Вынікі тэлепраекту пад назвай «Імя Расеі» выклікалі зьдзіўленьне нават у саміх арганізатараў — кіраўніцтва тэлеканалу «Расея» і фонду «Грамадзкая думка». На п’едэстале гонару апынуліся побач цар Мікалай II, царазабойца Ленін і паміж імі — Сталін.

Спачатку менавіта ён лідзіраваў у апытаньні. Гэта падалося высокаму начальству не зусім прыстойным. Вынік прыпісаны намаганьням несумленных «спамэраў», а само апытаньне прыпынена з «тэхнічных прычынаў». Праўда, на той момант на першае месца ўжо выйшаў Мікалай ІІ. Гэткая «неспадзянка» супала з 90‑й гадавінай расстрэлу царскай сям’і. Расейскія палітолягі ўбачылі ў гэтым супадзеньні добры знак. А пратаерэй з Санкт‑Пецярбургу Генадзі Белаволаў назваў апытанне «народным рэфэрэндумам» у падтрымку манархіі. «Нават той факт, што ўсьлед за Царом Мікалаем ідзе ймя Сталіна, не абвяргае, а пацьвярджае гэты тэзіс, бо Сталін у свядомасьці людзей увасабляе моцную ўладу…».

Тую самую ўладу, дарэчы, якая забіла былога манарха і ягоную сям’ю.

«Духоўна‑маральныя прынцыпы»

Ці можна ўявіць сабе, каб брытанцы ў сваім нацыянальным апытаньні паставілі на першае месца імя дыктатара Олівэра Кромвэля разам зь імем абезгалоўленага пры ім караля Карла І? Ён быў пакараны сьмерцю, паводле рашэння трыбуналу, утворанага так званым Даўгім парлямэнтам. Каралю былі выстаўленыя абвінавачаньні ў злачынствах перад уласным народам.

Ня так быў пакараны, як мы ведаем, апошні расейскі імпэратар у Екацярынбургу 17 ліпеня 1918 году. Яго, на той момант ужо не цара, а проста грамадзяніна Расеі, бальшавікі расстралялі без суду й сьледства, разам з жонкай і дзецьмі, сямейным лекарам, слугамі…

Розныя людзі па‑рознаму ацэньваюць асобу апошняга расейскага імпэратара, ягоную ролю у гісторыі. (Між іншым, не было б адрачэньня Мікалая ІІ ад прастолу ў лютым 1917 — не вядома, ці была б абвешчана БНР у сакавіку 1918.) А вось што да абставінаў трагічнай гібелі яго і ягонай сям’і даўно ніякіх сумневаў няма. Ёсьць вынікі сьледзтва, ёсьць шматлікія рэчавыя доказы. У розных краінах Захаду і ў Японіі не аднойчы былі праведзеныя генэтычныя экспэртызы знойдзеных пад Екацярынбургам парэшткаў. Усе вынікі сьведчаць — косткі, фрагмэнты адзеньня са сьлядамі крыві адназначна належаць чальцам царскай сям’і. Парэшткі кожнага зь іх ідэнтыфікаваныя паасобку.

Але Расейская праваслаўная царква упарта адмаўляецца прызнаць гэтыя парэшткі сапраўднымі.

Дзесяць гадоў таму РПЦ дала маўклівую згоду на ўрачыстае пахаванне парэшткаў Мікалая ІІ і яго крэўных ў Петрапаўлаўскім саборы ў Санкт‑Пецярбургу. Але сама ў тым пахаваньні афіцыйна ня ўдзельнічала і месца пахаваньня таксама не прызнае. У 2000 годзе РПЦ кананізавала (праславіла) царскую сям’ю. Праўда, слугаў, якія падзялілі зь ёй трагічны лёс, гэта ня тычыцца. Сёлета Ўсясьветны расійскі народны сабор, які ўзначальвае патрыярх Аляксій ІІ, упершыню заклікаў дзяржаву асудзіць забойства. Удзельнікі сабору звярнулся «да ўсіх галінаў дзяржаўнай улады з заклікам даць ацэнку екацярынбургскіх падзеяў 1918 году як злачынства, якое парушыла ня толькі чалавечыя законы, але й асноватворныя духоўна‑маральныя прынцыпы». РПЦ выступіла і за пасьмяротную рэабілітацыю царскай сям’і.

Але чаму ўсё‑ткі царква адмаўляецца прызнаць сапраўднымі знойдзеныя парэшткі? Можа быць, таму, што тады РПЦ давялося б узяць частку віны і на сябе, каяцца за пасобніцтва бальшавіцкаму рэжыму, які яна цяпер асуджае, за ўскоснае апраўданьне пакутаў і сьмерцяў мільёнаў людзей ад рук сталінскіх катаў, у тым ліку — праваслаўных сьвятароў і простых вернікаў.

Што тычыцца дзяржавы, дык гэта ня нейкая іншаплянэтная, інфэрнальная сіла —гэта Генэральная пракуратура РФ, карны орган дзяржавы, адмаўляе ў рэабілітацыі. Адмаўляе на той падставе, што забойства імпэратарскай сям’і была, нібыта, чыста крымінальнай справай. Бо не было, маўляў, пісьмовага загаду з Масквы аб зьнішчэньні Мікалая ІІ і ягоных крэўных. Быццам гэта мяняе палітычны характар забойства.

Тая самая пракуратура, дарэчы, адмаўляецца рассакрэціць матэрыялы сьледзтва па Катынскай справе. Сучасная расейская дзяржава, як і царква, відавочна, лічыць сябе бязгрэшнай і непадсуднай.

Артадаксальны Euronews і «праваслаўныя» англікане

У тыя дні, калі праваслаўны сьвет адзначаў 1020‑годзьдзе Хрышчэньня Кіеўскай Русі, у Эўропе адбылася яшчэ адна падзея. Яна магла б застацца і незаўважанай у Беларусі й Расеі, калі б увагу ёй не надаў канал Эўраньюз.

На гэтым канале, дарэча, нядаўна адбыўся, кажучы модным словам, рэбрэндынг. Новы дызайн выглядае прывабна і, што называецца, крэатыўна. Праўда, пачатак вяшчаньня на расейскай мове пасьля рэбрэндынгу не абышоўся без казусу. Падчас паказу рэклямнай застаўкі, дзе былі выкарыстаны кадры з выявамі палітыкаў розных краінаў, дыктар назваў лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча… Аляксандрам Цімашэнкам.

Што ж, казусы здараюцца абсалютна ва ўсіх. Апошнім часам беларускіх гледачоў трывожыла больш тое, што тэксты на расейскім канале Эўраньюз пачалі моцна нагадваць тэксты, што звычайна гучаць на канале «Расея». Да нядаўняга часу гэта тычылася толькі палітычных акцэнтаў. Але днямі на канале з’явіўся камэнтар, у якім выразна прагучаў і акцэнт рэлігійны.

Камэнтар за 16 ліпеня тычыўся рашэньня сыноду Англіканскай царквы дазволіць рукапакладаньне жанчынаў у сьвятары. Цяжка было пазбавіцца ўражаньня, што гэта быў камэнтар не эўрапейскі канал навінаў, а якога‑небудзь Пушкова на маскоўскім ТВЦ. У пацвярджэньне факту, быццам многія прыхаджане англіканскай царквы абураныя лібэралізацыяй, парушэньнем традыцыяў і распустай некаторых сьвятароў‑геяў, у закадравым тэксьце прагучалі словы: (цытую паводле аўдыёзапісу ў перакладзе з расейскай): «пачасьціліся выпадкі, калі цэлыя ангельскія прыходы, нязгодныя з гэтым, пераходзілі ў праваслаўе. Адзін зь першых такіх выпадкаў адбыўся ў Мэльбурне 18 гадоў таму».( Цытую ў перакладзе з расейскай паводле аўдыёзапісу з эфіру, бо тэкст гэтага камэнтару на расейскамоўнай старонцы сайта Еўран’юз цалкам апублікаваны ня быў, а сам відэаролік выдалены — В.Т.)

Можна было б палічыць, што здарылася непаразуменьне. Перакладчык, ці аўтар камэнтару проста пераблытаў слова «артадаксальны» у сэнсе «праваслаўны» і артадаксальны ў сэнсе сьветапогляду, то бок — такі, які ўспрымаецца як адзіна правільны, заснаваны на няўхільным следаваньні дагматам веры.

Але ўсё выглядае крыху больш складана. Амаль у кожнай царкве ёсць рэфарматарскае крыло і кансэрватыўнае. Яшчэ на пачатку сёлетняга чэрвеня Бі‑Бі‑Сі паведаміла, што ў Англіканскай царкве насьпявае раскол паміж прыхільнікамі лібэральнага курсу цяперашняга Арцыбіскупа Кэнтэрбэрыйскага Роўэна Ўільямса і кансэрватарамі. На так званую Ламбэцкую канфэрэнцыю ў графстве Кент, якую раз на дзесяць гадоў ладзіць супольнасьць англіканскіх цэркваў, што прызнаюць сваім духоўным лідэрам Арцыбіскупа Кентэрбэрыйскага, у ліпені не прыехалі каля 200 біскупаў — ў асноўным, з краінаў трэцяга сьвету. Раней яны правялі асобную канфэрэнцыю ў Ерусаліме і вырашылі стварыць сваё брацтва, якое не прызнае лібэральных зьменаў.

Хоць Англіканская царква ўзьнікла ў выніку Рэфармацыі ў Англіі ў XVI стагодзьдзі, самі яе прыхільнікі не называюць сябе пратэстантамі ды лічаць сваю веру каталіцкай. Тым ня менш, Расейская праваслаўная царква да апошняга часу лічыла Англіканскую царву, якая сёньня аб’ядноўвае 77 мільёнаў прыхаджанаў у розных краінах сьвету, кананічна блізкай, у адрозьненьне ад каталіцкай. На некаторых расейскіх прасваслаўных сайтах пішуць нават, што Англіканская царква была некалі (за часам караля Артура) праваслаўнай, што ёсьць, зразумела, чыстай ахінеяй.

Хто першым кінуў камень?

Рашэньне англіканскага сыноду дазволіць жанчынам займацца сьвятарнай дзейнасцью (як скажам, у лютэранскай Швэцыі) выклікала нэрвовую рэакцыю Маскоўскага патрыярхату. Прадстаўнік адзьдзелу замежных зносінаў МП сьвятар Ігар Выжанаў заявіў: «…для міжхрысьіцяінскага дыялёгу гэтае рашэньне ёсьць, безумоўна, вельмі балючым крокам, таму што яно ўсё больш і больш аддаляе англіканскую супольнасьць ад Цэркваў апостальскай традыцыі…» і пагражае расколам Англіканскай царкве.

Цікава, што клопат пра адзінства англіканскай супольнасьці патрыярхія выказала акурат у той момант, калі над самой РПЦ навісла рэальная пагроза расколу. У чэрвені архірэйскі сабор у Маскве асудзіў япіскапа Анадырскага і Чукоцкага Дыяміда (Дзюбана) і забараніў яму служыць. 17 ліпеня сынод павінен быў канчаткова пазбавіць яго сану, але даў адтэрміноўку раскольніку да верасьня, каб той адумаўся. Між тым, Дыямід у сувязі з 90‑й гадавінай расстрэлу царскай сям’і абвясьціў анафему… Патрыярху Аляксію ІІ, а таксама мітрапалітам Смаленскаму Кірылу і Менскаму — Філарэту, абвінаваціўшы іх у барацьбе супраць аднаўленьня манархіі ў Расеі. Дарэчы, патрыяршы экзарх Беларусі мітрапаліт Філарэт выступіў раней з тлумачэньнем на саборы, што кананізацыя расейскага цара як пакутніка «не зьвязана ні з заклікам да аднаўленьня дынастыі Раманавых на прастоле, ні з заклікам да аднаўленьня манархіі».

Тым самым, на думку Дыяміда, РПЦ парушыла клятву вернасьці Раманавым, дадзеную ў 1613 годзе…

Дыямід у сваіх казанях заклікае адмовіцца ад мабільных тэлефонаў, Інтэрнэту, індывідуальных нумароў падаткаплатніка, пашпартоў і нашэньня гальштукаў. Паведамлялася, што пры канцы чэрвеня ў Маскве «дыямідаўцы» зхляснуліся з актывістамі патрыятычнага руху «Нашы». Пры гэтым яны білі «нашыстаў» па галовах іконамі ды парвалі іхны плякат «Асновы праваслаўнай культуры — у кожную школу!» Як гаворыць расейскае прыслоўе, «за что боролись, на то и напоролись».

Фактычна, РПЦ сутыкнуліся з тымі ж наступствамі, што і дзяржаўная тэлевізія. Гуляючы на патрыятызьме, прапагандуючы ролю царквы як сымбалю расейскай (бізантыйскай) дзяржаўнасьці, выключную духоўнасьць расейскага народу, якая процістаіць, нібыта, лібэральным каштоўнасьцям Захаду, арганізатары ўсіх «апошніх перамогаў» Расеі сутыкнуліся з тым, што пасеяныя імі зубы дракона пачалі даваць усходы. А цёмныя інстынкты масаў — выходзіць з‑пад іхнага кантролю. І самае галоўнае, невядома, што цяпер з уісм з гэтым рабіць. Уменьня пераконваць, а тым больш дыскутаваць — не хапае.

Маскоўская патрыярхія ўжывае ў барацьбе зь мяцежным япіскапам мэтады, якія не нашмат лепшыя за тыя, што ўжывалі савецкія камуністы. Так, патрыярхія абвінавацла Дыяміда ў тым, што ён маліўся ў храме (уявіце сабе!) за былога губэрнатара Чукоткі Рамана Абрамовіча. Віна сьвятара, зразумела, ня ў тым, што за губэрнатара маліўся, а ў тым, што за Абрамовіча. Ну, і бязь зьліву «кампрамату», вядома, не абышлося — адшукалі ў інтэрнэце ЖЖ‑дзёньнік (!) нейкага сьвятара, які пісаў, што Дзюбан некалі ледзьве не зарубіў некага тапаром…

Выглядае, што ў Расеі можа хутка зьявіцца свой праваслаўны мула Амар. І спадзявацца расправіцца зь ім з дапамогай кампрамату, адлучэньня ад царквы ці нават арышту было б вялікай наіўнасьцю.

Ад вялікага да сьмешнага…

На завяршэньне варта параўнаць вынікі згаданага на пачатку апытаньня ў РФ з вынікамі падобных праектаў і іншых краінах. Не сакрэт, што першай ідэю такога апытаньня вылучыла тэлерадыёкарпарацыя Бі‑бі‑сі. У 2002 годзе яна ажыцьцявіла свой праект «100 вялікіх брытанцаў». Цікава, што імёны, якія ўвайшлі ў першую сотню па выніках праекту, былі апублікаваны ў альфабэтным парадку. Пра дзесяць найбольш папулярных брытанцаў Б‑Бі‑Сі зрабіла дзесяць тэлефільмаў. Вось гэтыя імёны (таксама паводле альфабэту) — інжынэр у галіне транспарту Ісамабард Брунэль, Уінстан Чэрчыль, Олівэр Кромвэль, Чарлз Дарвін, прынцэса Дыяна, каралева Лізавета І, Джон Ленан, адмірал Нэльсан, Ісаак Н’ютан і Ўільям Шэкспір.

У 2003 годзе падобнае апытаньне было праведзеныя і ў Нямеччыне, на канале ZDF. Першую дясятку склалі імёны стваральніка ФРГ Конрада Аденаўэра, Марціна Лютэра, канцлера Вілі Бранта, Ягана Сэбаст’яна Баха, Яна Гутэнбэрга, Яганэса Вольфганга фон Гётэ, Ота фон Бісмарка, Альбэрта Айнштэйна.

У 2005 годзе ў Францыі апытаньне «Сent plus grands Français» на канале TF‑1 дало шмат у чым нечаканыя вынікі. Першае месца, як і прагназавалася, заняў Шарль дэ Голь. Далей ішлі лекар і біёляг Люі Пастэр, рэлігійны дзеяч абат П’ер, нобэлеўская ляўрэатка Марыя Кюры (дарэчы, палякі абурыліся, бо лічаць Кюры‑Складоўскую сваёй суйачыньніцай). А вось на пятым месцы апынуўся папулярны актор Калюш, які абыйшоў Віктора Гюго, на восьмым, адразу за Мальерам, — комік Бурвіль. У першую дзясятку ўвайшлі таксама акеаноляг Жак‑Іў Кусто і Эдыт Піяф. І самае цікавае — байкапісец Ляфантэн і фантаст Жуль Вэрн апярэдзілі Напалеона Банапарта, яік апынуўся ўсяго толькі на 16‑м месцы!

У ЗША апытаньне мела больш прадказальныя вынікі. Самым вялікім быў прызнаны Рональд Рэйган, за ім ішлі Аўраам Лінкольн, Марцін Лютэр Кінг, Джордж Вашынгтан, Бэнджамін Франклін, Джордж Буш‑малодшы, Біл Клінтан, Элвіс Прэсьлі, Опра Ўінфры (папулярная тэлевядоўца) і Франклін Дэлана Рузвэльт. З дзесяці пяцёра — прэзыдэнты. Праўда, прысутнасьць у сьпісе Джорджа Буша — малодшага ўжо тады выклікала нямала іранічных водгукаў.

Але самым вясёлым атрымалася апытаньне ў Чэхіі. У дзясятку «вялікіх чэхаў» адразу патрапіў быў літаратурны пэрсанаж Швэйк, якога давялося «дыскваліфікаваць». Перамог у першым туры Яра Цымрман з такой вось біяграфіяй: «нарадзіўся ў 1857‑м (ці 1864, ці 1867, ці 1894 — акушэр быў пьяны і неразборліва напісаў дату), бацькі вырасцілі яго як дзяўчынку, каб ён мог даношваць рэчы сваёй сястры. Ён вынайшаў ёгурт, CD (Cimrman’s Disk), 7 мэтраў не дайшоў да Паўночнага полюсу (прагналі індзейцы) і ўгаварыў Чэхава перапісаць «Тры сястры» (калі Яра пачуў рабочую назву «Дзьве сястры», ён запытаўся — а ці не замала?)» (Цыт. паводл сайту telekritika.ua — В.Т.)

Паколькі Яра, як выявілася, таксама быў прыдуманым сатырычным пэрсанажам, першае месца замест яго давялося аддаць каралю Багеміі Карлу IV Пшэмыславу. У дзясятку ўвайшлі таксама першы прэзыдэнт Чэхаславаччыны Томаш Масарык, рэлігійны рэфарматар Ян Гус, нацыянальны герой Ян Жыжка, пісьменьнікі Карэл Чапэк і Бажэна Немцава. Зь вядомых у сьвеце асобаў у сотню патрапілі Франц Кафка, былая дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт (народжаная Марыя Яна Корбелава), тэнісістка Марціна Наўрацілава, вядомая, між іншым, сваёй нетрадыцыйнай арыентацыяй, і нараджэнец Чэхіі псыхааналітык Зыгмунд Фройд.

Ці можна ўявіць сабе падобныя вынікі ў сённяшняй Беларусі? Калі б ідэя правесьці апытаньне пад умоўнай назвай «Вялікія беларусы» прыйшла да галавы кіраўніцтву БТ, чыіх імёнаў назвалі б больш — пісьменьнікаў, навукоўцаў, артыстаў, каралёў, ці савецкіх военачальнікаў і партыйных кіраўнікоў? А можа, побач зь імем Каліноўскага мы пабачылі б імя Мураўёва‑Вешальніка? Падобнае, на жаль, ня выключана.

Віталь Тарас

P.S.

А вось вынікі сапраўднага сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў Расеі згаданым фондам Грамадзкая думка: 1. Пётра I . 2. Сталін. 3. Ленін. 4. Брэжнеў. 5. Маршал Жукаў. 6. Барыс Ельцын. Далей ідуць Кацярына ІІ, Сувораў, Кутузаў і Юры Гагарын. Цар Мікалай ІІ не патрапіў нават у першыя 50 імёнаў! Пушкін заняў не 4-е месца, як заяўляе канал «Расея», а 13-е, усьлед за Хрушчовым. А Ўладзімір Высоцкі – З7-е (а не 5-е). Няўжо Пётра І не дагадзіў тым, што некалі «прарубіў вакно ў Эўропу»?

ВТ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0