Фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» адбудзецца 28 верасня ў аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна, паведамляе БелТА. Ён завершыць праграму Рэспубліканскага форуму сельскай моладзі, які сёння адкрываецца ў Мінску. Галоўнымі героямі папулярнага конкурсу стануць шэсць сем'яў.
«У ліку фіналістаў сям'і Аляксандра і Марыі Навіцкіх з аграгарадка Вулька-2 Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, Аляксандра і Алены Цяцера з аграгарадка Кушлікі Полацкага раёна Віцебскай вобласці, Барыса і Юліі Яраш з аграгарадка Крынічны Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, Віктара і Наталлі Янковіч з гарадскога пасёлка Вострына Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці, Пятра і Вольгі Мячкоўскіх з аграгарадка Лебедзева Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці, Васіля і Кацярыны Фядотавых з аграгарадка Барчыцы Кіраўскага раёна Магілёўской вобласці. Гэта маладыя людзі розных прафесій - трактарысты-машыністы, жывёлаводы, паляводы, педагогі, эканамісты і нават анестэзіёлаг-рэаніматолаг.
За ганаровы тытул «Уладар сяла» і галоўны прыз - культыватар ім трэба будзе не толькі паспаборнічаць у розных конкурсах, але і пацвердзіць лідарства ў фармаце тэатралізаванага прадстаўлення «Вітаем па-беларуску» - прэзентаваць сваю сям'ю, яе традыцыі і захапленні, прадэманстраваць «Выставу дасягненняў сямейнай гаспадаркі», якая аб'яднае ў адзінай экспазіцыі прадметы сямейнай творчасці, дасягненні ў працы і, вядома ж, гасціннасць.
Кульмінацыяй свята стане цырымонія ўзнагароджання сям'і-пераможцы праекта. «Разам з тым усе фіналісты ўжо сталі пераможцамі ў сябе ў раёнах і на абласных спаборніцтвах. Для ўсіх у падарунак падрыхтаваны грашовыя сертыфікаты ў памеры 80 базавых велічыняў кожны. За другое і трэцяе месцы сем'ям дадаткова будзе ўручана бытавая тэхніка. Кожная сям'я павязе з сабой па ровары, а дзяцей пацешаць мяккімі цацкамі «, - паведамляюць каардынатары праекта.
Каментары