Лукашэнка запатрабаваў да 1 мая працаўладкаваць усіх беспрацоўных
Аляксандр Лукашэнка даручыў да 1 мая вырашыць пытанне працаўладкавання ўсіх беспрацоўных. Пра гэта прэзідэнт заявіў сёння на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця краіны.
«Па працаўладкаванні беспрацоўных — я ўжо казаў пра тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, яны ў нас ёсць (хай не крыўдзяцца) — п'яніцы, алкаголікі, тыя сапраўды дармаеды, як іх называлі раней. Да іх — адны метады прымусу да працы. Тых, хто па няшчасці апынуўся без працы, мы павінны кожнага прыняць, і не толькі ў службе занятасці, а ў органах улады і аказаць дапамогу», — сказаў прэзідэнт.
На яго думку, непрацаздольныя, якія стаяць на ўліку на біржы працы, маюць магчымасць знайсці працу.
«Але людзі павінны разумець, што яны, перш за ўсё, павінны шукаць сабе працу. А мы ім павінны дапамагчы. Да 1 мая ўсе павінны быць працаўладкаваны, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — І запомніце, у якое б я месца і раён ні прыехаў, мой памочнік выедзе туды загадзя і запросіць публічна беспрацоўных людзей да мяне на сустрэчу. І не дай бог пасля 1 мая такія людзі будуць».
Паводле слоў кіраўніка краіны, у Мінску на работах па добраўпарадкаванні тэрыторыі парой задзейнічана дарагая тэхніка, «эксплуатацыйныя і амартызацыйныя выдаткі на якую значна перавышаюць кошт ручной працы». «Трэба вызначыць месцы, куды павінны прыйсці людзі па працу, стварыць брыгады, групы, якія будуць лес высаджваць, платы будаваць, фарбаваць, прыбіраць тэрыторыю, капаць, вазіць, насіць і іншае. І мы зоймем усіх людзей», — заявіў прэзідэнт.
Беспрацоўных у мінулым годзе было 5,8% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.
Каментары