вучэнні з расійскімі вайскоўцамі. Ні пра якія новыя вайсковыя базы на тэрыторыі нашай краіны не гаворыцца.

«Мы не звяргалі помнікі, не пераймяноўвалі вуліцы. Так ёсць і так будзе».

«Калі мы не стварылі адзіны парламент і ўрад, не прынялі адзіную Канстытуцыю, то паверце не Беларусь тут вінаватая. Мы занадта рамантычныя былі 20 гадоў, але ўсё аказалася не надта проста. З’явіліся групы ўплыву, ды і паміж дзяржавамі былі рознагалоссі».

10:23

«Па дасягненнях гэты год не з’яўляецца найлепшым. У эканоміцы вы бачыце, што адбываецца. Мы вельмі залежым ад расійскага рынка», — пачынае адказваць Лукашэнка на пытанне «Вячэрняй Масквы» пра вынікі года.

Кажа, што Беларусь вельмі шмат страціла праз дэвальвацыю расійскага рубля. Зменшыўся таваразварот паміж краінамі.

«Мы пакуль не можам выйсці з піке і аднавіць нашу эканоміку», — шчыра кажа Лукашэнка. Аднак адразу згадвае пра складаную сітуацыю ў свеце.

Лукашэнка скардзіцца, што Беларусь не можа прабіцца з сваімі лекамі на расійскі рынак, хоць у Расіі ёсць недахоп лекаў. Толькі нядаўна вырашылася гэтае пытанне. «Я спадзяюся, што гэтых праблем больш не будзе».

«Мы ад часоў СССР пастаўляем вам крэветкі і сялёдку. Беларусь па ўсім свеце, нават у вас, закупляе рыбу. Перапрацоўваем гэтую рыбу і прадаём. Гэта нармальная практыка. У нас азёрнай і рачной рыбы дастаткова — вы, відаць, гэта не ўлічылі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«22 лістапада мы сустрэнемся з Уладзімірам Пуціным. Сядзем абмяркуем важныя пытанні і пастараемся надаць новы імпульс нашым адносінам», — кажа кіраўнік дзяржавы.

«Такія вось невясёлыя высновы», — сказаў аб выніках года.

10:12

«Гэта не прэс-канферэнцыя, а даверная размова», — адразу сказаў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы сустрэчу з прадстаўнікамі расійскіх СМІ. «Менавіта рэгіёны Расіі выратавалі брацтва дзвюх дзяржаваў», — працягвае адвешваць кампліменты лідар Беларусі.

«Прапануем унесці ў прававую базу панятак «тавар саюзнай дзяржавы». На думку Лукашэнкі, гэта дапаможа вытворцам абедзвюх дзяржаваў.

«Разыходжанняў па міжнароднай павестцы дня ў Беларусі і Расіі няма. Мы выступаем адзіным фронтам. У гэтым свеце нам трэба трымацца разам. У нас ёсць мір і згода. Вы ніколі не будзеце ў Беларусі чужымі», — пакуль Лукашэнка настроены вельмі міралюбіва.

Кіраўнік дзяржавы адзначае, што тут прысутнічаюць не толькі журналісты, але і інтэрнэт-блогеры. Мабыць, першы раз Лукашэнка выкарыстаў слова «блогер».

Каментары49

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады14

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады

Усе навіны →
Усе навіны

Метэарыт упаў у Мінскай вобласці. Ахвотныя могуць далучыцца да пошукаў14

54-гадовага беларуса знайшлі мёртвым у Антальі4

Блогер, на якога пісала даносы Вольга Бондарава, апублікаваў сумесны здымак з Колем Лукашэнкам15

Пад Мінскам прадалі ўчастак за рэкордныя грошы

КНДР адказала Лукашэнку: ніякіх запрашэнняў яму не дасылалі, гэта ён дамагаецца сустрэчы31

Time змясціў на вокладку Трампа, які змятае дакументы ў Авальным кабінеце 3

За ўдзел у пратэстах судзяць 29-гадовую настаўніцу сталічнай гімназіі5

Кіраўнік МАРГ распавёў, што гандлю варта ўспомніць з савецкага мінулага11

Паглядзіце, колькі мінчукоў стаяла ў чарзе па ваду на Вадохрышча ФОТЫ11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады14

Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады

Галоўнае
Усе навіны →