Актрыса Вера Палякова, чый сын не прайшоў у фінал дзіцячага Еўрабачання: Гэта дыверсія супраць мяне
Учора прайшоў адбор на дзіцячае «Еўрабачанне». Сярод удзельнікаў быў і сын міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Ён выступаў у складзе гурта «Нясумны ўзрост», які не трапіў у дзясятку фіналістаў. Маці хлопчыка, актрыса і тэлевядучая АНТ Вера Палякова, засталася незадаволенай і напісала ў сацсетках абураны пост.
«Што хачу сказаць: калі такая паважаная структура [Белтэлерадыёкампанія] бярэцца за арганізацыю працэсу, то і эфект мусіць быць адпаведны… Я думаю, што нават неспакушаны музыкай чалавек зразумее, што калі на працягу 25 секунд фаніць мікрафон, а хлопчыкам выводзяць гук праз тры словы пасля пачатку песні, то гэта проста трэш», — напісала Вера Палякова.
Актрыса заявіла, што да адбору яны рыхтаваліся паўгода і ўклалі ў нумар вялікія грошы. Таму разлічвалі калі не на перамогу, то на годны выступ.
«Я не магу маўчаць пра тое, што робіцца. І стамілася потым чырванець за радзіму», — эмацыйна каментуе яна ў размове.
Прафесійна займацца музыкай яе сын Арцём пачаў год таму.
«Дагэтуль выступаў са мной. У нас ужо ёсць тры кліпы — два сольныя і адзін у гурце. У яго ёсць лэйбл «Цёмыч і кампанія». Больш, канечне, сын займаецца акцёрскім майстэрствам — ужо пяты год, у тэатры, у якім я выкладаю.
Ён не з вуліцы прыйшоў. Маё дзіця, для таго каб пацягаць чамадан на заднім плане на сцэне (фішка, якую я з харэографам прыдумала), на 8 кг схуднеў — проста для таго, каб паўдзельнічаць.
І я ганаруся сваім дзіцем на ўсе тысячу працэнтаў!
Але лічу, што мяне падставілі ўчора. Гэта дыверсія супраць мяне канкрэтна — я так гэта ўспрыняла, не як памылку, бо памылка магла быць трохсекундная.
Пасля таго як мы адрэпетавалі, арганізатары бачылі, калі, адкуль, хто выходзіць і які тэкст спявае. Лічу, гэта верх непрафесіяналізму.
Упэўнена, што на Еўрабачанне выдатковаюцца грошы з бюджэту, і немалыя. Таму іх трэба ўкладаць як мінімум у арэнду апаратуры, калі няма сваёй. А тут гук горшы, чым у мяне ў гімназіі ў актавай зале».
У наступным годзе, кажа Вера Палякова, калі будзе добрая песня, яе сын зноў паспрабуе адабрацца на Еўрабачанне:
«І ў гэты раз была крутая песня. І я лічу у нас быў самы прыкольна зроблены нумар. Гэта было нешта акцёрскае, драматычнае, ні ў кога такога не было».
Каментары