Літаратура1414

Журналіст «Белсата» напісаў кнігу пра тое, як бывае, калі з’ехаў і не збіраешся вяртацца

Зміцер Кустоўскі. Фота: Дзяніс Дзюба

Зміцер Кустоўскі, журналіст тэлеканалу «Белсат», выдае сваю першую кнігу ў Беларусі. Раман «Прытулак» распавядае пра маладога хлопца, які на хвалі эміграцыі ўхапіўся за магчымасць пакінуць так званую стабільнасць. Што адбылося з ім, як ён шукаў сябе і ці знайшоў? Піша belsat.eu.

Пра тое, што Зміцер піша кнігу, не ведаў амаль ніхто, у тым ліку калегі, побач з якімі кожны дзень журналіст працуе ў рэдакцыі. Але напярэдадні выхаду яго раману «Прытулак» мы паразмаўлялі з маладым аўтарам. Аказалася, што апошнія тры ці чатыры гады ці не кожны вечар Зміцер Кустоўскі прыходзіў дадому з працы і сядаў за іншую працу — напісанне ўласнага раману.

«Гаворка ідзе пра маладога хлопца, якога прыбіла жыццё на радзіме, дзе нічога не адбываецца, і здаецца, нават ніякіх узрушэнняў няма, але ў той жа час жыццё ў гэтай краіне — не для слабакоў. І наш герой вырашае з’ехаць. Ён паддаецца хвалі, модзе і едзе следам за іншымі. У тэксце не называецца краіна, адкуль ён з’язджае, але, ведаючы рэаліі і маё паходжанне, вядома, адразу бачыцца Беларусь», — распавядае Зміцер.

Галоўны герой атрымлівае легальны статус, намагаецца прыладзіцца да быту, нават сустракае каханне. Жыццё за мяжой, праблемы з грашыма, звязка з крымінальным светам праходзіць праз малады розум, турбуе сумленне, душу, што імкнецца да ўнутранага пошуку сябе, свайго месца ў свеце, сваёй дарогі.

Кніга «Прытулак» — не аўтабіяграфія. Але аўтар кажа, што асабістага там шмат. Астатняе — з досведу эміграцыі сяброў, знаёмых.

«Так атрымалася, што калі я пераехаў у Варшаву ў 2011-м годзе, навокал было шмат людзей, якія атрымлівалі палітычны прытулак у Польшчы. Адсюль і назва кнігі. У пэўны момант мне здавалася, што вакол мяне ўсе такія, уцекачы. Цікавыя, дзіўныя. Шмат хто быў малодшы за мяне і прыязджалі пасля выбараў 2010-га году. Гэта была быццам сістэма, канвеер. Мяне гэта здзіўляла, цікавіла, я шмат з імі кантактаваў і нейкі зборны вобраз увасобіў у тэксце», — кажа Зміцер.

Аўтар пацвердзіў, што «Прытулак» у нейкім сэнсе палітычная кніга, расповед пра змагара, апазіцыянера. Бо штуршком для напісання сталі падзеі 2010-году, хоць пра іх і не вядзецца гаворка ў рамане. А галоўны герой у сваім даэміграцыйным жыцці займаўся палітычнай дзейнасцю.

«А потым ён зразумеў, што нельга быць апазіцыянерам па-за межамі краіны, гэта не мае ніякага сэнсу. І хоча жыць проста. Гэтую кнігу зразумеюць не толькі змагары або эмігранты. Але ўсе, каму не сядзіцца на месцы, каму ў Беларусі цесна, каму не хапае паветра, хто ездзіць у Еўропу і цікавіцца ёй, знойдуць сябе ў гэтым творы. Гэта прыгодніцкі аповед, і будзе шкада, калі нехта яго ўспрыме толькі як расповед пра апазіцыянера ў эміграцыі», — разважае Зміцер.

У кнізе Змітра Кустоўскага героі маюць свае рэальныя прататыпы, якія жывуць цяпер у Польшчы, або засталіся ў Беларусі. А ўсе падзеі — адбываліся насамрэч, або маглі б адбыцца. Розныя гарады, розныя абставіны, рэалістычныя апісанні. Некаторыя падзеі аўтар быццам спісаў з будучыні, так ён прызнаўся сам. Дадумаў, напісаў — а праз нейкі час прачытаў пра гэта ў навінах.

Журналісцкі досвед аўтара падпітваў працу. Калі ствараеш тэксты штодня і пастаянна працуеш з навінамі і чытачамі, то гэта шмат дапамагае ў напісанні ўласнай кніжкі. З іншага боку, быць адначасова і журналістам і пісьменнікам — цяжка.

«Нашая праца сёння — гэта тэксты пра кошты ў краме, пра палітыку, пра здарэнні. Вельмі шмат тэмаў, яны вельмі розныя, шмат інфармацыі, і калі табе патрэбна ў нешта пагрузіцца, нават чытаць кніжку, не тое нават, каб пісаць яе, — становіцца складана. Увесь час усплывае — вось гэта патрэбна спраўдзіць, пра гэта прачытаць, і што там, дарэчы, сёння ў Луганску», — распавядае Зміцер Кустоўскі.

Штуршком для напісання і выдання кнігі стала ўсё ж тое самае жаданне журналіста распавесці, падзяліцца, паказаць, як бывае або як можа быць. У аўтара дагэтуль застаюцца пытанні да самога сябе датычна прынятага рашэння з’ехаць з Беларусі. Але нягледзячы на іх, на радзіму аўтар раману «Прытулак» вяртацца ў бліжэйшы час не збіраецца.

«У 2011 годзе я марыў вярнуцца праз два ці тры гады. Але вось і пяць год, і шэсць, але нічога тут не змянілася. Я параўноўваю цяперашнюю Беларусь з той, якой яна была, калі я быў малодшы, дзесяць, дваццаць гадоў таму. Усё тое ж самае. Так усё жыццё можа прайсці ў гэтай бездапаможнасці. Няхай лепш яна выліваецца ў творах, тэкстах, песнях. А ўвесь гэты ўнутраны канфлікт будзе штуршком, зажымам, каб нешта ствараць. Бо калі б не было гэтага, то і нічога не напісалася».

Кніга «Прытулак» Зміцера Кустоўскага выходзіць у выдавецтве «Галіяфы». Прэзентацыя адбудзецца 4 снежня ў Арт-Сядзібе па вуліцы Машэрава, 18 а 19-й гадзіне, дзе можна будзе задаць пытанні аўтару, падпісаць кнігу. На прэзентацыі таксама выступіць пісьменнік Кірыл Стаселка і заспявае Фёдар Жывалеўскі, саліст гурта «Голая манашка».

«Зараз я станаўлюся на невядомую для мяне дарогу. Не ведаю, як усё гэта будзе ўспрынятае, магчыма, закідаюць рэзкай крытыкай. У Беларусі не такі развіты кніжны рынак, але крытыка вельмі жорсткая, не толькі з боку крытыкаў, але з боку грамадства, усе гэтыя дыскусіі ў сацыяльных сетках. Зараз я ведаю, што вось мая кніга выходзіць, і з гэтага моманту я станаўлюся пад удар. Я спадзяюся, што я гатовы», — кажа Зміцер Кустоўскі.

Каментары14

Цяпер чытаюць

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь увайшла ў топ-25 краін з самым танным курыным філе3

Караль Наўроцкі заклікаў польскі Сейм забараніць сцяг УПА37

Чэшка Лінда Носкава выйграла Уімблданскі турнір

Беларусам патлумачылі, чаму накіп у чайніку — гэта добра6

Наста Рагатко расказала пра «тупыя ўстаноўкі», ад якіх ёй прыйшлося адмовіцца пры продажы сваёй кнігі13

Манэ і не снілася. У дэндрасадзе каля Нарачы можна пабачыць сажалку з гарлачыкамі і больш за 500 раслін2

Сабаленка расказала, чаму жаніх падарыў ёй такі буйны пярсцёнак2

У Ашмянах бабёр перайшоў дарогу строга па пешаходным пераходзе ВІДЭА4

Амерыканцы любяць гаварыць пра заняпад Еўропы. Але большасць еўрапейцаў жыве лепш за іх. Праўда, яшчэ не беларусы23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну7

Беларускі добраахвотнік расказаў, што сёння насамрэч вырашае вайну

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць