Музыка1010

Варашкевіч: Я ўпершыню пагляджу «Еўрабачанне», хоць граю зусім іншую музыку

Не так даўно гурт «Крама» адзначыў сваё 25-годдзе, але, нягледзячы на ўзрост, папулярнасць калектыву нарастае. У гурта папаўняецца армія прыхільнікаў, сярод якіх і аматары традыцыйнага рок-н-ролу, і знаўцы беларускай мовы, ды і проста неабыякавыя да якаснай музыкі. Напярэдадні «Вялікага вясновага канцэрта» мы сустрэліся з лідарам «Крамы» Ігарам Варашкевічам і пагаварылі на агульнафіласофскія тэмы: пра беларускую музыку, сучасную моладзь, пра шкоду і карысць інтэрнэту.

Плюсы і мінусы інтэрнэту

Інтэрнэт — рэч неадназначная. З аднаго боку, дае ледзь не бязмежныя магчымасці доступу да інфармацыі, з другога — спараджае шэраг праблемаў. Моладзь амаль увесь вольны час праводзіць у сацсетках, ігнаруючы кнігі і нават паходы ў кіно. Лідар «Крамы» ставіцца да гэтага спакойна.

«Заўжды ў нейкіх прагрэсіўных рэчах ёсць выдаткі, і кожнае пакаленне, у тым ліку і я, наракае на тое, што, маўляў, мы былі вось такія, а моладзь не такая. Але так не бывае, што раней жылі добрыя людзі, а потым сталі жыць дрэнныя. Людзі ў прынцыпе не змяняюцца асабліва, як від, які існуе на зямлі, з усімі сваімі станоўчымі і адмоўнымі бакамі», — лічыць Варашкевіч.

Калі мне нешта не падабаецца, я сам сабе кажу: «Ігар Уладзіміравіч, узгадайце, колькі вам гадоў і, калі ласка, памятайце, што вы былі такім жа ў іх узросце».

Галоўны мінус інтэрнэту музыка бачыць у тым, што ён замяніў людзям простыя чалавечыя стасункі, нават тэлефанаванні. «Таму што тут не трэба плаціць грошы, а проста —тык-тык-тык — увечары ты каму-небудзь паставіў лайк, каму-небудзь нешта напісаў, усміхнуўся ну і ўсё».

«Нават у маёй кампаніі бывае такое, што людзі сядзяць, размаўляюць, а потым глядзіш — і ўсе ўжо з тэлефонамі ў руках. Пасядзелі-пасядзелі, надакучыла — і ўжо кожны там калупаецца. Я кажу, маўляў, пачакайце, давайце па-нармальнаму пагутарым!».

Асноўная рыса беларускіх музыкаў — занудства

З лідарам «Крамы» закранулі і пытанне стану беларускага рока. Варашкевіч лічыць, што беларуская музыка вылучаецца занудствам, і ў 80% выпадкаў ужо па першых акордах, пачутых праз радыё, можна здагадацца, што гэта менавіта беларускі выканаўца.

«Нуднасць чуваць і па гуку, і па тэматыцы тэкстаў. Я ж не магу параіць ці папрасіць, маўляў, хлопцы, хацелася б, каб вы больш рамантычныя песні спявалі. Гэта альбо ёсць, альбо няма. На вялікі жаль», — канстатуе лідар «Крамы».

Варашкевіч распавёў, як аднойчы вырашыў праслухаць новы альбом сімпатычнай яму каманды, але так і не здолеў зрабіць гэтага да канца, бо слухаць надакучыла ўжо недзе на шостай кампазіцыі. «Я ехаў у машыне з таварышам, і мы нават праехалі наш паварот. Я потым сказаў, што гэта адбылося, таму што мы слухалі гэты гурт — ён нас усыпіў».

«Я разумею, што ў параўнанні, напрыклад, з Beatles, наша музыка таксама, напэўна, занудная. Але у песнях «Крамы» хаця бы ёсць і жыццё, і смерць, і каханне, і п'янства».

Музыка патлумачыў, што тэрмін «занудства» ўжывае адносна і тэкстаў, і музыкі. У плане музыкі — гэта прага беларускіх музыкаў да адных і тых жа ладоў і акордаў, пад якія пішуцца тэксты як пра каханне, так і пра смерць. «Але ж не будзеш спяваць пра смерць у мажоры. Вядома, можна пасмяяцца… Але ўсё ж такі песня пра смерць павінна некалькі адрознівацца ад песні пра каханне або пра здраду».

«Адна і тая ж пастаянная «даўбежка» — як слоўная, так і музычная. Гэта тычыцца і вельмі вядомых нашых музыкаў. Я часам сам хачу паслухаць чый-небудзь новы альбом, але да канца гэта зрабіць не заўжды атрымліваецца,» — распавёў ігар Варашкевіч.

Лідар «Крамы» адзначыў, што галоўнае для музыкі — гэта пастаянна займацца. І думаць больш пра творчасць, чым пра папулярнасць ці грошы.

«Вядома, грашовае пытанне таксама важнае, але ёсць такія музыкі, якія ўсё пралічваюць. У іх нават нешта і атрымліваецца, але гэта выглядае не натуральна. Я ж люблю, каб у творчасці было жыццё, а не папярэдне разлічаная схема. У музыцы па схеме не будзе сапраўднай энергіі», — лічыць музыка.

Асаблівасці Re1ikt і Tonqixod ды трыумф NAVIband

Але не ўсё так дрэнна з беларускай музыкай, як здаецца на першы погляд. Варашкевіч лічыць, што ў нас у Беларусі ёсць вельмі годныя каманды еўрапейскага ўзроўню. У прыватнасці, музыка адзначае творчасць Re1ikt і Tonqixod.

«Ёсць як мінімум дзве групы, якія мне вельмі падабаюцца. Гэта Re1ikt і Tonqixod. Хто з іх больш — не важна. Яны вельмі розныя. Калі Re1ikt мне проста падабаецца, то пабачыўшы выступ Tonqixod, на YouTube, я быў шакаваны. Гэта тое, што называецца «Ваў!» — распавёў Варашкевіч.

І дадаў, што, нягледзячы на тое, што ў Tonqixod музыка досыць складаная для ўспрымання, тым не менш, гэта адзін з тых гуртоў, чый альбом ён змог даслухаць да канца.

Музыка адзначыў і поспехі гурта NAVIband ў сувязі з паездкай на «Еўрабачанне», пазычыў ім добрага выступу і падкрэсліў, што ўсялякага роду агідныя каментары ў сацсетках з нагоды іх перамогі ў нацыянальным адборы абсалютна недарэчныя.

«Я ніколі не цікавіўся гэтым конкурсам, таму што граю зусім іншую музыку, але ў дадзеным выпадку я, магчыма, нават пагляджу «Еўрабачанне» і буду заўзець за нашых. Вельмі спадзяюся, што калі яны не перамогуць, то, ва любым выпадку, годна выступяць».

Музыка адзначыў, што яму б вельмі не хацелася, каб у выпадку непаспяховага ўдзелу ў конкурсе на NaviBand пасыпаліся нейкія абразы ды нараканні, як гэта неаднаразова здаралася з папярэднімі ўдзельнікамі конкурса. «Яны вельмі пазітыўныя, я спадзяюся, што яны якраз гэтым і возьмуць. Яны закаханыя ў жыццё, на іх прыемна глядзець, іх прыемна слухаць. Гэта вельмі важна».

Заключэнне, або Пра мову і рок-н-рол

Варашкевіч мяркуе, што ў музыцы павінна прысутнічаць ідэя, павінна быць нешта сваё, вядомае і непадробленае, а не ярка выяўленая арыентацыя на даўно вядомыя гурты.

«Беларускаму музыку лепш спяваць на сваёй роднай мове. Але я не магу даваць ніякіх парадаў. Калі тут дэмакратыя, то хай кожны выбірае тое, што ён хоча. Хочаш — па-ангельску, хочаш — па-руску, па-беларуску, альбо на некалькіх мовах».

Але тут жа дадае, што для таго, каб спяваць на англійскай мове, трэба на ёй думаць. Бо песні выконваюцца на сцэне толькі свядома, інакш артыст проста не зможа перадаць настрой, а калі і зможа, то яму мала хто паверыць, ва ўсялякім выпадку, гэта павінна выглядаць натуральна.

Музыка са шкадаваннем адзначае, што эпоха рок-н-ролу сыходзіць. Жыццё змяняецца, а разам з ім змяняецца і музыка.

«У 80-х Грабеншчыкоў казаў, што «рок-н-рол мёртвы, а я яшчэ не», і паспяшаўся. Не магу сказаць, што ён памёр менавіта цяпер, проста кудысьці трансфармаваўся. У нашай краіне гэта адбываецца па-свойму, а ў Амерыцы кантры-музыка, разам з r&b і іншай «папсой», працягвае збіраць мільённую аўдыторыю, ну а ў Еўропе ідзе большы ўхіл на рамантызм, можа таму мы падаемся ім такімі брутальнымі».

Каментары10

Цяпер чытаюць

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні4

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі вычарпалі гадавую квоту на электрамабілі

Ігар Карней: Што немагчыма дараваць крыважэрнай сістэме26

Беларускі футбаліст выратаваў чалавека, што тануў1

Пасажыра самалёта ў ЗША прыматалі скотчам да крэсла пасля бойкі на борце1

Пуцін даў указанне трое сутак не біць па Кіеве12

У Гомелі за палітыку асудзілі кіраўніка аб'яднання, якое шукае парэшткі ахвяраў вайны і сталінскіх рэпрэсій, і яго жонку-медсястру9

Кухараў: Будаўніцтва трэцяй лініі метро не пераносіцца1

Новая мадэль Claude за 44 хвіліны ўзламала шыфр, які не маглі разгадаць 373 гады4

«У сезон можна зарабляць на рыбе больш за 10 000 на месяц». Беларуска пра жыццё на Камчатцы11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні4

Адцісканні з татам, урокі з мамай. Як жыве і вучыцца сям’я Севярынцаў у Вільні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць