Якія браўзэры зараз самыя папулярныя ў свеце і ў Беларусі: перавагі, недахопы і крыху гісторыі
У канцы ХХ стагоддзя на рынак сталі масава выходзіць персанальныя камп'ютары розных брэндаў, а разам з імі — і праграмнае забеспячэнне. У 1990-х пачалося спаборніцтва за лідарства на рынку праграм, праз якія адбываецца ўзаемадзеянне з інтэрнэтам — браўзэраў.
Доўгі час самым папулярным у свеце браўзэрам быў Netscape Navigator. З’яўленне Internet Explorer ад Microsoft паклала пачатак спаборніцтву за лідарства на рынку. У 1997 годзе на вечарыне ў Сан-Францыска ў гонар выпуску Internet Explorer 4.0 быў прадстаўлены трохметровы лагатып браўзэра. На наступную раніцу работнікі Netscape, прыйшоўшы на працу, убачылі гэтую канструкцыю на газоне перад сваім офісам з запіскай «Ад каманды IE. Мы любім вас». Работнікі павалілі гэтую інсталяцыю і ў адказ размясцілі на ёй постаць свайго фірмовага персанажа — дыназаўра, прымацаваўшы да ягоных лапак знак з надпісам «Netscape 72, Microsoft 18», маючы на ўвазе размеркаванне доляў рынку.
Так пачалася вайна браўзэраў. Тады яшчэ не ведалі, што 72 адсоткі могуць імгненна пераўтварыцца ў 0, а 0 — у 100.
Зараз існуе некалькі найбольш вядомых праграм для доступу ў інтэрнэт, папулярнасць якіх можа значна адрознівацца ў розных краінах. Зборам статыстыкі па іх выкарыстанню займаецца ірландская кампанія StatCounter. Мы паглядзелі, якія браўзэры лідзіруюць у свеце і ў Беларусі і вылучылі іх перавагі і недахопы.
У свеце
У свеце карціна папулярнасці браўзэраў выглядае так:
UC Browser вельмі папулярны ў Кітаі і Індыі, насельніцтва якіх складае 36% насельніцтва Зямлі, таму гэты браўзер займае высокую пазіцыю ў рэйтынгу. У Еўропе ж ён амаль невядомы, таму яго мы ў артыкуле разглядаць не будзем.
1. Google Chrome
З моманту свайго з’яўлення ў 2008 годзе браўзэр ад кампаніі Google заваёўваў рынак неймаверна вялікімі крокамі. І толькі ў 2017 годзе было зафіксавана невялікае падзенне. У чым жа поспех гэтага браўзэру?
Галоўнай інавацыяй Google Chrome стала мінімалізацыя інтэрфейсу: распрацоўшчыкі вырашылі, што найбольш важна сканцэнтраваць увагу карыстальніка на вэб-старонцы, чым на розных прыгожых кнопках і закладках браўзэра. Таксама сваю ролю адыграла вялікая бібліятэка розных вэб-дадаткаў і пашырэнняў.
Перавагі
- Хуткасць. Паводле шматлікіх тэстаў, Chrome займае першае месца па хуткасці працы (загрузкі старонак) сярод усіх папулярных браўзэраў
- Бяспечнасць. Браўзэр мае ўласную базу шкоднасных рэсурсаў, якая рэгулярна абнаўляецца
- Рэжым «Інкогніта», які дазваляе наведваць любыя сайты без адлюстравання іх у гісторыі
- Пашырэнні. Карысныя для тых, хто любіць рэгулярна мяняць тэму афармлення, дадаваць розныя плагіны з надвор’ем, навінамі і г. д.
- Убудаваны перакладчык сайтаў
- Галасавы пошук
- Блакіроўка рэкламы
Недахопы
- Вялікі аб’ём займанае аператыўнае памяці
- Частае запавольванне працы пры некалькіх адкрытых укладках
2. Safari
Гэты браўзэр даступны толькі карыстальнікам аперацыйнае сістэмы macOS ад амерыканскай кампаніі Apple. Некаторы час ён быў даступны і для Windows, але зараз праект закрыты.
Перавагі
- Добрая хуткасць працы пры вялікай колькасці адкрытых укладак
- Функцыя прыватнага прагляду (аналаг «Інкогніта» ў Chrome)
- Убудаваны блакіроўшчык рэкламы
- Магчымасць перадпрагляду старонак па гіперспасылках на сайтах, не адкрываючы дадатковых укладак (старонка адкрываецца ў маленькім акенцы)
- Магчымасць тлумачэння значэння і перакладу асобных словаў на вэб-старонках
- Зручнае кіраванне жэстамі
Недахопы
- Выключны мінімалізм. Дызайн занадта просты — не кожнаму спадабаецца
- Складанасць выкарыстання для навічкоў. Калі не ведаеш, дзе схаваныя тыя ці іншыя функцыі, прыйдзецца іх пашукаць
3. Mozilla Firefox
Гісторыя гэтага браўзэра пачалася ў 2002 годзе. Тады ён павольна, але упэўнена, павялічваў колькасць сваіх карыстальнікаў, заваяваўшы ў 2009 трэцюю частку рынка. У наступным, 2010-м, годзе пачаўся працэс імклівага зніжэння аўдыторыі браўзэра, і зараз, не гледзячы на шэраг прынятых мер па яго мадэрнізацыі, ім карыстаюцца, паводле розных ацэнак, ад 5 да 10 адсоткаў аўдыторыі інтэрнэта.
У 2008 годзе Firefox усталяваў рэкорд па колькасці запампоўванняў праграмы — 8 мільёнаў за суткі. Ён быў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса.
Перавагі
- Стабільнасць працы. Паводле даследавання амерыканскае кампаніі Sauce Labs, у 2014 годзе у Firefox памылкі ўзнікалі радзей, чым у іншых браўзэрах. Стабільнасць працы — адметная рыса браўзэра і зараз
- Вялікая бібліятэка пашырэнняў (гл. недахопы)
Недахопы
- Хуткасць працы даволі нізкая, але з апошнімі абнаўленнямі сітуацыя паляпшаецца
- Хуткасць працы рэзка змяншаецца пры ўсталяванні некалькіх пашырэнняў (плагінаў)
4. Opera
Нягледзячы на тое, што ў свеце гэты браўзэр выкарыстоўвае ўсяго 4% інтэрнэт-аўдыторыі, у Беларусі гэты паказчык складае амаль 17%!
Перавагі
- Хуткасць. «Опера» мае функцыю Turbo, якая дазваляе значна павялічыць хуткасць загрузкі сайтаў. Акрамя гэтага Опера выдатна аптымізаваная для працы на камп’ютарах са слабымі тэхнічнымі характарыстыкамі
- Убудаваны VPN. Можна карыстацца заблакаванымі ў любой краіне сайтамі без выкарыстання ананімайзераў
- Інфарматыўнасць. Браўзэр адлюстроўвае розныя значкі, якія паведамляюць стан старонкі, а таксама дзеянні, якія адбываюцца па-за ўвагай карыстальніка
- Убудаваны блакіроўшчык рэкламы
- Рэжым эканоміі энергіі
Недахопы
- Бяспека. Па выніках некаторых тэстаў і даследаванняў браўзэр «Опера» не з'яўляецца вельмі бяспечным, бо часта ён не бачыць патэнцыйна небяспечныя сайты
- Даволі вялікі аб’ём займанае аператыўнае памяці
5. Internet Explorer і Microsoft Edge
Якімі крокамі Google Chrome заваёўваў любоў карыстальнікаў, такімі ж стандартны браўзэр Windows — Internet Explorer — яе губляў: у сярэдзіне 2008 года гэты браўзэр займаў, паводле розных звестак, да 70% рынку, а цяпер гэтая лічба апусцілася да 3%.
У 2015 на змену Internet Explorer прыйшоў Microsoft Edge. Ён зараз займае прыкладна тую ж долю рынка, што і папярэднік, якім некаторыя ўсё яшчэ карыстаюцца. Але паколькі Internet Explorer не з’яўляецца актуальным браўзэрам, разгледзім перавагі і недахопы толькі Microsoft Edge.
Перавагі
- Дызайн выкананы ў агульным стылі з аперацыйнай сістэмай
- Бяспека. Internet Explorer лічыўся адным з найбольш бяспечных браўзэраў і перадаў гэтую ўласцівасць спадкаемцу
- Галасавы пошук
- Нататкі. Можна выдзяляць тэкст жоўтым віртуальным маркерам, рабіць надпісы і захоўваць усё гэта
Недахопы
- Не вельмі высокая хуткасць працы
- Часам некарэктнае адлюстраванне некаторых старых сайтаў, бо браўзэр новы
- Адсутнасць персаналізацыі — амаль немагчыма настроіць браўзэр па ўласным гусце
Якімі браўзэрамі карыстаюцца беларусы?
Паводле StatCounter, долі браўзэраў на рынку Беларусі размеркаваныя наступным чынам:
Як бачна з графіка ніжэй, сусветнай карціне падзення Internet Explorer і росту папулярнасці Google Chrome у Беларусі адпавядае карціна падзення Opera і росту Google Chrome.
Таксама крыху менш за 5% беларусаў карыстаюцца браўзэрам расійскай кампаніі «Яндэкс», які быў створаны ў 2012 годзе на базе Chromium, як і Google Chrome. У чым яго асаблівасці?
Як і «Хром», «Яндэкс.Браўзэр» мае функцыю аўтаматызаванага перакладу старонак з розных моваў, падтрымлівае розныя пашырэнні і шматлікія жэсты мышы. Некаторыя карыстальнікі ў інтэрнэце скардзяцца, што ён займае шмат аператыўнае памяці, запавольваючы працу камп'ютара пры некалькіх адкрытых укладках.
А якім браўзэрам карыстаецеся вы?
Каментары