«Часам сам у шоку, калі расказваю жарты на іншай мове і людзі смяюцца. Стаю такі і думаю: «Вы што, рэальна мяне разумееце?».

Беларускі стэндапер Павел Радзевіч пахваліўся ў Threads, што ўдзельнічаў у польскай «Бітве комікаў» і перамог: «Шоу, у якім гледачы выбіраюць самага смешнага коміка вечара і ён забірае грошы. І я перамог! У чужой краіне і на чужой мове. Калі вы ўсведамляеце маштабы гэтай падзеі, можаце парадавацца разам са мной».
У Польшчы зараз ідзе ўжо трэці сезон праекта. Ён праходзіць у розных гарадах краіны. Павел удзельнічаў у «Бітве комікаў», якая адбылася ў Седльцы. Найлепшага стэндапера выбіраюць гледачы — менавіта іх галасаванне вырашае лёс грашовага прызу.
У каментарах беларусы захапляюцца комікам — асабліва праз тое, што Павел змог пераадолець моўны бар'ер, а шмат для каго з беларусаў за мяжой гэта праблема.
Ён жа прызнаецца, што для перакладу жартаў на польскую ўсё яшчэ карыстаецца нейрасеткамі. Але ж спрабуе перакладаць самастойна, а з дапамогай ШІ потым знаходзіць і выпраўляе памылкі.
Кажа, што гаворыць з моцным акцэнтам, але не хвалюецца праз гэта. І не баіцца іранізаваць з сябе: «Часам сам у шоку, калі расказваю жарты на іншай мове і людзі смяюцца. Стаю такі і думаю: «Вы што, рэальна мяне разумееце?».
У Паўла спыталі ў каментарах, які жарт, на яго думку, найбольш спадабаўся публіцы ў той пераможны вечар. Ён адказаў: «Складана выбраць, для мяне гэта як у тумане зараз. Любяць яны ўсякі бруд пра піські, але з жартаў пра мігранцкі быт таксама смяюцца».
Павел Радзевіч пачаў займацца стэндапам у 2016 годзе. У 2019 годзе ён быў сярод стваральнікаў Stand Up Comedy Hall у Мінску. У інтэрв’ю сайту «Мост» Павел згадваў, што тады беларусы з пагардай ставіліся да сваіх комікаў: «Людзі выходзілі пасля нашых вечарынак і казалі: «Вельмі крута, мы думалі будзе горш». То бок, яны ішлі на стэндап, і загадзя думалі, што будзе не вельмі: «Гэта ж беларусы выступаюць, чаго ад іх чакаць». Нам заўсёды даводзілася спачатку перабіраць скептыцызм людзей, а потым ужо пачынаць з імі працаваць, як з гледачамі».
Але ж адзначаў, што пасля 2022 года сітуацыя моцна змянілася. Беларусы сталі больш цікавіцца менавіта сваімі комікамі. У тым ліку праз тое, што шмат расійскіх артыстаў «зашкварыліся» сваім маўчаннем наконт вайны альбо адкрыта прапуцінскай пазіцыяй.
У тым жа інтэрв’ю Павел згадвае, што ў 2020 годзе ў Беларусі можна было спакойна жартаваць пра Лукашэнку: «Я памятаю, як у ліпені 2020 года нас паклікалі выступіць на вуліцы, каля гандлёвага цэнтра Galleria Minsk — там было нейкае мерапрыемства. І мы расказвалі жарты і пра Лукашэнку, і пра будучыя выбары, пра ўсё. Міма праходзіць патруль АМАП і нават не глядзіць у наш бок. Цяпер гэта ўсё ўспамінаеш, і як быццам не ў гэтым Сусвеце адбывалася».
Але пасля пратэстаў гайкі пачалі закручвацца. Чыноўнікі сталі патрабаваць ад комікаў атрымоўваць «гастролькі», хацелі загадзя чытаць усе жарты. А з 2022 года жартаваць можна было хіба што толькі пра хатніх гадаванцаў.
У тым жа 2022 годзе Павел выехаў у Польшчу. Цяпер выступае ў розных гарадах Еўропы, рабіў і стэндап на беларускай мове.
Беларускі комік перамог у польскім гумарыстычным тэлешоу
Беларускія комікі запусцілі ютуб-шоу спатканняў усляпую
Жарты бразільца пра Беларусь разышліся па сацсетках. Ябацькі ўжо называюць яго бэчэбэшнікам
«Эркюлі Пуаро з Першамайскага РУУС»: англамоўны стэндапер з Беларусі троліць міліцыю, дапамагаючы шукаць самога сябе
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары