Старшыня КДБ паказаў, як выглядае тэлефон Лукашэнкі і цэнтр кіравання ўрадавай сувяззю ФОТЫ
Падчас інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь-1» старшыня КДБ Валерый Вакульчык паказаў цэнтр кіравання ўрадавай сувяззю, распавёў пра яе ўнікальнасць і прадэманстраваў сучасныя апараты, якімі карыстаюцца чыноўнікі.
«Урадавая сувязь — адзін са складнікаў кіравання дзяржавай, — распавядае Вакульчык. — Намі створаная ўнікальная сістэма на аснове оптавалаконнай сувязі: яна не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Напрыклад, інтэрактыўная карта дазваляе ў рэжыме рэальнага часу кантраляваць стан ліній сувязі, і, калі недзе адбыўся разрыў або спроба пранікнення, сістэма дазваляе за долю секунды пераключацца на рэзервовую лінію і сувязь працягвае функцыянаваць. Гэта сістэма створаная літаральна два гады таму. Для нашых папярэднікаў гэта фантастыка, мара, якая раней здавалася нязбыўнай».


Старшыня КДБ запэўніў, што сістэма распрацаваная беларускімі спецыялістамі, і ўсё абсталяванне, выкарыстанае для яе стварэння, — таксама беларускай вытворчасці.
Вось як выглядаюць прылады, якімі карыстаюца непасрэдна службовыя асобы — «абаненты урадавай сувязі». Да іх адносяцца пульты ўпраўлення кіраўніка і тэлефонныя апараты. Раней усё гэта закуплялася за мяжой.

«Гэта імпартная станцыя сувязі, яна адпрацавала свой тэрмін і трэба было яе замяніць, — працягвае Вакульчык. — Мы прыйшлі да высновы, што трэба ствараць сваю станцыю. Абмеркавалі з кіраўніком краіны ідэю стварэння пульта і ягоны дызайн. Відавочна, што гэты апарат выглядае сімпатычней у параўнанні з тым, што было.

Але кіраўнік краіны не падзяліў нашага аптымізму, сказаў, што патрэбны заўтрашні дзень, і прыкладна апісаў, што ён хацеў бы бачыць. Я абмеркаваў са спецыялістамі, яны сказалі, што гэта немагчыма, і ў нашай краіне мы такое зрабіць не можам. Але задача пастаўлена, і трэба яе выконваць. Пачалі шукаць спосабы і знайшлі некалькі прадпрыемстваў. У выніку на працягу года быў створаны новы пульт кіраўніка. Атрымаўся цікавы, унікальны прадукт з зусім іншым дызайнам: выкарыстаныя сучасныя алюмініевыя сплавы, загартаванае шкло».




Адзін з параметраў ацэнкі абсталявання, па словах старшыні КДБ, — выпраменьванне, узровень якога важны як з пункту гледжання бяспекі (трэба выключыць перахоп сігналу і счытвання інфармацыі), так і здароўя карыстальніка. Аказалася, што абсталяванне, зробленае нашымі спецыялістамі з нашых матэрыялаў, утрая таннейшае за тое, што мы куплялі за мяжой.
Падчас інтэрв’ю быў паказаны і новы тэлефонны апарат урадавае сувязі, распрацаваны ў канцы мінулага года, які таксама таннейшы за замежныя аналагі.


«Усе прылады ўрадавай сувязі мы не можам паказаць, бо сюды ўваходзіць яшчэ і шыфр-апаратура, дарэчы, таксама беларускай вытворчасці. [Якасныя] крыптаграфія, сувязь — адзін з элементаў незалежнасці дзяржавы.
Нямногія краіны могуць пахваліцца тым, што ў іх ёсць такія магчымасці. У нас гэтыя магчымасці ёсць», — запэўніў Валерый Вакульчык.
***
Каментары