Грамадства

«Рэпутацыя нейтральная, але ён едзе распраўляцца з нязгоднымі»: што вядома пра новага епіскапа Гродзенскага Антонія

Хто змяніў прынцыповага архіепіскапа Арцемія? І чаго чакаць ад прызначанага Антонія?

Уладыка Антоній. Фота kurjer.info.

Ад 9 чэрвеня 41-гадовы Антоній (свецкае імя Дзяніс Даронін) стаў новым праваслаўным епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім. На гэтай пасадзе ён змяніў прынцыповага архіепіскапа Арцемія, які адзіны сярод вышэйшага праваслаўнага духавенства не змаўчаў пра палітычныя падзеі ў краіне. Хто ж такі гэты Антоній?

Ягоны род паходзіць з расійскага Ніжняга Ноўгарада, але продкі яшчэ ў час калектывізацыі з’ехалі ў Баку. У Азербайджане Дзяніс і нарадзіўся. З’ехалі з Каўказа бацькі Дароніна яшчэ ў 1986 годзе, калі там пачаўся ўздым нацыянальных рухаў.

У выніку сям’я асела ў Дубаўлянах пад Мінскам. «Я маю савецкае выхаванне, але прыйшоў да Бога», — казаў Дзяніс. Хлопец вучыўся ў школе імя Ахрэмчыка, бацькі чакалі, што ён звяжа лёс з мастацтвам, але юнак вырашыў цвёрда паступаць у духоўную семінарыю.

Паступаў, дарэчы, па рэкамендацыі нядаўна памерлага протаіерэя Іаана Харашэвіча, цесця вядомага Фёдара Поўнага. Кажуць, у семінарыі Дзяніс адзначыўся добрым голасам, ягоны тэнар быў запатрабаваны ў хоры. Разам з ім вучыўся яшчэ адзін цяперашні епіскап — Парфірый, які мае кафедру ў Лідзе, але той адразу з першага курса перайшоў на трэці.

У час вучобы ў Духоўнай акадэміі Дзяніса на год адправілі ў Швейцарыю, прайсці стажыроўку ў Вышэйшым інстытуце праваслаўнага багаслоўства ў Шамбезі. Кандыдацкая дысертацыя Дароніна была на тэму «Беларускія трэбнікі XVII — XVIII стагоддзя: гісторыя літургічнага багаслоўства».

Цікава, што пабыць звычайным святаром са сваім прыходам Дзянісу Дароніну так фактычна і не давялося. Ягоная кар’ера стала складвалася інакш, хутчэй па «чыноўніцкай» лініі. Яшчэ да сканчэння вучобы ён трапіў на працу ў Мінскае епархіяльнае ўпраўленне, працаваў пры мітрапаліце Філарэце.

Ужо праз два гады яго прызначылі асабістым сакратаром мітрапаліта. Вельмі хуткі ўзлёт. Фактычна Даронін знаходзіўся амаль увесь час пры Філарэце, ён ведаў, з кім сустракаецца, пра што гаворыць і аб чым дамаўляецца мітрапаліт. Гэта адна з ключавых пасад пры епархіяльным упраўленні.

У 2009 годзе Дзяніса Дароніна пастрыглі ў манахі. Ён атрымаў імя Антоній у гонар Антонія Рымляніна, праваслаўнага ураджэнца цяперашніх італьянскіх зямель, які пасля ганенняў «лацінян» прыехаў у Ноўгарад.

У 31 год Антоній (Даронін) ужо стаў архімандрытам — гэта высокі манаскі чын, звычайна яго маюць настаяцелі буйных манастыроў. У той жа самы год яго прызначылі адказным сакратаром Кіраўніцтва справамі Беларускага экзархата, а яшчэ праз два гады ён ўзначаліў гэтую структуру.

Калі новы мітрапаліт БПЦ Павел (Панамароў) ствараў новыя епархіі, то Антонія адправілі кіраваць адной з такіх — Слуцка-Салігорскай. У свае 34 гады Даронін стаў самым маладым беларускім епіскапам і членам сінода БПЦ. Менавіта таму Антонія лічаць ці не галоўным кар’ерыстам у царкве.

На прэзідэнцкія выбары 2020 года Антоній схадзіў датэрмінова. Журналістам ён сказаў, што ў гэтыя дні «моліцца выключна аб Айчыне». Потым ён з’явіўся толькі 16 жніўня, калі чытаў малітву аб «пазбаўленні ад згубнай пошасці», а таксама заклікаў усіх да міру і згоды. 25 жніўня на сустрэчы са святарамі з Клецка, Нясвіжа і Капыля Антоній аддаў загад пра тое, што праваслаўныя святары не маюць права ўдзельнічаць у мітынгах і маніфестацыях, апранутымі ў падраснікі і з крыжом, а толькі як звычайныя грамадзяне.

«У яго нейтральная рэпутацыя, але ўсе разумеюць, што да нас ён едзе, каб расправіцца з нязгоднымі», — сказалі «НН» гродзенскія святары. Нічога добрага ад прызначэння Антонія яны не чакаюць.

Каментары

Цяпер чытаюць

Зяленскі афіцыйна дазволіў Пуціну правесці парад — указ47

Зяленскі афіцыйна дазволіў Пуціну правесці парад — указ

Усе навіны →
Усе навіны

У Чарнобылі бушуе вялікі лясны пажар. Вецер дзьме ў бок Беларусі, сёння варта перасцерагчыся10

Легендарнаму брытанскаму натуралісту Дэвіду Атэнбора спаўняецца 100 гадоў2

Спыніў дзейнасць беларускі часопіс пра кіно «На экранах»1

Самую дарагую кватэру ў Беларусі ў красавіку купілі за паўмільёна даляраў

Наўседа: Прысутнасць войскаў ЗША ў Літве не залежыць ад адносін з Мінскам1

Кубракоў расказаў, што цяпер з пакістанцамі ў Беларусі6

Лукашэнка паляцеў у Маскву4

Беларускі фатограф у Польшчы шукае скрадзены Lexus12

38‑гадовага юрыста з Гродна пасадзілі за «абразу» Лукашэнкі і «экстрэмізм»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі афіцыйна дазволіў Пуціну правесці парад — указ47

Зяленскі афіцыйна дазволіў Пуціну правесці парад — указ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць