Грамадства55

Маладафронтаўка 2000-х Маўлюда Атакулава: Памятаю, як спявалі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» на ўсё Акрэсціна

Вулічныя пратэсты, затрыманьні, разгон намётавага мястэчка пасьля выбараў-2006 і шматлікія пагрозы выключэньня з унівэрсытэту — былая актывістка «Маладога фронту» Маўлюда (Людвіся) Атакулава распавядае пра змагарнае мінулае і айцішнае сёньня ў праекце Свабоды «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён».

Сотні студэнтаў падпісваліся ў яе абарону

«Рыхтуйся, цябе будуць выключаць», — папярэдзіла кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту сваю студэнтку, маладафронтаўку Маўлюду (Людвісю) Атакулаву пасьля шэрагу затрыманьняў і адміністрацыйных зьняволеньняў.

Лісты з сотнямі подпісаў у падтрымку Людвісі студэнты БДЭУ накіравалі ў дэканат: «У маю абарону падпісваліся нават тыя студэнты, якіх я асабіста ня ведала». Кожнага падпісанта пэрсанальна выклікалі на размову ў дэканат.

Ураджэнка Жыткавічаў Маўлюда Атакулава да «Маладога фронту» далучылася, калі паступіла на першы курс менскай ВНУ ў 2006 годзе.

«У мяне мама — даўняя і цяперашняя сяброўка Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, і яна выхоўвала мяне на беларускіх нацыянальных каштоўнасьцях ды ў духу свабоды», — кажа Людвіся.

Людвіся Атакулава пасьля вызваленьня ў жніўні 2008
Людвіся Атакулава пасьля вызваленьня ў жніўні 2008

Першы актыўны ўдзел — у жыцьці і змаганьні «Намётавага мястэчка», якое паўстала на Кастрычніцкай плошчы Менску на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Маўлюду затрымалі падчас гвалтоўнага разгону, але вызвалілі з прычыны ўзросту. Дзеля гэтага маці мусіла прыехаць у Менск з Жыткавічаў, бо непаўналетнюю не выпускалі з пастарунку без дарослых.

Адбыла дзясяткі сутак адміністрацыйнага зьняволеньня ў выніку ўдзелу ў шэрагу мітынгаў, вулічных акцыяў салідарнасьці і пратэсту.

«Падчас адной з адседак на Акрэсьціна мы былі ў суседніх камэрах з нашымі хлопцамі. То перастукваліся зь імі празь сьцяну, а вечарамі пры вэнтыляцыях сьпявалі песьні».

Скончыўшы Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт, Маўлюда два гады адпрацоўвала паводле разьмеркаваньня ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Затым вярнулася ў Менск. Працуе ў ІТ-кампаніі. Грамадзка-палітычнай дзейнасьцю не займаецца.

«Быў рамантычны час і ўзьнёслая гісторыя змаганьня»

— Маўлюда ці Людвіся — як правільна да вас зьвяртацца і адкуль такое незвычайнае імя?

— Фармальна маё імя Маўлюда — з націскам на апошні склад, а Людвіся — гэта на беларускі манер, бо мяне хрысьцілі як Людмілу. Мой тата — узбэк па нацыянальнасьці, ён мяне гэтак і назваў. Азначае — «дзяўчынка, дзіцятка».

Раней яно мне не падабалася, дый людзям звычайна хочацца прасьцей. Таму называлі Людай, Люсяй, нават пахрысьцілі Людмілай. Але цяпер наадварот — люблю, калі кажуць «Маўлюда».

А па-беларуску з гэтым «у нескладовым» дык зусім экзотыка. Адзін мой сябар, грузін, у перапісцы заўжды адмыслова дзесьці гэтае «у нескладовае» выкапіюе і ўставіць, калі да мяне зьвяртаецца, гэтак яму «Маўлюда» падабаецца.

— Тры, сем, дзесяць, пятнаццаць сутак зьняволеньня, якія вы адбывалі — гэта для юнай паненкі як?

— Гэта быў такі рамантычны час і ўзьнёслая гісторыя змаганьня. Падчас нейкіх акцыяў затрымлівалі адразу па некалькі чалавек, і, да прыкладу, аднойчы пятнаццаць сутак уся камэра была нашых дзяўчат. Мы там і песьні сьпявалі, і кніжкі чыталі, і вершы дэклямавалі.

Распавядалі гісторыі, як каго затрымлівалі. У мяне быў выпадак, калі прыехаў у госьці мой брат з Гомля, таксама студэнт, і нас абаіх затрымалі на канцэрце — былі такія прэвэнтыўныя затрыманьні перад нейкай акцыяй. Але паколькі на майго брата загаду не было, то нашыя студэнцкія пасьведчаньні паглядзелі і яго адпусьцілі, сказаўшы: вось вы вольны, бо не брыдкасловіце, а вашу сястру затрымліваем за брыдкаслоўе.

Хлопцы-дзяўчаты, натуральна, паасобку сядзелі, то мы праз вэнтыляцыю, памятаю, са Зьмітром Хведаруком песьні патрыятычныя адзін аднаму сьпявалі — «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» на ўсё Акрэсьціна. Але так было са сваімі людзьмі, а калі сядзіш з чужымі, то пятнаццаць сутак — гэта даволі цяжка. І гэта цяпер згадваецца з усьмешкай, а там, натуральна, нічога радаснага няма.

Лідэры «Маладога фронту» (зьлева направа) Зьміцер Хведарук, Зьміцер Дашкевіч, Іван Шыла і Хрысьціна Самойлава сустракаюць Маўлюду Атакулаву пасьля «сутак». Жнівень 2008
Лідэры «Маладога фронту» (справа налева) Зьміцер Хведарук, Зьміцер Дашкевіч, Іван Шыла і Хрысьціна Самойлава сустракаюць Маўлюду Атакулаву пасьля «сутак». Жнівень 2008 года. 

«За мяне падпісваліся людзі, якіх я ніколі ня ведала»

— Гэтыя «адседкі» былі для вас страчаным часам ці знойдзеным досьведам?

— Натуральна, што знойдзеным досьведам. Бо ў камэру ты трапляеш з самымі рознымі людзьмі. Памятаю, была жанчына з крымінальнай справай, іншая — хворая на рак, тыя, што трапілі па п’янцы. Кожная мела сваю гісторыю, перажывала сытуацыю па-свойму.

У сваім звычайным жыцьці я б ніколі не сутыкнулася з гэтымі людзьмі — гэта такая школа жыцьця.

— Але як вам удалося скончыць унівэрсытэт? Вельмі многіх актывістаў выключылі за палітычную актыўнасьць — яны атрымлівалі адукацыю за мяжой ці нідзе.

— Пашанцавала, напэўна. Праўда, мяне пагражалі выключыць увесь час. Але калі пытаньне стала так, што мусілі даць згоду ўсе дэканы, студэнцкі прафсаюз, то студэнты за мяне заступіліся.

Сабралі больш за пяцьсот подпісаў у маю абарону і перадалі ў дэканат. Прычым ініцыявалі збор тыя студэнты і падпісваліся тыя людзі, якіх я ніколі ня ведала. Я і сёньня ўсім вельмі ўдзячная. Натуральна, гэта мяне вельмі моцна ўзрушыла тады — я паверыла ў нашую салідарнасьць.

«І сёньня жыву тымі ж ідэаламі і перакананьнямі»

— Тым ня менш сяброўства ў «Маладым фронце» і агулам грамадзка-палітычную актыўнасьць вы прыпынілі.

— Так, мой апошні ўдзел у буйной палітычнай падзеі — мітынг пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Мяне тады таксама затрымалі, ноч я прабыла за кратамі, а ранкам адбыўся суд — акурат у мой дзень нараджэньня. Сакратарка ў судзе зьвярнула на гэта ўвагу, і судзьдзя тады: штраф.

Тады ж я скончыла ўнівэрсытэт і на два гады зьехала працаваць па разьмеркаваньні ў Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Так мая палітычная актыўнасьць спынілася.

— Але чаму — перашкодзіла адлегласьць фізычная ці ідэалягічная?

— Не, мне нічога не перашкодзіла. Па-першае, у мяне і тады не было спадзяваньняў, што мы зробім рэвалюцыю і захопім уладу. Не, ня з гэтых памкненьняў я стала актывісткай. А таму, што мне падабаліся самі нашыя лідэры і ідэі, якія яны трансьлявалі. Я ставілася да нашых лідэраў зь вялікай павагай і захапленьнем: разумныя, адважныя і змагаюцца не за кар’еру і не за грошы, а маюць такую ж сьветлую, як і самі, ідэю, за якую гатовыя ахвяраваць жыцьцямі.

І мне прышчапілі гэтую нацыянальную ідэю, натхнілі на дзейнасьць. А калі яны яшчэ апынуліся за кратамі незаконна і несправядліва, то проста нельга было маўчаць.

Праз два гады адпрацоўкі — у 2012 годзе — вярнулася ў Менск, але ўжо ведала, што ў актывізм не вярнуся — займуся звычайнай працай. Да таго ж прайшоў той юнацкі актыўніцкі запал. У мяне была спэцыялізацыя «Рэстаранны і гатэльны бізнэс» — і я пайшла працаваць у рэстарацыю, бо трэба зарабляць грошы, неяк жыць.

Я і сёньня жыву тымі ж ідэямі, тымі ж ідэаламі і перакананьнямі, але ні ў палітыцы, ні ў грамадзкай дзейнасьці я сябе ніколі ня бачыла.

«Я не баюся, што цяпер пайду на акцыю і мяне затрымаюць»

— Ці паўплывалі тыя падзеі на вашае цяперашняе жыцьцё, ці рабілі вы якое падсумаваньне з таго пэрыяду?

— Ні на маю працу, ні на маё месца жыхарства ці маю сям'ю гэта не паўплывала ніяк. Але ў мяне засталося шмат сяброў, вельмі шмат знаёмых з тых часоў, з многімі працягваю кантактаваць. Іншым разам хаджу на сьвяты — сёлета на 100-годзьдзе БНР, летась і сёлета была ў Курапатах разам з абаронцамі. І пры гэтым я не баюся, што вось пайду на нейкую акцыю, мяне затрымаюць і звольняць з працы — такога страху ў мяне няма з часоў актывізму.

Акрамя таго, я больш стала разумець, як нашая Беларусь уладкаваная. А таму ў мяне няма спадзяваньняў, што зьмяніць штосьці можна хутка і лёгка. Але дзякуючы тым сябрам-маладафронтаўцам, якіх спаткала на сваім шляху, у мяне ёсьць сьветлае, радаснае, аптымістычнае адчуваньне, што ўсё памяняецца незалежна ад нас.

Магчыма, мы рабілі штосьці ня так, мала. Але ёсьць шмат людзей, якія робяць проста тытанічную працу: праводзяць фэсты, здымаюць фільмы, шыюць нацыянальную вопратку. Усё гэта дае надзею і аптымізм, што вялікай сілай усё памяняецца да лепшага.

«ІТ-кампаніі — гэта перамены, якіх мы і ўявіць нават не маглі»

— Чым вы займаецеся сёньня?

— Досыць доўга працавала ў рэстарацыі, і гэта быў варты досьвед. Але цяпер раблю эканамістам у ІТ-кампаніі. Вырашыла істотна зьмяніць поле прафэсійнай дзейнасьці і пайшла ў ІТ-кампанію паглядзець, што гэта за такі зьвер. Не магу сказаць, што гэта маё пакліканьне, але паўгода, што тут працую, мне цікава і карысна.

— Ужо высьветлілі, што гэта за зьвер? Ці наадварот — там працуюць нейкія небажыхары?

— Калі прыйшла, то нават не магла зразумець, як гэтулькі разумных людзей маглі адначасна сабрацца ў адным месцы. Усе яны маладыя, адукаваныя, амбітныя, шмат вандруюць — у адрозьненьне ад іншых катэгорый нашых людзей.

Агулам жа ІТ-кампаніі — гэта перамены, якіх мы і ўявіць нават не маглі. І мне падаецца, што ІТ-сфэра для Беларусі — гэта цікавы кірунак для далейшага разьвіцьця.

— Ці ёсьць шанец на жыцьцё ў гэтым асяродзьдзі для беларускай мовы, гісторыі ці культуры?

— Так, ёсьць. Паколькі людзі тут маладыя і актыўныя, то прысутнічаюць тут і вышыванкі, і майкі, і заколкі ў нацыянальным стылі, і па-беларуску размаўляюць. Не магу сказаць, што нацыянальнага ў гэтым асяродзьдзі больш ці менш — хутчэй за ўсё, як і ва ўсім грамадзтве.

Хоць бывае і так, што да нацыянальнай ідэі — як да месяца. Магчыма, што і ў гэтым ёсьць пэўная праўда, але ўсё ж нейкія пробліскі ёсьць, усё ня так безнадзейна.

«Я не змагла б пакінуць сяброў, маці, магілы продкаў»

— Ці задаволеныя вы цяперашнім жыцьцём? Ці не спрабавалі пашукаць лепшай долі за мяжой, як гэта зрабілі, напэўна, многія вашы паплечнікі ці знаёмыя?

— У мяне звычайнае халасьцяцкае жыцьцё: жыву ў найманай кватэры, пакуль няма сям'і і дзяцей — канцэрты, сустрэчы, да мамы дахаты езджу, дзе вельмі люблю адпачываць. Ёсьць у мяне такое шчымленьне, што, можа, маё жыцьцё і занадта «лайтовае» — пэўна, трэба займацца чымсьці больш карысным і важным. Але рабіць гэта трэба з чыстым сэрцам. Спадзяюся, што наступныя гады падораць мне такое захапленьне.

І я ніколі ня думала зьехаць, бо вельмі люблю беларусаў. Мне падаецца, што я не змагла б жыць сярод людзей іншых нацыянальнасьцяў, бо яны вельмі ад нас адрозьніваюцца, а беларусы — тое, што трэба.

Я не змагла б пакінуць сяброў, маці, магілы продкаў. Але ніколі не асуджаю тых, хто зьехаў, хто вырашыў вярнуцца ці не вяртацца — у кожнага свой шлях.

5 пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта…?

— Гэта годная, незалежная, хрысьціянская краіна, дзе шануецца розум і чалавек. Якая павінна заняць пачэсны пасад між іншых народаў.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Нацыянальны герой Беларусі № 1 — Кастусь Каліноўскі. Затым — айцы-заснавальнікі БНР і Зянон Пазьняк.

— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?

— Я ня вельмі часты наведнік бібліятэкі і асобную кнігу, бадай, ня вылучу. А калі аўтара, то Ўладзімер Караткевіч.

— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

— Пакуль я жыву адна, безь сям'і, то грошай патрэбна гэтулькі, каб хапала наймаць кватэру і каб ня думаць, што заўтра есьці. Але калі будуць дзеці, то гэта будзе больш складанае пытаньне.

— Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

— Я думаю, што зьмена ўлады прыйдзе, адкуль не чакаеш, непрадказальна — як прыходзяць перамены з боку ІТ-сфэры. І я думаю, што ня столькі зьмена кіраўніка краіны павінна адбыцца, колькі паступовыя рэформы і пазбаўленьне ад страху, які ёсьць у галовах людзей. А гэта зойме не адно дзесяцігодзьдзе.

Каментары5

Цяпер чытаюць

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін3

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін

Усе навіны →
Усе навіны

Новы старшыня Канстытуцыйнага суда адправіў сына вучыцца на разведчыка ў акадэмію ГРУ. А як пачалася вайна, хутчэй забраў з Расіі21

Трамп заявіў, што ЗША нанеслі ўдар па «Ісламскай дзяржаве» ў Нігерыі2

Алесь Бяляцкі назваў, хто для яго маральны аўтарытэт29

Украінскія дроны атакавалі Валгаград

Прынцэсы Кэтрын і Шарлота сыгралі дуэтам на калядным канцэрце ў Лондане

Кітай хоча стаць тэхналагічным лідарам свету — але праблемы ў эканоміцы толькі растуць11

Дзяўчынку, якая згубілася ў Віцебскім раёне, знайшлі

Іван Ургант запусціў уласны ютуб-канал6

У Віцебскім раёне ратавальнікі шукаюць 15‑гадовую дзяўчынку. Разгорнуты маштабны пошук

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін3

Загінуў камандзір Рускага добраахвотніцкага корпуса Дзяніс Капусцін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць