Грамадства3232

«Адступаць няма куды: для беларускамоўнай гімназіі ў сталіцы беларускамоўнага матэматыка ўжо не знайсці»

«Прачытаў у аднаго з фрэндаў, што «23-я гимназия Минска так и не нашла учителя математики с беларусским языком обучения…». І ў сувязі з гэтым нахлынулі ўспаміны, якімі спяшаюся падзяліцца, пакуль не забыўся, — піша ў фэйсбуку Аляксандр Пашкевіч. 

«За савецкім часам у нас у вёсцы была звычайная школа з беларускай мовай навучання, якая недзе з пачатку 1980-х пачала няўхільную эвалюцыю ў бок пераўтварэння ў малакамплектную. Вучняў рабілася ўсё менш (да 1995 года, калі я яе паспяхова скончыў, ва ўсіх 11-ці класах заставалася каля 40 чалавек — прытым 7 з іх у маім, самым вялікім у школе класе), ранейшыя настаўнікі старэлі і сыходзілі на пенсію, а на іх месца ўладкоўваліся жыхары райцэнтра (які за 15 км) і прысланыя на працу па размеркаванні. Палітыка моўная вядома якая была тады, ад цяперашняй ніяк не адрозная. Таму школа была фармальна беларускамоўная, але выкладалі ў ёй хто як умеў ды хто як хацеў. Многія, натуральна, умелі і хацелі працаваць толькі на «общепонятном». Тым больш што дырэктаркай працавала сапраўдны «наш чалавек», якая сама гаварыла ў побыце на трасянцы, але ўвогуле моўнымі пытаннямі не замарочвалася — якая, маўляў, розніца, абы школу к атапіцельнаму сезону належным чынам падгатовіць.

Але пайшлі розныя браджэнні па краіне, адраджэнні ўсякія нацыянальныя па ўсіх ускраінах вялікай і магучай страны. І вось пайшоў я, памятаю, у 8-ы клас у верасні 1991 года (а мо і ў 7-ы ў верасні 1990-га), і прыходзіць нам на першы ўрок фізіку выкладаць настаўнік з райцэнтра, які да гэтага ўжо пару гадоў у нас прапрацаваў і вёў урокі ды з усімі размаўляў толькі па-расейску. І кажа нешта прыблізна такое: «Ведаеце, рабяты (любімае яго слова было), тут нам паступіў такі прыказ (як цяпер памятаю, менавіта «прыказ» і сказаў) — каб у беларускамоўных школах вялі ўсе ўрокі толькі па-беларуску». Задумаўся на пару імгненняў ды працягнуў: «Ну а раз так, то што рабіць — будзем, значыць, па-беларуску». І пагнаў пасля на чыстай беларускай мове (спачатку часам устаўляючы расейскія словы, а пасля пазбыўшыся і іх). І вёў так урокі аж да таго часу, як я школу скончыў, ды і пасля таго таксама. Аж пакуль на працу некуды ў райцэнтр канчаткова не сышоў (ён і раней працаваў па сумяшчальніцтве). І вельмі, дарэчы, цудоўны быў настаўнік — вёў спачатку фізіку, а ў старэйшых класах і матэматыку. Так усё добра ды даступна тлумачыў — што проста не пераказаць. Не быў бы я такім ад прыроды зусім няздольным да прыродазнаўчых дысцыплін — то мог бы добра ў яго падвучыцца і далёка пайсці.

Але то быў чалавек, як той казаў, «с раньшего времени. Таких теперь уже нету и скоро совсем не будет». Ён сам у свой час скончыў вясковую школу ў нашым жа раёне і сярэднюю адукацыю атрымаў па-беларуску. І каб перайсці на беларускую мову ва ўласнай прафесійнай дзейнасці, яму трэба было адносна няшмат — проста зламаць псіхалагічны бар'ер. Цяпер жа, аж страшна падумаць, чвэрць стагоддзя ад таго часу за плячыма. І для беларускамоўнай гімназіі ў сталіцы беларускамоўнага матэматыка ўжо знайсці — сапраўдная праблема. Відаць, далей ужо адступаць няма куды».

Каментары32

Цяпер чытаюць

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі15

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

Усе навіны →
Усе навіны

У Кыргызстане на вышыні 4500 метраў знайшлі рэчы зніклых беларускіх альпіністаў

Наступнае «Еўрабачанне» пройдзе ў балгарскім Бургасе

Расійская пенсіянерка пераканала студэнта, што на ім смяротныя сурокі, і забрала грошы. А пасля чатыры гады хавалася ў Беларусі1

Дроны атакавалі Маскву і Ленінградскую вобласць2

Статкевіч: Чаму ў іх 80, а ў нас 205

Памёр купалавец Мікалай Кучыц2

Міліцэйскага начальніка з Ляхавічаў пакаралі за тое, што адказаў Случаку па-руску6

У Віцебску жанчына павесіла ў пад'ездзе непатрэбную карціну і не ведала, што яна шэдэўр4

Мінскае «Дынама» і «МЛ Віцебск» вылецелі з еўракубкаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі15

Работнікам Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле забаранілі ісці на пахаванне Мікалая Казекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць