Гісторыя

«Нараджэнне эліты»: пра што змаўчаў Дыла

Піша гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Сачу за публікацыямі Алены Ляўковіч у «Звяздзе», што ідуць у рубрыцы «Нараджэнне эліты».

Ужо сам назоў рубрыкі выклікае ўсмешку, бо у ёй змяшчаюцца нарысы пра дзеячаў БССР. І ствараецца ўражанне, што беларуская палітычная і навуковая нарадзілася якраз ва ўмовах савецка-бальшавіцкай улады. У нас жа без савецкай улады нічога не было. І беларускі тэатр гэтая ўлада адчыніла, і першую ВНУ, і першую навуковую ўстанову, і эліту нарадзіла. А раней мы хадзілі ў саматканай вопратцы, у лапцях ды выводзілі на жалейках сумныя мелодыі, бо вядома, што «невясёлая старонка наша Беларусь».

Смею запэўніць спадарыню Ляўковіч, што дзеячы БНР (сябры Рады БНР, народныя сакратары і міністры) мелі значна вышэйшы адукацыйны цэнз, чым дзеячы БССР (сябры ЦК кампартыі, народныя камісары). Усевалад Ігнатоўскі, Аляксандр Чарвякоў і Язэп Дыла, пра якіх яна пісала, — выключэнне, белыя вароны ў бээсэсэраўскай эліце.

Нарысы пра пералічаных ды іншых дзеячаў таксама выклікаюць усмешку, бо аўтарка некрытычна ставіцца да публікацыяў пра сваіх герояў і да таго, што яны самі апавядалі пра сябе.

Вось і ў нарысе пра Язэпа Дылу (Звязда, 2019, 4 чэрвеня) атрымалася няўвязачка.

Апавядаючы Адаму Мальдзісу пра сябе, навучаны горкім досведам савецкага вязня і ссыльнага, Язэп Лявонавіч іншы раз хітраваў. І паверыўшы запісанаму з ягоных словаў, Алена Ляўковіч паведамляе нам, што перад падзеямі 1917 г. Язэп Дыла «ідзе у гандаль — загадвае бюро па вывазе мануфактуры. (…) На гэтай пасадзе і заспела яго Кастрычніцкая рэвалюцыя».

Сапраўды, на гэтай пасадзе. Але наш гандляр у тыя кастрычніцкія дні 1917-га знаходзіўся ў Менску. Тут праходзілі ІІІ з’езд Беларускай Сацыялістычнай Грамады (14—17 і 25 кастрычніка), ІІ сесія Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый (15—24 кастрычніка) і З’езд воінаў-беларусаў Заходняга фронту з удзелам прадстаўнікоў ХІІ арміі Паўночнага і Румынскага фронтоў, а таксама Балтыйскага флоту (18—24 кастрычніка). Язэп Дыла браў удзел у з’езде Грамады і ў сесіі ЦРБА. На з’ездзе Грамады яго абралі старшынёю Цэнтральнага Камітэта партыі. ЦРБА ж на сваёй сесіі перайменавалася ў Вялікую Беларускую Раду. І Язэпа Дылу выбралі сябрам Выканаўчага Камітэта ВБР, яго камісарам у Маскве.

Усё вышэйпададзенае ўжо год пад 30 не з’яўляецца сакрэтам. А што сакрэт, дык тое, ці падпісваў Дыла 27 кастрычніка Грамату да беларускага народа, у якой у сувязі з бальшавіцкім пераваротам людзей заклікалі «не дапусціць, каб віхор бязладу згубіў нашу святую нацыянальную справу абароны вольнасцяў і правоў Беларускага народу». Пад Граматай падпісалася Беларуская Сацыялістычная Грамада, але ці галасаваў за гэтую Грамату старшыня ЦК партыі Язэп Дыла? Трэба было б вывучыць яго следчую справу, якая, пэўна ж, знаходзіцца ў доме пад бэльведэрам на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Камсамольскай.

Арышт Язэпа Дылы бальшавікамі ў 1930 годзе быў не першы. Першы раз яго разам сябрамі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі Усеваладам Фальскім і Фабіянам Шантырам кінулі за краты 8 лютага 1919 года. Ды пра гэта ў нарысе А. Ляўковіч я не прачытаў.

Ведама, газетная паласа абмяжоўвае, пра ўсё не напішаш, і ўсё ж гэта быў немалаважны момант у жыцці былога камісара працы Беларусі. Як і яго праца па раянаванні ССРБ. Але прыпісваць аднаму Язэпу Дылу распрацаваны і прыняты ўрадам ССРБ праект падзелу Беларусі на акругі і раёны не варт было, бо мы ведаем, што гэтую працу ён выконваў разам з аўтарам класічнай «Геаграфіі Беларусі» Аркадзем Смолічам, якога, дарэчы, у кастрычніку 1917-га абралі намеснікам у старшыні Цэнтральнага Камітэта Грамады Язэпа Дылы.

А вось аўтарам чаго з’яўляецца сам Дыла, дык гэта ідэі паставіць Тэатр оперы і балета на Траецкай гары ў Менску.

І ўжо амаль асабістае. Пра Язэпа Дылу ўспомнілі не ў 1968 годзе, перад 50-годдзем БССР. Вывучаючы жыццё Альгерда Абуховіча, слуцкі настаўнік Рыгор Родчанка на колькі гадоў раней сам навязаў кантакт з яго вучнем — Язэпам Дылам. Рыгор Віктаравіч перапісваўся з Язэпам Лявонавічам і ягоныя лісты паказваў мне, свайму вучню. Ад Язэпа Дылы Рыгор Родчанка даведаўся, дзе пахаваны Альгерд Абуховіч. Вось тады пісьменнікам і ветэранам беларускага руху зацікавіліся ў Менску. Толькі не ўлады. Машэраўскай уладзе былы камісар працы Беларусі, нацдэм Язэп Дыла цікавы не быў. Але пра гэта пішу я, дапаўняючы Алену Ляўковіч.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай17

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Былая расійская настаўніца стала вярбоўшчыцай замежнікаў на вайну супраць Украіны4

«Анліфаншчыца з Пінска» кажа, што яна не анліфаншчыца і не ў рабстве ў М'янме20

Дэвід і Вікторыя Бэкхэмы моцна не паладзілі са сваім старэйшым сынам. Ён абвінаваціў іх публічна4

Кір Стармер адмовіцца ўвайсці ў склад трампаўскай Рады міру10

Трамп: Смешна, нібыта Нарвегія не кантралюе, каму даць Нобелеўскую прэмію17

Іспанія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў17

Ва Украіне хэйцяць Ціну Караль праз песню пра святло і цяпло. Яна запісала пакаяннае відэа5

Лукашэнка раней еў нанач каўбасу, а цяпер ужо не можа24

У Аўстраліі масава закрываюць пляжы з-за нападаў акул. Ёсць ужо чатыры пацярпелыя1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай17

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць