Ежа

Прафесійныя спартсмены падселі на вішні і вішнёвыя напоі. Што гэта дае?

Вішнёвы сок становіцца моднай дабаўкай сярод прафесійных спартсменаў. Велагоншчыкі выкарыстоўваюць яго ўжо некалькі гадоў, а цяпер ён масава з'яўляецца і ў футболе. Як звычайная вішня ператварылася ў частку вялікай індустрыі спартыўнага харчавання, расказвае The Athletic.

Фота: amacx.com

Яшчэ некалькі гадоў таму вішнёвы сок быў пераважна захапленнем прафесійных велагоншчыкаў. Цяпер трэнд дайшоў і да футбола. Паводле The Athletic, сок з вішні выкарыстоўвае пераважная большасць клубаў найвышэйшага ўзроўню. Адзін з вытворцаў сцвярджае, што «Чэлсі», «Манчэстэр Сіці» і «Манчэстэр Юнайтэд» робяць гэта ўжо некалькі гадоў. Ім усё больш цікавяцца футбольныя клубы Іспаніі і Нідэрландаў.

Вішнёвы сок паспеў прыжыцца і ў іншых відах спорту. Яго выкарыстоўвалі, напрыклад, брытанскія алімпійцы і зборная Новай Зеландыі па рэгбі.

Але што такога асаблівага спартсмены знайшлі ў вішні? Як піша The Athletic, кар'ера вішнёвага соку ў вялікім спорце пачалася з даследавання, праведзенага ў Вялікабрытаніі больш за 15 гадоў таму.

Вішні растуць у Беларусі паўсюль. Фота: Наша Ніва

Што навукоўцы знайшлі ў вішні

Пасля інтэнсіўных фізічных нагрузак у мышцах узнікаюць мікрапашкоджанні і акісляльны стрэс. З аднаго боку, яны запускаюць працэсы, дзякуючы якім арганізм адаптуецца да нагрузак і павышае вынослівасць. З другога — выклікаюць боль у цягліцах і патрабуюць часу на аднаўленне.

Для звычайнага чалавека хуткасць такога аднаўлення наўрад ці мае вялікае значэнне. Для прафесійнага спартсмена, якому неўзабаве зноў трэба выступаць на максімуме магчымасцяў, гэта ўжо можа быць важна.

У 2010 годзе навукоўцы Нартумбрыйскага ўніверсітэта даследавалі кіслыя вішні гатунку Манмарансі. У іх утрымліваецца шмат поліфенолаў, асабліва антацыянаў, якія маюць антыаксідантныя ўласцівасці.

Навукоўцы правялі эксперымент з 20 марафонцамі. Палове давалі вішнёвы сок, другой палове — плацэба. Даследчыкі выявілі істотную розніцу ў аднаўленні паміж дзвюма групамі. Пазней вынікі гэтага эксперыменту падмацавалі даследаванні ў іншых відах спорту. Так вішнёвы сок пачаў ператварацца ў спартыўную дабаўку.

Ёсць у вішні і яшчэ адна ўласцівасць, якая зацікавіла спартсменаў. Цёмныя вішні натуральным чынам змяшчаюць мелатанін, які ўдзельнічае ў рэгуляванні сну. Вытворцы сцвярджаюць, што харчовыя дабаўкі на аснове вішні могуць дапамагаць хутчэй заснуць і паляпшаць якасць сну.

Для футбалістаў гэта можа быць асабліва актуальна, бо матчы часта заканчваюцца позна ўвечары.

Славенскі велагоншчык Тадэй Пагачар п'е вішнёвы напой падчас «Тур дэ Франс». Фота: Enervit.сom

Чаму яго не п'юць пастаянна

Аднак вішнёвы сок не тая дабаўка, якую спартсменам варта ўжываць штодня.

Акісляльны стрэс, на змяншэнне якога накіравана дзеянне вішнёвых прадуктаў, адначасова адыгрывае важную ролю ў адаптацыі арганізма да фізічных нагрузак. Ён дае арганізму сігнал перабудоўвацца, у тым ліку павялічваць колькасць мітахондрый у клетках, што спрыяе росту вынослівасці.

Таму вішнёвы сок выкарыстоўваюць стратэгічна. Падчас трэніровачнага перыяду, калі важна, каб арганізм адаптаваўся да нагрузак, патрэба ў ім меншая. А вось падчас спаборніцтваў на першы план выходзіць задача як мага хутчэй аднавіцца.

Для футбалістаў гэта асабліва актуальна ў разгар сезона, калі каманда можа праводзіць некалькі матчаў на тыдзень, а гульцы паралельна выступаюць за нацыянальныя зборныя.

Менавіта таму вішнёвыя прадукты, якія даўно сталі звыклымі ў прафесійным веласпорце, цяпер усё шырэй выкарыстоўваюцца і ў футболе.

Ад соку да цукерак

Але тут выявілася іншая праблема. Тое, што добра пасуе велагоншчыкам, не заўсёды зручна футбалістам.

Як тлумачаць спецыялісты, пасля доўгага этапу велагоншчыку трэба аднавіць страчаную вадкасць. Таму дадатковая бутэлька напою яму толькі дарэчы.

У футболе сітуацыя іншая. Калі гульца замяняюць пасля 60 ці 70 хвілін, яму не патрэбныя паўлітра аднаўленчага кактэйлю, а следам яшчэ паўлітра вішнёвага соку. Да таго ж футбалісты скардзіліся вытворцам, што пасля позніх матчаў праз вялікую колькасць выпітай вадкасці ім даводзіцца ўвесь вечар хадзіць у прыбіральню.

У выніку вытворцы прыдумалі іншую форму — вішнёвыя жавальныя цукеркі. У іх тыя ж кампаненты, што і ў соку, але без лішняй вадкасці.

Ёсць у цукерак і яшчэ адна перавага: іх прасцей браць з сабой у паездкі і пералёты, чым бутэлькі з сокам. Так што калі футбаліст на лаўцы запасных нешта жуе, гэта не абавязкова звычайная цукерка. Магчыма, гэта яшчэ адзін этап нечаканай кар'еры вішні ў вялікім спорце.

Каментары

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка сек дровы ў атачэнні эскорту41

Аляксандр Лукашэнка сек дровы ў атачэнні эскорту

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы расказалі, як 20 дзён хадзілі па арктычнай глухмені. Цяпер там ёсць перавалы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча

Абвешчаны пераможца прэміі Гедройця. Але сапраўдную назву кнігі ведаюць толькі сябры журы10

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра кракаўскага стралка, які забіў як мінімум 6 чалавек27

У беларускім ютубе вайна страйкаў — прыляцела Пятрухіну6

Маці кантрабандыста з беларускімі каранямі верне Літве 155 тысяч еўра, заробленыя на цыгарэтах1

Дзяўчына памяняла горад на вёску і разводзіць курэй, якія нясуць каляровыя яйкі4

Еўрапейскія спецслужбы шукаюць расійскі след у ананімных паведамленнях пра бомбы на самалётах2

Фіца: Рэферэндум аб далучэнні Славакіі да Еўрасаюза быў сфальсіфікаваны7

У расійскім Пермскім краі бязногі ўдзельнік вайны з Украінай звёў у магілу яшчэ трох чалавек7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка сек дровы ў атачэнні эскорту41

Аляксандр Лукашэнка сек дровы ў атачэнні эскорту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць