Грамадства2424

Паглядзіце, як мужчыны пад Добрушам працуюць даярамі ВІДЭА

У гаспадарцы «Чырвоная Буда», што ў Добрушскім раёне, працуе 63 даяркі. 7 з іх — мужчыны. Чаму яны выбралі такую прафесію, ці не смяюцца з іх сябры, якія заробкі ў сельскай гаспадарцы і як даяры адрозніваюць кароў — у нашым палявым рэпартажы.

На поўдні Беларусі ў гэтыя дні сапраўдная спёка. Паветра распалілася амаль да 30 градусаў і ад гарачыні ратуе толькі кандыцыянер у машыне і марозіва (яно ў мясцовых крамах пераважна расійскае).

На поле нас суправаджае галоўны заатэхнік Алена Лоева. Пакуль едзем, расказвае пра маштабы гаспадаркі (1740 дойных кароў, якія ў суткі даюць 25,5 тоны малака) і кірункі дзейнасці — апроч іншага, тут займаюцца пчалярствам і свінагадоўляй.

— Хутка свінаматку на выстаўку павязём. Гэта буйная белая парода — адзіная ў нас засталася. У іншых гаспадарках на пароду «дзюрок» перайшлі. Але наша большы прыплод дае — не 8—9 парасят, а 16. І калі дзюрок — мясная, то буйная белая — сальная, — знаёміць з тонкасцямі свінагадоўлі Алена Лоева.

Удалечыні ад дарогі ляніва пасвяцца каровы. Улетку яны жывуць на полі кругласутачна. Статак ахоўваюць даглядчык жывёлы і нацягнуты дрот. Даяр Саша Пузікаў у бандане, ён ужо прыгнаў на ровары на абедзенную дойку. Сам ён з суседняй вёскі Дубраўка, у гаспадарцы працуе каля пяці гадоў.

— Дагэтуль у Гомелі жыў, у жонкі. Працаваў там і на бойні, і грузчыкам, і на «Сельмашы». А цяпер жонка з іншым жыве, я і вярнуўся ў Дубраўку, тут дом застаўся, мамка.

Некалі Саша вучыўся на трактарыста, але, кажа, пры пераездзе недзе згубіў правы, а аднавіць складана — трэба ўсё па новай здаваць. А тут пачуў, што патрэбны даяр — вось і пайшоў. Работа толькі для жанчын? «Ды не, годная прафесія», — лічыць мужчына.

У яго «падначаленні» — 50 кароў. Ласуня, Зорка, Тайна, Язмін…

— Як вы іх адрозніваеце?

— Па рагах, капытах… Яны ж усе розныя! — здзіўляецца такому пытанню Саша.

Дарэчы, мянушкі ў кароў, нават у розных статках, не паўтараюцца — для зручнасці ўліку ў электроннай сістэме. Называюць або па алфавіце, або на літару, на якую пачынаецца назва месяца, у якой цяля нарадзілася.

Вясковец расказвае пра свой працоўны графік. Падымаецца а палове на пятую. Першая дойка а 6-й гадзіне, абедзенная а 13-й, вячэрняя — а 20-й. Аддаіліся, памыліся, усё прыбралі — і дадому.

— Ізольда, ідзі! — падганяе Саша карову ў стойла. Пакуль жывёла есць камбікорм, чапляе да вымя даільны апарат, падобны да васьмінога. Кажа, адна карова за раз можа даць і тры, і дзесяць літраў малака. Заробкі залежаць ад надояў. Апошнія разы мужчына атрымліваў 300-400 рублёў. Не скардзіцца — хапае.

— Ці можна куды яшчэ працаўладкавацца, не ведаю. Суседзі? Адзін вартаўнік, другая — дачніца, а то пенсіянеры.

Ад папярэдняга шлюбу ў Сашы засталіся дзеці, жывуць разам са сваёй маці ў горадзе. «Дзве дзеўкі. Адной 18, другой 8. Калі як прыязджаюць. Цяпер канікулы, мо, часцей у гасцях будуць».

Другі раз мужчына так і не жаніўся. «Пакуль не хачу», — усміхаецца 45-гадовы даяр.

Тое, што ў Дубраўцы і Чырвонай Будзе працы не знайсці, акрамя як у сельскай гаспадарцы, пацвярджае і галоўны заатэхнік.

— Вось у Церахоўцы хлебазавод свой, у людзей перспектыва ёсць. У Насовічах — лясніцтва, дзіцячы садок, прытулак, школа… Цягнікі адтуль ходзяць, можна ў горадзе працаваць — у Гомелі, Добрушы.

Мужчыны-аператары машыннага даення для гэтых мясцін насамрэч не нонсэнс. Яшчэ за савецкім часам на племянным заводзе раёна працаваў даяр Канстанцін Хлябцоў — Герой Сацыялістычнай Працы. Таму вяскоўцы не лічаць свой выбар прафесіі дзіўным.

Загарэламу даяру Юрыю Рабцаву — 49. Як з арміі ў 90-х прыйшоў, так каровамі і займаецца. Ужо тады ў гаспадарцы была апаратная дойка, але ручную, запэўнівае мужчына, ён таксама асвоіў.

— Сябры з маёй прафесіі не смяяліся — а што тут такога? — спакойна ставіцца вясковец.

Яго бацькі ўсё жыццё адпрацавалі жывёлаводамі ў калгасе. Юрый адвучыўся на трактарыста. Але быць ім не захацеў — мець справу з жывёламі спадабалася больш, чым з тэхнікай.

— Жонка таксама працуе даяркай, са мной на адным статку. Не, не надакучылі адзін аднаму, — усміхаецца мужчына.

Сам Юрый з Чырвонай Буды. Некалі трымаў кароў, але зараз гаспадаркі ўжо няма, усё пазбываў — толькі куры засталіся.

— Цяпер выгадней купіць, чым сваё пратрымаць, — разважае.

— Але ж сваё смачнейшае…

— Мы ў калгасе малако бяром, там нядрэннае. Літр на тыдзень купляю, больш не трэба, жонка не ўжывае. І мяса нам выдзяляюць — па сем кілаграмаў кожны месяц. З заробку грошы за гэта не вылічваюцца.

Сярод даяроў ёсць і маладыя хлопцы. Вось Вове Балбушаву 30. Жыве ў вёсцы Антонаўка, за тры кіламетры адсюль.

Адукацыя Уладзіміра — 9 класаў школы. Успамінае, што паступаць у ліцэй ці каледж спачатку не хацеў, а потым ужо не рашыўся. Першая работа — слесар у сельскай гаспадарцы. Пасля перавёўся на даяра.

— Любіміцы сярод кароў? Ёсць, канечне. Фрэйліна, Фрэска і Шарык — яны да мяне прывязаліся.

— Шарык? — здзіўляемся мянушцы.

— Ну яна поўная была, таму так і назвалі.

Ад гаспадаркі Уладзімір атрымаў катэдж. Засяліўся туды разам з жонкай і дочкамі-школьніцамі.

— У горадзе я б не змог жыць, да вёскі ўжо прывык. Тут усё сваё, купляць нічога не трэба. Вырошчваем і бульбу, і цыбулю, і капусту, і памідоры. Надзел 10 сотак. Свінні ёсць, куры. А малако купляю ў краме — дзеці не п’юць гэтае. Сам таксама магазіннае люблю.

Ні бара, ні кафэ ў Антонаўцы няма — адпачываць вяскоўцы выбіраюцца ў суседнія Насовічы. Кінатэатр? Найбліжэйшы — у Гомелі. «Даўно ў кіно ездзіў, у гэтым годзе не быў яшчэ ні разу», — прызнаецца малады чалавек.

Яго жонка працуе ў школе вахцёркай — «на званках сядзіць». Заробак невялікі. Уладзімір кожны месяц атрымлівае па-рознаму.

— Бывала і пад тысячу рублёў, а цяпер 400 толькі. Не хапае, але выкручваемся.

З металічных вёдраў Вова пералівае малако ў цыстэрну. Пасля ўсё гэта адвязуць у халадзільнік на ферму, астудзяць да чатырох градусаў і прададуць на гомельскую «Мілкавіту». А даяры, стомленыя дзённая спёкай, раз’едуцца па дамах, каб адпачыць і праз некалькі гадзін зноў вярнуцца на поле да сваіх Рагуль, Нін і Ален.

Каментары24

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Усе навіны →
Усе навіны

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?5

На Камароўцы з'явіліся першыя чарніцы

Гомельскі бізнэсовец-лукашыст, які ваюе за Сталіна, напісаў данос сам на сябе4

18-гадовай мінчанцы падалося, што на яе напалі, вывезлі ў лес і адабралі грошы1

У Беларусі вырашылі не забараняць вэйпы — бо на іх ёсць «пэўны спажывецкі попыт»1

У Берліне паказалі оперу пра ПВК «Вагнер». У пастаноўцы ўдзельнічае і беларуская спявачка2

У Мінску паставілі бронзавы помнік качцы, якая летась стала любіміцай сталіцы2

Пяцёра школьнікаў у Слоніме разграмілі будынак былой школы

На мужчыну ў Лунінцы ўпала шпакоўня, у яго цяжкія цялесныя пашкоджанні

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Трамп ухваліў план атакі на Іран, але пакуль устрымліваецца ад загаду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць