Грамадства22

На 78 годзе жыцця памёр паэт Люцыян Шчасны

Сёння прыйшла сумная вестка, што ў вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна на 78 годзе жыцця памёр Люцыян Шчасны.

Люцыян Шчасны, фота: Радыё Свабода.

Афіцыйна Люцыян Шчасны не меў ніякіх ні пасадаў, ні званняў. Але гэты чалавек з трыма класамі адукацыі, які большую частку жыцця прарабіў пастухом у калгасе, быў паэтам.

Грамадскі актывіст Зміцер Лупач, які жыў у вёсцы Завараты — кіламетраў восем ад Хрыстова — разгледзеў талент Люцыяна Шчаснага ды дапамог яму выдаць саматугам пяць зборнікаў вершаў. Яшчэ да яго перыядычна завітвалі журналісты — з «Белсата», «Звязды», «Радыё Свабода».

Здымаю зараз Люцыянавы вершы з паліцы. Кідаецца ў вочы адначасова і простасць, і пачуццё рымфы, вобразнасць думкі аўтара. Што праўда, тэмы вершаў падобныя — сумныя назіранні старога чалавека пра жыццё ў вёсцы, якая вымірае. Гарадскому жыхару яны можа пададуцца аднастайнымі і незразумелымі, але вяскоўцу — хоць маладому, хоць старому — вельмі блізкія.

Вось адзін з іх:

Ляжаць самотна агароды
Каля пакрыўленых платоў…
Чаго няведама так шкода,
Што я расплакацца гатоў.
Сябе шкада, ці то Хрыстова,
Якое пад вясенні гром
Ізноў развітвацца гатова
З чарговым хворым жыхаром.

Але часам у дзядзькі Люцыяна прарываліся і хвіліны радасці:

У маім у сэрцы
Неяк нечакана
Светлыя надзеі
Сёння расцвілі.
І няма жадання
Свет клясці паганы
І ўсю тую нечысць,
Ёсць што на зямлі.

На кустах і дрэвах —
Снежныя карункі,
Белыя пярыны
На прасторах ніў,
І мяняе вецер
Часта накірункі,
Нібы ён дарогу
Некуды згубіў.

Люцыян Шчасны размаўляў па-беларуску і быў прыхільнікам незалежнай Беларусі. Ён выпісваў і чытаў «Народную Волю». І ў цэлай серыі вершаў, напісаных у разгар «газавай вайны» 2006-2007 гадоў, сваёй простай і рэзкай мовай казаў пра патрэбу адмяжоўвацца ад Расіі:

І ўцякаць ад чортавай Расеі
Даўно нам трэба ва ўсе бакі,
Пакуль і нас, і нашыя надзеі
Расейскія не з'елі бардакі.

Я бачыўся з Люцыянам Шчасным толькі аднойчы. Неяк у 2014 годзе са Змітром Буглаком, студэнтам акадэміі мастацтваў, паехалі на роварах нацянькі з вёскі Кіякова ў вёску Хрыстова. Зайшлі пагаварыць да дзядзькі Люцыяна. З той размовы засталіся ў памяці дзве дэталі.

Першае — гэта ягоны ўспамін са службы ў войску. Ён служыў недзе ў Сібіры, і нехта з калегаў папрасіў яго прачытаць вершы беларускіх паэтаў (а паэзіяй Люцыян цікавіўся з юнацтва). І ён кажа: «Чытаю, чытаю, а як успомню родную зямлю — дык толькі слёзы на стол: кап, кап, кап…»

Другое — калі Люцыян даведаўся, што я журналіст, а мой сябра — мастак, то пару разоў паўтарыў: «Заўсёды шукайце праўду і кажыце праўду — і ў тым, што пішаце, і ў тым, што малюеце».

Такі ён быў, гэты Люцыян Шчасны. Светлы чалавек. Хай зямля яму будзе пухам, Бог дасць вечнае жыццё, а памяць сярод землякоў пра яго застанецца.

Пахаваюць Люцыяна Шчаснага 28 студзеня ў вёсцы Хрыстова Пастаўскага раёна. На пахаванне збіраюцца прыехаць грамадскія актывісты, ягоныя чытачы з некалькіх суседніх раёнаў.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў55

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Двух французаў ашукалі з дапамогай «беларускіх рублёў»: ахвярам аддавалі старыя беларускія грошы ў абмен на еўра1

Кватэры з абсталяваннем для махлярскіх кол-цэнтраў выявілі ў трох абласных цэнтрах1

«Страхавалі кватэру, каб быць спакойнымі, а ў выніку…» Аднапакаёўку мінчан сур’ёзна затапіла

Жыхара Гомеля пазбавілі выплат за сына, які загінуў на фронце

Украіна папрасіла Ілана Маска дазволіць выкарыстанне Starlink для нанясення ўдараў па тэрыторыі Расіі на глыбіню да 200 кіламетраў3

Ці здымае Беларусь вяршкі з паліўнага крызісу ў Расіі? Ёсць нюансы1

На барахолках перапрадаюць папулярныя чыпсы Lay’s. Нацэнка ў два разы1

Украінскія беспілотнікі атакавалі Перм. Гарыць НПЗ

Панама названа найлепшай краінай для жыцця і працы для экспатаў5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў55

Пра што маўчыць Аляксей Францкевіч, якому Польшча закрыла ўезд на 10 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць