Раскрыліся падрабязнасці з жыцця беларусаў-вагнераўцаў, якія ваююць у Сірыі і на Данбасе
Беларусы з так званай «Прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра» свабодна прыязджаюць у Беларусь, не хаваюцца ад праваахоўных органаў і нават атрымліваюць на радзіме новыя пашпарты. Belsat.eu даведаўся эксклюзіўныя факты пра беларускіх наймітаў.
Сямейны падрад «Вагнэра»
У папярэднім матэрыяле belsat.eu, дзе ўпершыню былі названыя ўсе 11 прозвішчаў з беларускага спісу «Вагнэра», мы адзначалі: 42-гадовы Уладзімір Курыненка — адзіны, пра каго не атрымалася нічога высветліць. Сітуацыя змянілася, калі валанцёрская суполка «Ихтамнет_М0209» знайшла акаўнты Курыненкі ў сацсетках.
Паводле Службы бяспекі Украіны, Курыненка — камандзір 1-га ўзвода 3-й разведвальна-штурмавой роты. Фотаздымкаў з вайны на старонцы Курыненкі няма. Затое ён падпісаны на шматлікія тэматычныя паблікі пра вайну ў Сірыі і на Данбасе. У ягоных сябрах «Вконтакте» — трое «вагнэраўцаў» з Расеі, чые дадзеныя раней таксама апублікавала СБУ. Сярод іх — Андрэй Лебедзеў з Яраслаўскай вобласці. Паводле ўкраінскіх спецслужбаў, Лебедзеў 14 чэрвеня 2014 года збіў пад Луганскам самалёт ІЛ-76 з украінскімі дэсантнікамі на борце. Тады загінулі 49 чалавек.
Дачка Курыненкі Яніна вучыцца ў Менску. Пасля спробы звязацца з дзяўчынай «Вконтакте» карэспандэнт belsat.eu адразу трапіў у «чорны спіс». Цётка баевіка Раіса, якая жыве ў Маскве, заявіла нам, што чытала ў інтэрнэце пра службу сваяка ў «ПВК Вагнэра», але «не ведае, чаму верыць». «Цяпер ён не выходзіць на сувязь», — дадала яна.
Родам Уладзімір Курыненка з Іванава на Берасцейшчыне. У тэлефонным даведніку за 2017 год у Іванава прозвішча Курыненка фігуруе толькі па двух адрасах. Адзін з іх (на вуліцы Савецкай) супадае з адрасам, дзе прапісаны яшчэ адзін «вагнэравец» — Эдвард Давыдаў.
Як высветлілася, Уладзімір Курыненка — родны дзядзька Давыдава.
«Хутчэй паверыў бы, што ён за маджахедаў ваяваў»
«Я ў шоку! Курыненка ваяваў у Сірыі? За расейцаў? Хутчэй паверыў бы, што ён за маджахедаў ваяваў, — смяецца знаёмы Уладзіміра, якога мы сустракаем у двары ягонага дому ў Іванава. — Наколькі я ведаю, у яго тут былі праблемы з законам, таму ён яшчэ гадоў сем таму з’ехаў працаваць у Расею, на Поўнач. Калі нешта звязанае з крыміналам, з тым, каб напаскудзіць, жульнічаць, — гэта на яго падобна. А вось каб ваяваць за Расею — я моцна сумняюся».
Чым наогул займаецца Курыненка — суседзі не ведаюць. Верагодна, ні прафесіі, ні сталай працы ён ніколі не меў. У Іванава апошнім часам яго бачаць рэдка, але дадому ён усё ж прыязджае.
«Дзесьці ў верасні да яго прыходзіла міліцыя. Не ведаю, з якой прычыны. Але не арыштоўвалі. Ужо потым, тыдні 2—3 таму, я яго зноў тут бачыў», — распавядае сусед.
Пра тое, што Курыненка ваяваў у Сірыі, суседзі ўпершыню пачулі ад карэспандэнта belsat.eu. Але пра Эдварда Давыдава такія размовы ходзяць — ягоныя дадзеныя некаторыя знаёмыя бачылі ў інтэрнеце, у ліпеньскай заяве СБУ.
«Эдзік пасля прыехаў і сказаў нам, што гэта ўсё няпраўда. Маўляў, гэта ягоная дзяўчына проста пажартавала. Мы ведаем, што пасля школы ён служыў у беларускай арміі, вярнуўся сяржантам. Потым у вучэльні атрымаў спецыяльнасць зваршчыка, працаваў на газаправодзе. А некалькі гадоў таму паехаў на заробкі ў Расею, у Краснадарскі край (менавіта пад Краснадарам, у Молькіна, знаходзіцца база ПВК Вагнэра — заўвага belsat.eu»)», — распавядае суседка Давыдава.
Паводле крыніцаў belsat.eu, Давыдаў далучыўся да ПВК Вагнэра ў красавіку 2015 года пад пазыўным «Гусар».
«Хіба ваяваць у Сірыі забаронена? — здзіўляецца яшчэ адна суседка. — Хадзілі чуткі, што пасля таго, як пра Давыдава напісалі ў інтэрнэце, пракуратура распачала праверку. Але дакладна скажу: суседзяў ніхто з праваахоўнікаў не апытваў. Не ведаю, ці праўда тое, што пра яго кажуць. Звычайна едуць ваяваць за грошы туды, каб кватэру, напрыклад, набыць. А ў яго кватэра ёсць, ён рамонт нядаўна зрабіў».
«Нічога кепскага пра Эдзіка сказаць не можам, — распавядаюць жыхары дому на вуліцы Савецкай. — Ветлівы, ціхі, заўсёды вітаецца. Ён насамрэч няшчасны хлопец, фактычна сірата, усе сваякі памерлі. Адзіны родны чалавек у яго — Уладзімір (Курыненка)».
Усе суседзі пацвярджаюць: Эдвард Давыдаў пераважна знаходзіцца за мяжой, але ў Беларусь прыязджае рэгулярна. Апошні раз яго бачылі на мінулым тыдні.
Пры гэтым ад праваахоўнікаў Давыдаў не хаваецца. У лютым 2016 года ён атрымаў у Іванава новы пашпарт (то бок у статусе баевіка ПВК Вагнэра).
Карэспандэнту belsat.eu у кватэры Давыдава-Курыненкі ніхто не адчыніў.
Маці ў міліцыі — сын на Данбасе і ў Сірыі
Новы беларускі пашпарт у кастрычніку 2016 года выдалі і Аляксандру Ступніцкаму, які на той момант ужо паспеў паваяваць на Данбасе і ў Сірыі, атрымаць баявое раненне і дзяржаўную ўзнагароду РФ.
Крыніца перадала belsat.eu копію ягонага пашпарту, дзе пазначана дата выдачы — 27 кастрычніка 2016 года.
Скрыншот пашпарту Аляксандра Ступніцкага
Паводле крыніцы, якая пажадала захаваць ананімнасць, 2 сакавіка 2016-га Ступніцкі атрымаў раненне ў Сірыі, у раёне Пальміры. Пазней разам з баевікамі ПВК Вагнэра — грамадзянамі Расеі беларус атрымаў «Ордэн мужнасці» з фармулёўкай «за ўдзел у аператыўна-разведвальных і адмысловых мерапрыемствах у раёне Пальміры».
Пра жыццё 29-гадовага аршанца Ступніцкага да вайны на Данбасе вядома няшмат. У адкрытых крыніцах няма звестак пра ягонае месца вучобы і працы, невядома, дзе ён праходзіў тэрміновую службу.
Ягоная маці Марыя, паводле словаў сваякоў, працуе ў мясцовым аддзеле Дэпартаменту аховы Міністэрства ўнутраных справаў. Суседзі сцвярджаюць, што і Аляксандр «працаваў у ахове». Нельга выключаць, што гаворка вядзецца менавіта пра гэтае падраздзяленне МУС. Мы патэлефанавалі ў аддзел, дзе адразу два чалавекі пацвердзілі нам, што Марыя Ступніцкая сапраўды там працуе — «дзяжурнай на пульце».
На трэніравальную базу «Вагнэра» ў Краснадарскім краі Ступніцкі, імаверна, патрапіў у 2014 годзе, адтуль накіраваўся ў сваю першую «камандзіроўку» на Данбас. У Данецку ён сустрэў будучую жонку Анастасію. З акаўнту дзяўчыны ў сацыяльных сетках вынікае, што неўзабаве пасля вяселля пара перабралася ў Воршу, у іх нарадзілася дзіця. Пры гэтым перыядычна Анастасія бывала ў Менску. Пасля нашых спробаў звязацца праз сацсеткі, яна закрыла або выдаліла ўсе акаўнты.
Блізкі сябар сям’і, які прасіў не згадваць ягонае імя, распавёў:
«Вярнуліся яны даўно, недзе гады тры прайшло. Наста дзіця нараджала тут у 2015-м годзе, у мясцовай радзільні, дакументы ёй зрабілі».
На сайце «Міратворац» апублікаваныя некаторыя адрасы баевікоў ПВК, ёсць сярод іх і адрас прапіскі Ступніцкага ў Воршы. Журналісты belsat.eu накіраваліся на 1-ю Маладзёжную вуліцу ў мікрараёне Кірпічны. Па дамафоне ў самой кватэры ніхто не адказаў, але нам удалося пагаварыць з суседкай, якая распавяла, што Ступніцкія жылі тут да ліпеня.
«А потым з’ехалі ў адпачынак у Крым, падаецца. І вось ужо некалькі месяцаў іх няма».
Тое ж самае пацвярджае яшчэ адна суседка па лесвічнай клетцы. Паводле яе, Ступніцкіх можна было часта пабачыць у двары з дзіцём, а «летам яны раптам кудысьці зніклі».
Напрыканцы ліпеня СБУ апублікавала справаздачу, дзе сярод іншага былі названыя імёны беларусаў з ПВК Вагнэра. У гэты ж час Ступніцкія пакідаюць Беларусь пасля амаль трох гадоў жыцця ў Воршы. Анастасія посціць фота з геалакацыяй у Крыме, пазней з’яўляюцца яе фота з Данецку. Аляксандра на новых здымках няма.
Мы звязаліся з цёткай Ступніцкага Дар’яй, якая пацвердзіла, што ён жыў у Беларусі і цяпер з’ехаў.
«Дзеці паехалі пагуляць па Расеі, пакуль маладыя. Канешне, яны збіраюцца вяртацца ў Воршу, калі — цяжка сказаць».
Гаварыць пра ўдзел сваяка ў вайне на Данбасе жанчына гаварыць катэгарычна адмаўляецца і пачынае хвалявацца, кідае слухаўку. Марыя Ступніцкая не адказала на нашае тэлефанаванне.
«Легіянер» мяняе прапіску
Руслан Бабінін у 2003 годзе фігураваў у сюжэце каналу «Россия 1» як баец Французскага замежнага легіёну. Дакладна вядома, што пасля чалавек з такім імем адкрыў у Парыжы прыватную кампанію па пракаце турыстычных аўтобусаў і рэтра-аўтамабіляў. Кампанія праіснавала некалькі год, у 2015 яна была ліквідаваная. Імаверна, прыкладна ў гэты час Бабінін патрапіў да «Вагнэра».
Акаўнты Бабініна ў сацыяльных сетках неактыўныя, але ў яго ёсць шмат сяброў-выпускнікоў Курганскага памежнага інстытуту ФСБ РФ. Мы напісалі аднаму з іх, але чалавек імгненна заблакаваў старонку і забаніў журналіста.
Паводле інфармацыі belsat.eu, у верасні 2015 года Руслан Бабінін змяніў адрас прапіскі. Мы накіраваліся па новым адрасе ў Менску, але Бабініна там не было. Па дамафоне адказала ягоная маці.
«Руслан не жыве ў Беларусі 23 гады, але прапісаны тут, так. А да таго меў прапіску ў Магілёве… Нічога больш не скажу, не лезьце ў чужую сям’ю!» — нервова адрэагавала яна.
Бабініны сапраўды доўга жылі ў Магілёве, куды пераехалі з Казахстану. У 70-я гады Руслан хадзіў у магілёўскую школу №29. Калі сям’я змяніла месца жыхарства на Менск — дакладна невядома.
Натуральна, каб паставіць штамп у пашпарце з новым адрасам рэгістрацыі, Бабініну неабходна было прыехаць у Беларусь, што ён і зрабіў восенню 2015-га.
Раней belsat.eu распавядаў, што, ужо маючы за плячыма службу ў ПВК Вагнэра, Беларусь таксама наведвалі Вадзім Юшкевіч, Сяргей Сазанаў, Канстанцін Гірс і Андрэй Бакуновіч.
- 26 ліпеня Служба бяспекі Украіны апублікавала даклад, прысвечаны ПВК Вагнэра. Сярод іншага, СБУ заявіла, што ў «Вагнэра» служылі 11 грамадзянаў Беларусі. Двое з іх загінулі яшчэ ў 2014—2015 гг. на Данбасе. З 9 жывых «вагнэраўцаў» на сувязь з журналістамі выходзіў толькі Гірс, але ён зняпраўджваў заяву СБУ. Праваахоўныя органы Беларусі інфармацыю наконт службы беларусаў у ПВК «Вагнэра» не каментавалі.
- Акрамя 11 асобаў, пералічаных СБУ, ёсць звесткі, што ў шэрагах ПВК Вагнэра ваяваў мінімум яшчэ адзін беларус — 42-гадовы гамяльчук Аляксей Ярашэвіч. Ён загінуў у Сірыі ў верасні 2017 года.
- ПВК Вагнэра, паводле медыяў, неафіцыйна падначаленае Генштабу РФ. Спецслужбы Украіны сцвярджаюць, што вагнэраўцы датычныя да знішчэння ўкраінскага самалёта Іл-76 на Данбасе, удзельнічалі ў штурме Луганскага аэрапорту і баях за Дэбальцава. У Сірыі вагнэраўцы адзначыліся пры штурме Пальміры ў сакавіку 2016 году і шэрагу іншых аперацый. Паводле СМІ, мінімальная стаўка для шарагоўца ў ПВК Вагнэра — каля 250 тыс. расейскіх рублёў (больш за 4.300 USD), але з рознымі бонусамі гэтая лічба можа дасягаць 450 тыс. (больш за 7.800 USD). Асобна прадугледжаны выплаты параненым і сваякам забітых.
- Падраздзяленне атрымала назву праз пазыўны яе камандзіра — былога падпалкоўніка 2-й асобнай брыгады спецназу ГРУ Дзмітрыя Уткіна.
Каментары