Меркаванні2121

Страшная надзея на страх

Піша Уладзімір Някляеў. 

Вось і сустрэлі мы і Новы, і стары Новы 2017 год ад народзінаў Хрыстовых. Перамясціліся ў часе і прасторы.

У які бок?.. Улева, управа, уверх, уніз? Па крузе, па спіралі?..

Не ведаем.

Азіраючыся ў мінулае і гледзячы ў будучае, нехта кажа: «Страшна, што Трамп». Некаму страшна, што Пуцін, некаму — што «брэксіт — і Еўропа разваліцца», а некаму — што «праз міграцыю ўсё змяшаецца і знікнуць межы цывілізацый…»

Тое, што адсвяткавалі мы народзіны Божыя і Новы год двойчы, нехта раней, нехта пазней, сведчыць пра ўмоўнасць усялякіх, акрэсленых намі, межаў. Ні таго, што такое прастора, якая нідзе не пачынаецца і нідзе не сканчаецца, ні што такое час, спасцігнуць чалавек не здольны.

Бо гэта тое, што Бог.

Чалавек жыве ў дамах, гарадах, краінах, існуе ў днях, тыднях, гадах - у такой прасторы і ў гэтакім часе, якія сам стварыў, прыдумаў, якія ўмяшчаюцца ў Дэкартаву сістэму каардынат.

У гэтай сістэме свет дыскрэтны. Падзелены на кавалкі, на адрэзкі. І мы мусім вырвацца з дыскрэтнага (падзеленага) часу і падзеленай прасторы, у якіх прайшла ўся папярэдняя гісторыя чалавецтва. Увайсці ў цэласны, які ён і ёсць, свет. Новыя ідэі, гуманітарныя прарывы — там.

Сутнасна жыццё ў каардынатах, якія не маюць межаў. Дабра і зла, любові і нянавісці…

Міра і вайны.

Калі ў звыклых для нас каардынатах уявіць гарызанталь — мірам, вертыкаль — вайной, дык дзе мы сёння ў гэтай самай простай сістэме каардынат? Балансуем на дыяганалі, падымаючыся па ёй усё вышэй. І тут не трэба быць прарокам, каб прадбачыць, што недзе і некалі, страціўшы раўнавагу, сарвёмся. Як гімнасты, якія, да ўсяго, жанглююць на дыяганальнай трапецыі няхай маленькімі, але атамнымі бомбамі.

Новыя тэхналогіі ствараюць неверагодныя перспектывы. Дэманстрацыя кітайскага суперкампутара з хуткасцю 93 квадрыльёны вылічэнняў у секунду — амаль як бясконцасць космасу. Немагчыма ўявіць.

Але гэта «тэхнічны бок быцця». У гуманітарнай сферы пакуль ніякіх высокіх тэхналогій. Карыстаемся ідэямі, выпрацаванымі задоўга да тэхнічнай рэвалюцыі. Адбываецца іх дэвальвацыя, прафанацыя. Менавіта праз адсутнасць новых ідэй, высокіх тэхналогій у гуманітарнай сферы Расія, патузаўшыся пасля распаду СССР у прынцыпова іншай для яе сітуацыі, вярнулася да таталітарызму, што паспрыяла ўсталяванню беларускага рэжыму з ягонай зусім ужо патрыярхальнай «стабільнасцю».

Паміж тэхнічным і гуманітарным складнікамі найноўшай гісторыі чалавецтва ўтвараюцца ўсё большыя нажніцы. Што з гэтага можа вынікнуць? Лёзы нажніц гранічна разыйдуцца — і ў нейкі час імгненна самкнуцца, адсекшы стваральнікам неверагоднага галовы. Не ведаю, ці справядліва, але не толькі ім…

Разам з намі ўсё вышэй падымаюцца тэхналогіі масавага знішчэння, якія й захоўваюць раўнавагу. І менавіта на іх, на тое, што не ўратавацца нідзе і нікому, што той, хто пачне першы, загіне разам з усімі! — надзея.

Наша надзея на страх. Вось што насамрэч жахліва, а не тое, што Пуцін, што Трамп ці брэксіт… Чалавецтва ў сваёй прасторы і сваім часе развілося так, што ні на што болей, апроч страху, надзеі ў будучыні не мае. Хіба на Бога, у якім, загінуўшы, уваскрэсне.

Можа быць…

Такая рэальнасць. Гэта рэальнасць вар’ятні, але яна такая.

Што рабіць? Ніхто не ведае? Няма дактароў?

Ды ўсе гэта ведаюць, а не толькі Далай-лама, які кажа, што людзі створаныя, каб іх любілі, а рэчы, каб імі карысталіся. Усе вяшчаюць пра культуру, пра неабходнасць вяртання да духоўных каштоўнасцяў. Але ніхто не вяртаецца, ніхто ў высокія гуманітарныя тэхналогіі гэтакіх сродкаў, як у тэхналогіі тэхнічныя, не ўкладвае. Чаму? Бо гэта не атамная, не лазерная і не рэзанансная зброя. Бо культура — гэта не тое, што страшна. Бо не яна пераможа ў трэцяй сусветнай вайне, якая, як сцвярджаюць, ужо йдзе, і апакаліпсісны, ядзерны фінал якой амаль усе на захадзе і ўсходзе лічаць НЕПАЗБЕЖНЫМ.

Нават матэматычна ягоную НЕПАЗБЕЖНАСЦЬ пралічылі! Не кажучы ўжо пра тое, што ці не кожны цяперашні палітык як бы і не палітык, калі не намалюе карціну канца свету, апакаліпсісу, ад якога збіраецца свет ратаваць.

І ўсё гэта дзеля аднаго: каб глыбей і глыбей заганяць людзей, як кратоў, у страх. У ягоную непраглядную цемень, дзе блукае прывід непазбежнасці. Хоць насамрэч усе страшылкі гэтыя — уключна з матэматычнымі разлікамі — лухта! Непазбежнае толькі тое, што па-за воляй чалавека. А тое, што ў ягонай волі, выпраўляецца. Трэба толькі выявіць волю. Замяніць надзею на страх надзеяй на смеласць. На смеласць быць людзьмі нават тады, калі быць імі, здаецца, немагчыма.

Каментары21

Цяпер чытаюць

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне14

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне

Усе навіны →
Усе навіны

Былая фаварытка Лукашэнкі Марыя Васілевіч нарадзіла дзіця12

«Белтэлекам» атрымаў новага гендырэктара2

У Маладзечанскім раёне некалькі дзён існавала «беларуская Антарктыда» і замерзлы Ніягарскі вадаспад

Шматдзетнаму бацьку-вахтавіку з Мазыра, якога хацелі пазбавіць бацькоўскіх правоў, удалося вярнуць дзяцей1

Пяскоў пракаментаваў абвінавачванні ў атручванні Навальнага надзвычай рэдкім звыштаксічным ядам6

Лукашэнка заявіў, што будзе ўдзельнічаць у Радзе міру, але пазней8

Лукашэнка заявіў, што прапаноўваў ЗША ідэальны варыянт наконт Венесуэлы, але яны зрабілі глупства13

«Вагнер» пераключыўся на дыверсіі ў Еўропе7

У Брэсце пенсіянерка патанула ў Мухаўцы — яна карміла лебедзяў і ўпусціла ў ваду корм1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне14

Падрабязнасці нападу падлеткаў з бітай і пісталетамі на катэдж у Смалявіцкім раёне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць