Паглядзіце, як выглядаюць білеты, па якіх дэпутатка Ананіч прымае іспыт у студэнтаў
Дэпутатка Лілія Ананіч паралельна з працай у Палаце прадстаўнікоў выкладае на журфаку БДУ. У гэту сесію яна прымала іспыт у чацверакурснікаў. Дэпутатка апублікавала тэмы білетаў.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/stock/__bun_20200714-2830-tmc06.jpg.webp)
Студэнты здавалі іспыт Ананіч яшчэ 25 студзеня. Дэпутатка вяла курс «Міжнародная праблематыка ў сродках масавай інфармацыі».
Тэмы білетаў гучалі ідэалагічна выверана. Вось некаторыя з іх: «Каляровыя рэвалюцыі і гібрыдныя войны ў сучаснай геапалітычнай карце свету», «Аднабаковыя прымусовыя эканамічныя санкцыі калектыўнага Захаду як інструмент умяшальніцтва ў справы сувярэнных дзяржаў», «Энергетычны крызіс у Еўропе ў кантэксце геапалітычнага супрацьстаяння», «Перспектывы інтэграцыі Беларусі і Расіі (Саюзная дзяржава) ва ўмовах санкцыённага ціску калектыўнага Захаду».
Студэнтам прапаноўвалася таксама паразважаць пра мнагавектарнасць знешняй палітыкі Беларусі па матэрыялах Усебеларускага народнага сходу.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_02/3914-s8syl.png.webp)
«Спадзяюся, калі не ўсім, то добрай пяцёрцы сённяшніх экзаменаваных, дапаможа адбыцца маё настаяцельнае — памятайце, як слова адаб'ецца і што журналістыка — прафесія дзяржаўная. Сэнс яе — служэнне сваёй краіне і свайму народу», — напісала Ананіч пасля іспыту ў сваім інстаграме.
Свае варыянты адказаў на білеты пад допісам пакінуць нельга. Пост закрыты для каментавання.
Студэнты журфака: «Адна з цытат: «Аб’ектыўная журналістыка — тая, што аб’ектыўная з боку дзяржавы»
Студэнты журфака БДУ расказалі, як праходзіў экзамен у экс-міністаркі інфармацыі.
«Здзівіліся, калі ўбачылі білеты, але пасля яе лекцый гэта было чакана. Яна на кожнай пары праводзіла прапаганду, па сітуацыі з мігрантамі, Канстытуцыяй і падзеях, што праходзілі на працягу семестра, — расказвае студэнтка. — Адна з цытат: «Аб’ектыўная журналістыка — тая, што аб’ектыўная з боку дзяржавы». Пра «Нашу Ніву», дарэчы, казала, маўляў, вы ж разумееце, што цяперашняе выданне ніякага дачынення не мае да «старой».
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_01/8145-dje04.jpg.webp)
Таксама гаварыла: «Вы ж разумееце, што мы не з Еўропай канфліктуем, а праз Еўропу ЗША спрабуе намі кіраваць». А пра Расію: «Мы дакладна павінны ведаць, дзе нам цёпла, а дзе нам холадна».
Пра апазіцыю меркавала: «Гэтыя збеглыя не апазіцыя — апазіцыя павінна знаходзіцца ў краіне, а гэта так». Гаварыла, што ад санкцыяў пацерпіць Еўропа, а не Беларусь.
Лекцыі было агідна слухаць, пасля першага сеансу прапаганды ў мяне ўвесь дзень балела галава, таму што ў цвярозым розуме цяжка ўспрымаць гэтую інфармацыю. Але яна шчыра ў яе верыць.
На экзамене адказвалі па білетах, але больш яна гаварыла, чым мы. Асабліва па тэмах, якія яе трывожылі, пра каляровыя рэвалюцыі, напрыклад, ці пра Украіну.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_02/-oqfvf.jpg.webp)
Хлопцу з Кіева яна задала пытанне: «Вы ж разумееце хто кіруе вамі?». Ён сказаў, што ніхто не кіруе, яна і пачала расказваць.
Гаварыла, што Украінай кіруе калектыўны захад і, вядома ж, Амерыка. На экзамене ўсім паставіла рэйтынгавую адзнаку. Цікава, што ў яе ў спісе была калонка «пазіцыя». Што яна туды пісала — не ведаю».
Яшчэ адна студэнтка Ліліі Ананіч кажа, што білеты яны бачылі загадзя і пытанням на экзамене не асабліва здзівіліся.
«Ананіч казала чытаць навіны, каб быць у курсе падзеяў, што ў свеце адбываецца, — расказвае дзяўчына. — Канечне, толькі дзяржаўныя медыя. Здалі, дарэчы, усе. Але мы чакалі і ведалі, што будуць такія білеты. Бо на кожнай пары абмяркоўвалі навіны, чытала лекцыі, як у нас усё выдатна.
![](http://nnexpictures.fra1.digitaloceanspaces.com/img/w732d4webp1/photos/z_2022_02/-oapgw.jpg.webp)
На парах трэба было ёй расказваць навіны, якія былі на тыдні. Калі ў кагосьці меркаванне адрознівалася ад яе, то рэзка перабівала, казала, што гэта не так, і працягвала гнуць сваё. Любое іншае меркаванне яна спыняла. Уся пара — гэта быў яе маналог. Не было такога, што падчас лекцыі яна ў кагосьці пыталася меркаванне. Сядзіць і сама сабе гаворыць нібыта. Ніхто яе не слухаў, усе займаліся сваімі справамі.
Допуск да іспыту — напісаць рэферат. Тэмы прыкладна такія ж, як і білеты на іспыт. Усе капіравалі гэтую «дзяржаўную» інфармацыю і адказвалі. Карацей, здалі і забыліся. Яна нам нічога не дала і мы нічога не вынеслі адпаведна».
Каментары