Гісторыя11

«Ліхім жывешы, літвой арэшы»: рабства на Русі

У «Рускай праўдзе» — першым зводзе законаў Русі князя Яраслава Мудрага 1016 года — нямала прававых нормаў прысвечана рабам. У «Праўдзе» іх называюць халопамі ці чэляддзю. Выходзіць, рабы былі значнай часткай насельніцтва Русі, калі іх учынкі патрабавалі рэгламентацыі. Рабы выступалі суб’ектамі права, а адказнасць за іх неслі гаспадары, піша кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч.

Захоп палону на Русі падчас княскіх міжусобіц. Мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу.

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі гісторыкі-рамантыкі лічылі, што ў славян Усходняй Еўропы рабства было пашырана нязначна. Толькі асобныя даследчыкі здолелі ўбачыць у ім сапраўдны сродак умацавання асабістай улады ў грамадстве, а значыць — маёмаснай дыферэнцыяцыі і перадумоў сацыяльнай няроўнасці. «Эканамічны дабрабыт Кіеўскай Русі трымаўся на рабаўладанні нават у ХІІ стагоддзі», — меркаваў Васіль Ключэўскі.

У савецкай гістарыяграфіі панаваў шаблонна-марксісцкі погляд, што на Русі Х—ХІІІ стагоддзяў склаўся феадалізм. Акадэмічнае выданне «Гісторыя Беларускай ССР» 1970-х гадоў адносіла яго фармаванне ў Беларусі да ІХ стагоддзя. З пункту гледжання гістарычных фактаў гэта зусім некарэктна.

Цяпер пануе меркаванне (яго трымаюцца, у прыватнасці, расійскія гісторыкі Ігар Фраянаў і Андрэй Дварнічэнка), што невялікія сядзібы-вотчыны Кіеўскай Русі трымаліся на рабскай і паўсвабоднай працы, а элементы феадальнай залежнасці з’явіліся ўжо пазней.

А ў Верхнім Падняпроўі і Падзвінні, у Полацкай і Смаленскай землях, феадалізм раней за XIV—XV стагоддзі наогул не склаўся.

Вядома, рабства на Русі не мела маштабаў антычнага. Гэта быў, хутчэй, гаспадарчы ўклад і адна з сацыяльных рэалій. Аднак, як высвятляецца, значнасць гэтага ўкладу гісторыкі недаацэньвалі.

У ІХ—Х стагоддзях галоўнай крыніцай рабства быў палон. І рабоў паспяхова прадавалі, пераважна ў Візантыю. Але з развіццём княскага і баярскага землеўладання для чэлядзі знаходзілася ўсё больш працы на Русі, а ў некаторых рэгіёнах рабы пачыналі складаць канкурэнцыю свабодным людзям у апрацоўцы зямлі. Так, пасля паходу галіцка-валынскага князя Рамана за Нёман гэты валадар засяліў свае сёлы літоўскім палонам, і сярод мясцовага насельніцтва склалася непрыхільная да князя прымаўка: «Рамане, ліхім жывешы, літвой арэшы».

Вядома, рабы складалі важную частку ваеннай здабычы, як гэта адбылося ў 1084 годзе ў Менску і яго ваколіцах, калі Уладзімір Манамах разрабаваў горад і не пакінуў тут, паводле летапісу, «ні чалядзініна, ні скаціны».

Даследчыкі мяркуюць, што тэрмін «чэлядзь» з’явіўся раней за тэрмін «халоп». Чэляддзю (параўнайце з англійскім child) лічыліся палонныя, захопленыя ў час войнаў, халопы ж фармаваліся з мясцовага люду.

Бо ў ХІ стагоддзі рабамі станавіліся ўжо не толькі паланяне, але і суайчыннікі, якія траплялі ў халопства за нявыплачаныя пазыкі, а таксама ў выніку шлюбаў свабодных з несвабоднымі. Асобны шлях — прыняцце «халопскіх» пасадаў, накшталт ключнікаў ці цівуноў. Менавіта таму гордая Рагнеда заявіла, што не пойдзе замуж за «рабыніча» Уладзіміра, сына ключніцы Малушы.

Царкоўныя гісторыкі пішуць, што становішча чэлядзі паступова змякчала хрысціянская Царква. А з’яўленне вялікай колькасці рабоў з ліку суайчыннікаў спрыяла таму, што на іх пашыраліся некаторыя спадчынныя і маёмасныя правы. Старабеларускае права ХІІІ стагоддзя будзе ўжо ведаць пакаранні за згвалтаванне рабыні — адну грыўню срэбра «за сорам».

Канчаткова ж «рабскую спадчыну» «Рускай праўды» на нашых землях змагла пераадолець толькі каралева Бона, якая ў першай палове XVI стагоддзя правяла рэформу велікакняскіх зямельных уладанняў, у выніку якой з вёсак Вялікага Княства знікла нявольніцтва, якое праіснавала нават да тае пары. 

Каментары1

Забойства Насралы: дэталі аперацыі і рэакцыя свету15

Забойства Насралы: дэталі аперацыі і рэакцыя свету

Усе навіны →
Усе навіны

Ураган «Хелен» у ЗША: загінулі больш за 40 чалавек

З кастрычніка новы пакет санкцый запрацуе напоўніцу. Як да гэтай даты рыхтуюцца бізнэс і грузаперавозчыкі?1

Беларуса, затрыманага ў Чадзе, вызваляць разам з расіянамі

Нікол Пашынян заявіў пра гатоўнасць неадкладна падпісаць мірную дамову з Азербайджанам2

У Мінску скончылі прамыванне сетак пасля аварыі на водаправодзе2

Выдавецтва «Янушкевіч» атрымала прэстыжную амерыканскую прэмію1

Хочаце знізіць або падвысіць сваю агрэсіўнасць на 30%? Вось просты спосаб7

Прэзідэнт Сербіі прарочыць Украіне карэйскі сцэнарый1

КДБ актыўна вярбуе палітвязняў, вызваленых па памілаванні — праваабаронцы10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Забойства Насралы: дэталі аперацыі і рэакцыя свету15

Забойства Насралы: дэталі аперацыі і рэакцыя свету

Галоўнае
Усе навіны →