Культура5252

Здранцвенне і страх. Беларусы ўдзельнічаюць у Венецыянскім біенале з ашаламляльным павільёнам ШМАТ ФОТА

У сярэднявечным касцёле стварылі змрочную атмасферу таталітарызму — крыж, пакрыты камерамі назірання, чырвонае святло і пшанічнае поле. І незвычайная страва, прыгатаваная адным з найлепшых кухараў свету. Паказваем, як выглядае беларуская выстава на адным з найбольш прэстыжных арт-фестываляў. А для гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча біенале стане пунктам невяртання.

Святлана Ціханоўская і сузаснавальнік і мастацкі кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін каля інсталяцыі з забароненых у Беларусі кніг на Венецыянскім біенале. Фота: прэс-служба Ціханоўскай

Беларусь у Венецыі сёлета адкрываецца з забароненых кніг, камер назірання і турэмных кратаў. З гукаў, якія нагадваюць пра страх. З культуры, якая даўно жыве па-за дзяржаўнымі сценамі, але ўсё роўна вяртае сабе права называцца беларускай.

Выстава «Official. Unofficial. Belarus» («Афіцыйна. Неафіцыйна. Беларусь») адкрываецца ў Венецыі як частка праграмы адной з галоўных арт-падзей свету — Венецыянскага біенале. Яе зрабіла каманда Беларускага свабоднага тэатра разам з мастакамі і кампазітарамі. Куратаркі праекта — Наталля і Даніэла Каляда.

На адкрыцці былі Марыя Калеснікава і Віктар Бабарыка. Выставу наведала і Святлана Ціханоўская.

61‑ы Венецыянскі біенале праходзіць з 9 мая да 22 лістапада 2026 года пад назвай In Minor Keys (што перакладаецца «У мінорных танальнасцях»). У цэнтральнай выставе ўдзельнічаюць 110 запрошаных аўтараў, калектываў і мастацкіх арганізацый, а побач з ёй — 100 нацыянальных прадстаўніцтваў. 

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Голас Беларусі

Назва выставы «Official. Unofficial. Belarus» гучыць амаль як палітычная формула. Гэта дзве Беларусі: адна — з дзяржаўнымі сцягамі і кантролем, другая — з падпольнымі спектаклямі, эміграцыяй, палітвязнямі, забароненымі імёнамі. Таму прысутнасць незалежных беларускіх творцаў у Венецыі — гэта спрэчка за права адказваць на пытанне: хто сёння мае маральнае права гаварыць ад імя Беларусі?

Ідэя незалежнай беларускай прысутнасці ў Венецыі нарадзілася яшчэ летась. Даніэла Каляда ў гутарцы з «Нашай Нівай» расказвае, што разам з маці, сузаснавальніцай Беларускага свабоднага тэатра, Наталляй Калядой прыехала тады ў Венецыю на адкрыццё тэатральнага біенале. Там яны пазнаёміліся з прэзідэнтам Венецыянскай біенале П’етранджэла Бутафуока і запітчылі яму ідэю.

Але сістэма біенале працуе інакш: нацыянальны павільён можа падавацца толькі праз дзяржаўныя структуры — фактычна праз Міністэрства культуры. Таму Беларускі свабодны тэатр падаў праект як афіцыйную паралельную падзею. 

«Нам давялося праходзіць конкурс, — расказвае Даніэла. — Было каля 400‑500 розных арганізацый і мастакоў, якія прадстаўлялі свае праекты. Біенале выбірае прыкладна ад 16 да 30 тых, якія найбольш адпавядаюць канцэпцыі года». Пра тое, што беларускі праект адабралі, каманда даведалася ў канцы снежня. На падрыхтоўку засталося каля пяці месяцаў.

Даніэла Каляда кажа: сваім праектам яны хацелі зрабіць першы крок, ад якога ў будучыні змогуць адштурхоўвацца іншыя мастакі і інстытуцыі і ўдзельнічаць у буйных фестывалях.

Беларуская выстава размешчаная ў касцёле Сан-Джавані Евангеліста. Праект задуманы як шматсэнсарны досвед: яго трэба не толькі глядзець, але і слухаць, адчуваць целам.

Першапачаткова канцэпцыя выставы фармулявалася як «медытацыя пра канец прыватнасці», найперш у сэнсе кіберабяспекі і кантролю над чалавекам праз тэхналогіі. Першы вобраз, які ўзнік у каманды, — крыж з камер відэаназірання. Ад яго і пачала выбудоўвацца ўся экспазіцыя.

Уваход на беларускую выставу ў касцёле. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Касцёл выбралі не толькі як прыгожую гістарычную прастору. Даніэла Каляда тлумачыць, што месца само падказала частку канцэпцыі. У Савецкім Саюзе дзяржава спрабавала заняць месца рэлігіі — прысвоіць сабе ролю ўсюдыіснага і ўсёвідушчага вока. Паводле куратаркі, сёння аўтарытарная дзяржава робіць нешта падобнае: прэтэндуе на поўнае веданне пра чалавека, яго рухі, сувязі, словы і нават страхі.

На гэтым кантрасце і пабудаваная выстава: старая сакральная прастора, дзе раней чалавек гаварыў з Богам, сутыкаецца з сучаснымі тэхналогіямі сачэння. 

Унутры царквы — жывапісныя працы гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча, задуманыя як своеасаблівыя алтарныя выявы. Гэта знаёмыя вобразы, але з незвычайных, нечаканых ракурсаў.

Для самога Грыневіча ўдзел у выставе стаў, фактычна, кропкай невяртання. Даніэла Каляда расказвае, што пасля 2020 года мастак ужо не мог нармальна паказваць свае працы ў Беларусі. 

«Ён разумеў, што, калі будзе ўдзельнічаць у выставе, магчыма, ніколі не зможа вярнуцца ў Беларусь, — кажа Даніэла. — І ён выехаў з Беларусі за дзень да таго, як у сакавіку абвясцілі наш удзел у біенале».

Працы мастака Сяргея Грыневіча. Фота з фэйсбука мастака

Побач, у нішы касцёла — інсталяцыя сузаснавальніка Беларускага свабоднага тэатра Мікалая Халезіна: вялікая сфера з кніг, забароненых у Беларусі, якая ляжыць на каўшы бульдозера.

Фота з фэйсбука

Кампазітарка Вольга Падгайская стварыла для выставы арганную музыку — паслядоўнасць трывог, нарастанняў і цішыні. The Guardian піша, што ў лістападзе яе мужа затрымалі на 15 сутак падчас паездкі ў Беларусь. Была пагроза працяглага зняволення. «Я хацела крычаць, — кажа кампазітарка. — Але калі хтосьці ў турме, нельга быць гучнай, бо яго будуць біць». Яна спадзяецца, што ў яе музыцы можна пачуць гэтую траўму і што яна стане напамінам: зло жыве вельмі блізка. 

У праекце ёсць і праца дызайнера Уладзіміра Цэслера: з турэмных кратаў ён склаў саламяныя павукі — традыцыйны беларускі абярэг, які ў гэтай прасторы набывае зусім іншае, трывожнае значэнне. Тут жа гучаць сведчанні былых палітвязняў: іх зачытваюць сусветна вядомыя дзеячы культуры, сярод якіх Стывен Фрай і Джыліян Андэрсан. Выстава працуе і з пахам, створаным спецыяльна для гэтай прасторы, і са смакам: дацкі шэф-кухар Расмус Мунк, якога называюць адным з самых эпатажных і найлепшых кухараў свету, прыдумаў гастранамічны элемент, які перадае досвед зняволення пры аўтарытарным рэжыме.

Расмус Мунк — кіраўнік капенгагенскага рэстарана Alchemist, які мае дзве зоркі Michelin і ўваходзіць у лік самых вядомых эксперыментальных рэстаранаў свету. Ідэя ўзнікла з размоў пра досвед палітвязняў і ролю ежы ў турме: як хутка яе смак і якасць страчваюць значэнне, калі ежа ператвараецца ў частку сістэмы прыніжэння і кантролю.

Мунк стварыў круглыя аплаткі колеру беларускай турэмнай робы. Яны зробленыя з метылцэлюлозы і растаюць у роце адразу, як толькі дакранаюцца да языка. Але ў іх складзе ёсць спецыі, ад якіх язык і частка твару часова нямеюць.

«Гэта метафара свабоды і надзеі, за якую ты трымаешся да апошняга моманту, але яна знікае, — тлумачыць Даніэла. — У выніку застаецца толькі ўспамін у форме лёгкага здранцвення ў роце».

На ўваходзе наведнікаў сустракае крыж, сабраны з камер відэаназірання. Гэта адзін з самых моцных вобразаў выставы: у ім сышліся рэлігійны сімвал пакуты і вельмі сучаснае адчуванне, што чалавек пастаянна знаходзіцца пад чыімсьці наглядам.

Фота з фэйсбука
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Адна з арганізатарак выставы, сузаснавальніца Беларускага свабоднага тэатра Наталля Каляда ў інтэрв'ю СМІ тлумачыць, што аўтары імкнуліся да таго, каб наведнік не проста «даведаўся пра сітуацыю», а каб ён прайшоў праз яе: праз гук, пах, назіранне і цялеснае адчуванне. Іншымі словамі, выстава спрабуе паказаць, як рэпрэсіі пасяляюцца ў целе: у тым, як чалавек слухае крокі за дзвярыма, як рэагуе на званок, як замаўкае, калі баіцца нашкодзіць блізкім. 

Шар з забароненых кніг

Адзін з самых выразных аб’ектаў выставы — вялізны шар з кніг на каўшы бульдозера, якія ў Беларусі трапілі пад адкрытую забарону або былі выціснутыя з публічнай прасторы.

Сярод іх — «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч, «ГУЛАГ» Эн Эплбаўм, «Лаліта» Уладзіміра Набокава, «Персеполіс» Маржан Сатрапі, «Над прорвай у жыце» Джэрома Дэвіда Сэлінджэра, «На іголцы» Ірвіна Уэлша, «Калыханка» Чака Паланіка, «Самазабойствы цнатлівых» Джэфры Еўгенідзіса, «Сучасная энцыклапедыя для дзяўчынак» Каці Дзянісавай і Марыны Ментусавай, «Беларуская нацыянальная ідэя» Змітра Лукашука і Максіма Гарунова, «Гвалт» Сашы Чарнухі, «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец.

Гэты набор выглядае абсурдна шырокім: у адным полі апынаюцца дакументальная проза пра савецкі досвед, даследаванне ГУЛАГа, класіка ХХ стагоддзя, графічны раман пра жыццё падчас Ісламскай рэвалюцыі ў Іране, кнігі пра гендар, цялеснасць, сэксуальнасць, псіхалагічную траўму, гвалт і асабістую свабоду. І менавіта ў гэтай разнастайнасці — галоўная сутнасць інсталяцыі.

Беларуская цэнзура баіцца не аднаго канкрэтнага жанру або адной канкрэтнай ідэі. Яна баіцца ўсяго, што вучыць чалавека памятаць, сумнявацца, параўноўваць, называць рэчы сваімі імёнамі.

Фота з фэйсбука журналіста Змітра Лукашука

Паводле Беларускага ПЭНа, у Беларусі цяпер 336 кніг забароненыя з палітычных або ідэалагічных прычын, больш за 280 аўтараў знаходзяцца пад забаронай, ліквідаваныя пяць незалежных выдавецтваў.

«Няма месца, дзе чалавек можа быць у бяспецы»

Даніэла Каляда расказвае, што ўсе працы для выставы ствараліся спецыяльна пад гэты праект: нічога не было гатова загадзя. Спачатку каманда працавала ў Варшаве, а ўжо ў красавіку перавезла працы ў Венецыю. Апошнія тры-чатыры тыдні перад адкрыццём мантаж і дапрацоўкі ішлі ўжо на месцы.

Важнай часткай гэтай працы сталі людзі, якія нядаўна выйшлі з беларускіх турмаў. Паводле Даніэлы, пасля вызвалення ў снежні многія апынуліся ў Польшчы без працы, але з патрэбай зноў адчуць супольнасць. Таму тыя, хто хацеў далучыцца, дапамагалі камандзе.

Імёны гэтых людзей не называюцца. «Яны ўсе пажадалі застацца ананімнымі, — тлумачыць Даніэла. — Праект прыцягвае вялікую ўвагу ўладаў, і ніхто не хоча падстаўляць сем’і або сяброў, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў Беларусі». Паводле яе, менавіта дзякуючы гэтай дапамозе каманда змагла фізічна сабраць выставу.

Саламянае поле, якое стварылі былыя палітвязні. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Гэтая выстава спрабуе ўлавіць два станы адначасова: здранцвенне таго, хто трапіў у турму, і страх тых, хто застаўся звонку. Але яна не застаецца толькі ў беларускім 2020-м. Даніэла Каляда ў размове з The Guardian кажа, што Беларусь — «унікальная аўтарытарная камбінацыя», але само адчуванне сачэння сёння зразумелае многім. Наталля дадае яшчэ больш жорстка: раней у Беларусі можна было пакінуць тэлефон і пайсці гаварыць у лес, цяпер не дапамагае нават гэта. 

«Няма месца, дзе чалавек можа быць у бяспецы», — кажа яна. 

Святлана Ціханоўская і куратарка выставы Даніэла Каляда. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Чаму гэта важна 

Раней Беларусь ужо з’яўлялася на Венецыянскім біенале — у 2019 годзе, а таксама у 2015‑м і 2009-м. Тады беларускі нацыянальны павільён рыхтавалі афіцыйныя структуры: Міністэрства культуры, Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і пасольства Беларусі ў Італіі. На гэтым фоне цяперашняя прысутнасць Беларусі ў Венецыі выглядае прынцыпова інакш: як голас незалежнай культуры.

У гэтай выставе ёсць важная інтанацыя — беларуская культура не просіць жалю і не патрабуе, каб яе пашкадавалі. Яна пра права на прысутнасць. Пра тое, што краіну могуць прадстаўляць незалежныя мастакі, кампазітары, людзі ў выгнанні — тыя, хто не атрымаў дазволу, але ўсё роўна гаворыць.

Да выставы лёгка выказаць прадказальны скепсіс: маўляў, Беларусь зноў паказваюць і тлумачаць усяму свету праз рэпрэсіі, турмы, цэнзуру і выгнанне. Усё, надакучыла. Але праблема не ў тым, што беларускае мастацтва зноў гаворыць пра рэпрэсіі. Праблема ў тым, што рэпрэсіі ў Беларусі не сканчаюцца. Маўчанне толькі дапамагае тым, хто хацеў бы гэта сцерці, перапісаць і зрабіць нябачным. 

Для Даніэлы гэтая выстава не толькі пра Беларусь. Беларусь тут — кропка ўваходу ў значна шырэйшую размову.

«Да нас прыходзяць людзі з Тайланда, Ганконга, Ірана і бачаць у гэтых працах не нашу гісторыю, а сваю, — кажа яна. — Гэта гісторыя не пра рэпрэсіі. Гэта гісторыя пра тое, што найлепшая форма кантролю — кантроль, які ты перастаеш заўважаць».

У гэтым сэнсе беларуская выстава ў Венецыі прапануе гледачу паглядзець на ўласную краіну і ўласнае жыццё, дзе сачэнне ўжо стала зручнасцю, дзе збор дадзеных выглядае як сэрвіс, дзе чалавек паступова ператвараецца ў набор інфармацыі пра сябе.

«Самае каштоўнае сёння — гэта ўжо не самі людзі, а тое, што мы прадстаўляем сабой у выглядзе нашых дадзеных, кода», — кажа Даніэла.

Таму выстава таксама выкарыстоўвае беларускі досвед як люстэрка для свету, які сам рухаецца ў бок усё больш тонкіх і нябачных формаў кантролю. Беларусы проста ўжо ведаюць, як гэта выглядае, калі сістэма перастае хаваць сваю ўладу над чалавекам.

Беларуская выстава ў Венецыі з’яўляецца ў вельмі востры момант. Сёлета на біенале вяртаецца Расія — упершыню пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Гэта выклікала вялікі скандал: міжнароднае журы біенале падало ў адстаўку, а вакол расійскага павільёна прайшлі пратэсты. «Цешцеся відовішчам, ігнаруйце вайну», — гаварылася на плакаце аднаго з пратэстоўцаў супраць расійскай выставы. Бо яна — цалкам апалітычная, нібы няма ні вайны, ні Пуціна, ні «Навічка». Беларускі павільён — зусім іншы, чым расійскі.

Каментары52

  • неза
    07.05.2026
    "Ідэя незалежнай беларускай прысутнасці ў Венецыі"
    незалежнай? за чый кошт банкет?
  • Someone
    07.05.2026
    Гэты ўвесь бомонд, каторы дзесяцігоддзямі гойсае з гульні Мацкевіча на паці Цэслера, зарабляючы на беларускай бядзе, нагадвае прафесійнага жабрака, што выстаўляе калецтвы, каб падавалі на хлеб “Хрыста радзі”, а потым ідзе ў карчму прапіваць.
  • Негарэлае
    07.05.2026
    Вось і дачка хартыйная падрасла, выставы ладзіць. Сумна гэта - відаць што сапраўды, прэзідэнтам будзе Коля, апазыцыю будзе куклаводзіць Франак, а вось мастацкай альтэрнатывай кіраваць Даніэла. Няма альтэрнатывы трудавым дынасціям.
    Дарэчы, а з чаго гэта Сэлінджэра забаранілі? У нас прадаецца вольна, тут Лонданскі бамонд згусціў фарбы

Цяпер чытаюць

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне16

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі каштуюць кавуны, дыні і ягады на «Экспабеле» — агляд цэн1

Зяленскі разглядае замену Сырскага10

Былога гукарэжысёра БТ асудзілі да калоніі пасля вяртання з Польшчы11

«Жыве Беларусь! Пуцін капут! Мы беларусы і мы — тут!» Павел Севярынец на фестывалі Tutaka выканаў уласны рэп27

Трамп назваў сітуацыю з прыпыненнем дыскваліфікацыі Балагуна самым запамінальным момантам мундыялю1

Зяленскі пракаментаваў сённяшнія ўдары па складах Wildberries16

Украіна ўпершыню адказала на расійскія атакі на склады «Новай пошты» сіметрычнымі ўдарамі па хабах «Вайлдберыз». Падмаскоўны згарэў дашчэнту10

Былы ратавальнік МНС стаў фермерам і вырошчвае буякі5

Беларус выгрыз кватэру памерлай сваячкі ў Пецярбургу, хоць стаяў у шостай чарзе спадчыннікаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне16

«Мая праца згарэла». Беларускія бізнэсы страцілі тавар на складах Wildberries, але маюць больш шанцаў на кампенсацыю, чым расіяне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць