Былы пасол Расіі атрымаў участак для катэджа ў Драздах. Ён будзе суседам Качанавай
Дзмітрыю Мезенцаву далі ў арэнду ўчастак амаль на 50 гадоў.

Экс-пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезнцаў атрымаў участак у мікрараёне Дразды ў Мінску і будуе там катэдж. Сталічныя ўлады аформілі гэтае рашэнне распараджэннем з паметкай «Для службовага карыстання», піша «Люстэрка».
Паводле рашэння мінскіх уладаў, Дзмітрыю Мезенцаву выдзелілі ў арэнду амаль на 50 гадоў зямлю ў Драздах. Расійскі чыноўнік атрымаў 0,15 га зямлі. Гэта 1500 м², што можна ўявіць як участак памерам 30 на 50 метраў. На такой тэрыторыі цалкам можа змясціцца катэдж плошчай да 250 квадратных метраў.
Першапачаткова ўлады пастанавілі, што новы ўладальнік будзе плаціць за арэнду зямлі крыху больш за тысячу рублёў на год. Аднак у 2026 годзе ў Мінску ўвялі новаўвядзенні наконт гэтага збору — адпаведна, умовы маглі змяніцца і для Мезенцава.
Суседам расіяніна стаў Станіслаў Зась, які з 2015‑га па 2020‑ты год быў дзяржаўным сакратаром Рады бяспекі, а затым да 2023 года — генеральным сакратаром АДКБ. Побач таксама знаходзіцца катэдж, які старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў 2020 годзе перапісала на сваіх дачок.

Мезенцаў з 2019 па 2021 год быў паслом Расіі ў Беларусі. Цяпер ён — паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў Канстытуцыйным судзе РФ.
Каментары