Спорт

«Як можна святкаваць, калі беларусы крычаць ад болю?» Алена Леўчанка эмацыйна звярнулася да Рэнэ Фазеля

Беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка, якая адседзела 15 сутак на Акрэсціна, звярнулася да прэзідэнта IIHF Рэнэ Фазеля. У лісце яна закранула тэмы гвалту ў Беларусі і чэмпіянату свету па хакеі — 2021, піша Tut.by.

Фота з архіва Алены Леўчанка

— Добры дзень, спадар Фазель. Мы незнаёмыя, і я больш чым ўпэўненая, што вы ніколі не чулі пра мяне. Мяне завуць Алена Леўчанка, 25 гадоў я прафесійна гуляю ў баскетбол. Абараняла Беларусь на міжнароднай арэне на працягу доўгіх гадоў, удзельніца дзвюх алімпіяд, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы, найлепшая цэнтравая чэмпіянату свету 2010 года, фіналістка жаночай NBA.

Я заўсёды ставілася да тытулаў як да выніку сваёй кар'еры і ніколі не выкарыстоўвала іх, каб вырашаць складаныя пытанні. Таму і да сёння, я хачу звярнуцца проста як беларуска, і звярнуцца не як да уплывовай, аўтарытэтнай фігуры з свету спорту, а перш за ўсё як да чалавека, якому, я ўпэўненая, будзе неабыякава пачуць мяне.

Я ведаю, што правядзенне чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2021 года пад вялікім пытаннем з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Але я хацела б сказаць, што ад вашага рашэння будзе залежаць зусім не тое, ці адбудуцца запланаваныя матчы ў Мінску, зыходзячы з гэтага рашэння стане ясна, ці падтрымлівае хакейны свет у вашым твары гвалт і генацыд.

Пандэмія паказала нам, што спорт немагчымы без заўзятараў. Ён проста не мае сэнсу без людзей на трыбунах. Заўзятары — гэта актыўныя грамадзяне любога грамадства. Кожны мае пашпарт, а кожны дарослы можа галасаваць. Таму нельга са спорту проста ўзяць і выключыць людзей і сказаць, што мы па-за палітыкай. І вас як чыноўніка, і мяне як спартоўца проста няма без заўзятараў.

Я разумею, што ўсё, чаго вы хочаце, гэта бачыць зноў Мінск такім жа, якім вы яго запомнілі: чыстым, светлым, ціхім. Згуляць турнір і забыцца пра гэта… але вы не зможаце правесці чэмпіянат і не заўважыць людзей.

Беларусы, мы народ, мы — нацыя. А Чэмпіянат свету па хакеі — гэта свята.

Але як можна святкаваць, калі беларусы крычаць ад болю? Ніводны чалавек у 2020 годзе не мае права забіваць і калечыць іншага проста таму, што ён мацней і ў яго руках зброя.

30 тысяч беларусаў за апошнія чатыры месяцы прайшлі праз турмы. І калі вы ведаеце гэта і нічога не робіце, значыць, вы заахвочваеце гэта. Вы проста стаіце на другім баку дарогі і назіраеце.

Жыццё кожнага чалавека важнае, правы кожнага чалавека роўныя. І ні ў каго з нас не будзе магчымасці пражыць гэтае жыццё другі раз. Ваша рашэнне будзе вельмі важным, і яно зусім не пра хакей.

У прэсе я чытала, што ў найбліжэйшы час вы плануеце асабіста сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб абмеркаваць усе нюансы па чэмпіянаце свету. Якіх гарантый вы хочаце? Абяцанняў, што людзі перастануць змагацца за свабоду, выходзіць на вуліцы і выказваць сваё меркаванне і нязгоду з тым, што адбываецца?

Я ўпэўненая, што вам гарантуюць бяспечную прагулку па Мінску, выдадуць персанальную ахову, і людзі ў балаклавах будуць дзяжурыць у кожным двары па шляху вашага руху, не дапускаючы ніводнага мінака бліжэй чым на сто метраў.

Для вас могуць перакрыць вуліцы і аўтамабільны рух, вы трапіце ў рэстараны, якія будуць адкрыты толькі для вас і зачыненыя для ўсіх астатніх. Вас не закране той жах, які тычыцца мільёнаў беларусаў. Але я сумняваюся, што такія дзеянні з'яўляюцца нармальнымі для Швейцарыі, грамадзянінам якой вы з'яўляецеся.

Я не здзяйсняла злачынства, але была арыштаваная, асуджаная двойчы, адседзела 15 сутак на Акрэсціна. Без гарачай вады, без ацяплення, без медыкаментаў, без пасцельнай бялізны, сліў каналізацыі быў адключаны, а кароткую прагулку даводзілася чакаць пяць дзён. І гэта было марай — такая простая мара: убачыць неба. Я спала на жалезных бэльках, у мяне з'явіліся вошы.

Адной з маіх сукамерніц была грамадзянка Швейцарыі - яе завуць Наталля Хершэ. Цяпер яна асуджаная на два з паловай гады за тое, што сарвала балаклаву з байца АМАПа. Таму што супрацоўнік сіл правапарадку павінен гэты парадак выконваць і ахоўваць, а не хаваць свой твар, як рабаўнік банка з дэтэктыўнага фільма.

Ведаеце, Наталля Хершэ вельмі светлая, добрая, яна ўмее кахаць. У яе ёсць блізкія і сям'я. Яна не злачынца. Таму я веру, што сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам вы хочаце толькі для таго, каб яна была вызваленая як мага хутчэй.

Я веру, што сустрэцца з ім вы маеце намер, каб асабіста сказаць, што вы супраць гвалту, а катаванням у XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы няма месца. Што сусветны хакей ніколі не падтрымае дыктатуру, бо правы чалавека — гэта самая галоўная каштоўнасць. І што Дзмітрый Баскаў не можа займаць пасаду старшыні хакея Беларусі (пасля інцыдэнту з гібеллю Рамана Бандарэнкі).

Спадзяюся, менавіта гэта і ёсць сапраўдная мэта вашага візіту. Сёння кожны беларус, выходзячы на вуліцу, не ўпэўнены, вернецца ён дадому ці не. Ведаць нумар свайго тэлефона, нумар адваката і адрас турмы становіцца як бы штодзённым абавязкам. У кожнага ёсць хоць бы адзін сябар, знаёмы ці блізкі, які пабываў за кратамі.

Заканчваючы свой зварот да вас, я хацела б сказаць, што калі мы глядзімся ў люстэрка, то застаемся сам - насам са сваім сумленнем, а калі мы засынаем, у нас няма ніякіх тытулаў, рэгалій і званняў. Улада і ўплыў патрэбныя толькі для таго, каб змяняць свет да лепшага. Дазвольце нам паважаць вас як чалавека.

Беларуска Алена Леўчанка.

Каментары

У Віцебску затрымалі мінскага блогера-прыкаліста Bulbanews, у якога 600 тысяч падпісчыкаў у інстаграме1

У Віцебску затрымалі мінскага блогера-прыкаліста Bulbanews, у якога 600 тысяч падпісчыкаў у інстаграме

Усе навіны →
Усе навіны

Comedy Club закрываецца7

Упершыню ў Беларусі сабаку паставілі адразу два біянічныя пратэзы1

Не толькі Ліван: тэлефон выбухнуў у руках у мужчыны ў цэнтры Масквы1

Дунай выйшаў з берагоў і стаў затапляць Будапешт

У Глыбокім затрымалі як мінімум 12 чалавек5

«Мяне звальнялі адусюль!» Цяпер за брошкамі майстрыцы ганяюцца модніцы, а люстэркі капіруюць на AliExpress

У Мінск ізноў прыехаў кіраўнік «ДНР»7

Ціханоўская прапанавала кандыдата на прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы2

Рэсурсы Мінабароны РБ распаўсюдзілі новы брудны фэйк пра Украіну8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Віцебску затрымалі мінскага блогера-прыкаліста Bulbanews, у якога 600 тысяч падпісчыкаў у інстаграме1

У Віцебску затрымалі мінскага блогера-прыкаліста Bulbanews, у якога 600 тысяч падпісчыкаў у інстаграме

Галоўнае
Усе навіны →