«Тата, чаму ты мяне вучыш па-беларуску, а дзеці са мной размаўляюць па-руску?» Адказваюць бацькі і псіхолаг
«Наша Ніва» папрасіла беларускамоўных бацькоў і псіхолага падзяліцца досведам, як рэагаваць на пытанні дзіцяці наконт мовы.
Астраном і фатограф Віктар Малышчыц з жонкай гадуе чатырох дзяцей. Моўную сітуацыю ў краіне бацька пакрысе тлумачыць малечы загадзя.
«Я расказаў, што быў вельмі доўгі час, калі мы былі пад расійскай акупацыяй, і з 30-х гадоў па сённяшні дзень і расійскія, і нашы ўлады імкнуцца русіфікаваць нас, каб знішчыць як нацыю. Так, гэта вельмі прымітыўнае і занадта аднабокае тлумачэнне, але неяк жа трэба дзецям патлумачыць. Падрастуць — раскажу падрабязней.
Але я не дазваляю дзецям дзяліць людзей па моўнай прыкмеце. Мы тлумачым, што ўсе рускамоўныя навокал — гэта таксама нашы родныя людзі, проста ім ніхто пакуль яшчэ не расказаў, што наша мова — беларуская. Канечне, і тут я вельмі моцна спрашчаю.
Пяцігадовая Адэлька часам з рускамоўнымі дзеткамі пераходзіць на рускую. Старэйшай жа Ганулі (9 год) увогуле не трэба нічога тлумачыць — яна са сваім характарам і асаблівасцямі нават на ўроках рускай мовы прымушае настаўніцу гаварыць па-беларуску.
Не сказаў бы, што недарэчнасці ці смешныя сітуацыі часта ўзнікаюць — насуперак страхам бацькоў, што беларускамоўным дзецям немагчыма будзе жыць у пераважна рускім наваколлі, жывуць яны як самыя звычайныя дзеткі.
Аднойчы, памятаю, у Мірскім замку нейкі хлопчык гадоў васьмі пачаў штосьці ў нас распытвацца. Ну а мы з Адэлькай яму адказвалі. Хлопчык хмурыў бровы, напружваўся, нешта не разумеючы, а потым сказаў дзелавіта: «Я вообще-то из Беларуси. Из Могилёва».
Дзеці толькі гады ў тры пачынаюць разумець, што існуюць розныя мовы. Таму гады ў чатыры можна расказваць пра тое, якая мова наша.
Наконт перажыванняў, што сябры не разумеюць па-беларуску, я звычайна кажу: «Ты ж хочаш, каб яны з табой размаўлялі па-беларуску? Тады давай будзем іх вучыць! Калі яны нейкае слова не зразумеюць, проста патлумач ім». Бачыў, што Адэлька так і рабіла».
Заснавальнік грамадскага аб’яднання «Цэнтр «Трэці сектар» Вітаўт Руднік расказвае, што яго дачка хадзіла ў садок, дзе ўсе размаўлялі па-руску.
«Першыя тыдні яна нават мела часам клопаты з разуменнем. Але пытанняў пра розныя мовы Алеся не задавала, бо ад маленства часта трапляла ў асяроддзі, дзе размаўлялі на дзвюх мовах. Канечне, мы тлумачылі ёй, што нашая родная мова — беларуская, чаму гэтай мовы ў грамадстве менш, чым хацелася б, распавядалі пра гісторыю краіны. Таму дачка вырасла з павагай да сваёй мовы і гісторыі, размаўляе з намі па-беларуску, вучыць іншаземцаў правільна называць краіну».
Цікавым досведам падзяліўся Алесь Гарыст. Ён жанаты з расіянкай і зараз жыве ў Расіі, але дачку навучае беларускім словам. Нядаўна прыязджаў з дзіцем на радзіму. І дачка ніяк не магла разумець, чаму беларусы размаўляюць не па-беларуску.
«Прыйшлося тлумачыць, што не ўсе ўжываюць родную мову. «Але ж у школе вывучалі яе. А чаму не размаўляюць?» Расказаў як казку. Што аднойчы ў Расеі з'явілася злая царыца-ведзьмачка і пазайздросціла, што па суседстве людзі жывуць мірна, робяць сваю справу, і захацелася ёй са сваімі прыяцелямі-царамі разадраць і прыбраць да рук нашую дзяржаву. Назбіралі сілы, і толькі з трэцяга разу яны змаглі перамагчы садружнасць краін. Потым зменяліся на Расеі цары, і кожны хацеў валодаць нашай краінай. Знаходзіліся беларусы, якія працавалі на гэтых цароў, паступова пачалі размаўляць на іх мове, сваіх дзяцей аддаваць у расейскія школы. І тыя забываліся роднай мовы і ўжо сваіх дзяцей не маглі навучыць. Былі сярод беларусаў і добрыя вешчуны, якія хавалі беларускія кнігі, збіралі народныя песні, казкі, вучылі дзяцей роднай мове.
Дачка тады запытала: «І ты такі вяшчун?» Адказаў: «Напэўна, і я».
Як рэагаваць бацькам, калі ў дзіцяці ўзнікаюць пытанні ці непаразуменні праз мову, тлумачыць псіхолаг Таццяна Палхоўская.
«Найперш я хацела б папрасіць бацькоў, каб яны размаўлялі з выхавальніцамі ў дзіцячым садку, выкладчыкамі ў школе і стваралі такое асяроддзе, дзе дзіця не будуць папраўляць ці насміхацца з яго мовы — каб хаця б з боку дарослых не было падкрэслівання, што сітуацыя нейкая ненармальная. Чым больш дзіця будзе сутыкацца з добрым стаўленнем іншых людзей, тым менш у яго будзе напругі і пытанняў з гэтым звязаных», — кажа псіхолаг.
Бацькам не варта рабіць агрэсіўныя напады на рускую мову — лепш спакойна распавесці, што ў нашай краіне ёсць дзве мовы, але родная — беларуская. Патлумачыць гістарычны кантэкст — на тым узроўні, на якім дзіця зможа ўспрыняць. Даць паслухаць урыўкі мульцікаў на ангельскай ці французскай мове, каб было зразумела, што ў кожнай краіне мовы розныя.
«Патлумачце, што хтосьці забыўся на сваю мову, хтосьці не ўмее на ёй размаўляць, і дзіцяці пашанцавала, што яно ведае яе, гэта бонус па жыцці,
— раіць псіхолаг. — Калі дзіця сутыкнецца з насмешкамі, непаразуменнем, трэба даць яму падтрымку. Звяртайце ўвагу на тое, што яно адчувае. Не так важна, сутыкнецца яно са складанасцямі праз мову ці іншую тэму — яго варта навучыць выходзіць з такіх сітуацый.
Калі дзіцяці будзе складана прытрымлівацца беларускай мовы праз соцыум (а да гэтага трэба быць гатовым), не цісніце. Каб пасля, калі дзіця вырасце, яно лічыла беларускую мову сваёй, важна, каб у яго не было моцных негатыўных эмоцый, звязаных з ёй, іншакш будзе супраціў».
Каментары