Сяргей Законнікаў: Ворагі Украіны захлынуцца ва ўласнай крыві
Прызнанне пісьменніка за мяжой можа быць розным. Неаднойчы я меў магчымасць назіраць, як беларускага паэта Сяргея Законнікава віталі ва Украіне. На выступленнях — авацыямі, за бяседным сталом — ласкавым братэрскім словам. І за пераклады ўкраінскай класікі, якія ён зрабіў, і за яго праўкраінскую ў любых абставінах грамадзянскую пазіцыю. Нездарма беларускі творца ўзнагароджаны ўкраінскім ордэнам «За заслугі» і міжнароднай літаратурнай прэміяй Украіны імя Рыгора Скаварады. Таму і абмеркаваць трагічныя падзеі ва Украіне Міхась Скобла вырашыў з ім для «Народнай волі».
— Сяргей Іванавіч, другі тыдзень ва Украіне ідзе вайна. Другі тыдзень расійскія ракеты і снарады падаюць на гарады і вёскі па ўсёй Украіне, несучы смерць і разбурэнні. А расійскія тэлеканалы па-ранейшаму называць паўнамаштабную вайну «спецаперацыяй на Данбасе». Ва ўкраінскіх СМІ — назвы розныя, у тым ліку — Украінская айчынная. А як бы вы назвалі гэту вайну?
— Для мяне гэта адназначна братазабойчая вайна. Адзін брат, які ўвесь час крычаў, што ён самы дружалюбны, што ён любіць і ўкраінцаў, і беларусаў, пайшоў на Украіну вайной. І што рабіць украінцам? Калі на іх зямлю, у іх гарады прыйшоў вораг? Ім трэба абараняцца. І Украіна бароніцца. Я днямі напісаў верш «Мая любоў Украіна», дзе ёсць такія радкі: «Мне верыцца: ворагі ненькі згінуць, / яны захлынуцца ва ўласнай крыві… / Любоў мая, мужная Украіна, / не стань на калені, вечна жыві!» Я з Украінаю, з украінцамі звязаны з 1969 года, калі напісаў дыпломную працу ў БДУ «Максім Багдановіч — крытык украінскай літаратуры».
Што да байкі пра нейкую «спецаперацыю» Пуціна… Якое ты маеш права лезці ў іншую краіну? Хто цябе ўпаўнаважыў? Там ёсць свая палітыка, свая эліта, там ёсць сваё войска. Дарэчы, яго галоўнакамандуючы прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сваёй мужнасцю і тактам, розумам, дыпламатычнасцю і камунікабельнасцю з усім светам, бясспрэчна, ужо заслужыў быць выбраным на яшчэ адзін тэрмін.
— Украінцы ўсяму свету дэманструюць проста неверагодны патрыятычны дух. Ведаю, што вы раней часта бывалі ва Украіне, у розных яе рэгіёнах. Вы чакалі, што будзе аказаны такі супраціў расійскаму агрэсару?
— За сваё жыццё я аб’ехаў амаль усю Украіну — пабываў у Херсонскай, Адэскай, Львоўскай, Сумскай, Чаркаскай абласцях, на Валыні і Данеччыне. Расія дарэмна туды палезла. Можна заняць часова нейкую тэрыторыю, але Украіна ніколі не скорыцца перад акупантам. Украінцы ўжо ўсяму свету паказалі, як трэба адстойваць сваю нацыянальную годнасць, сваю зямлю. Нічога ў Пуціна не атрымаецца. Днямі мяне вельмі ўразілі некалькі тэлесюжэтаў з Украіны. Кіеў бамбяць, а на балкон выходзіць малады мужчына і выконвае на трубе гімн Украіны. Альбо — Адэса рыхтуецца адбіваць расійскі дэсант, і, каб падбадзёрыць гараджан, ваенны аркестр іграе маршы. Ці — кіеўскія бамжы збіраюць пляшкі і нясуць абаронцам, каб тыя рабілі кактэйлі Молатава… Паўтаруся: нават калі будуць заняты нейкія ўкраінскія тэрыторыі, расійскія акупанты атрымаюць такі партызанскі рух, такі супраціў, якога ніколі не бачылі.
— Тым больш пры беспрэцэдэнтнай міжнароднай падтрымцы. Як вы лічыце, ці ўсе магчымыя захады зроблены сусветнай супольнасцю для стрымлівання захопніка?
— Мне заўсёды было цікава назіраць, як працуе Захад з Расіяй, з Беларуссю, з Украінай. Заходнія палітыкі вельмі прагматычныя, таму яны такія асцярожныя. Але справа ў тым, што нахабства і крыважэрнасць пуцінскага рэжыму давялі да таго, што Захад убачыў: далей трываць немагчыма! Пуціным нахабна парушаны ўсе міжнародныя нормы. Гэта і прывяло да аб’яднання высілкаў Захаду. Думаю, цяпер ужо адкату назад не будзе, у тым ліку і ў адносінах да Беларусі. Ніхто ўжо не пойдзе ні на якія гешэфты з людзьмі, якія проста перайшлі ўсе межы.
— Лукашэнка сцвярджае, што беларускае войска не ўдзельнічае ў вайне. Як вы лічыце, ён можа аддаць загад на ўвядзенне арміі ва Украіну?
— Калі гэта, крый Божа, адбудзецца, то станецца апошняй кропляй. А такая пагроза ёсць. Як толькі Пуцін убачыць, што дзявацца няма куды, ён паспрабуе прымусіць свайго саюзніка ўвесці войскі. Калі ён адчуе недзе слабінку, то можа кінуць на нейкі напрамак і беларусаў. Гэта найстрашнейшае, што можа быць. Баюся я гэтага.
— Але з тэрыторыі Беларусі на Украіну ўжо ляцелі расійскія ракеты — і Лукашэнка гэта прызнаў. Украіна мае поўнае права на абстрэл Беларусі, і ніхто яе за гэта не папракне.
— Згодны, не папракне. Украіне цяжка, але яна не абстрэльвае ні беларускую зямлю, ні расійскую. Яны не страляюць, бо гэта адкрые яшчэ большыя агрэсіўныя магчымасці для Расіі.
— Яшчэ больш агрэсіўныя — гэта хіба атамная бомба.
— Дык Пуцін ужо заявіў, што дапускае выкарыстанне атамнай зброі. Ад чалавека, які гатовы ваяваць з усім светам, можна чакаць чаго заўгодна.
— У сацыяльных сетках украінцы папракаюць беларусаў: чаму, маўляў, не выходзіце на вуліцы, не пратэстуеце, чаму Мінск спіць і г.д.? Наколькі абгрунтаваныя такія папрокі?
— Папракаць беларусаў у нашай сённяшняй сітуацыі не варта. Мінчане 27 і 28 лютага паказалі, што нават ва ўмовах абслютна татальнага тэрору яны салідарныя з Украінай. Выйшлі. Амаль усіх адразу павязалі, было затрымана каля 850 чалавек, і гэтыя людзі для мяне — таксама героі. Покліч «Не вайне!» гучаў па Мінску і ноччу. Людзі выходзілі на балконы, свяцілі ліхтарыкамі і крычалі «Не вайне! Слава Украіне!». Цэлыя мікрараёны! Дык за што папракаць?
— Украінцу ў акопе дакладна не будзе лягчэй ад таго, што беларус апынецца ў турме.
— А калі выйдзеш на вуліцу — будзе турма. З табой жа ніхто не будзе разбірацца. У рэжыму даўно няма ніякіх глуздоў.
— Пад зваротам беларускай інтэлігенцыі супраць вайны ўжо больш за 1000 подпісаў, у тым ліку ваш. Я тыя подпісы ўважліва перагледзеў і налічыў там усяго некалькі дзясяткаў пісьменнікаў. Дзе яны пахаваліся? Чаму маўчыць, дарэчы, прыўладны Саюз пісьменнікаў, які ўзначальвае небезвядомы генерал Чаргінец?
— Наш Саюз беларускіх пісьменнікаў да сваёй ліквідацыі ўсё ж даваў ацэнку сур’ёзным палітычным падзеям, ён стаяў заўсёды на баку праўды. Наколькі я помню, мы ні разу не памыліліся ў сваіх заявах. А што можа прыўладны саюз?.. Гэтыя людзі сядзяць пад крылом рэжыму, яны забралі сабе ўсё, што засталося ад старога саюза, не толькі будынкі, але і назву. І цяпер яны будуць выступаць супраць агрэсіўнай палітыкі свайго апекуна? Ды ніколі.
— Але той «апякун» трымае іх у чорным целе. Савецкія часы, калі Саюз пісьменнікаў меў усё, незваротна мінуліся.
— Савецкі Саюз, у якім я пражыў палову жыцця, быў краінай мяккага таталітарызму. Вядома, садзілі і ў турмы, і ў псіхушкі, рэпрэсіі былі. Пераважна тычыліся яны кніг, дакладней, рукапісаў. Гэта мне давялося назіраць, што называецца, знутры, калі, напрыклад, крамсалі кнігу Валодзі Караткевіча пра Мсціслаў. Для пісьменніка кніга — як роднае дзіця, а тут нейкі адстаўны палкоўнік, які сядзіць у Галоўліце, пачынае яе крамсаць… Чаго баяцца паплечнікі Чаргінца? Відаць, таго, што не выдадуць кніжку, не прысвояць звання, не дадуць нейкі медалёк… Прычына прамаўчаць заўсёды знойдзецца, не могуць яны адкрыць рот за праўду.
— Але ж нават пасля масавага закрыцця грамадскіх аб’яднанняў у нас існуе Саюз мастакоў, Саюз журналістаў, Саюз тэатральных дзеячаў… І яны маўчаць, як вады ў рот набралі.
— Справа ў тым, што ў сённяшняй Беларусі няма жывога жыцця. А яно павінна быць. Я маю на ўвазе ўзаемаадносіны паміж кіраўніцтвам і народам, паміж вышэйшым кіраўніцтва і ніжэйшым, яны павінны быць чалавечымі. У свой час, займаючы пасаду загадчыка сектара літаратуры ў ЦК КПБ, я мог спакойна па нейкай праблеме ўступаць у дыскусію з сакратаром ЦК Аляксандрам Кузьміным. Ён мяне выслухоўваў, і часам канфліктная сітуацыя карэктавалася. Так было з кнігамі Быкава, Караткевіча, Макаёнка, Алеся Адамовіча. Кузьмін мне давяраў як эксперту. Я ўсё ж лепш ведаў літаратуру, чым ён ці Машэраў. Розныя па характары, яны былі культурныя людзі, якім нешта было магчыма давесці. Ты ж паглядзі, што сёння робіцца: хто можа запярэчыць Лукашэнку з яго акружэння?
— Ды ніхто. Даўно ўжо і Пуціну ніхто не пярэчыць.
— Бо і ў Расіі на сёння няма жывога жыцця. А ва Украіне ёсць. Ніхто не адмаўляе, там маюць месца і карупцыя, і сабатаж пракурораў ды суддзяў, якія яшчэ з часоў Януковіча працуюць. Але ёсць жывое жыццё! Можна па-рознаму ставіцца да Зяленскага, але ён днямі сказаў: «Калі я ішоў на пасаду прэзідэнта, то сказаў, што кожны з вас будзе прэзідэнтам». І сёння ўкраінцы паказалі, што кожны з іх — прэзідэнт. Яны ўзялі зброю і пайшлі бараніць сваю айчыну разам з Зяленскім, сваім галоўнакамандуючым. Дзе сёння Пуцін сядзіць? І дзе Зяленскі знаходзіцца? Зяленскі — сярод абаронцаў Кіева, і гэта вельмі паказальны прыклад. Шмат хто пасміхаўся: комік на прэзідэнцкай пасадзе… А сёння гэты «комік» б’е ўсіх мача.
— Мяне ўразіла, як расійскі салдат, захоплены ў палон украінцамі, пазваніў дадому сваёй маці і пачуў праз матчыны слёзы: «Сынок, ты же воюешь за родину, правда?» Пра што гэта сведчыць — цэлы народ ператвораны ў зомбі?
— Восем гадоў (з 2014-га) узмоцненай антыўкраінскай прапаганды на федэральных расійскіх тэлеканалах даліся ў знакі. Я часта назіраў за паводзінамі расіян за межамі іх «родины» і хачу сказаць, што імпершчына лезе з іх праз усе дзіркі. Прычым, давай згадаем, на пачатку 1990-х, калі ў Расіі не было чаго есці і чым лячыцца, ЗША і Германія самалётамі дастаўлялі туды харчы і лекі, расіян некалькі гадоў літаральна ратавалі ад галоднай смерці. Але як толькі яны ачухаліся трохі, то адразу вылезлі наверх імперскія замашкі. Гэта ўжо ведаюць усе: калі расіяне прыязджаюць кудысьці на адпачынак, то лічаць сябе вышэй за усіх. А ў чым перавага — незразумела. Бо вядома, як жыве расійская глыбінка. Адна бельгійская мастачка, што прыехала маляваць помнікі ў Суздалі, сказала: «Вы великие будете тогда, когда научитесь по-человечески какать. Я возле прекраснейшего суздальского храма зашла в туалет и увидела там гору дерьма вышиной с Монблан». Вось у чым пакуль што «веліч» Расіі…
— Памятаю, як мы з вамі ў 2012 годзе былі на міжнародным Шаўчэнкаўскім літаратурным фестывалі на Данеччыне. Згадваю выступленні перад публікай у Славянску, Краматорску, Данецку. Трэба прызнаць, прарасійскія настроі там тады былі даволі моцныя. Але, як выглядае, сітуацыя змянілася, і сёння ўсход Украіны трымаецца з гэткай самай стойкасцю, як і цэнтр.
— І я не аднойчы згадваў тую паездку. Ты праўду кажаш: прарасійскі дух там адчуваўся. Помню, пасля сустрэчы ў Славянску мяне затрымалі нашы беларусы, землякі, якіх шмат на Данеччыне. Потым меўся быць прыём у мясцовага мэра з абедам. Я зайшоў памыць рукі і ў суседняй кабінцы пачуў галасы кіраўнікоў Славянскага раёна: «Ничего, пускай пока эти националисты поносятся со своими Шевченко. Скоро мы им всем головы поотрываем». А праз пяць хвілін за накрытым сталом яны пачалі баяць, як яны ў Славянску ўзнімаюць украінскую культуру, што Шаўчэнка іх кумір, што яны любяць яго ўсім сэрцам. І калі далі слова мне, я даў ім належную водпаведзь. То пачырванелі былі, як ракі… Але гэта ўсё ў мінулым. Сёння ўся Украіна з’ядналася і ўстала на абарону сваёй дзяржавы.
— Любая вайна абавязкова заканчваецца мірам. Якім ён вам бачыцца ва Украіне?
— Пераможным для ўкраінцаў. Вайна, паўтаруся, з’яднала ўсіх — заходнікаў і ўсходнікаў. Ніякіх міжнацыянальных сутычак там не будзе. Ніякіх «нацыстаў», як падае Масква, там не было і няма. Там ёсць людзі ўпартыя, характар украінцаў трэба ведаць. А Расіі трэба зразумець поўны правал намечанага бліцкрыгу і вяртацца да тых межаў на Данбасе, якія былі да 24 лютага. Гэта можа камусьці падабацца ці не падабацца, але сёння неабходна вярнуцца на ранейшыя пазіцыі і працягваць перамовы.
Каментары