Як Беларусі змагацца з расійскай прапагандай і пра што кажа досвед Украіны
Пра ўкраінскі шлях змагання з прапагандай распавядае дырэктарка па даследаваннях Еўрапейскай экспертнай асацыяцыі і экспертка iSANS Марыя Аўдзеева, а сітуацыю з расійскай прапагандай у Беларусі ацэньвае журналіст Паўлюк Быкоўскі — у выпуску дэбатаў «ДысКУТ».
Ва Украіне расійскія СМІ забаранілі яшчэ ў 2014-м. Працэс гэты расцягнуўся на тры гады. Сёлета Уладзімір Зяленскі працягнуў забарону: для адных медыя на год, для іншых — на тры.
«Ва Украіне сёння забароненыя каля 76 расійскіх каналаў і вялікая колькасць інтэрнэт-рэсурсаў. У тым ліку расійскія сацыяльныя сеткі «Укантакце» і «Аднакласнікі», а таксама ўсе сэрвісы Яндэкса, — тлумачыць Марыя Аўдзеева. — Чаму гэта адбылося ва Украіне? Расія ў адносінах да Украіны праводзіла агрэсіўную палітыку, акупавала тэрыторыю Крыма і пачала канфлікт на Данбасе. Расійскія СМІ выкарыстоўваліся як адзін з інструментаў вайны. Украіна мусіла не даць гэтаму інструменту ўплываць на свой інфармацыйны фон».
Украінская экспертка кажа, што пасля забароны вялікая колькасць карыстальнікаў з Украіны сышла з расійскіх сацсетак. Зменшыўся і ўплыў расійскіх СМІ.
«Мы можам казаць, што гэтыя дзеянні мелі станоўчы эфект. Але ўсе эксперты кажуць пра тое, што трэба спалучаць забарону з іншымі метадамі. Неабходна працаваць над уласным кантэнтам, развіваць медыяпісьменнасць», — адзначае Марыя Аўдзеева.
Але беларускі журналіст Паўлюк Быкоўскі лічыць, што ўкраінскі досвед змагання не надта надаецца для нашай краіны. Найперш таму, што ў Беларусі вайны няма.
«Калі мы маем прыклад Украіны, то тут ёсць пытанне міждзяржаўнага канфлікту. Афіцыйны Мінск пасля 9 жніўня не мае канфлікту з афіцыйнай Масквой, таму гэтае пытанне і не гучыць, — кажа Паўлюк Быкоўскі. —
Калі разважаць пра тое, ці можа гэта быць карысным інструментам, то мне падаецца, што калектыўная адказнасць адной краіны за дзеянні медыя іншай — гэта не зусім адэкватны крок. Тым больш у час, калі ёсць доступ у інтэрнэт і пасля 9 жніўня беларусы навучыліся карыстацца рознымі ананімайзерамі. Таму пытанне забароны таго ці іншага медыя я б ставіў як пытанне адказнасці за канкрэтныя дзеянні. Калі ў пэўных медыя мы знаходзім нешта, што супярэчыць інтарэсам нашай дзяржавы, то тады сапраўды можам праз суд вырашаць, трэба ці не трэба караць гэтае медыя. І адным з пакаранняў сапраўды можа быць забарона».
Журналіст акцэнтуе, што пытанне з забаронай расійскіх сацыяльных сетак і сэрвісаў яшчэ менш актуальнае для Беларусі.
«У сітуацыі адсутнасці такога ўзроўню варажнечы, які мы назіраем паміж Украінай і Расіяй, такое пытанне ў Беларусі проста не павінна стаяць», — лічыць Паўлюк Быкоўскі.
Глядзіце дыскусію цалкам на ютуб-канале дэбатаў «ДысКУТ»:
04:44 — калі і як былі забароненыя расійскія СМІ ва Украіне
09:22 — санкцыі за канкрэтныя парушэнні, якія шкодзяць дзяржаве
12:50 — ці кантралюе Беларусь сваю інфармацыйную прастору
16:29 — крамлёўскія наратывы пра Беларусь
19:35 — украінскія СМІ на службе расійскай прапаганды
26:27 — чым замяніць расійскі кантэнт беларускага тэлебачання
29:06 — ці варта папераджальна забараніць агрэсіўныя расійскія СМІ
34:54 — абмежаванні павінны быць аргументаваны
36:54 — прапаганда з адсутнасцю моўнага бар'ера
40:18 — хто вырашае, што прапаганда, а што — не
43:35 — як павысіць медыяпісьменнасць
47:03 — кантроль кантэнту, а не забарона каналаў
53:15 — забарона расійскіх сацыяльных сетак ва Украіне
01:05:15 — які сцэнар барацьбы з прапагандай варта абраць
Каментары