Сяргей Грабскі, вайсковы эксперт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Міністэрства абароны Украіны, удзельнік міратворчых аперацый у Косаве і Іраку, у інтэрв'ю Радыё Свабода заяўляе, што расійская інтэрвенцыя ад пачатку выглядала як палітычная аперацыя, якая не мела нічога агульнага з законамі вядзення вайны.
— Некалькі дзён назіраецца пэўная стабілізацыя ваеннай сітуацыі. Відавочна, што першапачатковы план Масквы па хуткаму заваяванню Украіны праваліўся. Але ці мог ён увогуле быць выкананы? Як можна ацаніць уварванне расійскіх войскаў з гледзішча ваеннага мастацтва?
— З пункту гледжання ваеннага мастацтва і правілаў планавання падобных аперацыяў гэтае ўварванне было спланавана абсалютна бяздарна, без уліку рэальнай сітуацыі, без аналізу і сартавання аператыўных дадзеных. Без уліку палітыка-маральнага стану Украіны, без уліку рэальных груповак войскаў, якія маглі процістаяць агрэсару. Гэта аперацыя з ваеннага гледзішча ад самага пачатку была асуджаная на правал.
Я да самых апошніх хвілінаў, фактычна да поўначы на 24 лютага не мог паверыць, што расійскія вайскоўцы прымуць на сябе адказнасць кіраваць такой непадрыхтаванай аперацыяй — у тым выглядзе, у якім яна была спланаваная, арганізаваная і запушчаная.
— То бок з ваеннага гледзішча (калі не браць маральна-палітычнага аспекту), калі б нейкі абстрактны нейтральны ваенны эксперт паглядзеў на разгортванне гэтай аперацыі, на колькасць войскаў, узбраенняў ды іншае, то ён гэтую аперацыю назваў бы авантурай?
— Абсалютна. І не абстрактныя эксперты, а цэлы пул канкрэтных экспертаў, з якім я меў магчымасць кантактаваць, адзначалі, што групоўка войскаў на ўкраінскай мяжы не мае нічога агульнага з маштабамі і задачамі той аперацыі, якую яны павінны былі выканаць. Гэта не мае нічога агульнага з вядомымі правіламі аператыўнага мастацтва; некаторыя вар’яцкія манеўры, якія былі зроблены, не мелі ніякага сэнсу з гледзішча вайсковага планавання.
— Выглядае, што, акрамя палітычна-псіхалагічнага аспекта (чакалі, што іх будуць сустракаць з кветкамі), расійскія стратэгі таксама разлічвалі на сваю перавагу ў танках і самалётах, а таксама на эфект нечаканасці. Чаму гэта для іх не спрацавала так, як яны разлічвалі?
— Ніякага бліцкрыгу не магло быць, бо Украіна паралельна з Расіяй таксама рыхтавалася. Праводзіла свае вучэнні. Асноўныя баявыя часці Украіны ўжо былі выведзеныя ў раёны дыслакацыі, таму першы ўдар расіяне нанеслі па практычна пустых аэрадромах, з якіх тэхніка была выведзеная літаральна за пару гадзін да пачатку ўварвання. Пэўныя захады да прывядзення да найвышэйшай боегатоўнасці былі зробленыя.
Таму паняцце «раптоўнасці» расійскага ўдару адсутнічала цалкам. Атрымліваючы інфармацыю ад нашых саюзнікаў у дэталях пра ўсе магчымыя перасоўванні расійскіх войскаў, можна было даволі дакладна падлічыць колькасць вайсковай тэхнікі і вайскоўцаў. Такая інфармацыя і давала падставы меркаваць, што аперацыя такога маштабу проста немагчымая з гледзішча правілаў ваеннага мастацтва. Не была прадуманая лагістыка, захады медыцынскага забеспячэння і захады аператыўнага забеспячэння гэтай аперацыі. Таму яна ад пачатку выглядала як палітычная аперацыя, якая не мела нічога агульнага з законамі вядзення вайны.
— Тым не менш, розныя экспэрты прагназуюць, што цяперашняя адносная стабілізацыя на франтах (хаця на самай справе ў гэтай вайне ніякай выразнай «лініі фронту» няма) толькі часовая і Расія падцягвае ўмацаванні, каб пачаць новы наступ. На якіх кірунках яго варта чакаць?
— Няма ніякага сумневу, што Расія рыхтуе яшчэ адзін удар. Мы цудоўна ведаем, што адзінае, што можа спыніць Расію — гэта адсутнасць сілаў і сродкаў для нанясення такога ўдару, то-бок знішчэнне жывой сілы і тэхнікі расійскай арміі. І яны зараз робяць усё, каб дабіцца менавіта такога выніку. Яны кідаюць у бой разрозненыя групоўкі войскаў, якія даволі паспяхова знішчаюцца мабільнымі злучэннямі ўкраінскай арміі і тэрытарыяльнай абароны.
— А як выглядае ўкраінская стратэгія ў гэтай вайне? Калі не выдаваць ніякіх ваенных таямніц і аналізаваць тое, што адбываецца, і што вядома з адкрытых крыніц.
— Натуральна, я шмат пра гэта гаварыць не магу, але можна адзначыць, што гэта стратэгія «асіметрычнага адказу». У Расіі аб’ектыўна больш танкаў і артылерыі. Украіна разумее, што не варта ісці на нейкія грандыёзныя танкавыя бітвы ў стылі Курскай бітвы ў 1943-м. Украінскія мабільныя атрады наносяць удары па агрэсарах у самых нечаканых формах і месцах. Украінцы карыстаюцца «не колькасьцю, а ўменнем». У адрозненне ад Расіі, якая ўпарта працягвае выкарыстоўваць методыкі сярэдзіны мінулага стагоддзя.
— Акрамя спробаў захапіць Кіеў ці Харкаў, значныя сілы расійскіх войскаў накіраваныя на поўдзень, дзе яны спрабуюць самкнуцца пад Марыупалем, наступаючы з двух бакоў: з боку Крыма і з боку Данецкай і Луганскай абласцей. Там ім у першыя дні ўдалося прасунуцца, захапіць пэўныя населеныя пункты.
— Гэты стратэгічны план ужо праваліўся, бо ў іх былі намеры наступаць не толькі «направа», у бок Марыупаля, але і «налева», у бок Адэсы, каб авалодаць усім украінскім узбярэжжам Чорнага мора. І такім чынам вырашыць стратэгічную задачу адразання Украіны ад партоў, каб нанесці знішчальны ўдар па ўкраінскай эканоміцы. І гэтая задача ўжо не выкананая і наўрад ці можа быць выкананая, бо так і не адбылося дэсанту ў раёне Адэсы.
Зараз расійскія караблі знаходзяцца ў раёне Балаклавы, дзе спрабуюць перачакаць штармавое надвор’е, тыповае для гэтай пары году. Але Адэса ўжо гатовая да адпору. Маючы той камплект санкцый, якія ўводзяцца ў тым ліку на Чорным моры, можна сказаць, што з кожным днём імавернасць сцэнара дэсанту на Адэсу памяншаецца.
— Не атрымаўшы хуткай перамогі, Расія, як падаецца, змяніла тактыку і пачала лютыя абстрэлы жылых кварталаў гарадоў. Магчымая мэта — спарадзіць гуманітарны крызіс і тым самым схіліць украінскае кіраўніцтва да палітычных саступак. Што можна супрацьпаставіць такой тактыцы?
— Гэта тыповая крамлёўская матрыца, тут нічога не мяняецца стагоддзямі. Калі Расія ня можа адолець праціўніка ў адкрытай барацьбе, яна падключае метады тэрору супраць мірнага насельніцтва. Так яны хочуць падарваць баявы дух войска і прымусіць скласці зброю альбо падпісаць мірнае пагадненне на расійскіх умовах.
У гэтай сітуацыі мы можам супрацьпаставіць тыя самыя асіметрычныя адказы. Асноўную ўдарную моц гэтага тэрарыстычнага ўздзеяння Расіі складае менавіта артылерыя і сістэмы залпавага агню. Таму задача ўкраінскіх войскаў — адсунуць пазіцыі артылерыі як мага далей ад населеных пунктаў, якія трапляюць пад абстрэлы.
Другая задача — гэта забеспячэнне ўзброеных сілаў тактычнымі сродкамі супрацьпаветранай абароны. Бо аснову авіяцыйнага парку Расіі складаюць менавіта тактычныя штурмавікі, бамбавікі, знішчальнікі, якія вымушаныя апускацца на вышыню менш за тры кіламетры і трапляць у зону дзеяння пераносных зенітна-ракетных комплексаў.
Акрамя таго, украінскае войска наносіць серыю контратак, якія засяроджаныя менавіта на ўдарах па сродках дастаўкі і сродках забеспячэння. Нашы беспілотныя сістэмы «Байрактар» наносяць удары ў першую чаргу па сродках супрацьпаветранай абароны Расіі, і таксама па сістэмах залпавага агню.
— Абодва бакі хацелі б весці перамовы з пазіцыі сілы, выкарыстоўваючы поспехі сваіх войскаў на полі бою. Ці будзе афіцыйны Кіеў чакаць нейкага карэннага пералому ў ваеннай сітуацыі або ўкраінскія ўлады гатовыя на рэальныя палітычныя дамоўленасці нават у цяперашняй сітуацыі, калі значная частка тэрыторыі краіны занятая агрэсарам?
— Украіна, з'яўляючыся гуманнай дзяржавай, асаблівую ўвагу надае жыццю і здароўю сваіх грамадзян. Таму любая перамоўная пляцоўка, любая зачэпка мае сэнс. Ці будзе Украіна чакаць ваеннага пералому? Пакуль пра гэта гаварыць рана. Так, вядзецца праца ў фармаванні і падрыхтоўцы новых злучэнняў, але на гэта патрэбен час. На сёння расіяне рухаюцца ў асноўным уздоўж асноўных дарог, яны асцерагаюцца заходзіць у населеныя пункты. Мы маем сітуацыю, падобную з Афганістанам, дзе савецкае войска кантралявала толькі некаторыя гарады і дарогі. У нашым выпадку Расія гарады не кантралюе, кантралюе выключна дарогі, яны не маюць ніякіх бяспечных зонаў, дзе маглі б адпачыць.
— Як украінскія вайсковыя эксперты глядзяць на магчымасць актыўнага ўступлення беларускага войска ў вайну супраць Украіны? Як ацэньваюць яго баяздольнасць?
— Беларускае войска не разглядаецца як сур’ёзны супернік Украіны на сённяшні дзень. Так, у Беларусі ёсць пэўная колькасць вайскоўцаў, таму Украіна вымушаная трымаць каля мяжы свае часці з мэтай прадухіліць патэнцыйнае прасоўванне беларускіх войскаў.
Аднак няма неабходнасці ў нашых канкрэтных умовах ля беларуска-ўкраінскай мяжы трымаць вялікія войскі, з прычыны прыродных умоваў. Ані людзі, ані танкі яшчэ не навучыліся плаваць у балотах. Аўтамабільныя і чыгуначныя дарогі ўжо перарэзаныя і агароджаныя. Магчымасць для манеўру на гэтай тэрыторыі — не важна, якога войска, — вельмі абмежаваная.
Любое беларускае злучэнне, якое пачне рух у бок Украіны, адразу будзе знішчанае. У 1939 годзе асобныя атрады лятучых фінскіх лыжнікаў знішчалі Чырвоную армію цэлымі дывізіямі. Таму варыянт толькі адзін — беларусам не варта ўваходзіць на тэрыторыю Украіны, асабліва зараз.
Каментары