Грамадства3131

Беларуску ў Польшчы спачатку пагадзіліся ўзяць на працу, а потым адмовіліся — праз тое, што ў Беларусі на яе заведзена крыміналка

Асабліва абурае Таццяну Панкову той факт, што ўладальнікі польскай фірмы — беларусы.

Таццяна Панкова. Фота з яе архіва

Падчас выбараў 2020 года Таццяна працавала ў Магілёўскім аблвыканкаме — была галоўнай спецыялісткай упраўлення эканамічнага аналізу камітэта эканомікі. Таксама выкладала ва ўніверсітэце.

Яна хадзіла на пратэсты і на працы не баялася дэманстраваць сваю пазіцыю. У 2021 годзе адзін з ідэолагаў пабачыў на працоўным стале Таццяны кубак з Пагоняй — пасля гэтага выпадку на яе звярнулі ўвагу сілавікі. У выніку жанчыну вымусілі звольніцца з аблвыканкама.

У Таццяны атрымалася хутка знайсці працу на адным з прадпрыемстваў, але ў 2022 годзе яна ўсё ж вырашыла з'ехаць з краіны.

Зараз беларуска знаходзіцца ў актыўным пошуку працы ў Польшчы. Адна з сябровак даслала ёй вакансію на беларускай мове — кампанія Key Food Support Sp. z o.o. шукала бухгалтарку.

Гэтая кампанія пастаўляе інгрэдыенты для харчовай прамысловасці. Key Food Support Sp. z o.o. была зарэгістравана ў Польшчы ў 2022 годзе. Згодна з дадзенымі сайта aleo.com, палова кампаніі належыць 22‑гадовай Яўгеніі Татарчук, палова — 38‑гадоваму Яўгену Завадскаму.

На сайце кампаніі пазначана: «Key Food Support была створана ў Польшчы групай вопытных прафесіяналаў з шырокім вопытам работы ў харчовай прамысловасці. Усведамляючы неабходнасць у надзейным пастаўшчыку высакаякасных інгрэдыентаў, мы вырашылі стварыць уласнае прадпрыемства для задавальнення растучых запатрабаванняў вытворцаў прадуктаў харчавання па ўсёй Еўропе».

Таццяна адгукнулася на вакансію і яе запрасілі на сумоўе — праводзілі яго ўласнікі кампаніі. Але былі цікавыя моманты: Яўгенія Татарчук проста праводзіла патэнцыйную супрацоўніцу ў перамоўную, а само сумоўе праводзілі яе маці Алена Герасіменка і Яўген Завадскі.

Алена распавяла, што жыве ў Мінску, а ў Польшчу толькі прыязджае час ад часу. І зрабіла камплімент кулону ў выглядзе контураў карты Беларусі, які быў на шыі ў Таццяны.

Пасля першага этапу жанчыне прапанавалі два дні неаплочваемай стажыроўкі (па чатыры гадзіны на дзень). Яе гэта крыху здзівіла, бо ў Польшчы звычайна няма такой практыкі, але жанчына ўсё ж пагадзілася.

— Я пабывала на стажыроўцы, унікла ў працэсы, пазнаёмілася з калектывам, — распавяла Таццяна «Нашай Ніве».

Ад патэнцыйных працадаўцаў Таццяна даведалася, што ім таксама належыць кампанія «Пампушкін» у Расіі, куды яны пастаўляюць прадукцыю.

Згодна з дадзенымі сайта rusprofile.ru, у ТАА «Пампушкін» Алена Герасіменка сапраўды з’яўляецца адной з заснавальніц і валодае паловай статутнага капіталу. Таксама яна пазначана на сайце кампаніі як дырэктарка па развіцці.

Скрыншот сайта pampushkin.com

Сама кампанія «Пампушкін» была зарэгістраваная ў Маскве ў ліпені 2022 года — амаль што адначасова з кампаніяй у Польшчы.

Па дадзеных РБК, у Расіі ў 2019 годзе была зарэгістраваная гандлёвая марка «Містэр Пампушкін». Яе праваўладальнікам было беларускае ТАА «Пякарская справа» (ліквідавана ў 2025 годзе).

Яўген Завадскі (справа) на міжнародным сімпозіуме кандытараў у Мінску ў 2022 годзе. Фота з сайта bcmagazine.by

Летам 2022 года Яўген Завадскі на выставе Modern Bakery у Маскве як прадстаўнік «Містар Пампушкін» хваліўся, што дэфіцыт інгрэдыентаў на кірмашы (не складана здагадацца, чым ён быў выкліканы) ім толькі дапамагае: «Нам дапамагае дэфіцыт інгрэдыентаў на кірмашы, таму што кліенты шукаюць крухмалу, начыння, а мы можам іх прапанаваць. Рынак мяняецца, і калі раней мы кліентам аказвалі ў асноўным тэхналагічную падтрымку, то цяпер гэта хутчэй забеспячэнне. Некаторыя вытворцы, якія раней былі канкурэнтамі, цяпер сталі нашымі кліентамі, таму працы толькі дадалося. Але мы гэтаму рады».

Дарэчы, да гэтага часу групу кампаній «Містар Пампушкін» можна знайсці ў спісе кампаній, якія займаюцца імпартазамяшчэннем у Расіі.

Пасля стажыроўкі ў Таццяны спыталі, чаму яна з'ехала з Беларусі і ці заведзены на яе на радзіме крымінальныя справы. Але супакоілі — маўляў, мы ж самі беларусы, добра ўсё разумеем.

— Я сумленна адказала, што крыміналка ёсць. Пра яе яны даведаліся ад мяне самой — я нічога не хавала. Не ўпэўнена, што яны самі нешта яшчэ спецыяльна правяралі.

Крыміналку ў Беларусі на Таццяну завялі ў 2025 годзе — за ўдзел у беларускім мітынгу ў Варшаве. Абвінавацілі яе па другой частцы артыкула 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці групай асоб па папярэдняй змове).

У хуткім часе Таццяна атрымала паведамленне ад Яўгена Завадскага: той напісаў, што яны гатовы прыняць беларуску на працу. Ён растлумачыў, што ёй неабходна зрабіць і калі яе чакаюць на працы. Жанчына адправіла неабходныя для працаўладкавання дакументы.

Але ў выніку Яўген напісаў, што юрысты кампаніі праз тэрмін дзеяння пашпарта (да красавіка 2027 года) і крымінальную справу ў Беларусі параілі ўзяць іншага кандыдата на працу.

Таццяна такім рашэннем вельмі абураная: «Дома звольнілі з выканкама, потым — з універсітэта, пасля — з прадпрыемства. І што, цяпер яшчэ тут?». Кажа, самы дзіўны досвед міграцыі — калі ты ўжо выехаў з Беларусі, а яе страх усё яшчэ ходзіць за табой.

Беларусы ў Threads таксама абурыліся і ўжо абрынулі рэйтынг Key Food Support Sp. z o.o. на гугл-картах — зараз там 1,7 зоркі з 5 магчымых. Каментары таксама ўражваюць.

«Наша Ніва» звярнулася ў Key Food Support Sp. z o.o. па каментар, але адказу пакуль не атрымала.

Каментары31

  • цыкада
    08.05.2026
    ну что ж, бизнес и репутация уничтожены
  • Venlo
    08.05.2026
    Мая павага да Таццяны.
    працаваць у аблвыканкакаме і адкрыта выказваць сваю пазіцыю, не кожны зможа
  • Увы
    08.05.2026
    Стопроц коррупционный капитал, связанный с бел чиновниками и росс бизнесом.
    А людей за пдд вышвыривают.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў27

Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў

Усе навіны →
Усе навіны

Грамадзянін Беларусі адсядзеў у Расіі 12 гадоў за забойства. А калі сталі яго дэпартаваць, аказалася, што ён не грамадзянін Беларусі4

У Турцыі затануў турыстычны карабель, на якім плылі 110 пасажыраў

Дуа Ліпа і Калум Тэрнер ажэняцца на наступным тыдні. Вяселле будзе казачным

Украіна пераразае шляхі забеспячэння расійскай арміі па трасе Таганрог — Марыупаль — Мелітопаль — Джанкой19

У Расіі назвалі цэны на новыя «Волгі». Ці варта чакаць іх у Беларусі і што гэта наогул за аўто?10

Федэральны суддзя пастанавіў прыбраць імя Трампа з фасада Кенэдзі-цэнтра ў Вашынгтоне1

У Мінску ўшанавалі памяць загінулых на Нямізе 27 гадоў таму5

Выпадак на канцэрце «Іванушак» на МТЗ. Спявак зацягнуў «О, Беларусія» — і тут адбылося вось што25

«Я стаў знакамітым пісьменнікам, ён таксама знайшоў нармальную працу». Філіпенка раскрыў, што пісаў жарты для Зяленскага8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў27

Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць