На філфаку БДУ стане менш беларускай мовы? Разбіраемся, ці так
У некаторых СМІ з’явілася інфармацыя, што на філфаку БДУ стануць менш вывучаць беларускую мову. Звязаная гэта нібыта з яе незапатрабаванасцю ў абітурыентаў і нястачай выкладчыцкага складу.
У прыватнасці, Белсат пісаў пра тое, што «у новым навучальным годзе на кафедры славянскай філалогіі філалагічнага факультэта БДУ збіраюцца адмяніць вывучэнне беларускай мовы ў звязцы з іншымі славянскімі. Замест яе будуць вывучаць расейскую мову».
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2019_02/9hpyfda-490z2.jpg.webp)
Праўда, на філфаку адсутнічае кафедра славянскай філалогіі, аднак ёсць, напрыклад, кафедра сучаснай беларускай мовы, якая, па інфармацыі крыніцы «НН», знаходзіцца пад пагрозай закрыцця.
Што пра гэтыя чуткі кажуць у БДУ?
У прэс-службе БДУ сцвярджаюць, што ніякіх рэформаў не плануецца.
«Філалагічны факультэт штогод паспяхова выконвае план набору на ўсе спецыяльнасці, у тым ліку і на беларускую філалогію. Зразумела, што за апошнія дзесяцігоддзі змяншалася колькасць выпускнікоў школ, адпаведна, змяншаўся і набор на розныя спецыяльнасці ў цэлым у краіне.
На сёння на ўсе спецыяльнасці факультэта, у тым ліку і беларускую філалогію, мы набіраем па адной акадэмічнай групе на бюджэтнай аснове. Пры гэтым кадравы склад нашага факультэта адзін з найбольш прадстаўнічых у Беларусі. Так, на факультэце працуе 21 выкладчык беларускай мовы. З іх 4 дактары навук і 14 кандыдатаў навук. Беларускую літаратуру і літаратуразнаўства выкладаюць 25 чалавек, з якіх 7 дактароў навук і 13 кандыдатаў навук. Ці можаце прывесці прыклад, дзе яшчэ больш кадраў вышэйшай кваліфікацыі па беларускай мове і літаратуры? У сувязі з вышэйадзначаным гаварыць пра недахоп кадраў, мякка кажучы, недарэчна. Зусім зачыняць кафедру сучаснай беларускай мовы ніхто не збіраецца», — паведамілі «НН» у прэс-службе, дадаўшы, што ніякіх змен, звязаных з вывучэннем беларускай мовы, у адукацыйным працэсе не чакаецца.
Каментары