Грамадства4040

«Эканамічна немэтазгодна»: гамельчуку адмаўляюць у праве вучыць дзіця па-беларуску побач з домам

Гамяльчук Сяргей Макрэнка дамагаецца, каб яго дачка змагла вучыцца на беларускай мове. Але чыноўнікі ад адукацыі выпраўляюць дзіця вучыцца за сем кіламетраў ад хаты.

Існуючыя законы даюць права кожнаму абіраць мову адукацыі і выхавання. Але, як яшчэ раз сведчыць рэальны стан спраў, гэтым разам у Гомелі, далей за прыгожыя словы справа не ідзе.

Да беларускай мовы Сяргей Макрэнка прыйшоў не адразу — двое старэйшых дзяцей вучацца па-руску, але паступова ўсвядоміў сябе беларусам, пачаў карыстацца роднай мовай у сям'і ды дамагаецца, каб ягоная малодшая дачка Саша і ў школе на ўсіх уроках чула беларускую, а не рускую мову. Менавіта таму яшчэ ў лістападзе мінулага года ён звярнуўся ў гомельскую школу №5, за якой замацаваны мікрараён, дзе жыве сям'я Сяргея, каб Сашу там вучылі па-беларуску. Але ажыццявіць сваё канстытуцыйнае права яму не ўдаецца і дагэтуль.

Працяглае ліставанне паміж Сяргеем і чыноўнікамі розных узроўняў зводзіцца да аднаго: вучыць адно беларускае дзіця не на той мове, як астатнюю масу шкаляроў, эканамічна не выгадна і таму немэтазгодна.

У ліпені на прыёме ва ўпраўленні адукацыі Гомельскага гарвыканкама Сяргею паабяцалі адкрыць клас з беларускай мовай навучання ў сярэдняй школе № 5. Але паставілі ўмову, што гэта адбудзецца тады, калі там сфармуецца «паўнавартасны» клас ахвочых вучыцца па-беларуску.

Варта сказаць, што такога паняцця, як «паўнавартасны клас» у беларускім заканадаўстве ўвогуле няма. Пункт 15 артыкула 158 Кодэкса аб адукацыі прадугледжвае, што клас ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі можа быць адкрыты пры наяўнасці аднаго вучня. Чыноўнікі ж лічаць, што для «паўнавартасці» ў класе мусіць быць не менш за 15 дзетак.

21 жніўня Сяргей разам з журналістам «Нашай Нівы» ў чарговы раз трапіў на прыём да начальніцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Людмілы Крылісценка. Яна паведаміла, што за тыдзень да сканчэння тэрміну прыёму заяваў у школу №5 на беларускамоўнае навучанне пададзена толькі адна заява.

Людміла Крылісценка. Фота: newsgomel.by

То бок калі сітуацыя не зменіцца да 28 жніўня, Сяргею прапануюць выправіць сваю дачку ў гімназію №36, дзе тры гады запар набіраюць беларускамоўныя класы. Хаця чыноўніца гэта і не сказала, спаслаўшыся на тое, што яшчэ ёсць час да 28 жніўня, але фактычна Сашы Макрэнка будзе адмоўлена ў магчымасці вучыцца на беларускай мове ў замацаванай за месцам яе жыхарства школе.

«Гімназія № 36 знаходзіцца за 7 кіламетраў ад майго дома. Дабірацца туды нязручна. Гэта дадатковыя выдаткі і часу, і грошай. Каб трапіць на першы ўрок шасцігадоваму дзіцяці трэба будзе выходзіць з дому а 7-й гадзіне. У той час як Сашыны аднагодкі, якія будуць вучыцца па-расійску, змогуць лішнюю гадзіну спаць, і іхняя дарога да ўстановы адукацыі зойме некалькі хвілін. Што гэта, калі не дыскрымінацыя паводле моўнае прыкметы?!» — абураецца Сяргей Макрэнка.

Начальніца ўпраўлення адукацыі гарвыканкама аніякай дыскрымінацыі не бачыць:

«У нас дзве мовы: руская і беларуская. І сёння права бацькоў абіраць мову навучання. Мова навучання большасці бацькоў — гэта руская. Сёння жаданне бацькоў улічваецца, і таму мы стварылі беларускамоўны клас у гімназіі №36 з улікам пажаданняў бацькоў, — кажа Людміла Крылісценка. — Сёння ў нас няма магчымасцяў для аднаго дзіцяці адкрыць клас у пятай школе, бо ў нас сёння створана сетка, і беларускамоўны клас будзе ў гімназіі. На ўзроўні горада Гомеля ўмовы створаныя».

Сяргей шчыра здзіўляецца таму, што «сеткай» беларускамоўных класаў называюць адзіны клас на паўмільённы беларускі горад. Ён перакананы, што права выбару мовы, якое гарантавана кожнаму грамадзяніну Беларусі, не прадугледжвае падладжванне пад выбар іншых, якая б большасць іх не была.

«Мне трэба будзе сёння знайсці асобны кабінет, асобнага настаўніка, які будзе атрымліваць заработную плату дзеля аднаго дзіцяці?!» — шчыра не разумее «нахабства» прыхільнага да беларускай мовы бацькі кіраўніца гомельскай адукацыі.

На прыведзены Сяргеем Макрэнкам прыклад Магілёва, дзе адну беларускамоўную дзяўчынку вучаць у асобным класе, чыноўніца сказала, што там гэта адзіны клас на ўвесь горад і болей там ахвотных вучыцца па-беларуску няма, а ў Гомелі такім класам з’яўляецца клас у 36-й гімназіі, куды зараз пададзена 24 заявы.

Сяргей Макрэнка кажа, што будзе вымушаны 1 верасня адправіць дачку ў той адзіны беларускамоўны клас, які яму прапануюць чыноўнікі ад адукацыі. Але ён упарта не згодны з тым, што рэалізацыя права на выбар мовы атрымання адукацыі мусіць ажыццяўляцца праз сістэму канцэнтрацыі тых, хто абраў беларускую, у нейкіх асобных установах ці класах, і мае намер змагацца за роўнасць у гэтым плане з тымі, хто вучыцца па-расійску: паводле тэрытарыяльнага прынцыпу размяшчэння ўстановаў адукацыі.

«Наступным крокам, які я буду вымушаны зрабіць у верасні, стане зварот у суд», — падсумоўвае цяперашні этап свайго змагання Сяргей.

Каментары40

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай

Усе навіны →
Усе навіны

Міліцыянтка, якая выконвае песні нявесткі Лукашэнкі, — былая жонка палітвязня5

У Мінску адкрыўся яшчэ адзін кінатэатр — за 20 метраў ад метро і з шэзлонгамі3

Абуранаму кіроўцу, чый аўтобус дзеці загадзілі пасля экскурсіі, давялося выдаліць відэа — каб не нагнятаць4

Уладальнік расійскага судна, якое ішло ў Сірыю і затанула, заявіў, што гэта тэракт

Хакеіст Баскаў, ваенкам Крываносаў, медык Румо. Лукашэнка назваў сваіх давераных асобаў8

Ядзерныя міжкантынентальныя балістычныя ракеты робяцца непрыдатнымі нашмат хутчэй, чым лічылася раней10

Праезд па МКАД падумваюць зрабіць платным

Што будзе з заробкамі ў 2025-м? І ці адключаць ютуб? Адказвае Чалы6

Канапацкая знайшла сабе толькі сем давераных асобаў — дый тое сярод іх сын-даносчык3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай

Крыніцы ва ўрадзе Азербайджана пацвердзілі, што самалёт Azerbaijan Airlines быў збіты расійскай ракетай

Галоўнае
Усе навіны →