Нацыянальны банк папярэджвае аб тэлефонных махлярах, якія пераконваюць грамадзян узяць крэдыт, а пасля завалодваюць сродкамі
У 2021 годзе ў Беларусі зарэгістравана 3409 махлярстваў, з якіх больш як 2 тысячы здзейсненыя з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Агульны ўрон толькі фізічным асобам склаў больш за 400 тысяч рублёў.
Стандартная схема наступная: махляры прадстаўляюцца супрацоўнікамі банка і пад рознымі нагодамі пераконваюць аформіць крэдыт і пералічыць сродкі на пэўны рахунак.
«Банкіры» кажуць ахвяры махлярства, што нібыта хтосьці ад яго імя спрабуе аформіць у банку крэдыт. Чалавеку прапануюць прыняць канфідэнцыйны ўдзел у выкрыцці ашуканцаў, для гэтага трэба аформіць рэальны крэдытны дагавор (як правіла, у некалькіх банках) і пералічыць сродкі на пэўны рахунак нібыта для забеспячэння іх захаванасці.
Адначасова грамадзяніна запэўніваюць, што пагашаць узяты крэдыт не трэба.
Зламыснікі просяць не ператэлефаноўваць у банк і не правяраць звесткі, бо гэта можа нашкодзіць «расследаванню», папярэджваючы пры гэтым аб крымінальнай адказнасці за разгалошванне звестак.
Нацбанк рэкамендуе іншым банкам перад афармленнем і выдачай крэдыту фізасобе праводзіць падрабязны аналіз крэдытнай справаздачы, атрыманай у Крэдытным рэгістры, на прадмет запытаў іншых банкаў да крэдытнай гісторыі таго ж чалавека.
Каментары