Свет

Чаму Байдэн не сустрэўся з Ціханоўскай і ці будзе амерыканскі адказ на разгром «Радыё Свабода»

Гэтыя, а таксама некаторыя іншыя пытанні «Наша Ніва» задала былому супрацоўніку МЗС, эксперту Еўрапейскага цэнтру міжнародных адносін (ECFR) Паўлу Слюнкіну і палітычнаму аглядальніку Раману Якаўлеўскаму.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкін і Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская працягвае свой візіт у ЗША. У Вашынгтоне яна мела сустрэчу з Дзяржаўным сакратаром Энтані Блінкенам, але спаткання з прэзідэнтам ЗША так і не адбылося. Ці важны візіт Ціханоўскай у Вашынгтон або гэта шараговая падзея?

«Візіт мае вялізнае значэнне, яго працягласць, узровень сустрэч. Гэта паказвае, што тэма Беларусі ў ЗША знаходзіцца на павестцы дня, прычым на вельмі высокім узроўні, — кажа Павел Слюнкін. — Калі прааналізаваць хаця б павестку СМІ, то можна ўбачыць, што яна засяроджаная на Беларусі: Ціханоўская дае інтэрв’ю CNN, New York Times піша пра міграцыйны крызіс на мяжы з Літвой, Washington Post двойчы піша пра Беларусь і заклікае Байдэна да больш рашучых крокаў, прычым робяць гэта ў фармаце меркавання рэдакцыі».

Раман Якаўлеўскі таксама мяркуе, што гэта надзвычай важная падзея для беларуска-амерыканскіх адносін: «Назваць шараговым яго вельмі цяжка». 

Чаму тады ўсё ж не адбылася сустрэча з кіраўніком Штатаў? «Гэта ніякая не параза Ціханоўскай. ЗША прадаманстравалі такі ўзровень падтрымкі, на які былі здольныя на сёння. Спатканне з Блінкінам — гэта надзвычай высокі ўзровень. Сігнал усім саюзнікам ЗША, якую яны маюць пазіцыю па Беларусі. Амерыка паказала, што мы не забытыя, але думаю, што ўлічваецца і фактар Расіі», — кажа Якаўлеўскі.

«Ціханоўская сустракалася практычна з усімі кіраўнікамі ЕС, а пасля абрання Байдэна было шмат чаканняў, што ЗША вернуцца ў сусветную павестку як моцны гулец, паліцэйскі, які будзе адстойваць інтарэсы дэмакратыі і правоў чалавека. Чаго не хапала Трампу, што яму ставілі ў дакор. Высокія чаканні былі па беларускім пытанні. Але факт адсутнасці сустрэчы з Ціханоўскай гавораць пра тое, што адміністрацыя Байдэна дзейнічае вельмі прагматычна», — працягвае Павел Слюнкін.

«Байдэн знайшоў магчымасць сустрэцца з Пуціным, якога называў забойцам, пры гэтым пакуль не сустрэўся са Святланай Ціханоўскай, якую ў ЗША называюць «лідарам беларускай дэмакратыі». Менавіта гэта гаворыць пра пазіцыю ЗША лепш чым што яшчэ. Асаблівасць беларускага крызісу ў тым, што пазіцыя Еўрасаюза больш рашучая, чым ЗША. Гэта тое, чаго ніколі не было раней. Цяпер жа ў ЕС ёсць кампраміс, уводзяцца сектаральныя санкцыі. Пазіцыя ЗША ж больш палавінчатая. Гіпатэтычна, калі б ЗША калісьці не замарозілі санкцыі па Беларусі, а проста іх знялі, то не факт, што мы б іх убачылі цяпер. Паглядзім, што будзе адбывацца далей. Я думаю, што новыя санкцыі амерыканцы прымуць, але наўрад ці гэта будзе вельмі моцны ўдар», — лічыць экс-дыпламат.

Павел Слюнкін таксама падзяляе думку, што ў пытанні Беларусі ЗША ўлічваюць многія інтарэсы, у тым ліку і геапалітычныя. «Іх пазіцыя ў пытанні Беларусі не змянілася: прыярытэт захаванне незалежнасці Беларусі. Калі ў 2019 Беларусь для ЗША была часткай «бастыёна», які абараняў ад расійская неаімперыялізму, то цяпер, як і ў 2006 годзе, гэта фарпост тыраніі ў Еўропе. Змянілася сітуацыя ў Беларусі, але не інтарэсы ЗША, таму санкцыі выкарыстоўваюцца вельмі асцярожна. ЗША, можа быць, баяцца, што гэта прывядзе яшчэ да большай залежнасці ад Расіі. Магчыма, гэта адна з прычым, чаму Байдэн не сустрэўся з Ціханоўскай. Няма жадання злаваць Маскву, тут ёсць такі расійскі фактар».

У расійскіх каляпалітычных тэлеграм-каналах выказваецца канспіралагічная думка, што Байдэн адмовіўся сустракацца з Ціханоўскай, бо такіх дамоўленасцяў ён дасягнуў падчас чэрвеньскай сустрэчы ў Жэневе з Уладзімірам Пуціным. Ці можа такое быць? 

«Я не веру ў такія дамоўленасці. Пуцін на іх ніколі не пойдзе, ён лічыць, што ўжо амаль што з’еў Беларусь», — кажа спадар Якаўлеўскі.

Не лічыць рэальнай такую версію і Павел Слюнкін. «Я не веру ў фарматы «вялікіх здзелак» у XXI стагоддзі. Асабліва калі гаворка ідзе, што лёс краіны абмяркоўваюць без яе самой, без улады, ці дэмакратычных прадстаўнікоў. Так рабілася ў XIX стагоддзі, але мы цяпер не там. Так палітыка ўжо не вядзецца. Ні ЗША, ні Расія не маюць магчымасці за Лукашэнку вырашыць, што яму рабіць. Хутчэй за ўсё, яны проста абмяняліся меркаваннямі, дзе пазіцыі разышліся. Сама павестка перамоваў ЗША і Расіі не круціцца вакол Беларусі. Самае ж галоўнае — між краінамі няма адпаведнага даверу, каб верыць, што гэтыя ўгоды будуць выконвацца. Проста амерыканцы так бачаць сваю пазіцыю».

І яшчэ адзін момант, які Ціханоўская павінна была дакладна абмяркоўваць у Вашынгтоне. Гэта разгром беларускімі ўладамі грамадзянскай супольнасці і СМІ ў цэлым, а ў прыватнасці — амерыканскага радыё «Свабода». Ці будзе нейкі адказ амерыканцаў на гэта?

«Разгром «Свабоды» — гэта такі яркі прыклад, добра вядома, як амерыканцы заступаюцца за сваіх, гэта мы бачылі і на прыкладзе палітолага Віталя Шклярава. Мы бачылі, калі ў Расіі радыё «Свабода» атрымала статус замежнага агента, то гэта атрымала востры адказ. Рэакцыя на падзеі ў Беларусі была дастаткова стрыманай. Беларускія ўлады наўрад ці пра гэта думалі, але разгром «Свабоды» — гэта самы нязручны момант для іх. Гэты прыклад вельмі лёгка паказваць амерыканцам, каб тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі», — кажа эксперт ECFR.

«Разгром «Свабоды» ў гэтыя дні, хутчэй, супадзенне. Але кіраўніцтва Беларусі працягвае дэманстраваць, што нікога не баіцца. Я не ведаю, ці будуць санкцыі новыя, але ўпэўнены ў новых кроках ЗША па беларускім пытанні. Па Беларусі няма супярэчнасцяў у рэспубліканцаў і дэмакратаў, Кангрэс не стане тормазам у нейкіх ініцыятывах. Што будзе прапанавана — паглядзім», — выказвае думку Раман Якаўлеўскі. 

Каментары

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй3

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй

Усе навіны →
Усе навіны

Паліклінікам дазволілі аказваць платныя паслугі ў выхадныя — у якасці альтэрнатывы прыватным медцэнтрам

Раптоўна памёр Алесь Сілкоў1

Беларус пабіў рэкорд Тома Круза: ён скокнуў з парашутам з неверагоднай вышыні3

Прыватны самалёт, які мог належаць Пабла Эскабару, ператварылі ў раскошнае жытло на Airbnb2

Навагодні зварот Ціханоўскай абагнаў прагляды Лукашэнкі. З чым гэта звязана?31

Запазычанасць Кітая рэзка перавысіла запазычанасць ЗША17

Закрываецца знакамітае кафэ «Залаты грабеньчык» у цэнтры Мінска, якое належала Чыжу

«Не спадабаецца — назад паеду»: палітзняволены памочнік пракурора Бабак з‘явіўся ў сацсетках ФОТА14

У Светлагорску звольнілі міліцыянера, які ўдзельнічаў у рэпрэсіях. Цяпер ён судзіцца з УУС4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй3

Як пасля канца свету. Аграсядзібу ў Салігорскім раёне занесла зямлёй

Галоўнае
Усе навіны →