Шрайбман: Ёсць адно хуткае выйсце з вайны. Але яго верагоднасць невялікая
«Цяпер ужо ясна, што вайна асуджаная зацягнуцца, як мінімум, на месяцы, нават калі ўнутры гэтага тэрміну будуць тактычныя перадышкі і перамір'і. Вайна можа мяняць форму, перацякаць з сутыкнення армій у барацьбу акупацыйнага корпуса з партызанамі, але тое, што нас чакае доўгі шлях да міру, — практычна гарантавана». Чаму спыненне вайны ў бліжэйшыя дні малаверагоднае, піша Арцём Шрайбман.
Прыводзім меркаванне аналітыка са скарачэннямі:
«Я не ваенны эксперт, каб ацаніць суадносіны сіл на зямлі і даступныя рэзервы для працягу вайны. Але і не вайскоўцы часцей за ўсё прымаюць такія рашэнні, як пачаць або скончыць вайну. А палітычныя стымулы з абодвух бакоў настроеныя, і яшчэ нейкі час будуць настроеныя на працяг вайны.
Для Пуціна адступленне — непрымальны варыянт, бо ён не дасягае ніякіх мэтаў уварвання, але атрымлівае амаль усе яго выдаткі.
Нават калі ўдасца размяняць частку санкцый на спыненне актыўных баёў, гэта не верне ў краіну капітал, веру інвестараў і ўсе астатнія выгоды даваеннага часу, бо не будзе даверу да таго, што Крэмль завяршыў вайну назаўжды. Таму выбудоўваць эканамічны санітарны кардон вакол Расіі працягнуць аж да змены рэжыму ў ёй.
Украіна ў такім сцэнарыі (прыпынення вайны Масквой) рэмілітарызуецца і адновіць эканоміку з падтрымкай Захаду і будзе падтрымліваць партызаншчыну на акупаваных тэрыторыях, каб ускладніць жыццё расійскіх войскаў там і сарваць новы наступ.
Гэта значыць, палітычныя мэты Пуціна ў гэтым сцэнарыі дасягнутыя не будуць, калі не лічыць такімі мэтамі ваенны і вельмі дарагі кантроль над занятымі тэрыторыямі з нелаяльным насельніцтвам, якое існуе ў стане гуманітарнай катастрофы.
Выхад з вайны з боку Кіева яшчэ менш верагодны, чым адступленне Пуціна. Па-першае, без гарантый бяспекі любыя саступкі па тэрыторыях — толькі адкладванне новай экспансіі. А гарантый з сённяшняй Расіяй не можа даць ніхто.
Па-другое, ва ўкраінскім грамадстве дамінуе жаданне змагацца і ўпэўненасць у тым, што краіна здольная выстаяць і ўзяць Расію зморам, нават калі гэта будзе значыць зацяжную вайну. Гэта значыць, Вярхоўная Рада проста не ўхваліць капітуляцыю і звязаныя з ёй ўмовы. А нават калі зламаць волю Зяленскага і яго акружэння ваяваць, іх загад свайму войску і людзям перастаць супраціўляцца наўрад ці будзе кімсьці выкананы на зямлі.
Чым больш будзе ахвяр сярод украінскіх цывільных, тым больш у іх будзе блізкіх і сваякоў, для якіх у гэтым жыцці застанецца адзін сэнс — працягваць барацьбу да канца. Расійская вайсковая машына здольная перамагчы, толькі калі гэтая калектыўная воля будзе зламаная, але пакуль што яна толькі мацнее, прычым жахлівай цаной.
Але на пачатку я напісаў «практычна» менавіта таму, што адзін адносна хуткі выхад з вайны ёсць. Гэта пераварот у Расіі, хутчэй за ўсё, рукамі вайскоўцаў. Адразу скажу, у агляднай будучыні верагоднасць такога выніку невялікая.
Расійская ўлада, уключаючы генералітэт, жыве ў бурбалцы ўласных ілюзій пра Украіну, яе здольнасць і волю да супраціву. Яны відавочна чакалі «Рускай вясны» і пасіўнасці ад насельніцтва ў фармаце Крыма-Данбаса ў 2014 годзе, толькі на ўсіх тэрыторыях, якія іх цікавяць. Гэта проста відавочны правал разведкі і аналітыкаў, за што, па чутках, ужо пасадзілі пад хатні арышт вярхушку знешняй разведкі ФСБ. Па ўскосных прыкметах, у такой жа бурбалцы жыве большасць расійскага грамадства.
Але з часам рэальнасць будзе пранікаць у бурбалкі. Камандзіры сярэдняга звяна будуць бачыць сітуацыю на палях бою і акупаваных тэрыторыях, і разумець, што няма шляху не тое, што да хуткай перамогі, але ў прынцыпе да ўстойлівай перамогі і замацавання на зямлі ў любым часовым гарызонце. Дэзерціраў і тых, хто ўхіляецца ад службы, будзе ўсё больш, бо ўкраінцы ваююць за свой дом, а расіяне — за ідэалагічныя ўстаноўкі іх улады. Гэта розны ўзровень гатоўнасці да самаахвяравання. Гэтую рэальнасць палявыя камандзіры паступова будуць даносіць наверх — генералам у Маскву.
Зацяжныя наступальныя войны з ідэалагічнымі мэтамі (Афганістан у СССР, В'етнам і Ірак у ЗША) пачынаюцца з грамадскай эйфарыі, а заканчваюцца шырокай незадаволенасцю. У такой сітуацыі ў расійскіх генералаў, якія разумеюць тупіковасць ваеннай стратэгіі на зямлі, і цывільных бюракратаў, якія разумеюць беспрасветнасць крызісу ў эканоміцы, з'явіцца агульны інтарэс развярнуць курс, не з-за любові ці жалю да Украіны, а з любові і жалю да сябе.
Гэты настрой двух крылаў расійскай улады ўжо будзе абапірацца на больш масавую падтрымку грамадства. А супрацьстаяць яму будуць толькі ідэалагічныя міфы пра хуткае крушэнне ўкраінскага нацызму і яго пагрозу для Расіі. Першае будзе мацнець, другое — слабець.
Гэтая траекторыя выглядае наканаванай, хоць і немагчыма прадказаць ніякія тэрміны. Рух па ёй можа спыніць альбо (1) ўсведамленне глыбіні сваіх праблем самім Пуціным і хай зневажальны, але разварот, альбо (2) хуткая капітуляцыя Украіны і прыняцце гэтага новага статус-кво ўсім астатнім светам.
Нельга скарыць такі велізарны народ без генацыду або масавых дэпартацый. Ва ўкраінцаў проста няма шляху да адступлення, гэта не вайна Зяленскага, гэта вайна ўсяго народа. А ў расіян гэты шлях будзе заўсёды, бо гэта вайна не на іх зямлі.
Толькі гэты шлях можа ляжаць праз галаву Пуціна. Паралелі з Гітлерам, якому генералы былі лаяльныя аж да канца, тут недарэчныя, бо вайна ўжо ішла на тэрыторыі іх краіны, і яны былі заціснутыя ў кут. А ў Пуціна няма гэтага змацоўваючага козыра для эліт, ёсць толькі ідэалогія і пакуль яшчэ жывая вера ў поспех.
Зладзіць імпічмент прэзідэнту Расіі складана, бо занадта зацяжная і публічная працэдура. Таму такі пераварот можа быць толькі неправавым, у стылі ГКЧП (з мірнай ізаляцыяй лідара) або горш.
На першы план выйдзе персанальная лаяльнасць Пуціну тых, хто будзе забяспечваць сувязь і ахову яго рэзідэнцыі на той момант. Але гэтае пытанне хутчэй вызначае ступень гвалту, да якой прыйдзецца звярнуцца змоўшчыкам, а не рэальнасць самога сцэнарыя.
Я не магу ацаніць, што хутчэй — такі пераварот або адмова ад максімалісцкіх запытаў самім Пуціным дзеля самазахавання. Але ні ў адным з рэалістычных сцэнарыяў няма хуткага адкату да даваеннай нармальнасці для Расіі і, такім чынам, для цесна звязанай з ёй Беларусі.
Па-сапраўднаму важным і інтрыгуючым для мяне, як беларуса, пытаннем, застаецца тое, як хутка Лукашэнка ўсвядоміць глыбіню і безвыходнасць гэтай прорвы, і ці рызыкне ён у сувязі з гэтым зайсці на трэці раўнд дыстанцыявання ад Расіі пры каласальных рызыках як такога рашэння, так і адмовы ад яго».
Каментары