Вышэйшая адукацыя зніжае імавернасць захварэць на атлусценне ва ўсіх, апроч афраамерыканцаў
Навукоўцы з Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША даследуюць атлусценне жыхароў краіны. Яны адзначаюць, што большасць мясцовых мужчын з вышэйшай адукацыяй на траціну радзей пакутуюць на атлусценне, чым тыя, хто скончыў толькі школу. Аднак дзіўна, што на афраамерыканскіх мужчын гэтая заканамернасць не распаўсюджваецца, і атлусценне ад узроўню адукацыі амаль не залежыць.
Падчас даследавання навукоўцы прааналізавалі інфармацыю аб стане здароўя і харчавання жыхароў ЗША за 2011-2014 гады. Было вывучана распаўсюджванне атлусцення сярод людзей, старэйшых за 20 гадоў, з розным узроўнем адукацыі, даходамі, полам і этнічнай прыналежнасцю.
Усяго аўтары даследавання прааналізавалі дадзеныя 10636 чалавек: белых, афраамерыканцаў, лацінаамерыканцаў і людзей азіяцкага паходжання.
Аказалася, што на атлусценне пакутавалі 38% жанчын і 34% мужчын. У працэнтных суадносінах часцей за ўсё яно сустракалася ў афраамерыканцаў (48%), на другім месцы былі лацінаамерыканцы (42,5%), на трэцім — белыя (34,5%).
Цікава, што сувязь з узроўнем адукацыі прасочвалася практычна ва ўсіх: людзі з вышэйшай адукацыяй пакутавалі на атлусценне радзей за астатніх. Толькі ў афраамерыканскіх мужчын узровень захворвання апынуўся прыкладна аднолькавым незалежна ад адукацыі.
У артыкуле, апублікаваным навукоўцамі, не паведамляецца пра прычыны такіх дзіўных вынікаў.
Каментары